Горад — наш!


Кампанiя Маладога Фронту “ГОРАД — НАШ!”

ГОРАД — гэта 7 мільёнаў жыхароў Беларусі.
ГОРАД — гэта больш за 200 населеных пунктаў, ад невялічкіх мястэчкаў да сталічнага мегаполісу.
Менавіта ГОРАД вырашае ўсе справы палітыкі, эканомікі й культуры.
Менавіта горад зьяўляецца радзімай і домам да падаўляючае большасьці маладых беларусаў.

ГОРАД — гэта мільгценьне соцень тысячаў ліхтароў і вокнаў, рух транспарту й аграмады прадпрыемстваў, велізарныя кірмашы й стадыёны. Уяві, што гэтая сіла можа падняцца! Людзі выходзяць на вуліцы і плошчы, машыны спыняюцца , заводы гудуць — гэта тое, што будзе пасьля 9 верасьня.

Маладафронтаўская кампанія “Горад — наш!” пачалася яшчэ ўвесну. Каля 120 бел-чырвона-белых палотнішчаў зьявілася ў Менску, Віцебску, Горадні, Магілеве, Берасьці 13-14 траўня – па-над урадавымі будынкамі, кірмашамі й на шматлюдных скрыжаваньнях. Затым на платох, мастох, уздоўж чыгунак, на прыпынках і асфальце пачалі зьяўляцца надпісы “МАЛАДЫ ФРОНТ: ГОРАД – НАШ!” У чэрвені больш як у 45 гарадох Беларусі адбыліся масавыя расклейкі бел-чырвона-белых улётак. А пачынаючы з дня абвяшчэньня выбараў, у Менску стартавала акцыя зваротнага адліку: кожную ноч па-над знакавымі й дзяржаўнымі будынкамі ўспыхвалі бел-чырвона-белыя сьцягі.

Напярэдадні выбараў кампанія “Горад — наш!” яшчэ больш актывізавалася: 1 верасьня, у Дзень Ведаў тысячы людзей па ўсёй Беларусі убачылі бел-чырвона-белыя сьцягі, што луналі над дахамі.

Пасьля перамогі, менавіта Малады Фронт будзе замяняць чырвона-зялёныя анучы на афіцыйных установах!