Выклік Маладому Фронту


Сябры! Зважаючы на папраўкі ў Крымінальны кодэкс — “палітычныя артыкулы” з санкцыяей ад 6 месяцаў да 2-3 гадоў адсідкі — усім кіраўнікам і актывістам МФ неабходна прадпрыняць шэраг мераў перасьцярогі. У першую чаргу трэба ўсьвядоміць, што нашыя мэты (зафіксаваныя ў Праграме, Статуце й іншых дакумантах) — абсалютна законныя, адпаведныя ўсім міжнародным дэмакратычным нормам і хрысьціянскаму сумленьню. Нашыя мэтады — адкрытасьць, негвалтоўнасьць, маральнасьць супраціву.

Незаконныя самі “папраўкі”, як і ўся сыстэма дыктатарскага рэжыму. Наша сіла — у праўдзе, веры, мужнасьці й салідарнасьці. Як напісана ў Бібліі ” Даў нам Бог Духа ня страху, але сілы, любові й мудрасьці” (2 да Цімафея 1:7). Таму — ня бойцеся.

 Карныя санкцыі рэжыму разьлічаныя на тое, каб ізаляваць ад дзейнасьці найбольш моцных палітыкаў, галоўных арганізатараў вулічнага супраціву, самых вострых журналістаў і ключавых спонсараў — і, натуральна, каб дэмаралізаваць рух. Гэта ня першая і нават не дзясятая спроба нас запалохаць — за 10 апошніх гадоў драконаўскія меры прымаліся пачкамі перад кожнай буйной кампаніяй. У маладафронтаўцаў былі й “суткі”, штрафы, зьбіцьці, паказальныя палітычныя працэсы, масавыя затрыманьні й допыты кіраўнікоў структураў МФ па ўсёй краіне па крымінальным справам аб тэрарызме або масавых беспарадках, былі выключэньні нашых сябраў з вучобы, спыненыя жодзінаскай галадоўкай, увесну 2005 года.

Разам з тым, страх перад пагрозай “аксамітнай рэвалюцыі”, веданьне рэальных настрояў у грамадзтве і паранойя асобных правадыроў штурхаюць рэжым да чарговай хвалі рэпрэсіяў падчас кампаніі 2007 г. Каб годна й эфэктыўна супрацьстаяць дыктатуры, варта прытрымлівацца некалькіх простых правілаў.

1. Асабістае жытло кіраўніка або актывіста МФ мусіць быць вольным ад матэрыялаў і папераў, датычных арганізацыі: іх трэба захоўваць у сяброў ці сваякоў. Перабярыце й перабазуйце хатнія паперы — знойдзеце шмат карыснага й заадно архівы папарадкуеце. Любы склад паперы ў вашай хаце можа ператварыцца ў сур’ёзныя непрыемнасьці для вашых паплечнікаў. Дакумантаў пры сабе можа быць роўна столькі, каб за 1 хвіліну, пакуль гэб’ё ломіцца ў вашую кватэру, пасьпець спаліць іх у ваннай ці спусьціць ва ўнітаз.

2. Тэлефон хутчэй за ўсё праслухоўваюцца. “Фільтруйце” говорку! Ніякіх размоваў пра агітацыю, друк, час і месца правядзеньня акцыяў, кантакты! Усё важнае абмяркоўваецца пры асабістай размове толькі пасьля таго, як мабільныя поўнасьцю ізаляваныя ад гуку ці пазбаўленыя батарэі.

3. Кампутары й электронная пошта — аб’екты асблівай увагі. Базы зьвестак, макеты, праекты й іншую важную інфармацыю захоўвайце ў запароленым PGP-файле ці нават у сяброў, а не ў РС!

4. Заявы для прэсы й агітацыйныя матэрыялы не павінныя ўтрымліваць “заклікаў да гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу”. Усе выказваньні варта агучваць ў кантэксьце “масавых акцыяў пратэсту” — забесьпячэньня законнасьці, абароны незалежнасьці, нацыянальных інтарэсаў і канстытуцыйных правоў грамадзянаў Беларусі. Абавязкова тлумачце распаўсюднікам, што казаць пры затрыманьні. Майце на ўвазе, вашыя кантакты на ўлётках, буклетах, штампах, газэтах — гэта ня ваш асабісты подпіс, завераны натарыюсам, ніякіх юрыдычных высноваў з вашых нумароў зрабіць немагчыма!

5. Акцыі  мусяць быць або падкрэсьлена адкрытымі (пікеты, уручэньне пэтыцыяў, раздача матэрыялаў, флэш-моб, акцыі “аднолькавага колеру”), або ідэальна закансьпіраванымі (“Горад — Наш!”, расклейкі, надпісы і г.д.). Штосьці пасярэдняе — небясьпечна.

Калі вас затрымалі, пагражаюць арыштам, крымінальнай справай, выключэньнем з вучобы ці працы:
— нічога не кажыце й не падпісвайце без адваката.
— абавязкова зьвяжыцеся зь сябрамі па руху.
— тэрмінова скантактуйцеся з журналістам. Больш падрабязная інфармацыя — на праваабарончых сайтах, у “Беларускім кансьпіратары”, незалежнай прэсе. Таксама мы праводзім сэмінары па праваабароне для сябраў МФ.

Памятайце, змаганьне ёсьць змаганьне, супраціў ёсьць супраціў, А Малады Фронт — гэта фронт. Стагодзьдзямі нацыянальныя героі цярпелі, пакутвалі, ахвяраваліся за Беларусь. Паверце, Беларусь таго вартая. Мы — на Боскім шляху. Мы — пад бел-чырвона-белым сьцягам Хрыста. Бог усё бачыць, ніколі не дае выпрабаваньня звыш сілаў і ўрэшце рэшт зьнішчае зло. “А калі Бог за нас — тады хто супраць нас?” — кажа Біблія.

Магутны Малады Фронт зараз вельмі патрэбны Беларусі. Будзьма ж пільнымі, моцнымі й мужнымі — і пераможам!


Жыве Беларусь!

Управа Маладога Фронту

 

[   Вярнуцца да падзелу “Маладафронтаўцу”   ]