Формула Рэформаў


Вашае ўвазе сваё гледзішча прапануе Павал Севярынец.

Апазыцыйныя праграмы, сярод якіх трапляюцца сапраўдныя шэдэўры антыкрызыснае прозы, на старонках незалежнага друку зьяўляюцца з пэрыядычнасьцю заежджанае кружэлкі. З падшывак сякіх-такіх газэтаў хоць зараз могуць атрымацца цудоўныя падручнікі эканомікі й элемэнтарнае лёгікі. Чытаць прыемна — на жаль, ня болей таго. Для сёньняшніх ценевых дзеячоў рэформы ўяўляюць сабою прывідныя цені, што дружна паўстаюць зь бясплотных праграмаў у час Ікс. Дзеячы жывуць сваім тэкстам, як істыя постмадэрністы, абзацамі цытуюць паляка Бальцаровіча, чэха Клаўса й спасылаюцца на расейскіх калегаў. Што ж, мысьленьне другаснае, не прэтэндуе на сьвежасьць і ініцыятыву, у рэшце рэштаў на посьпех, а мае на ўвазе адно старанна адштампаваны дайджэст суседзкіх узораў. Формулы, якая б прадугледжвала рэальнае ажыцьцяўленьне праграмаў тут і цяпер, беларускае формулы, якая б давала фору і польскай, і чэскай мадэлям, нам не прапаноўваецца. Робіцца трохі не па сабе: здаецца мы гэта ўжо праходзілі гадоў 7-8 таму. І зноў за старое.

Моладзь, якая ўсе постсавецкія гады сачыла за падзеямі, пільна глядзела TV і падлічвала палітычныя трупы, ужо выдатна засвоіла, як трэба брацца за рэфармацыю, каб яна пайшла на ўра. Сапраўдныя рэформы, спадарства, пачынаюцца з галавы.

Рэкляма 

Такое ўражаньне, што першыя тыдні пасьля падзеньня рэжыму мы бяздарна правалім. На пераможных, з салютамі, мітынгах, адкрычымся-адарвемся за пяць гадоў уласнага страху й прыніжэньняў, вернемся ў разрабаваныя кабінэты — ахрыплыя, спустошаныя, з дазволеным бел-чырвона-белым сьцягам наперавес, і зоймемся млявым падлікам урону. А тым часам краіна, ныючы пасьля пахмельля, будзе паціху дранцьвець у прадчуваньні, што “пры гэтых” стане яшчэ галадней. Рэформы набудуць значэньне капітальнага, з пылам, грукатам і скандаламі, пераразьмеркаваньня маёмасьці, і ўсё скончыцца адчайнымі спробамі выцягнуць штосьці дзесьці на тле агульнага пагружэньня.

Баюся нас не ўратуе ані стаўка рэфінанасаваньня, ані перагляд мытных тарыфаў, ані пісьмовыя распараджэньні, спушчаныя вэртыкальна. Усё гэта, па вялікім рахунку, гаечныя ключы. А сапраўдныя ключы рэформаў, ключы запальваньня, ключы ад кватэры, дзе грошы ляжаць — яны знаходзяцца ў кожнага чалавека якраз там, дзе прынята круціць пальцам, пры скроні. Масавая псыхалёгія — ключавое паняцьце тады, калі размова йдзе аб глябальных зьменах.

Першае, аб чым трэба неадкладна распарадзіцца новаму ўраду — гэта наладзіць грандыёзную, беспрэцэдэнтную рэкляму рэформаў. Запаланіць шырокі тэлеэтэр, пераключыць на агітацыйную хвалю ўсе радыёстанцыі — ад дзяржаўных да FM, — узьняць прэсу, шоў-бізнэс, пляцы, унівэрсытэты й нават спартовыя залі на эфэктную прапаганду Трэба на ўзроўні масавае сьвядомасьці абудзіць у народа нясьцерпнае чаканьне рэформаў. Прагу рэформаў. Радасьць рэформаў! Прымусіць краіну, удыхнуўшы сьвежага паветра, жыць пераменамі. Майце на ўвазе, рэфарматарская сіла ўсяго грамадзтва, патэнцыял нацыі на парадак вышэй за магчымасьці любога казённага бюджэту ці мільярдных замежных крэдытаў. Насамрэч, вы ж не каналізацыю рамантуеце — вы рэфармуеце жывую супольнасьць, 10 мільёнаў мазгоў. А энтузіязм насельніцтва, ахопленага павальнай ліхаманкай зьменаў — анэстэзія, якая абязбольвае й шокавую тэрапію, і радыкальна непапулярныя меры.

Гэта павінна быць зразумела кожнаму, хто бярэцца за справу: Рэкляма — Рухавік Рэформаў.

Перш чым распрадаваць направа й налева дзяржаўную ўласнасьць, трэба ў вачох спажыўца ператварыць яе ў залатое дно, у рамантыку, якая займае дух, так каб склады й прамысловыя аб’екты сталі скарбамі й аб’ектамі вострага жаданьня. Адпаведна, перш чым распачынаць маштабовую беларусізацыю, трэба стварыць усенародны попыт на беларушчыну. Увогуле, перш чым зрабіць хоць крок наперад, трэба ашчасьлівіць грамадзянаў гэтым фактам настолькі, каб яны ўспрымалі яго як асабісты посьпех. Формула простая, але які эфэкт!

Рэклямовая акцыя буйнейшага размаху — грамадзкія работы, празь якія выходзілі з крызысу й ЗША, і Нямеччына, і Японія. Усе на вуліцу! Прыбіраць ходнікі й стадыёны, асвальтаваць і азеляняць, будаваць і рэстаўраваць, парадчыць пляцоўкі і двары — хіба мала бруду ды сьмецьця ў нашым жыцьці? Улучна да нацыянальных суботнікаў са зборам сродкаў на экспартную раскрутку “Інтэграла”. Ужо проста выйшаўшы з дому, чалавек адчувае: парадак наводзіцца. Справа пайшла. Гэта перамены. Гэта — перамога.

Звычайна рэфарматары ўспамінаюць пра рэкляму, калі ныркі ўжо адваліліся. Машына села на пуза, безнадзейна прабуксоўвае — ага, успамінаюць ва ўрадзе, а каляінай жа ніхто й не займаўся. Але позна, дарога бязьлюдная, ніхто й не падштурхне. З той жа опэры запозьненыя падатковыя тэлеролікі з коцікамі й каліласкамі на расейскіх каналах — мілыя мульцікі для мацёрага крыміналітэту. Рэкляма, якую пускаюць расфарбаваным пад балаган прычапным вагонам — насамрэч магутны лякаматыў, здольны выцягнуць самыя неверагодныя й фантастычныя праекты.

Гэта праўда, ня хлебам адзіным жывы чалавек. Недаацэньваем мы з вамі сілу відовішча — сілу эмацыйнага й духоўнага выбуху, закладзенага ў афішу, рэкляму, кампанію. Таму і закулісны ды-джэй Замяталін, і тыповы шоўмэн Аляксандар Рыгоравіч пакуль на пару абыгрываюць усіх нашых вельмішаноўных навукападобных дзеячоў у адну калітку.

Зьмест

Увесь набор першачарговых палітыка-эканамічных апэрацыяў ужо неаднаразова фігураваў у партыйных праграмах і прэсе. Нам застаецца толькі прынцыпова сфармуляваць асноўныя рэчы.

Безумоўна, зьніжэньне падаткаў і абмежаваньне іх спэктру да ліку самых зьбіральных. Натуральна, перамовы аб прадастаўленьні заходніх крэдытаў на структурную перабудову індустрыі з матр’яла-й-энэргаёмістае вытворчасьці ў праца-й- навукаёмістую. Канешне ж, манэтарысцкая барацьба зь інфляцыяй, увядзеньне талера й народная прыватызацыя ад дробнага да буйнога. Несумненны перавод сельскае гаспадаркі на таварную спэцыялізацыю фэрмэрскага тыпу. Тут жа, усім зразумела, разгортваньне транзытнай індустрыі (аўтазапраўкі, матэлі, хуткае харчаваньне, майстэрні, гандлёвыя й выстаўныя цэнтры), у першую чаргу на асноўных аўтатрасах і чыгунках — замест арганізацыі “левых” таварапатокаў і мытных махінацыяў на дзяржаўным узроўні. Тымчасам праблема аплаты нафта-газавага транзыту пакуль можа пачакаць: Расея сёньня ўсё адно разьлічыцца ня ў стане.

Само сабой, рэфармаваньне войска ў прафэсійную нацыянальную гвардыю, а 120- тысячнай міліцыі ў больш кампактную, мабільную й прэстыжную паліцыю (увага: зьмена назвы мае значэньне). Далей, ясная справа, дасягненьне поўнага нэўтралітэту краіны: перамовы аб дэмантажы й вывадзе цацак, зь якімі любіць гуляцца расейскі генштаб. Ніякіх брацкіх саюзаў, а таксама ніякага NATO: ідэя супрацьстаяньня Захад — Расея на Беларусі павінная быць вычарпаная — так у свой час незалежная ВКЛ зьняла з павесткі дня сутыкненьне крыжацкага ордэну з мангольскімі ордамі. Адсюль, як сьледзтва, Балта-Чарнаморская рэгіянальная стратэгія.

Відавочна, што Беларусь на сёньняшні момант ня ў стане будаваць сваю эканоміку, зыходзячы з аграрных прыярытэтаў. На Захадзе, атрымаўшы слоік з салатай “Зроблена ў Беларусі”, чытаюць “Made in Charnobyl”. Расея, куды бартэрам закачваецца паток беларускіх прадуктаў, ня ў стане аплочваць харч жывымі грашыма. Больш праўдападобная будучыня Беларусі як краіны высокаякаснае тэхналягічнае зборкі й гасьціннага сэрвісу, навуковага, інфармацыйнага й культуровага прадукту. Вырашыць геапалітычную дылему даляр-эўра, нягледзячы на сугучнасьць першага талеру, давядзецца ўсё-такі на карысьць апошняй.

Урэшце, усе згодныя: не адміністрацыйная беларусізацыя ўзору 1991—1992 гг., а найшырэйшае Адраджэньне маралі, асноўных каштоўнасьцяў, духоўнасьці на грунце Нацыянальнай ідэі.

У слушнасьці такіх мераў мала хто сумняваецца. Але лёс рэформаў залежыць ад таго, якім менавіта чынам будуць увасабляцца ў жыцьцё ўсе гэтыя бясспрэчна правільныя ісьціны, ад таго, які вобраз дзеяньня будзе ўзяты на ўзбраеньне.

Што ж датычыць такое ўлюбёнае намінацыі, як разьмеркаваньне партфэляў, дык тут, па ідэі, усё абсалютна проста. Аддаць лібэралам з АГП іх гандаль, банкі й прадпрымальніцтва; сацыял-дэмакратам — мэдыцыну, страхаваньне, пэнсійныя выплаты ды стыпэндыі, ну а фронтаўскім кансэрватарам — іх спрадвечную нацыянальную бясьпеку, сфэру закону, адукацыю й культуру. Шкада толькі, што ў нас цяміць “на траіх” прынята зусім у іншым месцы. Для апазыцыі адно ўлада чамусьці на тры ня дзеліцца — дзеляць заўжды толькі на адзін, а гэта, як вядома, бессэнсоўна.

Акцэнты 

Ёсьць некалькі момантаў, выключна важных менавіта для Беларусі, і менавіта ў сёньняшняі час. Гэтыя акцэнты варта вынесьці за агульныя дужкі й разгледзець больш пільна —бязь іх усе рэформы набудуць адно прыкры акцэнт усенароднай трасянкі, калі хочацца як лепш, а атрымоўваецца ні тое ні сёе.

Найперш, моладзь. Сучасныя беларускія рэформы — гэта рэформы маладых і паводле духу, і ў сваёй сутнасьці. Маладым заўтра жыць, ды, зрэшты, сёньня яны складаюць і асноўную базу, і найбольш актыўную, радыкальную сілу апазыцыі. Шырокую падтрымку, роўна як і дзёрзкія ідэі, як і сьвежыя кадры, трэба падымаць з пучыны кіпучае моладзі. Лёзунг у дачыненьні да Лукашэнкі (якога, калі вы памятаеце, абіралі на новенькага): дзед, ужо пара на пэнсію, лыжню маладзейшым! Маладая апазыцыя — састарэлая ўлада, супрацьпастаўленьне зьнішчальнае, і яго ўвесьчас трэба падкрэсьліваць.

У апошнія гады магутны маладзёвы напор быў прыдаўлены прэсам страху, ня меў дастойнага прымяненьня у школах, вучэльнях і ўнівэрсытэтах — і яго прарвала ў крыміналізацыю, у наркатычны транс, разбэшчанасьць, прагу эміграцыі й экстрэмісцкую нянавісьць. Нашая задача — як мага хутчэй трансфармаваць усю маладзёвую сфэру, каб новыя пакаленьні з такой жа рашучай сілай рынуліся раскручваць махавікі рэформаў: Беларускі Эканамічны Цуд, Беларускі Будаўнічы Бум, Беларускі Культурны Выбух, Беларускі Духоўны Ўздым.

Усе гэтыя галавакружныя рэчы мусіць мадэляваць другі настойлівы акцэнт — адукацыя. Дакладней, глыбінная, ачышчальная рэформа той сыстэмы адукацыі, якая з савецкіх часоў была падначаленая вытворчасьці валавага ўнутранага прадукту й якая дастала нас усіх яшчэ зь ясьляў. Скінуць з плечаў псыхічна небясьпечную нагрузку ў 2/3 незапатрабаваных ведаў, атрымаць наколькі простыя, настолькі й ясныя ўяўленьні, пазбавіцца ад заплянаваных кашмараў у выглядзе экзамэнаў на карысьць канкурэнтных выпрабаваньняў, пазбыцца самога душка казармы ў клясах і аўдыторыях — гэта шчасьлівая мара і ўзорных выдатнікаў, і насельнікаў задняе парты. Пакуль дзяржаўнай сыстэме прасьцей працаваць у рэжыме інкубатара, бессэнсоўна чакаць ад грамадзтва цудаў.

Такая рэформа, яшчэ раз паўторымся, павінная стаць нацыянальнай кампаніяй: з рэклямовай раскруткай у мас-мэдыя, з тэлевізійнымі дэбатамі выкладчыкаў ды студэнтаў, з канфэрэнцыямі ў перапоўненых актавых залях, з вулічнымі дэманстрацыямі й масавымі, вымяральнымі ў дзясятках тысячаў студэнтаў, эўраабменамі. Менш агульных заняткаў — больш гурткоў, клюбаў, імпрэзаў, больш вольнага выбару. Разгрузка незасваяльных кніжных тоўшчаў — вызваленьне часу для кампутараў, гульняў, конкурсаў, практыкаваньняў і сьвежага паветра.

Словам, пачынаючы з адукацыі, трэба прыцэльвацца не ў дымныя індустрыяльныя далячыні, а зыходзіць з навуковай, культуровай, духоўнай будучыні Беларусі.

Трэці акцэнт — найважнейшы. Рэформы павінныя быць празрыстымі. Ад ступені сумленнасьці й адкрытасьці пераўтварэньняў і самых рэфарматараў будзе залежыць, якая сыстэма каардынатаў, ці каштоўнасьцяў, будзе пакладзеная ў аснову. Беларуская лябараторыя мае на ўвазе стэрыльную чысьціню пачынаньняў. Усялякага роду піначэтаўскія сындромы й надпісы на танках “Рэформы любой цаной!” — вірусы заразьлівыя, небясьпечныя й разбуральныя.

Урэшце, формула беларускіх рэформаў сярод усяе пералічанае цыфіры тоіць у сабе адзіны сапраўды загадкавы й істотны Ікс. Храналягічны. Час Ікс — час, на які прызначаны старт пераменаў. Час, які ўсім ня церпіцца прадказаць. Раскрыю вам сакрэт: раўнаньні з адным невядомым яшчэ з пачатковае школы вырашаюцца элемэнтарна, у два радочкі. Вось яны: “Час надыйдзе, калі Мы Самі будзем гатовыя ажыцьцявіць рэформы”. І ўсё. Як толькі ўсім стане ясна, што мы здольныя, рэжым рассыпецца ў прах. Туман расьсеецца, і на даляглядзе паўстануць велічныя аграмады нашае Новае Беларусі.

 

[   Вярнуцца да падзелу “Маладафронтаўцу”   ]