Маладафронтаўцы абскардзілі незаконныя затрыманні ў новагоднюю ноч

Маладафронтаўцы абскардзілі незаконныя затрыманні ў новагоднюю ноч

Актывісты “Маладога Фронту”, затрыманыя ўвечары 31 снежня перад навагодняй акцыяй, абскардзілі незаконныя дзеянні міліцыі.

Напярэдадні 2017 года лідар “Маладога Фронту” Зьміцер Дашкевіч заклікаў мінчукоў сустрэць Новы год на Кастрычніцкай плошчы пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Нягледзячы на тое, што сам Зьміцер разам з двума актывістамі быў прэвентыўна затрыманы, да плошчы здолеў даехаць Сяргей Пальчэўскі. Акцыя адбылася, прычым не толькі ў сталіцы. У Новы год беларусы з розных гарадоў, у тым ліку –  Мінска, Маладзечна, Баранавічаў, Салігорска, рабілі свае навагоднія здымкі і выкладалі ў сацыяльных сетках з хэштэгам #БЧБ2017. Да акцыі далучыліся нават у Славаччыне і Украіне.

Затрыманых Зьмітра Дашкевіча, Арцёма Леўчанку і Паўла Пракаповіча абвінавацілі ў непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі (артыкул 23.4 КаАП). Акрамя таго, Леўчанку і Пракаповіча, якіх без тлумачэнняў і з ужываннем кайданкоў затрымалі людзі ў цывільным, дадаткова абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы і размахванні рукамі (артыкул 17.1 КаАП).

Маладафронтаўцаў пратрымалі ў Першамайскім РУУСе больш за 5 гадзінаў, канфіскавалі 10 бел-чырвона-белых сцягоў і 2,5 тысячы календароў з нацыянальнай сімволікай і надпісам: «2017 — 500 год беларускай Бібліі».

Актывісты “Маладога Фронту” пры садзейнічанні ПЦ “Вясна” накіравалі скаргі на незаконныя дзеянні міліцыі ў пракуратуру Першамайскага раёна Мінска і ў Галоўнае упраўленне ўнутранных спраў Мінгарвыканкама.


Падзяліцца:

Каментары

  1. V (Jan 17, 2017:15:27)Адказаць

    Бел-чырвона-белы сцяг абавязкова вярнецца. Малайцы, хачу сустрэць так 2018 год.