“Маладафронтаўцы”. Рэцэнзія кнігі

“Маладафронтаўцы”. Рэцэнзія кнігі

Павал Севярынец і Наста Палажанка. “Маладафронтаўцы”. – Менск, 2009, 480 с. Рэцэнзія Міхаіла Залескага, кандыдата эканамічных навук.

Ў гэтым жыцьці у рэцэнзэнта і аўтараў кнігі розныя ролі. Калі ім не падабаюцца навіны з тэлевізару – яны выходзяць на вуліцу і робяць свае. Мне ж наканавана рыцца ў інфармацыі, шукаючы заканамернасці.
Час ад часу нашы шляхі перасякаюцца. Вось як зараз. На маім працоўным стале прыгожы том з выяваю вельмі рашучага маладога чалавека, надпіс на вопратцы каторага паведамляе: “Малады фронт не спыніць!”. Змест складаецца, пераважна, з адказаў мноства людзей, каторым аўтары задавалі розныя пытаньні.Калі б там не было прадмоваў і дадаткаў, то й астатняга хапіла б дзеля таго, каб гэты твор зацікавіў сацыёлагаў і палітолагаў, змагароў за і змагароў супраць, а таксама змагароў са змагарамі.

Прадмовы робяць кнігу яшчэ і літаратурным творам. У іх адчуваецца раўнавага і моц, прыязнасць і спагада, каторыя ствараюць, зрэшты, пэўны прывабны стыль.

Дзеля тых, хто з дапамогаю тэлебачаньня адвучыўся чытаць, у кніжцы прадугледжаныя каляровыя малюнкі: цэлая гістарычная галерэя. Зацемім толькі, што паспаліты абываталь пабачыўшы яе дойдзе да думкі, што пэрсанажы тае галерэі схільныя, галоўным чынам, да бурнага пратэсту. Трэба быць, як той казаў, “ў тэме”, каб разумець, што героі кнігі таксама як і усе гадуюць дзяцей, працуюць і нават спяць.

Дадаткі пераўтвараюць твор ў сур’ёзны палітычны дакумэнт. Канешне, каб чытаць іх, трэба быць зацікаўленым барацьбою за ўладу, альбо працаваць ў адпаведных навучальных даследчых установах. Дзякуючы тактоўнасці аўтараў гэтая частка адасобленая ад цікавай масе чытачоў асновы кнігі.

Пайшоўшы ў свет гісторыя і тэорыя маладафронтаўцаў мець будзе добры лёс. Дзеля тога ёсць ўсе аб’ектыўныя ўмовы.

А зараз суб’ектыўнае ўражаньне. Аўтарам не пашанцавала, што іхная цудоўная кніжка патрапіла на рэцэнзію менавіта мне. Бо я не люблю сацыяльна акрэсленаю “маладосць”.

Прычынай стала пару выпадкаў у маім жыцьці. Гадоў пяцьдзясят таму мяне адвялі на дзіцячую чыгунку, і я даведаўся, што яна нікуды не вядзе. Ў 1972 годзе, ў НДІ, дзе я працаваў, запісвалі ў савет маладых вучоных, і я даведаўся, што бываюць альбо вучоныя, альбо не…

Не кажучы ужо пра тое, што акцябраты, піянэры і камсамольцы сваім існаваньнем зацьвердзілі ўсю трагічную згубнасць выдзяленьня нейкіх сэктараў у пэўных практыках паводле ўзросту, як сацыяльнага крытэрыю.

Прычына існаваньня гэтак званых “моладзевых арганізацыяў” – распад грамадства. Ва ўмовах распаду моладзь набывае вартасць сама па сабе. Ад яе чакаюць тога, што ўжо страчанае. Яна праз тое адчувае сябе вытокам. Ад моладзі патрабуюць стварыць тое, чым не валодаюць ужо яе вучыцелі. Моладзь набывае фальшываю вагу і вымушана дэманструе няздольнасць раптоўна спарадзіць “цудоўны новы сьвет”.

Чалавек гартуецца на працягу дзесяцігодзьдзяў, праз мноства паслядоўных крокаў да мэты. Дарэчы, лёс старэйшых з герояў кнігі, з тых, што не ухіляюцца ад мэты, таму пацверджанне.

І, апошняе. Воля бяз сілы і ведаў бяз веры – нішто. Сіла бяз веры і воля бяз ведаў – таксама нішто.

Дзякуй за гэтую кнігу. Чакаем новай.

Міхал Залескі,
кандыдат эканамічных навук.
КРЫНІЦА: НОВОСТИ НИСЭПИ. ВЫПУСК 1 (55), 2010

 

P.S. Калі вас зацікавіла кніга “Маладафронтаўцы”, зьвяртайцеся на мэйл press.mfront[at]gmail.com     😉

Падзяліцца:

Каментары