Кампанiя Маладога Фронту “Беларусь у Эўропу!”


Канцэпцыя кампаніі:
Маладафронтаўская кампанія “БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ!” — гэта трохмесяцовы вулічны маратон, які старуе адначасовай акцыяй 14 лютага, на Дзень Сьвятога Валянціна, а затым праходзіць праз усе гарады краіны, з усходу на захад. Пасьля акцыі ці сэрыі акцыяў у кожным горадзе (Дзень Эўропы) адбываецца шырокае маладзёвае апытаньне — дзе моладзь хацела б жыць — у Расеі ці Эўропе. Кампанія ідзе штодня па ўсёй Беларусі, суцэльным маладым фронтам, мэрыдыянальнай хваляй другую палову лютага, у сакавіку й красавіку, і завяршаецца ўсебеларускай акцыяй уздыманьня бел-чырвона-белых й эўрапейскіх сьцягоў 14 траўня, у дзень рэфэрэндума — 95. 2 красавіка, якраз на т.зв. “дзень яднаньня з Расеяй”, кампанія праходзіць празь Менск.

“БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ!” — гэта наш адказ на спробы далучэньня Беларусі да Расеі: т.зв. “канстытуцыйны акт”, “саюзныя выбары”, “рэфэрэндум аб аб’яднаньні” й г.д. “БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ!” — гэта наш крок насустрач увядзеньню эўра. Яркая, відовішчная, розгаласная кампанія — гэта пераадольваньне апатыі й расчараванасьці, пэсымізму й страху пасьля выбараў 9 верасьня. Менавіта моладзь, якая ўпершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі масава выйшла на выбары й дружна прагаласавала супраць Лукашэнкі, павінна рабіцца асноўнай сілай нацыянальнага супраціву старэючай дыктатуры.

Мэта кампаніі “БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ!” — давесьці ўсяму сьвету, што беларуская моладзь — супраць аб’яднаньня з Расеяй, за эўрапейскую пэрспэктыву для Беларусі.

Задачы кампаніі “БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ!”:

Даць беларускаму грамадзтву зарад аптымізму, надзеі й веры пасьля выбараў.

Яркімі, арыгінальнымі, творчымі акцыямі пабудзіць беларускую моладзь да думаньня й дзеяньня.

Падняць новую хвалю маладзёвага супраціву па ўсёй Беларусі.

Стварыць новыя структуры, прыцягнуць новых людзей у МАЛАДЫ ФРОНТ.

Арганізаваць кампанію міжнароднай падтрымкі Беларусі.

Правесьці агульнабеларускае апытаньне моладзі ва ўсіх гарадах.

Крыху гісторыі. Стартавая дата кампаніі, 14 лютага — фірмовая маладафронтаўская фішка. МАЛАДЫ ФРОНТ яшчэ ў пачатку 1997 г. стаў першым, хто агучыў лёзунг “БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ!” і правёў у Менску шматтысячнае студэнцкае шэсьце з абыходам эўрапейскіх амбасадаў — 14 лютага, у Дзень Сьвятога Валянціна. У 1998г. каля 1000 маладых людзей удзельнічалі ў Алімпійскім шэсьці на 14 лютага. У 1999г. Дзень Сьвятога Валянціна скончыўся фаервэркам з 30 кг. піратэхнікі (за гэты фокус намесьнік старшыні МАЛАДОГА ФРОНТУ Яўген Скочка атрымаў 1 год умоўна). У 2000г. МАЛАДЫ ФРОНТ правёў 14 лютага “Акцыю любові” ў 12 гарадах Беларусі. Нарэшце, летась у акцыі “Любові! Свабоды! Пераменаў!”, разгорнутай ужо ў 32-х гарадох, узяло ўдзел агулам за 3000 чалавек. Сёлетняя кампанія будзе натуральным працягам гэтае багатае маладафронтаўскае традыцыі. Задача — зрабіць сьвяткаваньне 14 лютага і Дні Эўропы па ўсёй Беларусі яшчэ больш эфэктнымі, аптымістычнымі й відовішчнымі.

Фармат акцыяў “БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ!” (а для выбару прапануецца 2 дзесяткі розных акцыяў і сцэнароў) — не агрэсіўны, а сьвяткавальны, віншавальны й псыхалягічна выгодны. Творчыя акцыі, імпрэзы, вечарыны й апытаньні пройдуць па ўсёй Беларусі хваляй прыўзьнятага настрою, маленькіх перамогаў і ўсеагульнае цікавасьці — і гэта разбурыць бар’еры страху, нянавісьці і абыякавасьці.

КАМПАНІЯ “БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ!” — ГЭТА САПРАЎДНЫ МАЛАДЫ ФРОНТ!

КАМПАНІЯ “БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ!”

ЯК ПРАВОДЗІЦЬ АКЦЫІ

І. 14 лютага Дзень Сьвятога Валянціна. Старт кампаніі

1. Дзень Сьвятога Валянціна

14 лютага — Дзень Сьвятога Валянціна, хрысьціянскага сьвятара, які таемна ад рымлянаў вянчаў закаханых, і за гэта быў пакараны. Гэта сьвята свабоды й любові, мужнасьці й каханьня.

Сьвята — менавіта таму акцыя мусіць быць сьвяточнай, абавязкова зь віншаваньнямі й пажадана з падарункамі (для закаханых, удзельнікаў ці гледачоў). Любыя дачыненьні з удзельнікамі, мінакамі, журналістамі й нават міліцыянтамі трэба пачынаць зь віншаваньняў і растлумачэньня сэнсу 14 лютага й кампаніі “БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ!”. А ўвогуле, глыбінная сутнасьць 14 лютага — у любові, чыстай і сьветлай, паміж людзьмі, любові да бліжняга свайго, любові да Радзімы й Эўропы, урэшце рэшт, у найвышэйшай, Божай любові.

2. Акцыі

Асноўная, ключавая частка акцыі 14 лютага — вулічная: невялікае шэсьце, абыход самых людных месцаў зь віншаваньнямі, кола запаленых агеньчыкаў у цэнтры горада, маладзёвыя гуляньні з конкурсамі, віктарынамі й нават фаерверкам. Звычайна вулічная акцыя МАЛАДОГА ФРОНТУ ў Дзень Сьвятога Валянціна пачынаецца у 17.00, калі ужо цямнее — моладзь адвучылася, адпрацавала й можа пасьвяткаваць.

У сьвяточнай праграме 14 лютага таксама прадугледжваюцца мерапрыемствы ў памяшканьнях:

— дыскатэка

— канцэрт

— шоў Беларушчыны

— вечарына з конкурсам і г.д.

Вельмі важна памятаць пра хрысьціянскі, духовы сэнс Дня Сьвятога Валянціна (і не скатвацца да прэзэрватываў, масавых пацалункаў ды іншае разбэшчанасьці). Добры элемент сьвяткаваньня — адмысловае служэньне ў храме (увага: Валянцін — каталіцкі сьвятар), запрашэньне на сход ці вечарыну сьвятароў ды вернікаў.

3. Старт кампаніі — “Палаючыя Сэрцы”

Увага! Афіцыйны старт кампаніі “БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ!” дае адначасовае, у 18.00, у дзесятках гарадоў па усёй Беларусі, “запальваньне сэрцаў”. Палаючыя сэрцы, або колы, на ўзор зорак эўрапейскага сьцягу, утвараюцца ўдзельнікамі акцыі са сьвечкамі, запальнічкамі, ліхтарыкамі ці бэнгальскімі агеньчыкамі — з фатаграфаваньнем ці відэаздымкай.

Увогуле, сымбалі Дня Сьвятога Валянціна — бел-чырвона-белыя й сінія з золатам сэрцы, званочкі, агеньчыкі, складзеныя ў палаючае сэрца ці колца.

У невялікіх гарадох і мястэчках, дзе немагчыма правесьці шырокае сьвяткаваньне 14 лютага, старт кампаніі “БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ!” адзначаецца ўзьняцьцем сьцягоў (бел-чырвона-белага й эўрапейскага) з запіскамі-віншаваньнямі.

4. Віншаваньні

Адна з найважнейшых задачаў Дня Сьвятога Валянціна — павіншаваць беларускую моладзь са сьвятам і засяродзіць яе ўвагу на кампаніі “БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ!”, якая стартуе 14 лютага. Таму найшырэйшы распаўсюд улётак, паштовак і вусных віншаваньняў — абавязковая задача Дня Сьвятога Валянціна — 2002.

Лепш за ўсё скласьці адмысловы маршрут для абыходу зь віншаваньнямі: па маладзёвых інтэрнатах, унівэрсытэтах, ПТВ,тэхнікумах, тусоўках, школах, клюбах. Варта дамаўляцца на такія сустрэчы папярэдне. Вітаньні, невялічкі конкурс з пытаньнямі наконт 14 лютага, прызы таму, хто адказаў слушна, віншаваньні для ўсіх — і далей па маршруце.

Варта таксама правесьці цэлую кампанію віншаваньня па ўстановах: ад крамаў і шапікаў да паштамту й заводаў (так, напрыклад, зрабілі ў 2000г. ў Ваўкавыску). Прадстаўляецеся (“МАЛАДЫ ФРОНТ”), віншуеце, тлумачыце пра 14 лютага й “БУЭ!”. Максымальнага эфэкту можна дасягнуць калі павіншаваць большасьць установаў і маладзёвых асяродкаў ў вашым горадзе — тады практычна ўсе навокал ужо будуць чакаць Дня Эўропы, сачыць за хадой кампаніі “БУЭ!” і падтрымліваць яе, а МАЛАДЫ ФРОНТ набудзе непаўторны сьвяточны, прыемны, “віншавальны” эўрапейскі імідж.

ІІ. Марафон “БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ!”

1. Ідэя марафону “БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ!”

“БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ!” — гэта раскрутка эўрапейскасьці, маладзёвага ўздыму і нацыянальнага супраціву ў асобна ўзятым горадзе — па ўсёй Беларусі, за 3 месяцы 2002г. Таму ўсё, што ў вашым горадзе ёсьць эўрапейскага й беларускага — ад назваў вуліцаў і крамаў да культуровых і духовых акцэнтаў — павінны быць уключана ў сфэру падрыхтоўкі й правядзеньня акцыяў марафону. Магчымыя прывязкі на месцы й асацыяцыі: масты й брамы (сымбалі эўрапэйскае інтэграцыі, выяўленыя на купюрах эўра), консульствы, мытні, помнікі, аб’екты эўрапэйскага кшталту, вуліцы, якія вядуць на Захад, храмы (не забывайцеся, што заходняя цывілізацыя ў сваёй аснове хрысьціянская).

Такім чынам, у кожным горадзе адбываецца Дзень Эўропы. Напрыклад, 22 лютага — Дзень Эўропы ў Гомелі. І ўсе віншаваньні, акцыі, растлумачэньні прымяркоўваюцца да гэтага дня. 23 лютага — Дзень Эўропы ў Слаўгарадзе, 24 — у Лёзьне і г.д.

2. Віды акцыяў, якія рэкамендуецца праводзіць у рамках “БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ!”

Вулічныя марафоны (абыходы, эстафэты, маршруты, прабегі па маладзёвых асяродках, у цэнтры або вакол гораду, або з уходу на захад) — з эўрапейскай і беларускай сымболікай, канцэртамі й віктарынамі, з ахопам як мага большай колькасьці людзей.

Маладзёвыя гуляньні — тое ж, толькі ў больш вольным стылі, бяз строга вызначанага маршруту, магчыма ў карнавальным выглядзе, з імправізацыямі й віншаваньнямі.

Касьцюмаваньні — апранаюцца строі розных народаў і краінаў Эўропы — ад Беларусі да Гішпаніі, прычым арыентавацца варта ня столькі на фальклёр, колькі на стэрэатыпы, вобразы й характары. Карацей, падыходзіць да гэтага творча. Мода 2002 ў Беларусі — гэта Эўропа! Магчымыя маскі і натуральна, сьцягі розных краінаў ды ЭЗ.

Лятучыя пікеты — бел-чырвона-белая або сіняя эўрапейская кампазыцыя з удзельнікаў, якія перамяшчаюцца па горадзе, арганізоўваючы “лятучыя акцыі” ля розных установаў і асяродкаў — з фатаграфаваньнямі, розыгрышам прызоў, віншаваньнямі. Дарэчы, сымбалі кампаніі можна выяўляць і на сьнезе, лёдзе, асвальце фарбамі.

Акцыі эўрапейскай чысьціні — прыбіраньне (па дамове з ЖЭС і ці самастойна) вуліцаў, плошчаў і паркаў зь беларускімі ці эўрапейскімі назвамі, навакольляў знакавых будынкаў і храмаў.

Зборы подпісаў — магчымыя й кампанія сур’ёзнага збору подпісаў за ўступленьне Беларусі ў Эўразьвяз, і прыкольныя — кшталту рэфэрэндума аб аб’яднаньні зь Люксэмбургам, Бельгіяй альбо Манака.

Канцэрты, музычныя імпрэзы — з эўрапейскай (заходняй) і беларускай музыкай, з прэзэнтацыяй новых веяньняў, стыляў і альбомаў, зь віктарынамі й конкурсамі.

Вечарыны (дыскатэкі, шоў, адзначэньні) — з эўрапейскімі конкурсамі,эўрапейскай паэзіяй, гульнямі, інтэрнэтам, салодкім сталом — усё, што прыдумаеце.

Канфэрэнцыі, круглыя сталы — больш сур’ёзныя сходы з запрашэньнем мясцовай інтэлігенцыі, выкладчыкаў, знакамітасьцяў і прэсы: дыскуіі й гутаркі на тэмы “Эўрапейскі Барысаў”, “Эўрапейская гісторыя (літаратура, мастацтва, эканоміка, культура)”, “Эўрапейскі этыкет” і г.д.

Віктарыны, Шоў Беларушчыны (эўрапейскасьці) — у школах, ВНУ, ПТВ, тэхнікумах (тэкст “Маладое Адраджэньне” абяцае ў пачатку лютага)

Сустрэчы — запрашэньні замежнікаў-эўрапейцаў (лепш студэнтаў ці грамадзкіх дзеячаў) на бяседы, прэс-канфэрэнцыі, унівэрсытэцкія вечарыны для шырокіх колаў моладзі: хай распавядуць пра Эўропу, пра свае уяўленьні аб Беларусі і г.д. Калі гэта немагчыма, арганізоўваецца спатканьне-дыскусія паміж тымі, хто бываў у Эўропе: хай дзеляцца ўражаньнямі, спрачаюцца.

Спартовыя акцыі — турніры (ад лыжных і шахматных да рыцарскіх), алімпіяды, спаборніцтвы з эўрапейскім калярытам. Можна абыгрываць найбольш папулярныя ў Эўропе віды спорту (камандныя гульні, гімнастыка, атлетыка, канькі, лыжы, фрыстайл).

Як арыгінальны від — папулярнае зараз стварэньне сьнегавых і ледзяных скульптураў (пакуль маразы) на эўрапейскія й беларускія тэмы.

Акцыі духовага зьместу — служэньні ў храмах, супольныя малітвы, хрысьціянскія сустрэчы, сумоўі й канфэрэнцыі.

Дабрачынныя акцыі — у шпіталях, інтэрнатах, дамах састарэлых, на вуліцах.

І, нарэшце, “палаючае сэрца” — вечаровая акцыя: моладзь выстройваецца ў форме сэрца (або кола эўрапейскіх зорачак) у знакавым месцы горада або перад шматпавярховікамі (лепш відаць і фатаграфаваць).

3. Апытаньне моладзі

Апытаньне — выніковая частка вашае акцыі “БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ!” — своеасаблівы замер настрояў моладзі ў вашым горадзе. Галоўнае пытаньне: “Якую будучыню для Беларусі вы выбіраеце?”

“Беларусь — сярод эўрапейскіх дзяржаваў”

“Беларусь — у складзе Расеі”

Але, разам з галоўным пытаньнем, у анкеты будзе ўнесены яшчэ шэраг рэчаў, якія нас цікавяць:

— стаўленьне да нацыянальных сымбаляў і роднай мовы

— стаўленьне да саюзных выбараў, рэфэрэндуму аб аб’яднаньні з Расеяй

— стаўленьне да валютаў (даляра, эўра, рубля)

— папулярнасьць маладзёвых арганізацыяў — ад МАЛАДОГА ФРОНТУ да БРСМ

— падтрымка палітычных партыяў на выбарах — ад мясцовых да парляманцкіх

— і некаторыя іншыя

Для таго, каб вынікі апытаньня было лягчэй падлічваць, рэкамэндуецца выкарыстоўваць колькасьць анкетаў, кратную 100 (100, 200, 500 і г.д.) Лепш за ўсё праводзіць апытаньні ў 5-7 розных кропках гораду (цэнтар, спальны раён, тусоўка, унівэрсытэт, тэхнікум, школа, проста вуліца) сярод моладзі розных узростаў і катэгорыяў: студэнтаў, навучэнцаў, рабочых, службоўцаў. Пажадана ўтрымліваць роўнасьць паміж хлопцамі й дзяўчатамі.

4. Улёткі

Першае. Рэклямовыя ўлёткі рэкамэндуецца рабіць у каляндарным стылі : А4 або А5, “Магілёў, 1 сакавіка — Дзень Эўропы” — так, каб улётка нагадвала вялікі лісток календара зь вялікай датай, месцам, часам і буйнымі лёзунгамі: “МАЛАДЫ ФРОНТ” і “БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ!”, можна пару эмблемаў. Наклад: з разьліку мінімум 1 улётка на 100 чалавек насельніцтва.

Другое. Дробныя (1/4 —1/8 А4) віншавальныя ўлёткі для ўдзельнікаў і зацікаўленых: нешта кшталту візытовачак з абавязковымі кантактамі мясцовага МАЛАДОГА ФРОНТУ. “Віншуем з Днём Эўропы ў Плешчаніцах!”, “МАЛАДЫ ФРОНТ — БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ!”

5. Інфармацыя

!!! Інфармацыйны аспэкт у кампаніі “БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ!” будзе вырашальным! Наколькі шмат людзей даведаюцца пра нашую кампанію праз акцыі, СМІ й віншаваньні — настолькі й моцныя настроі аптымізму, беларускасьці, эўрапейскае пэрспэктывы будуць у грамадзтве на бліжэйшыя часы. Толькі моладзь, МАЛАДЫ ФРОНТ, толькі мы з вамі можам даць такі зарад усёй краіне!

Таму — чатыры галоўныя правілы працы зь інфармацыяй пад час кампаніі “БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ!”:

1.РАБІЦЕ ДОБРУЮ РЭКЛЯМУ АКЦЫЯМ!

Не шкадуіце сілаў і сродкаў на ўлёткі, апавяшчэньні й віншаваньні! Зацікаўлівайце, заахвочвайце людзей, стварайце ажыятаж вакол 14 лютага і Дня Эўропы ў вашым горадзе! Паведамляйце паболей інтрыгоўных падрабязнасьцяў, пусьціце чуткі (будуць эўра раздаваць!!!) і г.д. падыміце ўсіх мясцовых нефармалаў, і г.д.

2.УВЕСЬ ЧАС ПРАЦУЙЦЕ З ЖУРНАЛІСТАМІ!

Абавязкова папярэдзьце ўсіх мясцовых журналістаў (у тым ліку дзяржаўных газэтаў і, канечне, фотакораў) пра вашыя акцыі і імпрэзы — лепш асабіста, чым праз тэлефонны абзвон. Перад акцыяй і пасьля яе растлумачце прэсе ўсё, што вы хочаце зрабіць — інакш вас могуць ня так зразумець, і потым увесь горад будзе недаўмяваць разам з журналістамі.

Самае галоўнае: пасьля таго, як акцыя адбылася тэлефануйце як мага большай колькасьці журналістаў (гл. “Аркуш кантактаў!”). Калі можаце, адсылайце інфармацыю e-mailам ці факсам. Калі не — проста тэлефануйце й паведамляйце пра вынікі акцыі й апытаньня. НЕ ЧАКАЙЦЕ ЗВАНКОЎ ЗЬ МЕНСКУ! Дзень Эўропы ў вашым горадзе — гэта ваш дзень у эфіры й на газэтных палосах!

3. ІНФАРМУЙЦЕ МЕНСК!

Тэлефануйце ў Менск па найбольш важных аспэктах, пытаньнях — і, канечне, давайце інфармацыю аб зьдзейсьненых акцыях!

Прэс-служба МАЛАДОГА ФРОНТУ
Тэлефон: 130-72-47.

Мы адразу распаўсюдзім вашыя наівны на паў-сьвету: у беларускія, расейскія, эўрапейскія выданьні, міжнародныя структуры й Інтэрнэт.

4. ДАСЫЛАЙЦЕ E-MAILы, ФОТА І ВІДЭА!

Вельмі важныя наглядныя матар’ялы аб вашых акцыях, на 14-е й Дзень Эўропы — у першую чаргу фотаздымкі. Своечасова адпраўленыя праз інтэрнэт, экспрэс-почту, ці кур’ера фоткі трапляюць на першыя палосы газэтаў! (прычым ня толькі беларускіх, але й замежных). Яшчэ лепш — прэс-рэлізы й паведамленьні праз e-mail. І сучаснасьць (газэты), і гісторыя (архівы) вымагаюць ад нас з вамі якасных фотаздымкаў і відэахронікаў!