Кампанiя Маладога Фронту “Зрабi Прэзыдэнта!”


ЗРАБІ ПРЭЗЫДЭНТА – ГАЛОЎНЫ ДЭВІЗ ПЕРАДВЫБАРЧАЕ КАМПАНІІ

Беларусь, 2001 год. Ты сядзіш і чытаеш газэту – вельмі хочацца ведаць, калі, нарэшце, у краіне скончыцца гэты калгас. Дастала. На пытанне “Хто вінаваты?” ў сёньняшняй Беларусі, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, можна не адказваць: усе у курсе, хто. Ну, а раз з гэтым поўная яснасьць, то пытацца “Што рабіць?” і ўвогуле залішне. Вядома, што: ЗРАБІ ПРЭЗЫДЭНТА!

ХТО ЗРОБІЦЬ ПРЭЗЫДЭНТА

У прынцыпе, зрабіць прэзыдэнта – справа элемэнтарная. У два прыёмы. Робіш раз – ідзеш на выбарчы ўчастак і устаўляеш у скрыню бюлетэнь. Робіш два – пасьля абвяшчэньня вынікаў выходзіш на плошчу і патрабуеш ПРАЎДЫ. Сотні тысячаў маладых ужо даўно гатовыя гэтак зрабіць – справа толькі за арганізацыяй, агульнабеларускім рухам, які падыме маладзёвае галасаваньне і павядзе за сабою моладзь на вуліцах.

Увогуле, зрабiць прэзыдэнта пад сілу толькі ўсяму маладому фронту – 1,5 –мільённаму пакаленьню выбаршчыкаў 18-30 гадоў. Толькі мабілізаваная адзіным фронтам моладзь, самы актыўны й дынамічны, ударны корпус грамадзтва, генэрацыя 70-х–80-х гадоў нараджэньня, зможа супрацьстаяць рэжыму, даць ад 20 да 30% галасоў за дэмакратычнага кандыдата па ўсёй краіне і адстаяць перамогу на плошчах.

Малады Фронт – таму што менавіта моладзі заўтра ў Беларусі жыць. Малады Фронт – таму што рэжым старэе, і сёньня толькі моладзь, уся разам, можа разам сказаць “НЕ!” саўковай дыктатуры і “ТАК!” незалежнай, дэмакратычнай, эўрапейскай дзяржаве. Фронт – таму што рэжым ужо здорава акапаўся, аброс умацаваньнямі, рэзэрвамі ды арсэналамі. Паўсюдны Малады Фронт – бо рабіць прэзыдэнта трэба будзе на вуліцы й дома, у кіно і на працы, на мітынгу і за сталом, у Менску і ў апошняе вёсачцы. Малады Фронт – гэта вобраз дзеяньня, галоўная ідэя і генэральная стратэгія перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах 2001г.

Калі ты ўзяўся рабіць прэзыдэнта – пачынай з самога сябе. У хвіліны размоваў, раздачаў, сустрэчаў ты сам мусіш быць ягоным вобразам. Ты мусіш мець гэткую ж разважлівасьць і стрыманасьць, такую ж спакойную сілу, якую табе хацелася б бачыць у лідэра Беларусі. Ты мусіш усьміхацца, адкрыта глядзець у вочы і любіць усіх гэтых людзей – толькі тады твае простыя словы будуць пераварочваць душы. Зьбяры ўсё самае лепшае, што ў табе ёсьць – з гэтага можна зрабіць прэзыдэнта.

ШТО ТЫ МОЖАШ

Ты можаш зрабіць прэзыдэнта, зьбіраючы подпісы за дэмакратычнага кандыдата. Табе будуць адчыняцца дзьверы кватэраў, тайны маленькіх замкнёных сьветаў, чалавечыя лёсы і сэрцы; ты на ўласныя вочы пабачыш народ – ужо тады, калі мноства твараў пачнуць зьлівацца ў вобраз сярэдняга выбаршчыка. Ты будзеш бачыць, як растае атупелая безнадзёга, сыходзіць няпэўнасьць, боязь і злосьць, як новы прэзыдэнт за колькі хвілінаў робіцца добрым сябрам сям’і і асабістым знаёмым тваіх суразмоўнікаў. Ты пачуеш, як сказанае пра рэжым перарастае ў тысячагорлы рокат, а фронт прозьвішчаў і подпісаў выстройваецца ў твой батальён, гатовы да штурму – і тады, на выхадзе з пад’езду, праветранага свабодай і надзеяй, ты наапошак ветліва папярэдзіш пэнсыянэрак на лаўцы: “Ну што, галасуем за новага!”.

Ты можаш зрабіць прэзыдэнта, стаўшы на выбарах назіральнікам. У дзень галасаваньня, з самае раніцы, ты разам з некалькімі калегамі будзеш пільнаваць за наведнікамі ды скрынямі. Перад табою пройдзе ўвесь вызначальны рух, і пад тваім настойлівым позіркам камісія проста ня здолеее анічога схімічыць. Самы азарт захопіць, калі надыдзе падлік – ты адным зь першых убачыш, хто ж прэзыдэнт тут, у навакольных кварталах.

Ты можаш зрабіць прэзыдэнта з паўслова ў сяброўскай размове за півам, калі ў гаворцы ледзь-ледзь усьпеніць палітыка; у тралейбусе, зьлёту схапіўшы чыю-небудзь сацыяльную рэпліку і распластаўшы тэму па поўнай праграме; на працы, пасьля хвілінкі прыцэлу, фугаснай адповедзьдзю ў надаедлівую радыёкропку. Ты можаш зрабіць прэзыдэнта, зарадзіўшы ўсе паштовыя скрыні ў радыюсе ста мэтраў ад ўласнага дому ўлёткавай агітацыяй ці буклетамі, сустрэць яго залпам надпісаў і трафарэтаў на сьценах блтжэйшых дамоў, альбо разграміць плякатны партрэт дыктатара бранябойнай налепкай, бахнутай проста ў лоб.

І вось, твой двор з прылеглымі завулкамі наўсьцяж абклееены каляровымі плякатамі новага, на дзьвярох кватэраў – прычэпленыя да ручак абвесткі: “засталося столькі й столькі: час выбіраць!”; усе сваякі ды суседзі ў курсе, а закаханыя на лавачках замест надвор’я гавораць пра апошнюю заяву Дзярждэпартамэнту. Словам, увесь народ так і чакае хвалюючых ды вырашальных падзеяў – і толькі адна баба Проня, лукашыстка з трэцяга пад’езду , роспачна азіраецца сярод такога ажыятажу:
–Што ж гэта робіцца?!
ГЭТА РОБІЦЦА ПРЭЗЫДЭНТ.

ВЫГАВОРВАЙЦЕ “Р”!

“Зрабі прэзыдэнта”. Выгаворвайце “р”! Мы ня мусім яго “забіць”. Нам трэба ЗРАБІЦЬ ЯГО — з шыкам, бляскам і сьмехам, дружна й эфэктна
зрабіць так, каб бачылі ўсе, каб за новага прэзыдэнта галасавала уся краіна.
Мы доўга чакалі і думалі. Усё, трэба рабіць.
Дастала! 7 гадоў калгасу – хопіць.
Яшчэ 5 гадоў, і ён угробіць краіну зусім.
Усе рэжымы рана ці позна рухнуць. Мы стараемся, каб раней.
Моладзь – гэта ўжо іншыя людзі. Маладыя выберуць новага.
Ды ня толькі моладзь, інтэлігенцыя ці прадпрымальнікі – нават бабулі й міліцыянты ўжо ўсё зразумелі.
Трэба нармалёвага прэзыдэнта – гэты жа хворы.
Абскандаліўся, перасварыўся з усім сьветам, нават з Расеяй!
Зробім так, як Мілошавіча!
Усё, баця ў пралёце. Мы маладыя, нас больш, і МЫ ЯГО ЗРОБІМ!

Наша задача — зрабіць гэты рэжым там, дзе ён не чакае, не пасьпявае, дзе ён слабы. У сфэры інтэлекту, у часе — мы маладыя, сталеем, а ён старэе! — і, урэшце, у ДУХУ. Суцэльны малады фронт у чатах і аськах. Вынаходлівыя налепкі, што паражаюць напавал. Дасьціпныя шоў з выбуховым эфэктам сьмеху. Кампутаровыя тэхналёгіі апрацоўкі мільённых базаў зьвестак. Раптоўныя налёты й віртуальныя дывэрсыі на ўсіх паверхах грувасткае, заіржавелае саўковае матрыцы.

Мы мусім зрабіць рэжым і там, дзе ён упэўнены ў сваёй сіле, у тым, на чым ён трымаецца. Размова па душах зь міліцыянтам, які афармляе на цябе пратакол, з канвойным, які вязе цябе на Акрэсьціна, з чыноўнікам, які не дае дазволу — гэта падрыў фундамэнтальных апораў рэжыму. Улёткі ў дзяржаўных установах і лятучыя акцыі ля самых іхніх дзьвярэй — гэта сапраўдны ўдар пад дых. А бел-чырвона-белы сьцяг па-над дахамі — гэта адкрыты сыгнал і выклік : “Горад—НАШ!”

ПЕРАМОГА ДУХУ

Зрэшты, галоўнае — не тэхналёгія. Самае важнае — перамагчы гэты рэжым у духу. Адказаць на іхні страх нашай воляй. Ісьці скрозь іхнюю нянавісьць і захапляць душы любоўю. Супрацьпаставіць хлусьні адкрытую праўду, а рабству — прагу свабоды. У нашым жыцьці дабро перамагае зло — інакш ня варта было б і жыць. Бог дасьць нам перамогу, калі МЫ САМІ будзем гатовыя да яе.

У тваіх сілах зрабіць такога прэзыдэнта, які табе патрэбны: нармалёвага дзядзьку, без хамства й псыхапатыі, класнага гаспадарніка, а не дырэктара дабітага саўгасу, прыстойнага субяседніка, а не адстойнага скандаліста, моцнага мужыка, што ўмее трымаць удар, а не кідаецца ў панічную гістэрыку. Свайго, дамашняга, спакойнага й годнага. Таго, хто дамовіцца і з тымі, і з гэтымі, хто дасьць прадпрымальнікам зарабляць, а студэнтам вучыцца, ТБМ — культывававаць мову, сацыял-дэмакратам — адстойваць правы рабочых, журналістам — пісаць праўду, а Маладому Фронту — будаваць будучыню. Прэзыдэнта, які не забівае, не крадзе, ня блудзіць і ня хлусіць. Не “праваслаўнага атэіста” бяз роду-племені, а чалавека, які сапраўды адчувае родную зямлю пад нагамі й Госпада Бога па-над сабой.

Ёсьць абсалютна прынцыповыя рэчы, якія робяць чалавека сапраўдным прэзыдэнтам эўрапейскае дзяржавы.

Сапраўдны прэзыдэнт — гэта сумленнасьць і прыстойнасьць ува ўсім, да апошняе драбніцы ў працы, да астатняе рысы ў біяграфіі.
Сапраўдны прэзыдэнт — гэта ўменьне трымаць сваё слова і быць вышэй за сваркі, звады ды асабістасьці. Быць Прэзыдэнтам!
Сапраўдны прэзыдэнт — гэта любоў да свайго народа — да кожнага грамадзяніна! Гэта любоў да сваёй зямлі, традыцыяў, мовы.
Сапраўдны прэзыдэнт — гэта вера не ў Расею ці ўласную беспакаранасьць, а ў Бога — вера, якая дае найвышэйшыя, самыя дасканалыя духовыя арыентыры. Такі прэзыдэнт здольны спачуваць і натхняць, дараваць і цярпець — і ўвесь час памятаць, што за кожны крок, кожнае слова, кожную справу свайго прэзыдэнцтва давядзецца адказваць перад Госпадам. У рэшце рэшт, любы прэзыдэнт, які бярэцца збавіць Беларусь, мусіць ведаць, як Ісус Хрыстос збавіў усё чалавецтва.

Зрабіць прэзыдэнта… Цяпер ты ўжо верыш, што гэта магчыма? Вера вызваляе ад страху, рабства і сумятні. Ты ўжо бачыш, што хтосьці імкнецца перамагчы. Ты ўжо спадзяесься, што гэта атрымаеццаа. Ты вельмі хочаш, каб гэтае адбылося… Цудоўна. Але, як кажа Біблія — што такое вера бязь дзеяў? Сапраўдная вера РОБІЦЬ.

Пачынай проста зараз. Цяпер, у 2001-м, у гэтую весну, ты дакладна можаш зрабіць штосьці вельмі важнае — для сябе, сваіх блізкіх і сваёй краіны. Зрабіць тут і цяпер, не адкладваючы. Ты можаш дапамагчы.

ЗРАБІ ПРЭЗЫДЭНТА!

Павал Севярынец
Акрэсьціна, 7-9 красавіка