Малады Фронт патрабуе расследвання і адставак

Малады Фронт патрабуе расследвання і адставак

Малады Фронт накіраваў зварот адносна сітуацыі са смерцю Ігара Пцічкіна ў менскім СІЗА у Міністэрства ўнутраных справаў і Генеральную пракуратуру. На думку арганізацыі, смерць юнака не з’яўляецца выпадковасцю — умовы ўтрымання арыштантаў і вязняў, створаная сістэма адбыцця пакаранняў спрыяюць такім выпадкам.

Улічваючы стан папраўчых калоній, ізалятараў, турмаў і агульнай сітуацыі з вязнямі, маладафронтаўцы заклікаюць да дабраахвотнай адстаўкі міністра унутраных справаў, кіраўніка дэпартаменту выканання пакаранняў і начальніка СІЗА нумар 1 г. Менска.

Прыводзім тэкст зварота цалкам.

«Выпадак са смерцю арыштанта СІЗА №1 не з’яўляецца выпадковасцю. Тыя ўмовы, якія сёння існуюць у беларускіх турмах, у цывілізаваных краінах даўно былі бы прызнаныя катаваннямі. Многія нашыя паплечнікі, на жаль, адбывалі пакаранні і мы добра разумеем, з чым сёння сутыкаецца беларускі вязень.

Санвузел беларускай турмы

Санвузел беларускай турмы

Нават тыя нормы, якія заканадаўча зацвердзіла дзяржава, не выконваюцца. Не кажучы пра тое, што існыя нормы не адпавядаюць еўрапейскім стандартам. Вялікую занепакоенасць выклікае абыходжанне адміністрацыі і персаналу выпраўленчых установаў з арыштантамі. Перадусім, гэта маральны і псіхалагічны ціск, фізічныя катаванні, правакаванне канфліктаў у ассяродку арыштаваных.

Нягледзячы на тое, што заканадаўства лічыць абмежаванне волі дастатковым пакараннем за здзейсненыя злачынствы, Дэпартамент выканання пакаранняў і Міністэрства унутраных справаў лічаць па-іншаму. Сярэднявечныя ўмовы, нахабнае і здзеклевае абыходжанне, ізаляцыя ад кантактаў з блізкімі дадаюцца да любога рашэння суду — гэта тычыцца не толькі крымінальных справаў, але і адміністрацыйных.

Таму, тое, што адбылося ў Менскім СІЗА рана ці позна мусіла адбыцца, як бы прыкра гэта не гучала.  Агульная зачыненасць сістэмы і адсутнасць кантролю з боку грамадзкасці толькі спрыяюць павялічэнню праблемы. У гэтай сітуацыі ёсьць два выхада — альбо прызнаць, што мы практыкуем сярэднявечную сістэму пакаранняў і ў краіне не выконваецца заканадаўства, альбо пачаць сёння выпраўляць памылкі.

Малады Фронт заклікае выпраўляць памылкі.

У сувязі са смерцю Ігара Пцічкіна і агульнай сітуацыяй у турмах ды СІЗА, мы патрабуем:

  • дабраахвотнай адстаўкі Міністра унутраных справаў, кіраўніка Дэпартаменту выканання пакаранняў і начальніка СІЗА нумар 1.
  • правесці шырокае раследванне абставінаў смерці Ігара Пцічкіна, правесці рэальныя праверкі ўсіх установаў, дзе адбываюць пакаранне альбо ўтрымліваюцца вязьні.
  • дапусціць групу праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў у СІЗА нумар 1 для азнаямлення з умовамі утрымання арыштантаў.»

Гэтаксама Малады Фронт выказвае спачуванні блізкім памерлага.

Падзяліцца:

Каментары