Малады Фронт патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў

Малады Фронт патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў

Рэжым Лукашэнкі дагэтуль знявольвае палітычных апанентаў. Зараз за кратамі знаходзяцца беларусы, якія па розных прычынах сталі ворагамі для дзеючай улады. Назавем гэтых людзей.

Адна з апошніх спраў — пераслед Святаслава Барановіча. Ён абараніў пратэстоўцаў ад гвалту супрацоўнікаў у цывільным. Адбылося гэта 15 сакавіка, падчас акцыі «Марш недармаедаў». Цяпер мужчыну пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Таксама нас непакоіць лёс праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага. Зараз ён знаходзіцца ў сумнавядомай Горацкай папраўчай калоніі № 9. Так, летась сп. Міхаіла спрабавалі перавесці ў адрад для зняволеных з «нізкім статусам». (Калі б Жамчужны пагадзіўся на такі перавод, то ягоныя псіхалагічныя і матэрыяльныя пакуты павялічыліся б у некалькі разоў. — заўв. МФ) Такама праваабаронцу апошнім часам пратрымалі 100 дзён у штрафным ізалятары. Адміністрацыя ўвесь час прыдумляе для яго разнастайныя парушэнні.

Працягваецца ціск на краязнаўцу Алеся Юркойця. Яго ўжо прысудзілі да сямі гадоў пазбаўлення волі паводле сфабрыкаванай справы. Працягваецца ціск і на Іллю Валавіка, Змітра Цехановіча, Піліпа Іванова, Змітра Паліенку, Вадзіма Бойку.

Адбывае пяцігадовае пакаранне ва ўмовах узмоцненага рэжыму добраахвотнік АТА Тарас Аватараў. Мы лічым, што хлопца асудзілі за ўдел у баявых дзеяннях на баку Ўкраіны.

Гэтых людзей мы лічым палітвязнямі і патрабуем іх неадкладнага вызвалення.

Таксама заўважым, што дагэтуль не спынены крымінальны пераслед старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і бухгалтара прафсаюза Ігара Комліка. Нагадаем, што РЭП, аднолькава з ПЦ «Вясна», аказваў дапамогу пацярпелым ад гвалту ўладаў падчас мірных пратэстаў увесну 2017-га. Таму справу ў дачыненні Фядыніча й Комліка мы лічым палітычна матываванай.

Яшчэ адзін чалавек, лёсам якога мы занепакоеныя — Данат Скакун. 15-гадовага хлопца асудзілі да васьмі год пазбаўлення волі. Але, мала таго, што доказаў віны аніякіх няма (акрамя словаў пацярпелай), дык яшчэ й следства ды суд праходзілі з парушэннямі заканадаўства. Таму Малады Фронт патрабуе сумленнага расследавання дадзенай справы.

Таксама мы патрабуем пакарання вінаватых у пераследзе і незаконных дзеяннях у дачыненні да беларускіх грамадзян. Шматлікія прадстаўнікі ўлады задзейнічаныя ў рэпрэсіях. Малады Фронт ні ў якім разе не патрабуе помсты, але выключна — справядлівага разбіральніцтва.

Заклікаем грамадзянскую супольнасць і ўсіх беларусаў падтрымаць нас у справе абароны грамадзян. Салідарнасць прыносіць свабоду.

Малады Фронт

Падзяліцца:

Каментары