Гісторыя


Герб Маладога Фронту«Малады Фронт»«МФ»  — міжнародны моладзевы рух беларускай моладзі. Зьяўляецца найбуйнейшай моладзевай дэмакратычнай арганізацыяй Беларусі.

Малады Фронт быў заснаваны ў 1997 годзе, увабраўшы ў сябе арганізацыйна не аформлены рух незалежніцкай моладзі, аб’яднаўшы ў сваіх шэрагах дзясяткі моладзевых ініцыятываў і арганізацыяў. З таго часу Малады Фронт прайшоў шэраг ступеняў свайго разьвіцьця, эвалюцыянаваўшы з пратэстнага руху 1996—1997 гадоў у правацэнтрысцкі паводле палітычнай ідэалёгіі моладзевы рух.

  • I Зьезд МФ адбыўся 6 верасьня 1997 году, Сустаршынямі Маладога Фронту абраныя — Павал Севярынец (Менск), Сяржук Паўленка (Горадня), Алесь Асіпцоў (Магілёў).
  • II Зьезд МФ, 10 лютага 1999, абраў Старшынём руху Паўла Севярынца.
  • III Зьезд, 1 ліпеня 2000, пераабраў Паўла Севярынца старшынём МФ, прыняўшы праграму: «Малады Фронт Пераменаў», заклаў у ідэялагічны падмурак арганізацыі хрысьціянскія прынцыпы і нацыянальную ідэю.
  • IV Зьезд, 19 чэрвеня 2002, пераабраў Паўла Севярынца Старшынём МФ.
  • V Зьезд МФ адбываўся ў дзьве сэсіі, 23 траўня 2004 году і 23 студзеня 2005, абраў Сустаршынямі Маладога Фронту Сяржука Бахуна і Зьмітра Дашкевіча.
  • VI Зьезд МФ, 9 сакавіка 2008, прыняў абноўленую стратэгію дзейнасьці МФ «Рэфармацыя Маладога Фронту», паводле якой рух выйшаў са складу АДС. Зьезд абраў Старшынём МФ Зьмітра Дашкевіча.

Малады Фронт мае ў сваіх шэрагах каля 1000—1500 актывістаў. Дзяржаўныя ворганы ацэньвалі агульную колькасць актывістаў у Менску ў 50 чалавек (на 2006 год). Актывісты МФ аб’яднаныя ў Абласныя і Раённыя Рады МФ. Вышэйшы ворган Маладога Фронту — Зьезд, які адбываецца не радзей аднаго разу на два гады. Паміж Зьездамі арганізацыяй кіруе Сойм і Ўправа Маладога Фронту.

Малады Фронт уваходзіць у шэраг палітычных моладзевых міжнародных арганізацыяў, такіх як European Democrat Students (EDS, па-беларуску: Эўрапейскія Дэмакратычныя Студэнты) і Youth of the European People’s Party (YEPP,па-беларуску: Моладзь Эўрапейскай Народнай Партыі), мае партнэрскія стасункі з роднаснымі арганізацыямі Украіны, Швэцыі, Летувы, Польшчы й іншых краінаў.

З 1997 году «Малады Фронт» разгарнуў пастаянную грамадзка-палітычную кампанію «Горад наш!» (90% беларускай моладзі і 70% насельніцтва жывуць у гарадох). У знакавыя даты й напярэдадні важных падзеяў маладафронтаўцы масава ўздымаюць па-над дахамі бел-чырвона-белыя нацыянальныя сьцягі па усёй Беларусі. Акцыі «Горад наш!», падчас якіх было вывешана больш за 2000 сьцягоў, праходзілі практычна ва ўсіх гарадох Беларусі.

У выніку актыўнае і пасьпяховае дзейнасьці ўжо ў 1999 годзе «Малады Фронт» мае рэйтынг вядомасьці сярод моладзі — 10,8%, саступаючы толькі праўладным БПСМ (48,3%) і БСМ (25%).

У 2000 годзе, падчас парлямэнцкіх выбараў, «Малады Фронт» правеў кампанію байкоту пад назвай: «Вырабы» — высьмейваньне выбарчага фарсу па-лукашэнкаўску.

Малады Фронт у перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніі 2001 году выступіў арганізатарам Кангрэсу Беларускай Моладзі, у якім прыняла ўдзел больш за 520 дэлегатаў з усяе Беларусі, і ініцыяваў падпісаньне адмысловага Пагадненьня паміж адзіным кандыдатам ад апазіцыі і моладзьдзю. Падчас кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году «Малады Фронт» стаў рашаючай сілаю ў мабілізацыйнай кампаніі «Выбірай!». За час выбарчай гонкі «Малады Фронт» правёў звыш 1100 акцыяў больш чым у 120 гарадох і мястэчках Беларусі.

24 верасьня 2001 году «Малады Фронт» распачаў беспрэцэдэнтную варту ў Курапатах, пратэстуючы супраць разбурэньня нацыянальнага нэкропалю пры будаўніцтве Менскай кальцавой дарогі. Больш за 120 актывістаў «Маладога Фронту» сталі асноваю 8-месяцовай бесьперапыннай «Абароны Курапатаў», якая аб’яднала дэмакратычнае грамадзтва й завершылася перамогаю моладзі.

Улетку 2002 году беларускі штотыднёвік «Наша Ніва» правёў апытаньне сярод сямі беларускіх палітолягаў і журналістаў з прапановай ацаніць дзейнасьць палітычных сілаў Беларусі ад верасьня 2001 да траўня 2002 году. У агульным выніку па суме балаў за эфэктыўнасьць дзейнасьці «Малады Фронт» увайшоў у першую пяцёрку, саступіўшы толькі Адміністрацыі Лукашэнкі, парлямэнту, партыям БСДП (НГ) і АГП.

Паводле зьвестак Балтыйскай службы Інстытута Гэлапа за кастрычнік 2002 году, рэйтынг «Маладога Фронту» сярод усяго насельніцтва Беларусі складаў 6,3%, а сярод моладзі 18—30 гадоў — 14% — пры тым, што ўсе палітычныя партыі маюць ад 0,5% да 5% папулярнасьці, а «каэфіцыент страху» ў грамадзтве вельмі высокі.

Сябры Маладога Фронту прымалі ўдзел і перамагалі на некаторых акругах на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў2003, удзельнічалі ў выбарах у Палату Прадстаўнікоў 2004 году. Заснаваны Маладым Фронтам блёк «Маладая Беларусь» уваходзіў у Стала Дзеючую Нараду дэмакратычных палітычных партыяў, а потым у АДС (Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы).

Актывісты «Маладой Беларусі» сабралі больш за 40 тысячаў подпісаў у сваю падтрымку і сталіся асноўнаю сілаю, якая супрацьстаяла правядзеньню Лукашэнкам трэцяга рэфэрэндуму. Падчас абвяшчэньня Лукашэнкам намеру зьмяніць Канстытуцыю «Малады Фронт» арганізаваў акцыю пратэсту на плошчы Кастуся Каліноўскага, за якую адзін зь лідэраў «Маладога Фронту» і «Маладой Беларусі», Зьміцер Дашкевіч, быў арыштаваны і асуджаны да 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Адзін жа з заснавальнікаў «Маладога Фронту», лідэр «Маладой Беларусі», Павал Севярынецбыў асуджаны да трох гадоў г. зв. «хіміі» за арганізацыю акцыяў пратэсту ў дзень правядзеньня рэфэрэндуму і на наступны дзень пасьля яго.

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году «Малады Фронт» быў адным з арганізатараў масавых акцыяў супраць фальсыфікацыяў вынікаў галасаваньня, а таксама «намётавага мястэчка» на пляцы Кастуся Каліноўскага з 20 па 24 сакавіка 2006 году.

У чэрвені 2006 году маладафронтаўцы, выступаючы супраць крымінальнага перасьледу актывістаў сваёй арганізацыі, распачалі моладзевую галадоўку, якая сталася адной з самых працяглых і самай масавай грамадзка-палітычнай галадоўкаю. Доўжылася яна 24 дні з удзелам болей чым 100 маладафронтаўцаў.

Шэраг актывістаў і лідэраў Маладога Фронту ўвайшлі ў Арганізацыйны камітэт па заснаваньні партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя.

У 2008 годзе маладафронтаўцамі быў праведзены шэраг пасьпяховых агульнанацыянальных кампаніяў. У межах грамадзкай кампаніі «Беларускую кнігу дзецям!» маладафронтаўцы сабралі некалькі тысячаў беларускамоўных выданьняў, якія былі перададзены ў дзіцячыя дамы Менску й іншых гарадоў Беларусі. Таксама на патрэбы дзіцячых дамоў і школаў-інтэрнатаў пайшлі сабраныя рэчы й грошы на Калядным фэсьце «Сьпяшайцеся рабіць дабро!», у якім прымалі ўдзел вядомыя музыкі, грамадзка-палітычныя дзеячы.

З 7 лістапада па 10 сьнежня 2008 года Малады Фронт правёў кампанію «Камунізм пад трыбунал!», якая завершылася аднадзённым пастом. У межах кампаніі МФ арганізаваў дзесяткі антыкамуністычных пікетаў і інфармацыйных акцыяў па ўсёй Беларусі, правёў шырокае навукова-грамадзкае паседжаньне пад назовам “Злачынствы камуністычнае ідэалёгіі. Лічбы й факты.

У 2008 годзе падчас маладафронтаўскай кампаніі «МТС па-беларуску!», якую распачаў салігорскі блогер, неабыякавыя людзі накіравалі шэраг папяровых і электронных лістоў у галоўны офіс прадстаўніцтва кампаніі МТС у Беларусі. Пазьней актывісты перадалі ў галоўны офіс кампаніі каля 2,5 тысяч подпісаў за беларусізацыю IVR-плятформы МТС. У выніку ў слухаўках абанентаў МТС зьявілася галасавая інфармацыя па-беларуску.

У 2009 годзе 6 верасьня Малады Фронт адзначыў сваё 12-годзьдзе. Да гэтай падзеі была выдадзена кніжка “Маладафронтаўцы”.

У студзені 2010 г. Малады Фронт сумесна зь іншым арганізацыямі стварыў моладзевую кааліцыю “Новае Пакаленьне“, якая налічвае 9 моладзевых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі.

У 2010 годзе маладафронтаўцы ініцыявалі стварэньне кампаніі “Сыходзь!”, з патрабаваньнем сыходу Лукашэнкі з прэзыдэнцкай пасады й правядзеньня дэмакратычных выбараў. 19 сьнежня ў Менску дзясяткі тысяч чалавек крыкам “Уходи!” (“Сыходзь!“) сьведчылі пра хуткае падзеньне таталітарнага рэжыму і наганялі страх на Лукашэнку.

У сакавіку 2011 НІСЭПД (Незалежны Інстытут Сацыялягічна-Эканамічных і Палітычных Дасьледаваньняў)  канстатаваў аб павялічэньні рэйтынгу МФ у грамадзтве з 47 да 54%.  Маладафронтаўцы, такім чынам за дзесяць гадоў дваццаць першага стагодзьдзя здолелі узьняць сваю вядомасьць сярод беларусаў з 6-14% (як у 1999-2002 гг) да 54%.

 

«Малады Фронт» зьяўляецца лідэрам палітычнага вулічнага супраціву, арганізоўваючы дзясяткі вулічных акцыяў штогод. Найбольш вядомая зь іх — традыцыйная акцыя на «Дзень сьвятога Валянціна». За часы свайго існаваньня Малады Фронт правёў дзясяткі агульнанацыянальных грамадзка-палітычных кампаніяў, самыя вядомыя зь якіх: «Акцыя Любові», «Горад Наш!»,  «Шоў Беларушчыны», «Камунізм пад трыбунал!», «Беларускую кнігу дзецям!», «Калядны Фэст».

[ МФ цяпер ] 
[ Нашыя акцыі ] 
[ Нашыя навіны ] 
[ Як Гэта Робіцца ] 
[ Маладафронтаўцу ]