Маладафронтавак у Дрыбіне спачатку прынялі за… путанаў!

15.08.2011:11:31
1
2 155
Малады Фронт, Навіны
Маладафронтавак у Дрыбіне спачатку прынялі за… путанаў!

За гэта падчас “сутак” маладафронтаўскія хлопцы “адпомсцілі”: праламілі ў ізалятары падлогу і затапілі яго фекаліямі.

З Дрыбінскага ізалятара выходзяць маладафронтаўцы, асуджаныя на “суткі” за пікет у падтрымку свайго лідара Змітра Дашкевіча. Уражанняў у іх — маса!

Чамусьці ўсе гавораць найперш пра ежу, пра харчаванне. Прычым ацэньваюць па-рознаму. Хлопцы збольшага не скардзяцца. Яўген Скрабец з Берасця, які нядаўна дэмабілізаваўся з войска, увогуле лічыць, што ўсё было ў норме.

Яўген Скрабец: “Кармілі нармалёва, у межах закону. Два разы на дзень давалі якія сасіскі ці катлету, а зранку звычайна давалі макароны ці кашу”.


А вось дзяўчаты, як сапраўдныя “мінскія фіфы”, ацэньваюць харчаванне больш крытычна.

Юлія Міхайлава: “Харчаваліся цёплым супам — ён быў дастаткова нармалёвы. Елі халодную кашу, якая была то перасоленая, то недасоленая. Елі перавараныя макароны. Елі кіслую бульбу. Вельмі яе хацелася, мы доўга прасілі — нарэшце нам на сёмы дзень далі: перасоленую кіслую бульбу, якую немагчыма было есці. А таксама мы пілі гарбату — настолькі салодкую, што піць яе было немагчыма”.

Ад такой ежы, кажа Юлія, некаторых турбавала здароўе.

Юлія Міхайлава: “Шмат у каго балелі жываты. Лекаваліся мы вуглём, які нам паспелі перадаць адразу пасля суду”.

Дзяўчына абураецца, што за “халодныя макароны” з іх яшчэ і грошы ўзялі!

Юлія Міхайлава: “У камеру нам не дазвалялася перадаваць нават сокі і ваду, так што мы сядзелі на дзяржаўных харчах, за якія потым заплацілі 70 тысяч за 10 дзён. А яшчэ 30 за нас унесла дзяржава”.

Пасля выхаду на волю (супрацоўнікі ізалятара патлумачылі дзяўчатам, што гэта правільна завецца на жаргоне “адкінуцца”) дзяўчаты даведаліся прычыну халоднай і пракіслай ежы.

Юлія Міхайлава: “Ежа ў нас амаль увесь час была халодная, бо кавярня “Проня”, адкуль яе прывозілі, працуе да трох гадзін, а вячэра была значна пазней. Часам ежу спрабавалі разагрэць, але малапаспяхова. Часам ежа была таксама скіслая, бо там не было лядоўні. Там увогуле нічога не было!”.

А на самым пачатку гісторыі з Дрыбінскім ізалятарам дзяўчат прынялі за… “начных матылькоў”!..

Таццяна Шапуцька: “Кур’ёз здарыўся ўжо на самым пачатку, калі ўвечары 2 жніўня нас прывезлі ў Дрыбінскі ізалятар. Падчас афармлення да начальніка ізалятара падыйшоў супрацоўнік, які здзіўлена стаў гадаць, хто мы такія. Першы варыянт у яго быў — прадстаўніцы “самай старажытнай прафесіі”. Пасля адмоўнага адказу дзяжурнага ён памеркаваў, што мы — студэнткі Горацкай акадэміі, якія перапілі і якіх забралі за п’янку. Ён так і не здагадаўся — і дзяжурны яму патлумачыў, за што нас забралі”.

Кампанія ў ізалятары ў маладафронтаўцаў была вясёлая — дрыбінскія п’яніцы ды канакрады, якія скралі каня і здалі яго на мяса за 1 мільён 200 тысяч рублёў.

Таццяна Шапуцька: “Канешне, для Дрыбінскага ізалятара быў шок, што нас дзесяцёра прывезлі да іх ды яшчэ гэтак позна ўвечары. Бо ў іх звычайна сядзіць 4-5 чалавек — за п’янку ці што падобнае”.

У адзін з дзён у маладафронтаўцаў здарыўся надзвычайны выпадак — іх ледзьве не затапіла фекаліямі!

Таццяна Шапуцька: “Літаральна праз некалькі дзён пасля таго, як нас змясцілі ў ізалятар, у хлапцоў здарылася цікавая падзея — пацёк унітаз. Пры гэтым адзін з хлапцоў у гэты момант сядзеў на ўнітазе! Мы пачулі жудасныя крыкі, грукат у дзверы. Падскочыў дзяжурны! Як высветлілася, ва ўнітазе былі праблемы з трубою — вада пацякла ў камеры, камусьці затапіла абутак, у кагосьці туды ўпала падушка… Вада выцякла за межы камеры, заліла палову калідора — немагчыма было прайсці ад камеры да камеры не ступіўшы ў гэта… гэтую ваду. Пасля кіраўніцтва ізалятара жартам абвінаваціла хлапцоў, што яны зладзілі дыверсію і пачалі раздзярбаньваць ізалятар як толькі прыехалі. Аднак хлапцоў у той жа дзень перавялі ў іншую камеру”.

У іншай камеры маладафронтаўцы таксама знайшлі чым заняцца. Слабым месцам апынулася падлога.

Таццяна Шапуцька: “Каля ўмывальніка была гнілая падлога — і хлопцы неяк умудрыліся на яе стаць, што яна правалілася. А ў той камеры іх было двое — худзенькі Яўген Скрабец і вельмі мажны Мікола Дземідзенка. Дык найбольш нас развесяліла пытанне дзяжурнала “хто з вас праламіў падлогу?!”

Паводле “Еўрарадыё”


Падзяліцца:

Каментары

  1. Раман (Aug 19, 2011:02:33)Адказаць

    я гляджу ў Дрыбіне прышпільна было )))