“Малады Фронт” як спосаб экзістэнцыі

“Малады Фронт” як спосаб экзістэнцыі

Эсэ Алеся Кіркевіча

Хто будзе абмульваць седзішчы аўтазакаў праз пяць-дзесяць гадоў?
Ранішні Менск — паскуднае месца. Сырое, няўтульнае, нічога яшчэ не працуе.

Сталінскі ампір навокал — гэта катастрофа для любой рэвалюцыі: з такімі дэкарацыямі рэжысёр спектакля ўжо загадзя вызначаны…

Спачатку шмат пустэчы, пасля гмахі, у двары якіх цудоўна ўціскаюцца аўтазакі — паскудства адным словам. Шкада, што менчукі гэтага не зразумеюць…

— Алё, дзе вы?

— Кавярня «Засценак»

— …

— Ідзі як ідзеш, ад плошчы, я выйду насустрач, — лагодны Юлін голас у слухаўцы.

Заходзім разам. За сталом каля стылізаванага плеценага тыну намеснік старшыні арганізацыі Мікола Ахметаў, дзяўчо з кароткімі валасамі і двое маладых, але ўжо паголеных пад нуль хлопцаў — апошні «прызыў» арганізацыі.

Пакуль ім яшчэ ўсё ў кайф: расцяжкі, улёткі, графіці, затрыманні:

— …Ён мне кажа: «А што эта ў вас за названіе такое «Малады Фронт»? У нас што — баявыя дзеянні ідуць? Фронт…» Я кажу, што «міліцыя» наогул значыць «апалчэнне». А гэты: «…і крыж сабе прыдумалі нейкі фашысцкі». Ну я не вытрымаў, паслаў яго. Той, вядома, «чыры-ык!» — мацней кайданкі заціснуў:

«Ты ў меня, б..ць, ішчо «ластачкай» павісіш! Мог у панядзелак выйсці, а цяпер і Пасху тут прасядзіш!», —

смачна цытуе Слава пад агульны рогат. Кампанія эма-маладзёнаў, што месцілася побач, перасядае падалей.

Пасля, вядома, суды і суткі — пакуль не задзяўбе.

Усё гэта — неаб’яўленая няроўная вайна, якая трывае мала не 20 гадоў. Вайна, у якой твайму ворагу можна амаль ўсё, а табе: расцяжкі, улёткі, графіці…

Наіўныя таварышы, які чытаюць «Хартыю» і «Народную Волю» працягваюць называць гэта «палітыкай».

Сапраўднага ж назову гэтай трагедыі, якая адбываецца штодня на нашых вачах, яшчэ ніхто не падабраў. Супраціў — не, разбудова грамадзянскай супольнасці — не смяшыце, можа «казакі-разбойнікі»?..

— Я вось ніяк не магу вызначыцца, — працягвае, не зважаючы на мяне, Ахметаў, — каго я больш не люблю: Каратаева і грамадскую кампанію «Ня будзь быдлам!» ці Казлоўскага з ягоным рухам «Свабода і Інтэграцыя». Пры гэтым Каратаеву я кажу, што больш не люблю яго, ну і Казлоўскаму адпаведна…

— Эх-х, Мікола, — праз смех спыняе Юля, — прапусцяць твае маналогі па БТ калі-небудзь…

— Не прапусцяць. Каб яны ўсё слухалі, звар’яцелі б. У нас выпадак быў, калі я яшчэ ў «Зубрах» тусіў…

Калі два Ярылавы крыжы скласці разам — выйдуць краты. Краты сталі сімвалам, ступенню прысвячэння, а для кагосьці — штодзённасцю.

Спачатку аб іх мараць, пасля — плююцца, ну а ўрэшце ўзгадваюць толькі дзень вызвалення з кветкамі, мікрафонамі і пазітыўнымі ўсмешлівымі дзяўчатамі. А што далей?

Ці з’яўляецца ўдалай акцыя, у якой пацярпелыя ёсць толькі з нашага боку? Ці мае наогул вораг несці страты?

Пяць затрыманых, затаптаныя ўлёткі ды парваны сцяг — вось вынік 150-гадовага змагання за нацыянальную дзяржаву, для нас сённешніх — «удалая акцыя». Праз пятнаццаць сутак хлопцы выйдуць і прачытаюць аб сабе ў інтэрнэце, у архівах «Хартыі» і «Нашай Нівы». Зрэшты іншыя не робяць і гэтага, а іх прыгожыя добра адпрасаваныя сцягі спачываюць над ложкамі у чаканні падзення рэжыму альбо чарговага «Басовішча».

— …Ганулькі я сам баюся па шчырасці, — не змаўкае Ахметаў. — Памятаю, як яна гопнікаў адчытвала на раёне, падчас расклейкі ўлётак, невясёлыя яны пасля адтуль ішлі. Жасткач! Наогул, люблю людзей, якія… ненавідзяць людзей!..

— Слухай, — перарываю. — Ты наогул разумееш, што пры такім раскладзе арганізацыю трэба распускаць?

На хвіліну ўсталёўваецца цішыня. Чутно як спявае Ёлка ды «пераціраюць» справы азербайджанцы за суседнім столікам.

— Я б арганізацыю распусціў яшчэ год пяць таму, але юрыдычнага права не маю. Таму не парся, ўсё нармальна! …Пра што я? Заходжу апошнім разам на офіс «Свабоды і Інтэграцыі», там як заўжды гарбата, бублікі-цукеркі шакаладныя…

Развітаўшыся іду ў бок метро. Поруч рухаецца калона аўтазакаў, элітнага транспарту за народны кошт.

Хто будзе абмульваць іх седзішчы праз пяць-дзесяць гадоў? Думаю, тыя ж самыя хлопцы, якія бралі ўдзел у паўстанні Каліноўскага, скочылі ўначы з парашутамі ў 40-х, вырывалі сцягі ў геяў на апошнім ЧШ, але, вядома, з іншымі прозвішчамі, датамі нараджэння, дактыласкапічнымі кодамі.

Нервовыя, заблытаныя ў саміх сабе ці чыстыя, як аркуш паперы, цвярозыя і не вельмі, тыя, хто паставіў сябе за рамкі «грамадскай дамовы».

Іх паводзіны — рэакцыя на несправядлівасць і дрэннае надвор’е, амаралізм навокал і расхлябанасць унутры, дай ім Бог здароўя!

— Чакай, — спыняе на скрыжаванні Юля. — Ты ж разумееш, што ўсё гэта эмоцыі? Ёсць справа, прысяга, усё гэта, урэшце, няма каму рабіць акрамя нас!

— Я ведаю, але на што ты спадзяешся? Што чакае цябе альбо гэтых хлопцаў праз пару год?

— Слухай, ты ведаў куды ішоў…

Іншыя не робяць і гэтага. МФ — гэта сімвал, брэнд, ад нас нечага чакаюць, мы не можам наўпрост узяць і кінуць усё… —

гэтым часам недзе побач завыла сірэна і бел-чырвона-белая карэтка «хуткай» панеслася па праспекце, скрозь шэрагі аўто, не зважаючы на светлафоры і дробны дождж. Там, на Серабранцы ў кагосьці мажліва спынілася сэрца, мажліва — хтосьці схапіў «пяро» ў жывот на прасмаленай кухні, а можа быць на ўскрайку бяздушнага мікрараёна заўчасна дало аб сабе ведаць новае жыццё…

Усю дарогу да Горадні ліў дождж. Вялікія кроплі каціліся па шкле, захіляючы шэрыя краявіды маёй Бацькаўшчыны. Зямля прагавіта смактала ваду і абяцала багаты ўраджай пасля доўгай і халоднай зімы.

Наша Ніва

Падзяліцца:

Каментары