Нацыянальная ідэя


Думкамі ды меркаваньнямі дзеліцца Павал Севярынец

Гэта трэба адчуць. Чым больш я ўслухваюся ў тры мэлядычныя склады Яе імя, чым глыбей рассмакоўваю гэтыя сем гукаў, спрабуючы напрыканцы ўлавіць няісны, апошні, самы пранізьлівы, а ён усё прападае з празрыстай літарай; чым даўжэй любуюся гэтым хвалюючым, белым- белым з гарачай чырваньню сьцягам — тым больш веру. У мяне пачынае буйней біцца сэрца й кружыцца галава. Хочацца ціха заплюшчыць вочы й малітоўна, урачыста шаптаць пра сябе: Магутны Божа! Бязьмежная мудрасьць Твая, непамерная ласка Твая! ДЗЯКУЮ Табе за тое, што я нарадзіўся менавіта ў ГЭТАЙ КРАІНЕ!..

У гэтай краіне ахвяраў, войнаў і катастрофаў. Сярод Народу геніяў і сьвятых, сярод найвялікшых могільнікаў чалавечай гісторыі. У Імпэрыі Кульуры, важнейшым духоўным цэнтрым між Расеяй і Эўропай, бо я веру, што Беларусь — гэта нешта намнога больш значнае, чым прынята думаць.

1. Імпэрыі Духу

Пачнем з таго, што менавіта ў гэтай краіне Расейская й Савецкая імпэрыі ракавым чынам атрымалі сьмяротныя прабоіны. Сто гадоў таму тут упершыню сабралася партыя расейскіх рэвалюцыянэраў, якая потым з паражальнай хуткасьцю стварыла на 1/6 сушы найвялікшую за ўсе часы чалавецтва таталітарную сыстэму. У лютым 1917-га адсюль, са стаўкі ў Магілеве, тэрмінова выехаў у Петраград цар Мікалай ІІ, і дарогаю ў чыгуначным вагоне выракся стальцу. Назаўтра Расея выбухнула ў трэскі. Потым быў правальны Берасьцейскі мір. Потым пакт Молатава-Рыбэнтропа. Нарэшце, у канцы 1991 г. СССР рухнуў, і здарылася гэта ў Белавескае пушчы. Заўважце, парэшткі Саюзу незалежныя дзяржавы цырымонна пахавалі ў тым жа Менску. Але на гэтым гісторыя ня скончылася: і тут жа з магілы на поўны рост падняўся прывід Імпэрыі зла. Усё з такой убойнай пасьлядоўнасьцю клінам сыходзіцца на Беларусі, што міжволі, як дрыжыкі, прабірае падазрэньне: праўда.

Дзякаваць Богу, геаграфічныя імпэрыі ўсё-такі развальваюцца.

У свой час паў і Рым, грандыёзная праэўрапейская мэтраполія. Не засталося й сьледу ад граніцаў, крэпасьцяў, жалезных легіёнаў. Але з разбурэньнем фізычнага цела імпэрыі, праз хрысьціянства, вызваліліся аграмадныя ўнутраныя духовыя сілы, і вось ужо самі пераможцы, гаспадары Сярэднявечча, схіляюцца перад уладаю рымскай цывілізацыі. Антычная культура й каталіцызм, лаціна й рымскае права, сыстэмнасьць і камунікацыі ахапляюць палову зямнога шара. Цэзару й ня мроіліся такія заваёвы.

Пакуль мы яшчэ ня здольныя ў поўнай меры асэнсаваць спадчыну Савецкага Саюзу, але ўжо зараз ясна: наколькі бездухоўным і платаядным быў СССР, настолькі ўбогім будзе ягоны ўнёсак у чалавечую гісторыю. Зрэшты, ўжо сёньня, на нашых вачох, на дымныя глыбы развальваецца Расея, і мы можам назіраць гэтае відовішча ў прамым тэлеэфіры.

А вось Ірляндыя ніколі нікога не акупавала, не спусташала й не абвяшчала тысячагадовых рэйхаў. Маленькая зялёненькая выспа ў Атлянтыцы, зь якой жыхары ратаваліся куды падалей. Сёньня Стары й Новы сьвет моляцца на яе. Скрозь ірляндзкія тэмы ў кіно, ірляндзкі тон у легендах, ірляндзкі рок у навушніках. Найвялікшы раман усіх часоў і народаў родам з Дубліну. Вось так, уявіце сабе: не з Парыжу, Лёндану ці Нью-Ёрку — з Дубліну. Шэсьць нобэлеўскіх літаратараў. Знакамітае О з апострафам у прозьвішчах, быццам бы з коскай перад нулямі гіганцкае лічбы, знакуе сусьветнае захапленьне: О!.. Ірляндыя, якая нават згубіла сваю мову, сталася Культуровай імпэрыяй, Імпэрыяй Духу. А гэта навечна.

Зьместам Імпэрыі Культуры ёсьць ня культ мяжы, не ксэнафобія, не фізыялягічнае паглынаньне народаў ды тэрыторыяў — а, наадварот, духовая бязьмежнасьць у суіснаваньні, у імкненьні зрабіць сьвет больш дасканалым. Гэта не элемэнтарная функцыя захопленых квадратовых кілямэтраў, а інтэграл куды вышэйшага парадку.

Яшчэ адна Імпэрыя Духу ў нас пад нагамі. І мы, няўдзячныя, топчам яе штодня, дасадліва азіраючы далягляды ў пошуках свае ўласнае Ідэі.

2. Гісторыя Беларусі. Стары Запавет

Старым Запаветам гісторыі Беларусі быў залаты век Полацку й Вялікага Княства Літоўскага. Гэта сапраўды легенда. Эра мудрых. Эра праведных войнаў, герояў і волатаў, раскошных палацаў, яна дайшла да нас у велізарных пыльных кнігах, якія яшчэ чытаць і перачытваць.

Беларусь нараджалася на стратэгічным стыку цывілізацыяў, земляробчай Эўропы й качавое Азіі. Гэткім жа чынам сышоўся ў трох кантынэнтах Блізкі Ўсход, прарадзіма трох глябальных рэлігіяў. Так падымаецца вяршыня сьвету, Тыбэт з Гімалаямі, дзе сутыкнуліся ўсходнія гіганты, Кітай і Індыя. Важнейшае геапалітычнае скрыжаваньне — гэта гістарычны крыж Беларусі яшчэ з часоў Усяслава Чарадзея. Між варагаў і грэкаў, між Кіевам і Ноўгарадам, між Русьсю й Эўропай.

Менавіта тут, у Эўрапейскай Сарматыі канцэнтравалася супрацьстаяньне двух варожых сьветаў. У ракавым 13-м стагодзьдзі настаў рашаючы час: у глыбіні дзікіх стэпаў Азіі нарадзілася аграмадная мангольская арда Тамэрлана, і рушыла на Захад, зьмятаючы на сваім шляху царствы й ханствы… Увадначасьсе зь ёй увабраўся ў сілу браняваны Ордэн нямецкіх крыжакоў, і памкнуў на Ўсход, разрубаючы Польшчу, Прусію, Лівонію. Дзьве першародныя плянэтарныя стыхіі, такія сугучныя, няўмольна накатвалі насустрач адна адной, каб сысьціся ў двубоі. І ў Міжмор’і, у самае гарлавіне Ўсходняй Эўропы, дзе магло захлынуцца крывёю ў катастрафічным пабаявішчы ўсё сярэднявечнае чалавецтва — раптам, дзіўным чынам, узьнікае магутная дзяржава, Вялікае Княства Літоўскае. І спыняе сусьветнае сутыкненьне. Стагодзьдзе — і перад уладным полем спакою асядае Арда. Яшчэ стагодзьдзе — і ў прах рассыпаецца Ордэн.

На гэтай зямлі ўва ўсе часы шукалі, намацвалі тую самую мяжу Эўропы з Азіяй: ці то па Дняпры, ці па Бугу, па Вялікім вадападзеле, па Менскім мэрыдыяне… Важна зразумець: граніцы няма й ня можа быць у прынцыпе. У дрымучай Беларусі зьнікаюць межы. Усё распушчаецца ў прывідным сутоньні, перад якім з сумненьнем спыняюцца ўсе заваёўнікі.

Вялікае Княства становіцца лідарам агульнаславянскага Рэнэсансу. Беларускія Бібліі, друкі й шрыфты, Рэфармацыя й вуніяцтва, віленскае барока й унікальныя рамёствы 16-17 стст. абудзілі магутныя сілы духу ў нашых блізкіх і далёкіх суседзяў. Вялікае Княства Статуту, было тэрыторыяй парадку -сярод маскоўскае апрычніны, запароскае казаччыны, каталіцкае інкізыцыі й тэўтонскага вераломства. І, што самае дзіўнае, на раздарожжы рэлігіяў, сярод бяздоннага іх памяшаньня, у эру варфаламееўскіх начэй — Княства верацярпімасьці. Ува ўсёй Эўропе катавалі, палілі, вешалі зусім па-жыцейску, а на гэтай зямлі цэлыя стагодзьдзі падобнае было выключэньнем. Сюды натоўпамі сьцягваліся іншаверцы, навукоўцы й гнаныя праведнікі.

Вельмі паказальна, што разваліла ВКЛ менавіта міжканфэсійнае пытаньне. Калі сілу веры канчаткова спараліжавалі царкоўна-касьцёльныя разборкі, калі велічная раскоша пачала па-фарысэйску папахваць разбэшчанасьцю, гэтая краіна ўжо выканала сваю задачу. Эўропа стаяла на парозе прамысловых рэвалюцыяў; Азія ўжо трансфармавалася ў Расейскую й Асманскую імпэрыі.

Эпоха Старога Запавету канула ў лету. З Рагвалодам і Рагнедаю, зь легендаю пра Палямона, з мудрымі Саламонамі, гарадзенскім Давідам, са спрадвечнай славай, тысячай казак, якіх больш ніколі ня будзе. Час прыціх.

Сапраўды, геаграфічныя імпэрыі развальваюцца. Шкадаваць ВКЛ ня мае сэнсу. Таму, што гісторыя Беларусі пачынаецца зноў — з Новага Запавету.

3. Гісторыя Беларусі. Новы Запавет

Такім чынам Хрыстос прызямліўся ў Гародні.

Для Беларусі настала новая эра. Прабіў час прымружваца й падстаўляць для ўдару шчокі. Час палюбіць бліжняга свайго ўсім сэрцам, як самога сябе. Час аддаваць.

Мы аддавалі ўсё. Да астатняга таленту, да апошняга слова, так, што самім анічога не заставалася на расплод. Польская асыміляцыя Рэчы Паспалітай справакавала цэлы фаервэрк фэномэнаў беларускага паходжаньня. Мы далі Польшчы найвышэйшыя, найсьвяцейшыя імёны — Міцкевіча, Касьцюшку, Сянкевіча, Манюшку, Агінскага… Захоп вялікалітоўскіх земляў і хваля перасяленцаў на Ўсход выбухнулі неймаверным узьлётам расейскай літаратуры й музыкі 19-20 стст., а гэта, паміж іншага, адна з самых грандыёзных зьяваў у культуровае гісторыі чалавецтва. Беларусы для Расеі зьдзейсьнілі пераварот у сьветаўспрыманьні: Глінка (расейскі гімн!), Барадзін, Шастаковіч, Стравінскі… Грыбаедаў, Дастаеўскі, Бунін, Твардоўскі, Алеша, Грын Еўтушэнка,Высоцкі. Прарокі, апосталы, як на падбор. Уявіце сабе, якая павінная быць духовая сіла, каб узьняць Польскую Карону да Польшчы, Расейскую імпэрыю да Расеі! І ўсё гэта хворая, нямоглая, абрабаваная Беларусь, так, так, тая самая, з каўтуном у валасох. Падумаць, дык яна зрабіла нашмат болей, чым здолела Вялікае Княства. Яна не падначальвала, не насаджала — яна прапаведвала й ачышчала. Яна сваім целам, сваёй крывёю пераўтварала самыя пачварныя дэспатыі. Увогуле, цяжка пазбавіцца думкі, што вышэйшая місія Беларусі — прасьвета, уратаваньне велізарнай грэшнай Расеі: вось так, празь сябе, праз сваю пакуту й боль.

Аддалі нават Вільню. Тым лепш. Хоць захавалі ўласны Ерусалім.

Беларусь судзілі, рвалі на часткі й раскрыжоўвалі межамі. Нашым друкарам ламалі косьці на дыбе; нашы паэты на чужыне харкалі крывёй; нашыя лепшыя галовы лопаліся ад рэвальвэрнага стрэлу ў патыліцу. Пётар І рэзаў, Карл ХІІ паліў, Мураўёў вешаў, Сувораў пароў штыхамі, а Напалеон навальваў груды гарматнага мяса; Сталін расстрэльваў, Гітлер труціў газамі. Білі наводмаш, прыпадкамі, шалеючы, па садысцку ўпадаючы ў раж ад яе пакорлівасьці. А Беларусь усё падстаўляла твар, і скрозь сьлёзы ўсьміхалася ім. Яна маліла за іх вуснамі сваіх геніяў. Што яна дазваляла з сабой рабіць! — і любіла… Колькі кахалася тут расейцаў, немцаў, французаў, палякаў — многа, ох як многа. Здавалася б, гэтую краіну,назву, мову, дый саму памяць аб ёй выгвалцілі й растапталі насьмерць.

Таму неверагоднае ўваскрашэньне ў пачатку 20 ст. усіх проста агаломшыла. Той нацыянальны рух чысьцейшай вады, які ўзьнік надзіва ймкліва, чарговы раз прымушае нас паверыць у цуды.

І прыслухацца, як прароча, пачынаючы яшчэ з Багушэвіча, гучаць прозьвішчы. Багдановіч. Адамовічы. Данчык.

4. Беларусь — Гэта Сьвятое

Ува ўсім былым Саюзе да беларускага й Беларусі пачуцьцё асаблівае, дзіўнае, шчымлівае. Знакаміты працаўнічок трактар, родныя “Песьняры”, вайна па- быкаўску — гэта сьвятое, вам скажа кожны. Вельмі характэрна ў расейцаў: ім так няёмка, што часам яны стараюцца заглушыць сваю віну перад беларусамі грубым, армейскага кшталту, пакрыкваньнем. Але нават горкая маскоўская інтэлігенцыя раз-пораз, пасьля трэцяе-чацьвёртае чаркі, уроніць сьлязу за Беларусь; самую чыстую, самую славянскую, краіну крыніцаў з самай празрыстай у сьвеце мовай.

Гэта вельмі нагадвае мне адзін жыцьцёвы вобраз. Мой сябра, ціхенькі аднакурсьнік, са сьціжмай такіх жа бяскрыўдных, як першыя хрысьціяне, братоў, прапаведваў Біблію ў мэтро й пераходах. Зь яго бязьлітасна кпілі, грэбавалі амаль усе — і трэба было бачыць прыніжэньне гэтых людзей, калі ён шчыра й пакорліва дапамагаў ім у бядзе! Ува ўсіх справах, якія патрабавалі справядлівасьці й сумленьня, аўтарытэтам заўсёды аказваўся ён, самы траваядны, пастаянна крыўджаны.

Штосьці найвышняе ёсьць у гэтае пяшчотнае беларускае цярплівасьці, у гэтай вечна вінаватай усьмешцы. Пасьля усіх зьдзекаў, катастрофаў і кашмарнага генацыду гэта ўражвае, аж да дрыжыкаў. Гэта ня проста забітасьць і не забытасьць. Куды глыбей. Беларус, братка. Братні народ. Не такія ўжо пустыя словы, як здаецца.

“На Беларусі Бог жыве”,- сказаў вялікі прарок Караткевіч. Ягоныя вершы й проза гучаць так узвышана й на першы пагляд крыху наіўна, але ў караткевіцкай простай мудрасьці прадоньне сэнсу. І нават болей: у ім вера. Бель Белай Русі змушае ўспомніць анёлавы крылы.

Гэта праўда: усе канфэсіі, якія прыходзілі на Беларусь раптоўна гублялі свой агрэсіўны зарад, і запавольваліся, і нямелі перад гэтай сапраўднай незямной сілай. Для фармальнае рэлігіі ўраз губляліся ўсе арыентыры, і непарушныя догмы распушчаліся ў паветры з дымам. Гэта тут юдэі мірна суседзілі з мусульманамі, тут сьсякла магутная плынь кальвінізму, тут загрузла падбрушша праваслаўя, і энэргічныя айцы-езуіты няўцямна блукалі ля тлеючых паганскіх вогнішчаў, спрабуючы ўцяміць, у чым жа рэч.

Ня сьмейце казаць, што ў гэтага Народу няма за душой нічога сьвятога. Быццам Ён сьпіўся, дэградаваў, хворы, замбіяваны, быццам Ён даўно ўжо не народ, яшчэ чортведама што. Я назіраю нават у апошніх п’яніцаў: даходзіць да Беларусі — і стоп. Далей ні-ні. Беларусы памоўкваюць, бо ведаюць, наколькі сур’ёзная іх адказнасьць перад сваёй зямлёй і ўсім гэтым сьветам. “Беларусь” — чуеце, як цёпленька? У нас гэтае пачуцьце не палае, ня жарыць, яно далікатнае й трапяткое, як сьвечка.

Усё проста, Беларусь — гэта сьвятое.

5. Боль Эўропы

Дзе б ні кранулі Беларусь, паўсюль у адказ чуйна кальне боль. Усё што пра нас ведаюць у сьвеце — рэзаныя, рваныя, разможжаныя раны: Курапаты, Брэсцкая крэпасьць, Хатынь, Чарнобыль. Кожны эўрапеец інстынктыўна, амаль фізычна адчувае гэтую вобласьць ныючай памяці, для яго гэта “дзесьці там”, і ён трапна пацэліць пальцам на мапе, дзе гістарычна баліць небясьпека.

Беларусь ные, як сэрца. Маскве, Брусэлю, Страсбургу, Бэрліну робіцца не па сабе з кожнай позвай нашага болю. Помніце, як ёкнула сардэчка ўвесну 1996 г. — усе Баўканы здрыгануліся мнагатысячнай сутаргай. Сэрбія, Баўгарыя, Альбанія валяліся ў жорсткіх карчах аж да самай вясны 97-га.

Ува ўсёй Эўропе няма больш трагічнага Адраджэньня, чым беларускае. У прыбалтаў, палякаў, чэхаў і нават румынаў увесь нацыянальны арганізм, будзь здароў, працаваў на Resistance ды Renaissanse, і крызыс хваробы вырашыўся напружаньнем у лічаныя дні. Для беларусаў гэтая насалода болю цягнецца ўжо другі дзясятак гадоў, і канца-краю не відаць. Нашае Адраджэньне ажыцьцяўлялася такім выключным мізэрам сілаў, на такім фальцэце, такімі непадымнымі й адчайнымі вымогамі, што жылы трымцелі, як нацягнутая ніць. Гэтая нота, нясьцерпна тонкая й высокая, бярэ за жывое так, што хочацца плакаць. У мяне перад вачыма Пазьняк з растрапаным валосьсем, у насьпех зацыраваным плашчы, поплеч з Клінтанам на краі курапацкае ямы, а ўвушшу — пранізьлівы віск дзяўчыны, якую выцялі гумовым дубіналам на Чарнобыльскім шляху!..

Паглядзіце ў вочы любому беларусу. Такое ўражаньне, што ён церпіць пастаянны боль.

Беларусь — вечнае прытулішча гнанага адусюль гэбрайства. На гэтай зямлі разьмясьцілася адна з самых пладавітых дыяспараў у сьвеце. Тут радзіма знакамітых ізраілевых правадыроў: першага прэзыдэнта Хаіма Вейцмана, трэцяга — Залмана Шазара, прэм’ер-міністраў Мэнахема Бегіна, Іцхака Шаміра, Шымона Пэрэса. Тут айчына Шагала, Антокальскага, Маршака, Суціна, бацькаўшчына хасыдызма. Увогуле, беларускае гэбрайства — тэма асобнае гутаркі, патэтычнай і ўзьнёслай. А там, дзе такі ўздым абранага Богам народа, там, дзе адвечны жыд знаходзіць абжытыя абяцаную зямлю — чакай вялікае таямніцы. І болю.

Беларусі, укрыжаванай між Эўропай і Расеяй, ня суджана стаць дамашняй, дабрапрыстойнай сярэднеэўрапейскай краінай. Нельга паверыць у тое, што ўсё надрыўнае змаганьне йшло за сытае пахлопваньне па бруху й падстрыжаны газон пад вокнамі. Зараз, вы толькі паглядзіце, вакол нас ізноў клубяцца трывожныя прадчуваньні, ходарам-ходзіць хваравіты азноб. Баюся, гісторыя толькі пільнуе часу, каб ізноў разрадзіцца ў няшчаснае Беларусі чарговай катастрофай. І зноў будзе балюча.

6. Адваротны Эфэкт

Яшчэ адзін фэномэн Беларускае Ідэі, які так відовішчна фантануе апошнія гады — эфэкт Лукашэнкі. Лукашэнка прыйшоў да ўлады, і краіна адразу апынулася ў эпіцэнтры грандыёзных постсавецкіх працэсаў. Позвы вяртаньня Імпэрыі зла, узнаўленьня Ўсеславянскага саюзу на ўвесь голас прагучалі менавіта тут. І, нечакана для ўсіх, набылі пужаючае водгульле — ад Усходняе Эўропы да Далёкага Ўсходу.

Сапраўды, і гэтая гістэрычная фантастыка на прэзыдэнцкіх выбарах, і панславісцкае рэха, і велізарныя псыхатропныя рэакцыі ад Берасьця да Курылаў парадаксальным чынам сьведчаць усё пра тое ж: пра незвычайную геапалітычную й духовую сілу Беларусі як генэратара, яе мабілізацыйную магутнасьць і плянэтарныя маштабы.

Трэба аддаць кесару кесарава, Лукашэнка з самага пачатку ацаніў магію сілы, аб існаваньні якой іншыя проста не здагадваліся. Ёсьць ад чаго здрыгануцца: мэсіянская роля Беларусі прагавораная ў ракавы двухтысячны час, і — увага! — пагроза рэальная, як заўтрашні дзень. Пастаянна варта помніць, што тайна Расейскай імпэрыі заключаецца не ў маскоўскім Крамлі, піцерскім Зімнім ці ніжагародзкім кірмашу. Менавіта ў нашай з вамі Беларусі вырашаецца надта ўжо многае, калі ня ўсё, і нам нікуды ад гэтага ня дзецца.

КГБ тонка падабраў камэртон, на якім рэзананс Ідэі становіцца разбуральным і выклікае цыкляпічныя земляўздрыгі. Усё імгненна становіцца з ног на галаву, гіганцкія піраміды рушацца, і насельніцтва ахоплівае павальная паніка — прыкладна так, як гэта здарылася 17 жніўня ў Расеі. Перайначыць знак на супрацьлеглы аказалася гэтак жа проста, як перавярнуць 1999 год у страшную апакаліптычную лічбу.

А мы з вамі толькі-толькі намацваем нашую ноту, трагічную й высокую, якая павінная ўсё расставіць па сваіх месцах. Нам трэба, чаго б гэта не каштавала, пацэліць у гэты ірацыянальны пункт і выклікаць верны эфэкт.

Зрэшты, Імпэрыя Духу, Імпэрыя Культуры тым і розьніцца ад любой звышдзяржавы, што транскантынэнтальныя ракеты тут замяняе трансцэндэнтальнае мысьленьне. Тут дзейнічаюць катэгорыі, якія не падначальваюцца законам жалезнае лёгікі. Глябальныя эфэкты спрацоўваюць у імя духоўнасьці — так, як гэта неаднойчы ў сусьветнай гісторыі дэманстравала Нацыянальная Ідэя.

7. Ідэя

Раз-пораз нават здаецца, што яшчэ сэкунда, і мы вось-вось спасьцігнем, скрышталізуем для сябе гэты момант ісьціны: настолькі празрыстая яго сутнасьць, настолькі ясна пабліскваюць, граюць грані чагосьці ідэальна цэласнага, так працінае — да іскрыстых сьлёзаў, да галюцынацыяў. І я ўвесь час паўтараю пра сябе: Беларусь чакае вялікая будучыня.

— Беларуская Нацыянальная Ідэя — гэта ідэя пакутнай і вялікай краіны, у якой мы маем гонар жыць, краіны, якой пастаянна балюча й якая, хутчэй за ўсё, ніколі ня стане шчасьлівай.

— Беларуская Нацыянальная Ідэя — гэта ідэя Новага Запавету: Веры, Надзеі, Любові. Не ўзбуджэньне гневу, не інквізыцыя супраць маскоўскае ерасі мусіць быць нашым дэвізам. Беларусы — носьбіты ўнікальнага, хрысьціянскага ў сваім прынцыпе духоўнага імпэратыву, які й ёсьць сэнсам нашае Імпэрыі Культуры. Як гэта ня цяжка, нам трэба ўспрыняць, што краіна, як і чалавек, не павінная жыць для сябе. Яе задача — даць сябе іншым, і праз гэта сьцьвярджаць сваю веліч. Прасьвятляць і настаўляць аграмадную Расею, уздымаць Усходнюю Эўропу — на нашым сумленьні. Так павялося спрадвеку, так будзе й далей.

— Урэшце, Беларуская Нацыянальная Ідэя — гэта ідэя Імпэрыі Культуры, буйнейшага духоўнага цэнтру Ўсходняе Эўропы. Гэтая краіна прызваная лучыць і вучыць увесь мацярык, у болях спараджаючы ўсё новыя й новыя хвалі эміграцыяў, драмы й найвышэйшае культуры. Гэта краіна геніяльнага Міжмоўя, дзе чыста беларускі элемэнт выконвае ролю магічнага крышталю, люстранога пачатку каардынатаў. У яго фокусе сыходзяцца элітарныя культуры й масавыя псыхозы паловы Эўропы. Тэлевізія, інфармацыцыйныя тэхналёгіі й выбух камунікацыяў выводзяць нас у будучы век. Беларускі фокусны сынтэз і ёсьць тым звышэфэктам, дзеля якога робіцца цяперашняя карпатлівая праца “Народнага Альбому”, “Маладога Адраджэньня” й сучаснае “Нашай Нівы”:

Зь беларускіх лясных шоргатаў і шэптаў, у эфіры бясконцых шумоў, у інфармацыйным сутоньні, з туману трэцяга тысячагодзьдзя насустрач нам узьнікаюць абрысы гэтае аграмаднае культуровае Імпэрыі — як гара сярод аблокаў, яна патыхае халадком абсалютнай ідэі. Масква, Варшава, Кіеў, Вільня — толькі велізарныя фарпосты, краевугольнае крэпасьці яе смутнай магутнасьці.

Няма й ня можа быць сумневаў: нацыянальная ідэя ў рэшце рэштаў пераможа. У нас ува ўсіх абвостранае адчуваньне, што час працуе на нас. Ня трэба баяцца, што гэтая краіна зьнікне з мапаў ці зробіцца каляніяльным захалусьцем. Расея, ды й ніхто іншы, ня ў сілах зьнішчыць ані нашую дзіўную вялікую нацыю, яні яе цудоўную мову. Усё ў нас атрымаецца. Трэба толькі быць простымі й сумленнымі, ашчаднымі ў гневе й шчодрыі ў любові; трэба шукаць, грукацца ўва ўсе дзьверы, верыць і абавязкова ўсьміхацца.
* * *

А ў астатнім — усё, як у Пазьняка.

 

[   Вярнуцца да падзелу “Маладафронтаўцу”   ]