Шоў Беларушчыны


ПРАДМОВА

Прывітаньне, дарагія сябры!

Вельмі прыемна бачыць вас усіх, такіх маладых, прыгожых і поўных сілаў, на нашым сёньняшнім шоў. Сёньня, у бліжэйшую гадзіну, вы апынецеся ў эпіцэнтры самых цікавых, нечаканых падзеяў, фактаў і перажываньняў. Будзьце гатовыя да таго, што гэтае шоў можа зьмяніць вашае жыцьцё, — ва ўсялякім разе, рэзка памяняць многія погляды. Перад вамі праграма – віктарына, распрацаваная для 2-х мільёнаў беларускіх школьнікаў і студэнтаў –

 ШОЎ БЕЛАРУШЧЫНЫ! 

Прадстаўляюць шоў студэнты менскіх унівэрсытэтаў — каманда ДЫ — ДЖЭЯЎ АДРАДЖЭНЬНЯ. Хто такія DJі, вы ведаеце — яны вядуць дыскатэкі й хітовыя праграмы на радыё, а вось DJ Адраджэньня – гэта тыя, хто разам з шоў, музыкай, конкурсамі й тэстамі зь лепшымі прызамі абуджае ў моладзі цікавасьць да сваёй краіны, нацыянальную сьвядомасьць, адчуваньне сэнсу жыцьця й ісьціны, адкрывае моладзі Беларусь і Бога: вакол нас і ў нас саміх.

Шоў Беларушчыны – гэта эмацыйная ўспышка, гульня і віктарына. Але пры гэтым гаворка будзе ісьці пра вельмі сур’ёзныя рэчы, таму будзьце ўважлівыя!

Шоў Беларушчыны — гэта:

— Інфармацыйны выбух, які асьвятляе ваш далягляд на ўсю Беларусь!

— Жывая нацыянальная ідэя ў вобразах, сымбалях і пытаньнях, адказы на якія даяце вы самі!

— Тое, што цікавіць кожнага з вас – асабісты лёс? сэнс жыцьця? што ёсьць ісьціна?

— Усё гэта скрозь балы й рэйтынгі, спаборніцтва асабістае й каманднае!

— І за першыя некалькі месцаў – ПРЫЗЫ! аўдыёкасэты з сучаснымі беларускімі хітамі, каштоўныя кнігі, газэты й відэа!

 

Спачатку – некалькі важных момантаў.

Ясная справа ня ўсе яшчэ прызвычаіліся, што вось так, свабодна па – беларуску можна ня толькі размаўляць, але й проста жыць. Хтосьці падумае – а зачем это вообще? да кому всё это надо?

Што ж, давайце разьбярэмся – каму гэта патрэбна.

Калі ласка, падыміце рукі тыя, хто нарадзіўся ў Беларусі…(дружны пад’ём). А вы кажаце, кому это надо…Вось мала хто ўсур’ёз задумваўся над простым і геніяльным пытаньнем : чаму Госпад Бог даў нам нарадзіцца й жыць менавіта тут, на гэтай зямлі, ды яшчэ ў гэты час, на пераломе тысячагодзьдзяў? Маглі б зьявіцца на сьвет, страшна падумаць, дзе-небудзь у Кітаі ці Індыі – там якраз нараджальнасьць у дзесяць разоў большая за нашую. Але мы з вамі тут. Значыць, у кожнага з нас ёсьць свой, Богам наканаваны лёс, у Беларусі, між гэтых людзей, сярод гэтых дамоў і дрэваў. Уяві сабе, гэта адзінае месца на зямным шары, дзе тоіцца сэнс твайго жыцьця!

Але гэта яшчэ ня ўсё. Калі ласка, цяпер падыміце рукі тыя, у каго бацькі родам зь Беларусі… Ого, вы бачыце! Бацькі й дзяды, прадзеды й далёкія продкі, сотні пакаленьняў жылі для таго, каб зьявіўся ты. Беларусь – гэта твая гэнэтыка, твае гены, у якіх закладзеныя ўсе непаўторныя нацыянальныя асаблівасьці, характар і традыцыі, гісторыя й мова…Падумаць толькі, нават колер вачэй і валасоў мяняюцца, нават прозьвішча ў пашпарце можна перайначыць, а твая родная нацыянальная генэтыка – гэта на ўсё жыцьцё! Бог стварыў унікальным кожны народ, даў кожнай нацыі сваё месца й час – а ты сёньня ў Беларусі, у 2000м годзе — і павер, гэта шмат што значыць.

Беларусь – гэта гармонія з той зямлёй, на якой жылі твае продкі, зь яе прыродай і гісторыяй. Ці ўсе вы ведаеце, што наш арганізм зь ежай і абменам рэчываў будуецца зь бялкоў, вугляводаў і тлушчаў, мікраэлементаў і вітамінаў гэтае зямлі? Тут усё разлічана да міліграма, усё прадугледжана. Напрыклад, навукай даказана: хто зьядае ў дзень па адным яблыку са сваёй роднай зямлі, ніколі не захварэе на рак. Тое ж і з роднай культурай, роднай мовай і верай. Тваё здароўе, і фізычнае, і душэўнае, і духовае, больш за ўсё залежыць ад таго, ці жывеш ты ў гэтае гармоніі, у адзінстве, ці адчуваеш родную зямлю пад нагамі й Бога па-над сабою.

Ладна, скажа хтосьці, дапусьцім так, але ўсё раўно Беларусь – пачці как Расія, ну пракцічаскі адно і то жа… Гэта няпраўда. Калі разабрацца, Беларусь 200 гадоў была ў складзе Расейскай імперыі – але столькі ж часу мы жылі ў адной дзяржаве, Рэчы Паспалітай, з Польшчай… Мы 300 гадоў валадарылі ў ВКЛ, па-беларуску размаўлялі ад Балтыкі да Чорнага мора, а Украіна была ўскраінай княства, адкуль і назва.

Беларусь – асобная дзяржава, 10-мільённая нацыя, свая багацейшая гісторыя, свая місыя, свой унікальны сэнс. Расея – імперыя, тайга й стэпы, вечная мерзлата, увогуле іншы лёс. Расея – збольшага Азія, Беларусь – Эўропа. Розныя цывілізацыі! Нават у Маскве прызнаюць, што беларусы – натуры не па-руску цярплівыя, тонкія й інтэлігентныя. Зрэшты, факт геаграфіі: ніводная беларуская рака не цячэ ў Расею.

Ну вось, скажа яшчэ нехта, ваша “беларушчына” — гэта лапці, цымбалы й дудачка… Алё, прачніцеся, гэта ХХІ стагодзьдзе! Беларусь — гэта эўрапейская цывілізацыя, гэта рок-хіты і постмадэрн у літаратуры, гэта нацыянальныя інтарэсы на Ўсходзе і Захадзе, гэта духовае адраджэнне грамадзтва!

А хтосьці з маладых лічыць, што Беларусь – гэта правал, балота, чорная дзірка. Чарнобыль, Няміга, Лукашэнка й усё такое. Хтосьці гаворыць, што краіна прападае, трэба ехаць на Захад, і няма чаго рабіць тут. Сёньня мы разам з вамі пастараемся на вачох ва ўсіх разграміць гэтыя стэрэатыпы й ўпадніцкія настроі, каб зразумець, у якой цудоўнай краіне, у які цікавы час і для чаго мы жывем — якая любоў і вера таіцца ў кожным з нас, і як мы можам перамяніць Беларусь.

Такім чынам, мы пачынаем віктарыну. Пытаньні будуць і з геаграфіі, і з гісторыі, і зь літаратуры, са спорту й музыкі, ды й проста з глыбіні душы. Адказы прымаюцца толькі па-беларуску, вы чуеце? Хто хоча адказаць — падымае руку, крыкі зь месцу не залічваюцца: мы ж з вамі прыстойныя эўрапейцы.

Правільны адказ – 1 бал, рэйтынг вядзецца на дошцы.

Некалькі чалавек пераможцаў атрымаюць ПРЫЗЫ!

Ну, а каб цікавей было гуляць, мы з вамі падзелімся на каманды…(…)

Падзяліліся, так? А цяпер пакажам сілу камандаў – ну-ка, хто мацней, хто пераможа?!

-СКАРЫНАЎЦЫ!( воплескі!)

-КАЛІНОЎЦЫ!!( Шум, уаў!)

Увага! Першая тэма. Пачынаем зь беларускае зямлі — з асновы, з пачатку, з тае зямлі, на якой мы нарадзіліся, з таго грунту, на якім жывем мы, з фундаменту на якім стаіць нацыянальная ідэя.

 

БЕЛАРУСКАЯ ЗЯМЛЯ

Пачнем з таго, што Беларусь – стратэгічнае, гістарычнае й геапалітычнае скрыжаваньне Эўропы: паміж Захадам і Расеяй, Балтыкай і басэйнам Чорнага мора, “варагамі і грэкамі”. Шляхі буйнейшых вайсковых заваёваў, галоўных транзытных магістраляў, нафта- й газаправодаў, перасячэньня найважнейшых транспартных калідораў. На адным абслугоўваньні транзыту – гатэльным і турыстычным бізнэсе, індустрыі хуткага харчаваньня, арганізацыі выстаўных комплексаў, кірмашоў, тэхнапаркаў, інфраструктуры Беларусь магла б стаць адной зь перадавых краінаў. І гэта ня дзіўна, бо Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Эўропы. Геаграфічна вылічаны цэнтральны пункт эўрапейскага кантынэнту месьціцца зусім побач ад нас з вамі… У якім раёне?

(Пухавіцкім, (Глыбоцкім), возера Шо … ) (бываюць, праўда, іншыя варыянты J )

 

(ну што, жывяце ў цэнтры Эўропы й ня ведаеце?)

 

Яшчэ з часоў сярэднявечча асаблівае, цэнтральнае месца нашых земляў пастаянна падкрэсьлівалася ў назве, якая ў старажытных славянаў абазначала галоўнае, сталічнае, нават с ь в я т о е… Незалежныя княствы, вольная ад мангола-татараў, свабодная, чыстая, сьвятая зямля…

(Белая Русь) 

 

Белая! Слушна: успомніце… Белакаменная Масква, Бялград, сталіца Югаславіі. Так, Беларусь – гэта сьвятое.

Ідзем далей. Беларусь – сярэдняя эўрапейская краіна з плошчай … Хто скажа?

(207,6 тыс. км2)

 

Так, больш 200 тысячаў км2 – такім чынам, на яе тэрыторыі маглі б разьмясьціцца разам узятыя Аўстрыя, Швайцарыя, Нідэрлянды й Бэльгія. Альбо 2,5 Чэхіі. Альбо 3 Ірляндыі. Уявіце сабе, 3 Ірляндыі! Робіцца ясна, што Беларусь – ніякая не “маленькая рэспубліка”, а нармалёвая эўрапейская краіна.

 

Мала таго, Беларусь – адна з самых багатых ў сьвеце ворывам, зямлёю для сельскагаспадарчае вытворчасьці: на аднаго беларуса прыпадае па0,7 гапашы. Ну-ка, беларусы, называем 3 фірмовыя нацыянальныя беларускія культуры, для якіх найлепшыя менавіта нашыя глебы!..

(бульба, жыта, лён)

 

Усім зразумела, “Беларусь” – гэта хлеб, белая тканіна і, канечне, бульба.

 

Нашая краіна надзвычай багатая ня толькі зямлёю, але й вадой. Усе любяць згадваць пра нашыя 10 тысячаў азёраў і 20 тысячаў рэкаў ды рэчак, пра Сьвіцязь, Кромань і Нарач… Але ня меншы скарб Беларусі – гэта чыстыя падземныя воды. Беларускія гарады, у адрозьненьне ад буйнейшых прамысловых цэнтраў сьвету, забясьпечаныя сьвежай артэзыянскай вадою. Праўда, мы гэтага ня цэнім, і так вось незаўважна, скрозь пальцы, працякае й вада, і краіна, і, ўвогуле, усё нашае жыцьцё… Рэзэрвуар падземных водаў Беларусі – гіганцкі купал ваданосных пародаў зь вяршыняю якраз у Менскім узвышшы. Шматлікія беларускія мінэральныя воды папулярныя й ў нас, і ў суседзяў; а проста чыстую пітную ваду, між іншым, мы прадаем за валюту ў нафтавыя краіны Пэрсыдзкага заліву. Крышталёвая, крынічная вада, цудоўны вобраз для чысьціні й ісьціны – якой пастаянна называюць яе казкі, паэмы, і нарэшце, Сьвятое Пісаньне?

(жывой)

 

Іншы раз можна пачуць: Беларусь бедная, ня мае прыродных рэсурсаў… Мае, ды яшчэ якія! Каб вы ведалі, па рэсурсах Беларусь уваходзіць у першую дзясятку з больш чым 40 краінаў Эўропы. Мінэральныя ўгнаеньні (калій, даляміт, фасфарыты), торф і гаручыя сланцы, вуглі й высакаякасныя нафта, жалезныя, алюмініевыя, магніевыя руды, рэдкія мэталы, гіпс і бурштын, золата й нават алмазы… Зараз справа толькі за тым, каб распрацоўваць і здабываць усё гэта. Але асабліва важнае значэньне для гаспадаркі мае тое, што Беларусь займае адно зь першых месцаў у Эўропе паводле забясьпечанасьці сыравінай для будаўнічых матар’ялаў. Гэта гліны розных гатункаў, высокаякасныя пяскі, будаўнічы камень і крэйда, мергелі й каалін для вытворчасьці бэтону, цэглы, вапны й цэмэнту, керамічнае пліткі і шкла. Таму, калі ідзе гаворка пра тое, каб будаваць новую краіну, будзьце ўпэўненыя: будаваць у нас ёсьць з чаго. Тым больш што шматлікія радовішчы будаўнічае сыравіны разьмяшчаюцца … дзе?

(па ўсёй Беларусі)

 

Ну а галоўнае багацьце беларускае зямлі – гэта, безумоўна…(паўза). Беларусь мае адныя з найбуйнейшых у сьвеце радовішчаў…(паўза). Больш таго, у глыбінях у раствораным стане гэтыя скарбы ўлучаюць палову пэрыядычнае сыстэмы элемэнтаў. Дастаткова сказаць, што да 30% валюты ад усяго беларускага экспарту дае менавіта калій, а кухоннай, харчовай … мы можам засыпаць усю Эўропу слоем 1,5 мэтра!

(соль)

 

Соль! Канечне, вось у чым уся соль! Узгадайце, соль – адзін з самых моцных сымбаляў у Новым Запавеце. Хрыстос неаднаразова кажа вучням: “вы – соль зямлі”. Соль – гэта ісьціна, сапраўдны смак жыцьця. Можа быць, невыпадкова ў самым сэрцы Эўропы Беларусь мае соль. Дарэчы, а дзе здабываюць беларускую соль?

(на Палесьсі: Салігорск і Мазыр)

 


ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ

Ну што ж, а цяпер наступная тэма: вялікая й незвычайная г і с т о р ы я, якая тварылая на гэтай цудоўнай з я м л і. Чым больш разьбіраесься ў гісторыі Беларусі, тым больш яна нагадвае Б і б л і ю. Прычым настолькі ўражліва й пранізьліва, што момантамі здаецца: вобразы й падзеі Сьвятога Пісаньня ажываюць і зноў паўтараюцца ў нашай краіне.

 

Спадзяюся, вы ведаеце, што ў Бібліі ёсць Стары Запавет, да Хрыста, і Новы Запавет, ці Эвангеле. Канечне, вы чыталі ці глядзелі фільмы й ўяўляеце сабе: Стары Запавет – дагістарычныя часы, героі веры, слаўныя подзьвігі, вялікія царствы й мудрыя, справядлівыя цары, прарокі й праведныя войны народа, абранага Богам. Але вось прыходзіць Хрыстос – і пачынаецца абсалютна новая, нашая эра, Новы Запавет – і гэта ўжо новая гісторыя. Найвышэйшая, трагічная, поўная болю й любові, ганеньняў і духовае перамогі: Хрыстос выратоўвае нас ад улады зла й грэху, сваёй сьмерцю на крыжы й уваскрасеньнем адкрывае ўсім людзям шлях для збаўленьня.

 

У гісторыі Беларусі ўсё аказваецца вельмі падобна. Спачатку, у сярэднявеччы – вытокі народа, легендарныя княствы, мудрыя валадары, духовыя лідары й праведныя войны супраць захопнікаў… Час славы. Стары Запавет. І раптам, нечакана, у нейкі момант ісьціны, развальваецца Вялікае Княства Літоўскае й адбываецца грандыёзны пераварот. Для Беларусі наступае Новы Запавет: эра пакутаў, войнаў і ганеньняў, зь цярпеньнем і любоўю скрозь неразуменьне й боль, з раздароўваньнем беларускага генію паміж суседзямі, каб хапіла на ўсіх, са зьнішчэньнем, раскрыжоўваньнем беларускае дзяржаўнасьці – і яе нечаканым уваскрашэньнем. Як жа гэта ўсё адбывалася? Давайце паглядзім.

 

Стары Запавет

Беларусь выйшла на гістарычную арэну ў Х стагодзьдзі, з прыняцьцем хрысьціянства. Першая беларуская дзяржава склалася вакол калыскі старажытнабеларускае культуры, аднаго з галоўных палітычных і духовых цэнтраў Усходняе Эўропы – правільна, Полацку. Усяслаў Чарадзей, знакаміты князь, сьвятая Эўфрасіньня, вядомая асьветніца й эвангельская падзьвіжніца, слынны прапаведнік Кірыла Тураўскі – гэта велічныя постаці таго часу. А назавіце храм , які стаў сэрцам Полацкага княства, які сваімі званамі пераклікаўся з Канстанцінопалем, Ноўгарадам і Кіевам.

(Сафійскі сабор)

 

У 13 ст., на Усходзе, у Азіі, разгортваецца адна з самых страшных імпэрыяў у сусьветнае гісторыі: Арда Чынгісхана, Тамерлана, Батыя. Мангола-татарскае нашэсьце спусташае аграмадныя прасторы, і ў 1237 – 38 гг. захоплівае й рабуе рускія княствы ля самых ускраін Беларусі. Тым жа часам з Захаду, насустрач Ардзе, імкне магутная экспансія крыжакоў: у 1240 – 42 гг. яны зьяўляюцца ля межаў Полаччыны. І якраз тут, на беларускіх землях, у гарлавіне Міжмор’я, дзе й павінны былі сысьціся, захлынуцца крывёю дзьве плянэтарныя цывілізацыі, у той жа час – раптам узьнікае моцная дзяржава. Далейшы рух мангольскай Арды на Захад нечакана й таямніча спыняецца. Крыжацкі Ордэн адступае пасьля баёў у памежжы. Скажыце, як называлася тая дзяржава, што не дапусьціла сутыкненьня Арды й Ордэну ?

(Літва, ВКЛ)

 

Вялікае Княства Літоўскае, магутная беларуская дзяржава ад Балтыйскага мора да Чорнага. Час ВКЛ – гэта час мудрых дзяржаўных мужоў. Такіх, як Майсей, Давід альбо Саламон: Альгерд, Вітаўт, Жыгімонт. Зь імі ВКЛ становіцца адной з буйнейшых эўрапейскіх краінаў з разьвітай гаспадаркай і багатай культурай. Тады, калі па ўсім сьвеце навокал панавала людзкая нянавісьць і жорсткасьць, палалі вогнішчы інквізіцыі, чыніліся расправы й міжсобныя войны – менавіта ВКЛ заставалася вольнай, на дзіва верацярпімай, талерантнай, сапраўды хрысьціянскай краінай. Тут ратаваліся ад перасьледаў вучоныя й праведнікі з усёй Эўропы. Сярод гвалту й беззаконьня гэта была дабраславёная тэрыторыя закону. Увага, пытаньне! Унікальны звод законаў ВКЛ, які забясьпечваў уладу справядлівасьці й парадку, стаў адным з падмуркаў сёньняшняе эўрапейскае дэмакратыі і, па сутнасьці, правобразам першых канстытуцыяў… Што гэта было?

(Статут ВКЛ)

 

Закон – адно з найгалоўнейшых паняцьцяў у старазапаветнае Бібліі: памятаеце, 10 запаведзяў і Тора. Фундамэнтальны закон Статута трымаў ВКЛ, і быў асноваю Старога Запавету беларускае гісторыі.

 

Гэта была эпоха росквіту ВКЛ – Беларусь сталася буйнейшым апірышчам хрысьціянскае, эўрапейскае цывілізацыі й павяла рэй Рэнэсансу ўва ўсёй Усходняй Эўропе. У Старым Запавеце час і гісторыю адлічвалі к н і г і Бібліі – так і ў ВКЛ вялізны ўздым быў зьвязаны зь імклівым пашырэньнем кнігадрукаваньня, зь перакладамі Сьвятога Пісаньня на беларускую мову (мала таго, і таксама на мовы суседніх народаў!), зь дзейнасьцю такіх пісьменьнікаў, гігантаў-асьветнікаў, як Францыск Скарына, Мікола Гусоўскі, Васіль Цяпінскі, Сымон Будны. У Беларусі, дзе сустрэліся асноўныя сусьветныя плыні хрысьціянства – праваслаўе, каталіцызм і пратэстанцтва – былі напісаныя й выданыя цэлыя бібліятэкі духовае літаратуры, узьнікла царкоўная вунія. Уся сутнасьць залатога веку ВКЛ – гэта гісторыя Рэфармацыі й духовага Рэнэсансу. А цяпер скажыце мне, як будзе Renaissanse па-беларуску?

(Адраджэньне)

 

Адраджэньне… Вядома, хацелася б, каб гэтае імгненьне ўздыму доўжылася вечна. Але ж якія людзі самаўпэўненыя й слабыя! Канец XVI-XVII-XVIII стст – развал і крах ВКЛ, і зноў-такі ключ да перамогаў і паразаў трэба шукаць у хрысьціянстве. Калі дух жывое в е р ы ў беларускім грамадзтве астыў, амярцьвеў у рэлігійных догмах, дыспуты сталі перарастаць у сваркі й скандалы, а канкурэнцыя канфэсыяў ператварылася ў жорсткую, фанатычную барацьбу, што падрывала асновы дзяржавы знутры – пад ударамі войнаў і інтрыгаў некалі магутная краіна рухнула ў дым, ды так хутка, што ніхто й не чакаў. З гэтага часу дзьве суседнія імпэрыі, што ўвасаблялі Захад і Усход, будуць разрываць Беларусь… Назавіце гэтыя дзьве краіны.

(Польшча й Расея)

 

Новы Запавет

У нас быў перапынак паміж тэмамі гісторыі Беларусі – Старым Запаветам і Новым Запаветам. Вось тут, паміж гэтымя двума эпохамі, адбываецца штосьці нечаканае. У канцы XVI-пачатку ХVII стст. гісторыя мяняецца абсалютна непазнавальна. Для Беларусі настае новая эра: час Запавету Хрыста. Час цярпець, аддаваць так, што нічога не застаецца самім, дараваць і любіць ворагаў, маліцца за іх вуснамі сваіх геніяў, прасьвятляць і выратоўваць іншыя народы, ахвяруючы сабою. Заняпад і зьнішчэньне дзяржавы, польскі й расейскі прыгнёт, страшныя войны, генацыд… Але беларусы з паходжаньня рассейваюцца на Ўсходзе й Захадзе, уздымаюць геніяльную рускую культуру, вялікую польскую музыку й літаратуру, і пераўтвараюць дэспатыі й каралеўствы ў абуджаныя грамадзтвы. Нарэшце, у ХХ ст. нейкім звышнатуральным чынам, скрозь зьдзекі й пакуты ўжо, здавалася, пахаваная краіна уваскрасае для Адраджэньня.

 

Многія прызвычаіліся глядзець на такую гісторыю даволі сумна, паныла й без асаблівай цікавасьці. Маўляў, ну, былі паняволеным народам… Але момант ісьціны заключаецца ў найвышэйшым, хрысьціянскім сэнсе гэтых драматычных падзеяў. Грандыёзны беларускі арэол сьвятла й духовасьці пасьля падзеньня ВКЛ азарыў Расею й паў-Эўропы. Беларусь – вельмі рэдкі выпадак у сусьветнае гісторыі – дамаглася адраджэньня дзяржаўнасьці ня зброяй, паўстаньнем, крывавым тэрорам ці рэвалюцыяй гвалту, а любоўю, цярпеньнем і ўнутранай сілаю духу. Менавіта так2000 гадоў таму перамог на крыжы Х р ы с т о с, вызваляючы й ратуючы сьвет Сабою. Амаль усім падчас укрыжаваньня здавалася, што Яго жыцьцё скончылася правалам, і гэта было страшнае расчараваньне. Але далейшае неверагоднае ўваскрасеньне й фэнаменальны распаўсюд хрысьціянства па ўсёй зямлі давялі, што перамога была абсалютная.

 

…Такім чынам, для Беларусі Новы Запавет пачаўся з краху ВКЛ і амаль бесперапынных войнаў. Навала з Усходу, якую перажыла Беларусь – адна з найбольш страшных старонак ува ўсёй сусьветнай гісторыі захопніцтваў. У1563 г. Іван Жахлівы (Грозны) дазваньня спаліў старажытны Полацак і вынішчыў палову паўночнае Беларусі. У ХVІ-ХVІІ стст. вялізныя маскоўскія арміі дзесяткі разоў урываліся ўва ўсходнебеларускія землі, забіваючы й рабуючы. 2,5 мільёны беларусаў (а гэта на той час быў кожны другі!) загінула падчас самага маштабовага генацыду ў 1654-67 гг., у т.зв. Невядомую вайну. Пачатак ХVІІІ ст., Паўночная вайна між швэдамі, палякамі й Расеяй разыгрываецца на нашых шматпакутных землях. Беларусь ужо настолькі зьнясіленая, што ня ў стане бараніцца нават у саюзе з Польшчай. Нарэшце, разрабаваная й асуджаная, яна была падзеленая паміж Прусіяй, Аўстрыяй і Расеяй. Мы зноў згадваем гісторыю Хрыста – гэтак жа воіны, якія раскрыжоўвалі Яго, разрывалі й дзялілі паміж сабою … Што?

(Ягоную вопратку)

 

Адным з найбольш уражлівых фэномэнаў беларускага Новага Запавету сталася рассеяньне гнаных войнамі й нягодамі талентаў беларускага паходжаньня па ўсім сьвеце, асабліва ў Польшчы і Расеі. Быццам велізарная ўспышка сьвятла, дух зьніклага ВКЛ, той хрысьціянскі дух талерантнасьці й цярплівасьці, свабоды й веры, любові й асьветы ахапіў куды большыя прасторы, чым усе вайсковыя кампаніі ў пару росквіту ВКЛ.

 

ХVІІ-ХVІІІ стст. Польская асыміляцыя, экспансыя езуітаў з Захаду, масавы пераход вялікалітоўскае шляхты ў каталіцтва й на лаціну. Палянізацыя беларускае эліты выбухае цэлым фаервэркам імёнаў, што ўзьнялі пыхлівую Польшчу да ўзроўню вядомай сваей культурай і грамадзянскай супольнасьцю Рэчы Паспалітай.

 

Іх ведае ўвесь сьвет – а ці ведаеце вы? Бліскучы палітык і вайскаводзец зь Берасьцейшчыны, лідэр вызвольнае барацьбы, герой Польшчы, імем якога названая найвышэйшая вяршыня Аўстраліі …

(Тадэвуш Касьцюшка)

 

Знакамітыя кампазытары, клясыкі эўрапейскае музыкі: палякам больш знаёмы наш Станіслаў Манюшка, стваральнік нацыянальнае опэры, а вам будзе лягчэй угадаць аўтара “Разьвітаньня з Радзімай” і славутага палянэзу…

(Міхал Агінскі)

 

Бадай што ўсе чыталі аднаго зь лепшых сусьветных гістарычных раманістаў Генрыка Сянкевіча, аўтара “Крыжакоў”, ляўрэата Нобелеўскае прэміі за “Quo Vadis“, бэстсэлера пра раньніх хрысьціянаў, – і нямногія ведаюць, што Сянкевіч паходзіць менавіта зь беларускае шляхты. А якога тытана ўсходне-эўрапейскае культуры, найслаўнейшага сына й патрыёта ВКЛ, паэта, народжанага на Наваградчыне, лічаць галоўным клясыкам польскае літаратуры?

(Адама Міцкевіча)

 

У сваю чаргу, Расейская імпэрыя, якая намагалася зьнішчыць Вялікае Княства, у выніку атрымала вялізную дыяспару беларускіх геніяў па ўсёй краіне. Беларусы зьдзейсьнілі неверагодны пераварот у сьветаўспрыманьні Расеі: дзякуючы ім, дагэтуль малавядомая й цьмяная расейская літаратура, музыка, філязофія й грамадзкая думка дасягнулі сусьветных вяршыняў і ператварылі цемрашальную, змрочную дэспатыю ў адно з самых перадавых і прасьветленых грамадзтваў таго часу.

 

Увага, пытаньне: беларус з паходжаньня (бацькі з-пад Кобрыня), найвядомейшы расейскі пісьменьнік, заснавальнік псыхалягічнага раману, адзін з буйнейшых прарокаў расейскае літаратуры, аўтар “Злачынства і пакараньня”.

(Хведар Дастаеўскі)

 

Беларус Глінка стварыў самую галоўную мэлёдыю для Расеі – якую?

(Расейскі гімн)

 


Шастаковіч, Стравінскі, Барадзін – знакамітыя расейскія кампазытары – ураджэнцы беларускіх земляў. Родам зь Беларусі Аляксандар Грын (“Алые паруса”), Юры Алеша, Іван Бунін, клясыкі тэатру Станіслаўскі і Неміровіч-Данчанка, легендарныя падарожнікі, першаадкрывальнікі й дасьледчыкі Сібіры й Далёкага Ўсходу Пржэвальскі, браты Грум-Гржымайла, Ян Чэрскі. Беларускія карані мае й самы вядомы расейскі бард, сумленьне эпохі – той, хто ў часы СССР сьпяваў пра горныя вяршыні й правалы сыстэмы, пра тое, што “усё ня так”, пра забароненага Бога…

(Уладзімер Высоцкі)

 

Заўважце, нават сёньня беларускія з паходжаньня палітыкі ў Расеі імкнуцца ператварыць яе ў дэмакратычную, эўрапейскую дзяржаву: Галіна Старавойтава, забітая за свае дэмакратычныя перакананьні, Анатоль Чубайс, лідэр расейскіх рэформаў, Сяргей Кавалёў, вядучы праваабаронца, які стаіць упоперак горла камуністам, фашыстам і ваеншчыне, Валерыя Навадворская, якая адна адважваецца казаць Расеі праўду пра імпэрскі сындром…

 

І гэта яшчэ ня ўсё. Слухайце ўважліва: зараз я назаву вам імёны дзеячоў, якія нарадзіліся ў Беларусі й адыгралі найважнейшую ролю ў аднаўленьні ўнікальнае дзяржавы… Хаім Вейцман і Залман Шазар – І і ІІІ прэзыденты, Голда Меір, Шымон Пэрэс, Іцхак Рабін – прэм’ер-міністры…

(Ізраіль)

 

Так, усе гэтыя знакамітыя габрэі, лідэры Адраджэньня Ізраілю, духовыя й палітычныя правадыры народу, абранага Богам, — нарадзіліся ў нашае Беларусі, і ў гэтым ёсьць асаблівы сэнс.

 

Наступны найцікавейшы момант.

 

Яшчэ з тых часоў, з ХІV-XVI стст., калі ВКЛ і Масква супернічалі за геапалітычнае лідэрства ва ўсім славянскім сьвеце, менавіта ў Беларусі закладваліся й вырашаліся ключавыя пытаньні паўставаньня й распаду Расейскае імпэрыі. ХХ стагодзьдзе раз за разам ставіла на кон у Беларусі ўсю расейскую гісторыю. У 1903-м годзе засноўваецца РСДРП, партыя, якая за наступныя некалькі дзесяцігодзьдзяў стварыла найвялікшую ў сьвеце таталітарную сыстэму, камуністычную імпэрыю зла… Дзе сабраўся іх першы зьезд?

(у Менску, ля Сьвіслачы)

 

У 1917 годзе, падчас разгортваньня лютаўскае рэвалюцыі, адбылося падзеньне самадзяржаўя, шматвекавое дынастыі Раманавых: апошні расейскі цар, Мікалай ІІ, выяжджае з Магілеву ў Піцер і ў дарозе выракаецца прастолу. А што ён рабіў у Магілеве?

(там была вайсковая стаўка ў І сусьветнай вайне)

 

Потым – Берасьце, вядомы Брэсцкі мір зь немцамі, праз 20 гадоў пасьля якога вэрмахт і Красная Армія наладзілі там сумесны парад, а яшчэ праз два гады нацысты 3 месяцы будуць штурмаваць Брэсцкую крэпасьць: галоўны ўдар у вайне Германіі з СССР пройдзе менавіта празь Беларусь.

 

Нарэшце, крах імпэрыі зла, разбурэньне СССР зьдзейсьнілася таксама ў Беларусі. Мы з вамі яшчэ памятаем, калі й як гэта адбывалася, і вы, канечне ж, скажаце мне, дзе…

(у Белавескае пушчы)

 

Зрэшты, гісторыя не спыняецца. Сталіцай СНД становіцца Менск, а яшчэ празь некалькі гадоў не дзе-небудзь, а ў Беларусі, паспрабуюць аднавіць СССР – саюз з Расеяй, ведаеце такое…

 

Бачыце, менавіта тут, у нас ключ да Расеі – і, па ідэі, вы чуеце? -адсюль павінна пачацца яе выратаваньне ад імпэрскае хваробы, яе пераўтварэньне й духовае прасьвятленьне.

 

…ХІХ стагодзьдзе. У Расейскай імпэрыі забароненая нават беларуская мова й назва “Беларусь” – замест яе цяпер Паўночна-Заходні край. У 1863 годзе ў даведзеным да адчаю грамадзтве, як перадсьмяротная сутарга, успыхвае паўстаньне Каліноўскага, ад самага пачатку асуджанае на разгром – бо Беларусі Новага Запавету наканавана перамагаць шляхам духовага абуджэньня. Той чысьцейшае вады беларускі нацыянальны рух, які зь незвычайнай сілаю вымкнуў у пачатку ХХ ст., пасьля дзесяцігодзьдзяў поўнае немасьці, прымушае нас паверыць у цуды. Лідэрам, флагманам гэтага адраджэньня стала масавая народная газэта, вакол якой згуртаваліся Янка Купала й браты Луцкевічы, Максім Багдановіч і Браніслаў Тарашкевіч, Максім Гарэцкі, Вацлаў Ластоўскі, Натальля Арсеньнева…

(“Наша Ніва”)

 

Так, “Наша Ніва” – газэта, якая сёньня выходзіць зноў і працягвае легендарныя традыцыі.

 

Трыюмфам нашаніўскага Адраджэньня стаў уздым нацыянальнага руху па ўсёй краіне, Усебеларускі Зьезд і абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі – тое, што прымусіла бальшавікоў утварыць самастойную БССР і трываць 10-годзьдзе беларусізацыі. Хто назаве дату — год і дзень – аднаўленьня дзяржаўнасьці пасьля дзвюхсот гадоў панаваньня Расейскае імпэрыі, дату абвяшчэньня незалежнасьці БНР?

(25 сакавіка 1918 г.)

 

Час СССР: кашмар сталiнiзму й таталiтарнае сыстэмы, падаўленьне iншадумства й амаль поўнае вынiшчэньне нацыянальнае iнтэлiгенцыi, разбурэньне храмаў, ІІ сусьветная вайна, арэнай якой iзноў, у якi раз, сталася Беларусь, i жалезная заслона, якая ў пэрыяд халоднае вайны адгарадзiла нас ад Захаду – гэта сапраўды была эпоха iмпэрыi зла. Напрыканцы гэтае эпохi выбухнула буйнейшая тэхнагенная катастрофа ў гiсторыi чалавецтва, і Беларусь зноў апынулася ў эпіцэнтры.

(Чарнобыль)

 

Савецкае кiраўнiцтва загадала асадзiць радыяцыйныя хмары на тэрыторыi Беларусi, каб не пусьцiць iх на Маскву – 70% цэзiю й стронцыю паразiлi нашую зямлю.

 

Але 70 гадоў камунiзму й ваяўнiчага атэiзму, панаваньне страху й нянавiсьцi, рабскае псыхалёгii й хлусьнi, спустошанасьць чалавечых душаў – былі для нас яшчэ больш жахлiвыя за радыяцыю. Беларусь чарговы раз, здавалася, памерла.

 

I тут здараецца яшчэ адзiн цуд. Iмклiвы абвал СССР, крах iмпэрыi зла, Белавеская пушча, вецер пераменаў – i новае Адраджэньне! Раскрываюцца злачынствы савецкае сыстэмы – ад Курапатаў да Чарнобылю, i вось ужо праз год-два галавакружны посьпех – аднаўляецца дзяржаўнасьць, мова. Беларусь уваскрасае!

 

Сёньняшняе цяжкае становiшча, спробы вяртаньня ў мiнулае, у страшныя часы Савецкага Саюзу – гэта выпрабаваньне для Беларусi. Шматтысячныя выступленьнi нацыянальнага руху 1996-2000 гг. паказваюць, што моладзь ужо – за незалежную Беларусь. Моладзь – мы з вамi – i сёньня на пярэднiм краi гiсторыi Беларусi Новага Запавету.



БЕЛАРУШЧЫНА

Падчас такое велічнае й трагічнае гісторыі беларуская нацыя здолела праявіць сябе ўва ўнікальнай і высокай культуры. Сусьветнага ўзроўню літаратура, і нашая родная мова, і сучасная беларуская рок–музыка, і легендарнае мастацтва. Гэта Беларусь — краіна паэтаў і сьпевакоў. Як любяць паўтараць, у беларусаў галоўны музычны інструмэнт — гэта голас, вакал незвычайнае мэлядычнасьці. Гэта беларускі спорт, у якім выражаюцца найбольш характэрныя, самыя моцныя, найлепшыя рысы беларускае нацыі… Пра ўсё гэта — коратка, у пытаньнях і адказах — зараз: культура, музыка, спорт, Беларушчына як яна ёсьць!

 

Мы выбіралі самыя важныя, знакавыя факты ды імёны беларушчыны — яны дапамогуць вам лепш зразумець сэнс, сутнасьць беларускае культуры, мовы, нацыі. Таму — будзьце ўважлівыя, пільныя, запамінайце й ўгадвайце. Шоў Беларушчыны працягваецца. Паехалі!

 

Культура

Менск, сталіцу, амаль наскрозь працінае гэтае прозьвішча, і невыпадкова. Для беларусаў гэта самае вядомае й важнае імя ў гісторыі й культуры — як Шэксьпір, Дантэ ці Сэрвантэс у іншых. Той, хто даў Беларусі Біблію на народнай мове, упершыню надрукаваў Сьвятое Пісаньне для ўсёй краіны й суседзяў (а гэта была трэцяя ў сьвеце друкаваная Біблія на жывой мове народа!), хто зрабіў магчымым масавае духовае абуджэньне й найвышэйшы росквіт ВКЛ…

(Францыск Скарына)

 

Уладзімер Караткевіч, самы вядомы беларускі пісьменьнік-бэлетрыст, сваімі раманамі, незвычайна папулярнымі ня толькі ў нас, але й за мяжой, у савецкія часы абудзіў масавую чытацкую цікавасьць да гісторыі Беларусі. Ён стаў тым, кім для Францыі зьяўляецца Аляксандар Дзюма, для Ангельшчыны — Вальтэр Скот, для Амэрыкі — Фэнімор Купэр. Адзін з ключавых твораў Караткевіча — раман якраз пра час Новага Запавету для Беларусі. Узгадайце, мы з вамі толькі што пра гэта казалі — канец ХІVст, калі абсалютна па-новаму пайшла нашая гісторыя. Дзеяньне адбываецца ў Гародні… Што ж здарылася, паводле Караткевіча, у гэты час у Беларусі?

(“Хрыстос прызямліўся ў Гародні”)

 

Беларуская мова, нашая з вамі беларуская мова, для 80% жыхароў Беларусі родная. Як паказваюць вынікі апошняга перапісу 1999г., да 40% насельніцтва краіны дома размаўляюць па-беларуску. Іншы раз даводзіцца чуць, што беларуская мова слабая, што яна непатрэбная… Што ж, клясык Францішак Багушэвіч: “мова нашая сьвятая, яна нам ад Бога дадзеная”. Бог на тое й даў нам родную мову, каб размаўляць на ёй. Нацыя, якая пазбаўляецца сваёй мовы — нямее, робіцца немай, выракаецца Божага дару й памірае. А сёньня ідзе Адраджэньне, усё больш моладзі гаворыць па-беларуску — і паверце, недалёкі той час, калі па-беларуску загаворыць ужо ня толькі культура й палітыка, але й навука, эканоміка, усё нашае жыцьцё. Ну, а наконт “беднай” мовы — нашая беларуская мова паводле сьпеўнасьці й мяккасьці займае адно з самых першых месцаў у Эўропе… Вы ведаеце, якое?

(Другое, пасьля італьянскай)

 

Гэты найбуйнейшы беларускі пісьменьнік, кнігі якога выдадзеныя на дзесятках моваў накладамі ў сотні мільёнаў (!) асобнікаў, прызнаны сусьветны карыфей ваеннае прозы, аўтар “Жураўлінага крыку”, “Сотнікава”, “Знака бяды”, “Дажыць да сьвітаньня” .

(Васіль Быкаў)

 

Марка Шагала, які нарадзіўся й тварыў у Віцебску, ведае ўся плянэта. У той час, у тым жа горадзе, разам з Шагалам працаваў яшчэ адзін таленавіты мастак ХХст., беларус, аўтар самай знакамітай авнгардысцкай карціны. Сэнс ягонага легендарнага палатна ў тым, што нічога прасьцей за гэта намаляваць немагчыма.

(Казімір Малевіч, “Чорны квадрат”)

 

Гэты малады, геніяльны беларускі паэт, што трагічна загінуў усяго ў 27 гадоў, сьвяціла эўрапэйскае велічыні, вырас і жыў амаль увесь час у Расеі, беларускую мову вучыў, як і большасьць з нас, па падручніках — але ж як натхняў ён, часамі прыяжджаючы на Радзіму, увесь нацыянальны рух! Як натхняе і зараз нас яго “Пагоня”, “Зорка Вэнэра” ці “Санэт”, ягоная адзіная кніга, “Вянок”, якую ўдалося выдаць пры жыцьці. Прозьвішча знакавае, прарочае для Беларусі…

(Багдановіч)

 


Музыка

Некалькі хітоў сучаснае беларускае музыкі вы ўжо сёньня пачулі. А зараз — блёк пытаньняў з гэтае тэмы.

 

У 70х гадох ХХ стагодзьдзя Савецкі Саюз паспытаў магутны ўплыў беларускае музыкі. Адразу некалькі нашых ансамбляў сталіся незвычайна папулярныя, запамінальныя шлягеры па-беларуску напявала ўся аграмадная краіна. Лідэрамі гэтага музычнага наступу былі яны, пачынальнікі фольк-року, якія скарылі ўсю савецкую эстраду беларускай мэлядычнасьцю й любоўю. Празь дзесяцігодзьдзі, сёньня, яны выступаюць зноў.

(Песьняры)

 

Унікальны аўдыёпраэкт, местачковыя сьпевы з Заходняе Беларусі 20х-30х гг. ХХст. у сучасным Remix-е, у выкананьні лепшых беларускіх гуртоў, на 4х мовах — польскай, ідыш, расейскай і, канечне, беларускай — стаў альбомам 1997г. Як — проста і ясна — называецца гэты альбом?

(Народны)

 

Дарэчы, зараз сэрыю зорных супольных музычных акцыяў працягнуў нядаўні посьпех CD “Сьвяты вечар” з запісам беларускіх хітоў, прысьвечаных сьвяту …

(Нараджэньне Хрыстова)

 

А лідэры беларускага року сёньня — каманда, што пачынала яшчэ ў 80х альбомамі “28я зорка” й “Маё біяполе”. Яны сьпяваюць для дзесяткаў тысячаў фанаў па ўсёй краіне: сярод незалежніцкае моладзі гэта самы папулярны рок-гурт, і нездарма, бо называецца ён…

(N.R.M. — Незалежная Рэспубліка Мроя)

 

Тэхна-фольк-гурт, шырока вядомы за межамі Беларусі, зьбірае поўныя залі ў Нямеччыне, Францыі, Швайцарыі, Італіі, Шатляндыі — яго хіты “Merry Cristmas”, “Дарожка”, “Хрыстос нарадзіўся” уваходзяць у залаты фонд ня толькі беларускага, але й эўрапэйскага фольк-року…

(Палац)

 

Легендарны беларускі бард-эмігрант, Данчык, які нарадзіўся й вырас у Амэрыцы, знакаміты выканаўца пяшчотных беларускіх сьпеваў, духовых гімнаў і нацыянальных хітоў, толькі пачынаў:

 

— Векавечны напеў, далячыняў смуга —

У чаканьні зары, што заблішча сьляпушча

Як свая мне твая векавая туга…

 — і падхоплівала ўся заля!

 (“Белавеская пушча”) 

 

 

Спорт

Гэта, можна сказаць, беларускі нацыянальны від спорту. Партызаны, палясоўшчыкі, паляўнічыя — хуткія й дакладныя, моцныя й цярплівыя… Беларусы — неаднаразовыя чэмпіёны сьвету ў гонках патрулёў, эстафэце, на індывідуальных дыстанцыях.

(Біятлён)

 

Беларусы здольныя паказваць цуды й ў камандных гульнях. У 80х гандбольны клюб СКА, Менск быў наймацнейшы ў сьвеце, а беларускі “ручны мяч” лічыўся нацыянальным гонарам. Зараз у адным з самых папулярных камандных відаў спорту дабілася посьпеху дружына, якая за гады беларускае незалежнасьці літаральна ўварвалася ў сусьветную эліту й склала канкурэнцыю наймацнейшым зборным.

(Хакей)

 

Некалькі гадоў таму ўвесь спартовы сьвет быў неймаверна ўражаны, калі на чэмпіянаце сьвету па лёгкай атлетыцы на 3м месцы па колькасьці медалёў, саступіўшы толькі ЗША й Нямеччыне, аказалася незалежная Беларусь. Назавіце год альбо горад.

(1995г, Гётэборг)

 

У спорце вельмі важная такая ісьціна цела — гэта храм духу. У здаровым целе — здаровы дух, праўда? Беларусы лепей за іншых ведаюць, што такое дасканаласьць цела: у гімнастыцы беларуская школа — адна з буйнейшых і найславутых у сьвеце. Неаднаразовыя чэмпіёны сьвету й Алімпійскіх гульняў Вольга Корбут, Сьвятлана Багінская, Іван Іванкоў, лепшы спартовец плянэты 1993г., Віталь Шчэрба — гэта супэрзоркі. Гэта нацыянальны вобраз здаровага, прыгожага, зграбнага, моцнага целам і духам народу. Толькі вось цікава, а ў якой гімнастыцы — мастацкай ці спартовай — Беларусь такая крутая?

(І ў мастацкай, і ў спартовай!)

 

А яшчэ — чэмпіён у настольным тэнісе Уладзімер Самсонаў, шахматысты Купрэйчык і Гельфанд, канькабежац Жалязоўскі, цяжкаатлеты Курловіч і Тараненка, байдарачніца Хаўратовіч, дзюдаісты й тай-баксёры, стралкі й атлеты… Спартовая, здаровая нацыя — здаровы дух — духовае Адраджэньне!

 


ЗАКЛЮЧЭНЬНЕ

Што ж, дарагія сябры — у сёньняшняй праграме вы пачулі пра тэмы, вобразы, імёны беларушчыны, якія маюць вельмі важнае значэньне, зьяўляюцца ключавымі, якія кранаюць самыя чуйныя струны ў глыбіні душы кожнага, народжанага ў Беларусі. Тут былі падабраныя самыя моцныя факты й падзеі. Гэта была жывая нацыянальная ідэя, якую найлепш выразіць словамі Беларуская форма – хрысьціянскі зьмест. Гэта значыць, найлепшая, самая сучасная й якасная беларуская форма – мова, культура, прастора,тэмы і вобразы, незалежная эўрапейская дзяржава – для найвышэйшага, хрысьціянскага, Божага сэнсу, які ўсё гэта напаўняе. Для веры й любові, ісьціны й справядлівасьці, для свабоды й шчасьця. Увесь час пытаюцца: “А што гэта такое, “нацыянальная ідэя” ?”Цяпер вы ведаеце: беларуская форма – хрысьціянскі зьмест.

 

Сёньня мы з табой гаварылі пра вельмі сур’ёзныя, глыбінныя рэчы. Запомні гэты дзень, — ты чуеш ?..

 

Вы, канечне, зьвярнулі ўвагу, наколькі часта, гаворачы пра Беларусь, беларускае мы згадваем хрысьціянства, духовае Адраджэньне, пра Бога. Беларусь для нас з вамі – гэта сьвятое. Гэта тое, што дадзена звыш, наш лёс, нашае прызначэньне, наша жыцьцё – тут і цяпер, у 2000м годзе ад нараджэньня Хрыстова. Вельмі простыя й вельмі важныя ісьціны заключаюцца ў гэтым моманце, — у якой краіне мы нарадзіліся, і калі мы жывем. Наколькі важна памятаць Новы Запавет, на якім трымаецца ўсё Эвангельле, на якім стаіць Заходняя цывілізацыя, уся Эўропа й беларускае Адраджэньне: Запавет любові. Першае, кажа Хрыстос, палюбі Госпада Бога усёй душою, усім сэрцам, усімі сіламі тваімі – і тады зможаш другое…

 

Хто хутчэй адкажа, што?

 (палюбі бліжняга твайго, як самога сябе!)

 

Любоў, а не нянавісьць, вера, а ня страх, ісьціна, а не хлусьня – вось прынцыпы беларускага Адраджэньня. Бо Бог ёсьць любоў.

У нас могуць спытацца – эй, а вы праваслаўныя, ці каталікі, ці пратэстанты?.. Важна , што мы хрысьціяне. Паверце, хрысьціяне ўсяго сьвету едныя паміж сабой. А ў Беларусі, дзе заўсёды мірна суіснавалі ўсе канфесіі, сапраўдныя хрысьціяне заўсёды разумеюць адзін аднаго, бо яны як браты і сёстры.

Гэтак і беларусы – яны родныя адзін аднаму.

 Наша нацыя будзе адзінай, моцнай і салідарнай толькі тады, калі мы будзем любіць адзін аднаго, любіць сваю краіну, любіць жыцьцё. Любіць, разумееш.

 І тады будучыня Беларусі будзе вялікая. Не балота, не правінцыя – а вольная, разьвітая гасьцінная дзяржава. Краіна сэрвісу й турызму, чыстага паветра й жывое вады, высокіх тэхналёгіяў, навукі й культуры, мост паміж Захадам і Ўсходам, духовы цэнтар ўсяго ўсходнеэўрапейскага краю, як калісьці ВКЛ – пад сьцягам Хрыста!

Але гэтую краіну нам трэба пачынаць сёньня, вось тут (паказваючы на сэрца) – кожнаму ў самім сабе. Толькі так!

 

[   Вярнуцца да падзелу “Маладафронтаўцу”   ]