Духоўнае Адраджэньне Нацыі. Інтэлектуальны Радыкалізм


 Стыль, тэхналёгія й вобраз дзеяньня.

Асьветніцкая й адукацыйная дзейнасьць ёсьць найгалоўнейшым магістральным кірункам грамадзкага руху Малады Фронт. Мы павінныя разумець: куды важней зацікавіць беларушчынай дзесяць школьнікаў, чым аддубасіць на дэманстрацыі сотню амонаўцаў. У выпадку ўзмацненьня рэжыму Лукашэнкі культурніцкая праца павінная стаць нашым сапраўдным Фронтам.

У абласных цэнтрах, мястэчках і вёсках мы ня можам арганізоўваць такіх буйных акцыяў, як у Менску. Значыць, тут, у краёх, мы павінныя перадусім перамагаць культураю! Памятайце: калі мы выхаваем хаця б адно пакаленьне ў беларушчыне — мы атрымаем самую грандыёзную перамогу за ўсе часы нашае шматпакутнае гісторыі. Толькі такім чынам Беларусь стане сапраўды незалежнай і моцнай, і ёй ня будуць страшныя ані лукашэнкі, ані газпромы й расейскія кіпцюры. Адно карэнным, глыбінным адраджэньнем культурніцкай сьвядомасьці мы даб’емся стварэньня моцнай беларускай нацыі. І ня думайце, што вашая праца — кропля ў моры. Калі дружна возьмемся за справу — празь месяц вас будуць ведаць, праз тры пра вас загавораць, праз 1.5-2 гады зьявяцца вынікі нашага пачыну па ўсёй краіне, і праз 3, самабольш 4 гады — мы павінны пераломваць расейскае панаваньне у культурніцкім жыцьці на карысьць беларускасьці і эўрапейскасьці.

Што трэба мяняць нацыянальна-вызвольнаму руху на сёньняшнім этапе? Тактыку? Безумоўна, бо скандаваньні і палітычныя дэклярацыі ўжо не праходзяць. Праграму? Бадай што так: на двары — эўра й развал Расеі. Але сама важнае — вобраз дзеяньня. Вобраз жыцьця.

Сёньня, на зломе 3-га тысячагодзьдзя, грамадзкаму руху патрэбнае віртуальнае мысьленьне й рэактыўнае дзеяньне. Патрэбны інтэлектуальны радыкалізм.

У гады росквіту БНФ паводле гэтых тэрмінаў — “інтэлектуалы” і “радыкалы” — кваліфікавалі старэйшае пакаленьне фронтаўцаў. А між тым і Сіўчык (адзін з сотні лепшых спэцыялістаў-эколягаў яшчэ пры СССР), і Вячорка (выкшталцоны мовазнаўца й унікальны камунікатар), абазваныя радыкаламі, уяўлялі сабой той найноўшы тып лідара, фронтаўца, які сёньня так востра неабходны й якога так баіцца рэжым. Сьвежы, малады, тэхнічны, адначасова ідэоляг і выдатны практык, інтэлектуальны ў самым што ні ёсьць радыкальным сэнсе.

Нацыянальна-вызвольнаму руху патрэбнае другое дыханьне. Творчасьць, фантазія, відовішчнасьць, хуткасьць у інфармацыйнай і духоўнай сфэры. Нацыянальная ідэя павінная стаць здабыткам масавае культуры. Бо грамадзтва жыве зусім іншым жыцьцём, чым Фронт. Грамадзтва глядзіць тэлевізар да колікаў, працуе й вучыцца, штудыруе замежныя мовы й модныя кніжкі, балдзее ў навушніках, моліцца Богу, і між іншага, хварэе за Беларусь.

Патрэбныя магутныя духоўныя плыні, уласныя дасьледчыя інстытуты й народныя ўнівэрсытэты, рок-канцэрты й мнагатысячныя сьпевы, відэакліпы й алімпіяды, забаўляльныя газэты й музычныя радыёхвалі. Малады Фронт мусіць быць папулярным. Не палітычна гнуткім, не папулісцкім, а папулярным. Усё проста. Трэба дзейнічаць на два-тры хады наперад у тых напрамках, дзе рэжым не пасьпявае, задыхаецца. У стыхіях інтэлекту, тэхналёгіі, культуры, і асноўнае — у духоўнасьці, бо ў смутныя часы, якія надыходзяць, людзі інстынктыўна хапаюцца за простыя, чыстыя, сьвятыя рэчы.

Пара перастаць мысьліць катэгорыямі савецкай вытворчасьці. Рабіць трагічны й па-геройску напужаны твар. Сапраўды, трэба быць папрасьцей — і людзі пацягнуцца. Пераможа той, хто шукае, хто просіць, хто грукаецца ўва ўсе дзьверы. Хто спадзяецца на лепшае й верыць у любоў, як гэта ня дзіўна. Той, хто сьмяецца — як Уленшпігель, Кола Бруньён і Юрась Братчык.

Ужо прайшлі часы, калі вартасным эквівалентам змаганьня быў страх. Зараз адрэналін каштуе капейкі. У цане наш з вамі час, максымум працы, якую мы пасьпеем зрабіць да нейкай “гадзіны ікс”. Сёньня ўсё вырашаюць дні й ночы мнагатысячнай чалавечай працы, нашых з вамі вучэньняў, чытаньняў, пісаньняў. Наша грамадзтва мусіць падымацца са споду.

Трэба прызнаць, што сёньня замест рэальных, здольных прыйсьці на зьмену рэжыму людзей (кіраўнікоў, адміністратараў, спэцыялістаў — аднаго чынавенства па ўсёй краіне патрабуецца дзясяткі тысячаў!) у апазыцыі існуюць абстрактныя схемы, увасабляць якія, напэўна, прызначаная старая добрая намэнклятура. Але патрэбныя ня толькі людзі. Праграмы, стопрацэнтова гатовыя да падключэньня. Кнігі вывераныя да друку. Зьявы масавай культуры, тэлевізіі, радыё, прэсы, падрыхтаваныя да раскруткі. Сыстэмы кантактаў з замежжам — палітычных, эканамічных, культуровых…

Нацыянальна-вызвольнаму руху даўно трэба працаваць не на сябе. Што такое апазыцыя, у гэтай краіне ведае кожны бомж. Трэба думаць не пра імідж, рэйтынг, не пра гадасьці, якія мы зробім гэтым уладам, а пра рэальныя патрэбы беларускага народа. Не пра сто тысячаў на пляцы Незалежнасьці, а пра сто тысячаў будучых беларускіх падручнікаў. Не пра размовы Чавеса з Лукашэнкам, а пра свае стасункі з сусьветнымі палітыкамі, фінансыстамі, навукоўцамі. Нам зараз даюць працаваць над памылкамі мінулых гадоў, а мы кожнага дня выкопваем пасаджанае семачка й зьдзіўляемся, чаму анічога так і не вырасла.

Цяжка ўспрыняць, але гэта так: усякая ўлада ад Бога, і лукашэнкаўская ў тым ліку. Менавіта яна пад кананаду сваёй правальнай палітыкі дае нам цудоўны шанец прывесьці сябе ў парадак, падрыхтавацца да таго, што будзе пасьля, і не выглядаць матросамі ў Зімнім. А пакуль мы ня будзем гатовыя — гл. 1995 г.: Лукашэнка, як і Расея, з гэтага месца ня сыйдуць.

Малады Фронт не павінны існаваць як апазыцыя ці кардон. Малады Фронт мусіць выканаць місію стваральніка альтэрнатыўнага грамадзтва — такога, у якім ані дыктатуры, ані Расейскай імпэрыі ня будзе месца. Няправільна аб’ядноўваць нацыю супраць кагосьці. Прынцып кансалідацыі мае на ўвазе за.

Сёньня Маладому Фронту трэба мець сьмеласьць адмовіцца ад гневу, помсты, нянавісьці. Ад люстрацыяў, якія няўмольна цягнуць за сабой індульгенцыі, чорных сьпісаў і астатніх варфаламееўскіх штучак. Інакш нічога сьвятога ў нас з вамі не застанецца. Трэба ўспомніць пра Веру, Надзею, Любоў. Успомніць пра тое, што мы — Духоўны Фронт, Беларускае Адраджэньне. Трэба выклікаць да грамадзкага жыцьця наймагутнейшую сілу хрысьціянства. Інакш застаецца дзейнічаць мэтадамі рэжыму. Ці — па сцэнарах расейскай папсы з малінавымі сьпінжакамі й пірамідамі на тры літары.

Мы з вамі здольныя. Мы можам. Змаглі ж калісьці насуперак усім пачаць размаўляць па-беларуску. Змаглі ж, як гэта не было цяжка стаяць на сваім усе доўгія дзесяць гадоў. І на гэты раз сябе перасіліць, паверце, здолеем.

Цяпер — пяць галоўных прынцыпаў працы ў сёньняшніх нашых варунках.

1. Займайцеся лепшымі. Толькі празь іх мы здабудзем масавасьць! Бальшыня моладзі — школьнікаў і студэнтаў — усё роўна заўтра не загаворыць па-беларуску. Нашая задача — накрыпаць беларушчынай маладзёвую эліту: найразумнейшых, дасьведчаных, “пэрспэктыўных” — будучыя вяршкі нацыі. Прыкладам, падчас школьных віктарынаў нашага шоў-гурта з клясы ў 25-30 чалавек вылучаюцца трое-чацьвёра найбольш актыўных хлопцаў і дзяўчат — яны й ёсьць будучыя “вяршкі грамадзтва”. Такім маладым людзям выдаюцца прызы-заахвочваньні: кніжкі, газэты, касэта зь беларускімі запісамі. Лепш за ўсё трымаць з гэтымі “актывістамі” трывалае знаёмства, прапаноўваць ім нашыя канцэрты, дыскатэкі, відовішчы і сьвяты, усяляк завязваць на беларускую элітную культуру. Гэта вельмі карысны й прыемны занятак, празь які вы самі набываеце цудоўных сяброў, добры настрой і неацэнны досьвед камунікацыйнае працы.

2. Будзьце практычнымі й мадэрновымі! Моладзі трэба эфэкт, відовішча, выгада. Зараз, калі разумная моладзь ужо спазнала якасьці эўрапейскай і амэрыканскай цывілізацыі, вы яе не завабіце ў беларушчыну траваядным гістарычным гуртком альбо ціхамірнай кружэлкай Данчыка. Актыўная, рухавая, лідэрская моладзь, якая нам патрэбная, прагне року, дыскатэкаў, якасных і інфарматыўных кнігаў, эфэктоўнага спорту. Значыць, трэба арганізоўваць шумныя, яркія шоў, сьвяты, праводзіць конкурсы і анкетаваньні (дзеля высьвятленьня патрэбаў і поглядаў моладзі, і дзеля рэклямы), віктарыны зь недарагімі, але карыснымі прызамі, ладзіць клюбы й спартовыя сэкцыі. Парайцеся з кіраўніцтвам наконт арганізацыйных магчымасьцяў і патрабуйце ад “старафронтаўцаў” патрэбнае дапамогі; мы ж маем матар’ялы й тэхналёгіі. І крый вас Бог засяроджвацца на традыцыйных пытаньнях мовы, літаратуры, старасьвеччыны,- граблях, аб якія расшыб сабе лоб БНФ. Для моладзі сёньня першачарговае значэньне маюць цікавая інфармацыя, музыка, відовішчы, спорт.

3. Вы мусіце быць прыкладам для іншае моладзі, а не апускацца да яе ўзроўню. Ветлівы, дасьведчаны, гаваркі малады чалавек — цэнтар прыцягненьня для равесьнікаў. Чыстых, сумленных і разумных паважаюць людзі і баіцца хамская ўлада. У вас бліскучыя шанцы на посьпех, калі вы ня злоўжываеце вядомымі напоямі й тытунём, займаецеся спортам, і ўмееце ўсё рабіць лепей за іншых. Будзьце ўпэўненыя — моладзь падсьвядома падцягваецца да вашага ўзроўню. Беларуская мова, на якой вы размаўляеце, стане для іх не “дзеравенскім языком”, а выдатнай азнакай культурнага чалавека. Дарэчы, аб мове: проста неабходна зараз ужываць тарашкевіцу альбо, на ваш густ, лацінку: гэта нашыя казырныя карты.

4. Наступальнасьць беларускага стылю. Беларускі стыль наступае ды выйграе. Мы павінны паказваць гэта моладзі ўсім сваім упэўненым выглядам. NRM сьпявае: “большасьць за тых, хто пераможа!” — і мае абсалютовую рацыю. Ніякага хаваньня па куткох, занурэньня ў падзем’е, ніякіх комплексаў зацкаванага, што цябе “не поймут” ці “поднімут на смех”. Ты — на сваёй зямлі! За табою — уся моц гісторыі, нацыі, краіны! Будзь адкрытым, яркім, нахабным, пасьміхайся ўсімі зубамі. Насі беларускасьць наросхрыст — выклікова, нават агрэсіўна: так, Я — стылёвы беларус! Гавары гучней, перабірай сакавітымі беларускімі слоўцамі — маладыя захапляюцца няўжарт. Будзь Ды-джэем Адраджэньня!

5. Найважнейшае — Вера, Надзея, Любоў. Памятайце, што ніхто ніколі не здабываў сьвятога праз гнеў, гвалт, нянавісьць. Толькі дабрынёй, ласкай, сьмехам мы падымем гэтую краіну. Нашая моц — у веры. Нашая магутнасьць — у духу.

 Будзьце простымі й мудрымі, як Эвангельле. Урэшце, найлепшы наш “Малы кансьпіратар” — гэта Біблія. Пачытайце, як прапаведвалі Хрыстос і апосталы, і Вы зразумееце, як гэта робіцца.

 

[   Вярнуцца да падзелу “Маладафронтаўцу”   ]