“Малады фронт” у чарговы раз спрабуюць застрашыць

“Малады фронт” у чарговы раз спрабуюць застрашыць

Актывісты зарэгістраванай ў Чэхіі арганізацыі “Малады Фронт” не хаваюць заклапочанасьці новай хваляй ціску на ягоных сябраў шляхам пагроз і застрашэньня з боку супрацоўнікаў КДБ, якія дапытвалі іх пад час адбыцця арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

Маладафронтаўцы Міхаіл Мускі, Павал Сяргей, Зьміцер Крамянецкі, Уладзімер Яроменак, Раман Васільеў, Ігар Кішко былі затрыманыя 19 сьнежня мінулага года пад час акцыі ў гадавіну падзеяў Плошчы-2010. Усе былі асуджаныя тэрмінам на 10 і болей сутак. За гэты час некаторыя актывісты выклікаліся на гутаркі супрацоўнікамі КДБ па 5-6 разоў. Як паведамілі гэтыя шасцёра актывістаў, следчыя схілялі іх да супрацоўніцтва пад пагрозай збіцьця супрацоўнікамі спецназу, а таксама праблемамі з вучобай і працай, альбо накіраваньнем на вайсковую службу.

«Падчас знаходжаньня ў турме на Акрэсціна супрацоўнікі КДБ у колькасьці 3 чалавек прыходзілі да мяне 6 разоў. Распытвалі аб дзейнасьці «Маладога фронту», пагражалі фізічнай расправай. Вялі гульню ў “добрага следчага і злога”, прапаноўвалі падпісаць паперы аб супрацоўніцтве”, — паведаміў Міхаіл Мускі.
Вынікам гэтага татальнага застрашэньня сталіся факты адлічэньня з вучобы і звальненьне з працы.

Такім чынам аператыўнікі з КДБ намагаліся атрымаць ад актывістаў інфармацыю адносна дзейнасьці моладзевай арганізацыі, а таксама яе кіраўнікоў – Міколы Дземідзенкі і Насты Палажанкі.

Яшчэ аднаго маладафронтаўца – Рамана Пратасевіча –  кадэбісты забралі з дому 30 сьнежня. Непаўнагадовага юнака адвезьлі ў будынак КДБ й паўтары гадзіны вялі зь ім «прафіляктычную гутарку» аб недапушчальнасьці радыкальных акцый.
Намесьнік арганізацыі Мікола Дземідзенка падкрэсьліў на прэсавай канферэнцыі, якая адбылася сёньня ў Менску, што нягледзячы на пагрозы, маладафронтаўцы прынялі рашэньне праінфармаваць грамадскасьць з тым, каб нейкім чынам абараніць сваіх сябраў і прадухіліць паўтарэньне допытаў.

“ Мы ўвогуле здзіўленыя такой рэзкай рэакцыяй, нечаканая масавая цікавасьць супрацоўнікаў КДБ да нашай дзейнасьці з нечым канкрэтным звязаная. Але з чым – мы спрабуем зараз разабрацца. Магчыма, гэта вяртаньне да крымінальнай справы па арт.193.1 Крымінальнага кодэксу (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай грамадскай арганізацыі), — паведаміў Дземідзенка.

Нагадаем, 30 сьнежня пасьля магутнай DOS-атакі спыніў працу сайт “Маладога Фронту”, які ўдалося аднавіць толькі праз тыдзень. І гэта таксама ўкладваецца ў ланцуг татальнага перасьледу моладзевай арганізацыі.

http://spring96.org

Падзяліцца:

Каментары

  1. Ганна (Jan 10, 2012:08:56)Адказаць

    Трымайцеся! Нешта гэтыя фашысты гэбэшныя задумалі!

  2. Наста (Jan 10, 2012:11:59)Адказаць

    “Усе былі асуджаныя тэрмінам на 10 сутак.”
    10 сутак жа было толькі ў аднаго-у астатніх болей. выпраўце каліласка.

  3. Наста (Jan 10, 2012:12:00)Адказаць

    “Усе былі асуджаныя тэрмінам на 10 сутак.”
    10 сутак жа было толькі ў аднаго-у астатніх болей. выпраўце каліласка.

    • -M-F- (Jan 10, 2012:22:44)Адказаць

      Ок. Дзякуй вялікі, Наста, за заўвагу! Мы проста тэкст скапіявалі з сайту “Вясны” й не заўважылі гэтую хібу. А аўтар тэксту, відаць, ня шарыць =)