Як Гэта Робіцца. Парады маладафронтаўцу


Суполка, акцыі, творчасьць — арганізацыйныя задачы Маладога Фронту на месцах.

У вашай радзе ці суполцы весьці культуру й ладзіць відовішчы павінны асобны чалавек, які й падбірае сабе каманду: шоўмэна, кніжніка, гісторыка й мовазнаўцу, ды-джэя і г.д. Гэтая адказная асоба мусіць быць прынамсі намесьнікам старшыні ці нават займаць пасаду старшыні суполкі, бо яшчэ раз паўторымся, — мы пераможам культураю. Ня звальвайце культурніцкую справу на адных дзяўчат! У самоце яны могуць ня выцягнуць гэты сама адказны, сама плённы й пэрспэктыўны кірунак дзейнасьці.

Суполка “Маладога Фронту” — гэта агмень беларушчыны ў вашай мясцовасьці. Таму яна мусіць выконваць ключавыя 4 задачы:

Першая, інфармацыйная: пільнаваць культурніцкае становішча, фіксаваць усе праявы беларушчыны, назапашваць і захоўваць інфармацыю і, зразумела, мець набор з пэўных кнігаў, касэтаў, газэтаў і г.д.

Другая, арганізацыйная: відовішчнымі й эфэктыўнымі акцыямі абуджаць беларушчыну ў тутэйшых маладзёвых асяродках: ладзіць дыскатэкі, канцэрты, конкурсы, брэйн-рынгі, экскурсіі, гурткі дый інш.

Трэцяя, унутраная: для сваіх сябраў — вечарыны, краязнаўчыя паходы, экалягічныя экспэдыцыі, сьвяткаваньні беларускіх нацыянальных сьвятаў і г.д.

Чацьвёртая, творчая: падтрымліваць маладых беларускіх творцаў — паэтаў, музыкаў, мастакоў, якія ёсьць у вашай мясцовасьці.

Выдатны прыём — афіцыйна зарэгістраваць грамадзкую арганізацыю (студэнцкі клюб, фан-клюб “NRM”, краязнаўчы гурток альбо нешта падобнае). Гэта ймгненна пашырыць магчымасьці для працы, часткова абароніць ад уціску. Зьявяцца шанцы нешта арэндаваць, атрымліваць гранты дабрачынных фондаў. Вам дапаможа Малады Фронт, сьвядомыя журналісты, іншыя патрыёты. Можна чыніць і “як ёсьць” — аднак будзьце асьцярожныя з грашовым пытаньнем: распаўсюд дыскаў будзе ў вас абменам, продаж кніжак абярнецца ў падарункі, квіткі на дыскатэку будуць удзячнасьцю за адпаведны ўнёсак у касу суполкі і г.д. Па магчымасьці выкарыстоўвайце ў сваёй дзейнасьці структуры БРСМ, падлеглыя нашаму ўплыву (гэта не фантастыка — туды зганяюць каго толькі могуць). Празь іх можна ставіць дыскатэкі, замаўляць залі, памнажаць нашыя матар’ялы, і г.д.

Такім чынам, падрабязныя парады — як справіцца з разьвязаньнем нашых чатырох задачаў.

1. Інфармацыйная Задача

 Першае, што вам трэба зрабіць — гэта адшукаць у вашай мясцовасьці маладых і сталых адраджэнцаў, тых, хто ўжо займаецца беларушчынай (журналісты, дырэктары музэяў, настаўнікі, бібліятэкары, сябры ТБМ, мастакі), і навязаць зь імі прыязныя і спраўныя стасункі. Гэтыя людзі — наша надзейнае апірышча. Празь іх можна весьці ільвіную долю нашае праграмы — выступы, канцэрты, дыскатэкі й г.д. Каб знайсьці іх, распытайце старэйшых фронтаўцаў, сваякоў, знаёмцаў. Абавязкова пераглядзіце падшыўкі мясцовае прэсы — хто піша пра беларускае? Дзе адчыніўся беларускі музэй? Хто фундаваў беларускую выставу? — і занатуйце, выпішыце ўсё, што вам патрэбна. Наведайце знойдзеныя асяродкі беларушчыны. Прапануйце гэтым шчырым беларусам наш “Малады Фронт”, аднак не перавальвайце ўсе нашыя клопаты на старэйшае пакаленьне. Калі вы можаце чымсьці дапамагчы таму ж музэю, бібліятэцы ці школцы (перанесьці кнігі, раскласьці экспанаты, узяць удзел у раскопах) — неадменна зрабіце гэта. Выгада будзе абаетнай. Кожнай суполцы ці Радзе абавязкова трэба весьці ўласны культурніцкі архіў: сабраныя кнігі, публікацыі й вашы ўласныя сьведчаньні зь гісторыі краю, прыроды, тапанімікі, археалёгіі. Найбольш надзённыя, актуальныя матар’ялы адразу ж дасылайце ў свой абласны цэнтар тамтэйшаму каардынатару альбо — наўпрост у Менск. Мы зможам даць ход важкім фактам і допісам, апублікаваць вашы цікавыя дасьледваньні ў навуковых, папулярных і культурніцкіх выданьнях.

І ўрэшце, вашая рада ці суполка павінна мець “джэнтэльмэнскі набор” беларушчыны — літаратуру, аўдыёзапісы, падшыўкі. Прыкладны сьпіс пад назваю “Калекцыя Беларушчыны” (з 30-ці кнігаў, 20-ці дыскаў ды некалькіх збораў) паглядзіце далей. Гэта — найбольш эфэктыўная агітацыя падчас выступаў перад аўдыторыяй. Зьбярыце сваю калекцыю сярод сяброў, у крамах ці бібліятэках. Калі нечага ня знойдзеце — замаўляйце ў Менску на адзначаных у “Ключах” адрэсах.


2. Арганізацыя Відовішчаў

Арганізацыя відовішчаў для школьнікаў, студэнтаў і працоўнае моладзі ёсьць нашай найгалоўнейшай, найбольш вялікай і працаёмістай задачай. Калі раскруцяцца канцэрты, конкурсы й дыскатэкі — мы масава ахопім маладзёвы рух. Калі гэтага ня будзе — астатнія нашы намаганьні пойдуць напуста. Рыхтуйцеся быць ды-джэямі Адраджэньня. Вам спатрэбяцца сувязі з фундатарамі, з адміністрацыяй будынкаў і ўстановаў, з дырэктарамі, настаўнікамі і, безумоўна, журналістамі. Пра вашыя шоў павінна пісаць мясцовая й сталічная прэса. Пра іх павінны размаўляць у школах і маладзёвых тусоўках: гэта найлепшая рэкляма.

3. Унутры Суполкі

— Абавязкова зьбірайцеся на сьвяты, каб разам адзначыць Купальле, Каляды, Дзяды, Бітву пад Воршай ці ўгодкі Караткевіча. Такія ўтульныя сяброўскія вечарыны — незабыўны ўспамін.

— Зважайце на прыроду свайго краю. Мы ўсё ж эўрапейцы. Пільнуйце экалягічную сытуацыю, кантактуйце зь “зялёнымі”, калі яны ў вас ёсьць, а йнакш будзьце самі “зялёнымі”. Калі-нікалі варта сабрацца талакою ды прыбраць сьмецьце вакол школы ці вычысьціць парк. “Малады Фронт” ў якасьці дворніка: вось вам выдатная сэнсацыя для мясцовай прэсы!

— Шыйце сьцягі, як мага болей — яны спатрэбяцца. Зрабіце вялікую харугву сваёй суполкі. Самі вырабляйце шэўроны, значкі ці плеценыя “фенькі” з выяваю сымболікі. Гэтым буйная суполка мусіць забясьпечваць сябе сама, можа нават сёе-тое падзарабіць.

— Вельмі карысна ладзіць для сваіх сябраў краязнаўчыя паходы, раскопы, экалягічныя й геалягічныя экспэдыцыі: беларуская зямля поўная таямніцаў і скарбаў.

4. Уласная Творчасьць

Калі ў вашым краі ёсьць маладыя музыкі, рок-гурты, паэты, пісьменьнікі, мастакі, тым больш, калі яны ўваходзяць у вашую суполку — ваш абавязак усяляк падтрымліваць гэтых людзей. Яны — заўтрашні дзень нацыянальнай культуры. Сярод іх — будучыя куміры краіны. Пазнаёмцеся бліжэй, пацікаўцеся глыбей іхняй творчасьцю. Дасылайце нам вершы, фотаздымкі, карыкатуры, запісы. Мы паспрабуем даць разьвіцьцё гэтым пачынаньням у сталіцы. Арганізоўвайце іх выступы, вэрнісажы, дапажыце з матар’яламі ці апаратурай — і вашая суполка стане для іх роднай сям’ёй.

Удзячнасьць творцаў, будзьце ўпэўненыя, шмат чаго вартая.

Паводле выданьня “Ды-джэй Адраджэньня”

 

[   Вярнуцца да падзелу “Маладафронтаўцу”   ]