Маладафронтаўцаў, якіх не пусьцілі ў Кіеў, судзіцьмуць у Ельску

Маладафронтаўцаў, якіх не пусьцілі ў Кіеў, судзіцьмуць у Ельску

Актывісты «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка і Зьміцер Крамянецкі знаходзяцца ў Ельскім РУУС, дзе чакаюць суду. Абодва абвінавачваюцца ў дробным хуліганстве па арт. 17.1 КаАП.

Актывістаў, якія кіраваліся ў Кіеў 22 лютага, спынілі ўкраінскія памежнікі і без тлумачэньня прычынаў паставілі ў іх пашпартах адзнакі, якія забараняюць уезд у краіну тэрмінам на 5 гадоў. Затым Дземідзенку і Крамянецкага перадалі беларускаму боку, потым даставілі ў Ельск — у найбліжэйшы раённы аддзел міліцыі. Там на іх склалі адміністрацыйныя пратаколы.

Сустаршыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч заявіў Радыё Свабода, што яго арганізацыя будзе зьвяртацца да ўладаў Украіны з патрабаваньнем ануляваць штампы пра забарону ўезду ва Ўкраіну Дземідзенку і Крамянецкаму:

«Гэтае затрыманьне — яскравае сьведчаньне шчыльнай супрацы беларускіх і ўкраінскіх спэцслужбаў. Нашыя актывісты прыязджалі ў самым пачатку рэвалюцыі ва Ўкраіну, удзельнічалі ў мірных акцыях пратэсту. Цяпер ім забаранілі ўезд ва Ўкраіну на 5 гадоў менавіта за тое, што яны ўжо ўдзельнічалі ў акцыях раней. Хаця ўжо і рэжыму Януковіча няма, і ўлада перайшла пад кантроль дэмакратычных сілаў. Разам з тым мы назіраем, што сыстэма спэцслужбаў яшчэ дзейнічае. Мы, вядома, будзем уздымаць гэтую праблему на самым высокім узроўні ва Ўкраіне, каб украінская дзяржава анулявала штампы аб нявыезьдзе нашых актывістаў і пакарала тых, хто такія штампы паставіў».

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч таксама адзначыў, што дадзенае затрыманьне сьведчыць пра ўзаемадзеяньне паміж украінскімі і беларускімі спэцслужбамі:

«Тое, што краіны могуць не пускаць на сваю тэрыторыю непажаданых асобаў, — ёсьць такое міжнароднае правіла. Але тут ясна, што штампы аб няўезьдзе зьвязаныя з падзеямі Майдану. Я думаю, што памежным службам Украіны быў дадзены загад не дапускаць на тэрыторыю краіны прадстаўнікоў пэўных палітызаваных груп з суседніх краінаў. Вось якраз маладафронтаўцы туды і трапілі. Але гэта сьведчыць пра тое, што памежнікі выдатна разумелі, хто гэта такія. Шмат беларусаў едуць празь мяжу. Але спынілі менавіта маладафронтаўцаў. Іншае пытаньне — адкуль яны ведалі канкрэтныя прозьвішчы. Існуе нейкае ўзаемадзеняьне паміж беларускімі і ўкраінскімі спэцслужбамі».

Паводле артыкулу 17.1 КаАП, які інкрымінуюць Міколу Дземідзенку і Дзьмітрыю Крамянецкаму, ім пагражае да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

svaboda.org

Падзяліцца:

Каментары