Нашыя дні


Маладафронтаўская дзейнасьць у нашыя дні грунтуецца на гістарычных традыцыях беларускага моладзевага руху нацыянальнага адраджэньня.

Першай ды найважнейшай задачай нашае дзейнасьці ёсьць вызваленьне палітвязьняў. Не магчыма размаўляць пра правы чалавека, зьмены заканадаўства, дэмакратыю альбо нейкія перамовы, калі ў закладніках у тэрарыстычнага рэжыму Лукашэнкі — дзесяткі патрыётаў Беларусі, каторыя адкрыта выступілі супраць дыктатуры

 

“Я не дазволю ў Беларусі дзейнасьці такіх арганізацыяў, як Малады Фронт і Зубр”, — заяўляў Аляксандр Лукашэнка на Радзе Бясьпекі РБ 28 верасьня ў 2004 годзе.

Цяпер мы бачым: Малады Фронт жыве, а час Лукашэнкі — адыходзіць.

 

Жаданьне пераменаў!

Юнацкі максымалізм надае нам яшчэ больш натхненьня, імпэту ды сілаў да дзейнасьці. Магчыма, ня ўсё атрымаліваецца. Але на тое мы й маладыя — мы вучымся. Арганізацыя ўдасканальваецца, рухаецца, нібы жывы арганізм, зьбіраецца досьвед — карысны ў будучыні на любой прафэсіі.

Вядома, ва ўмовах рэпрэсіяў з боку рэжыму, цяжка ня мець стратаў. Губляецца многае: матэрыялы падчас вобшукаў, кантакты актывістаў падчас затрыманьняў, вольны час… Аднак застаецца юнацкі запал, атрыманы досьвед ды прага лепшай будучыні для сваёй краіны. Жаданьне дзейнічаць на карысьць Краіны здольнае перадолець усе перашкоды, апроч хіба што абыякавасьці ды банальнага нежаданьня.

Жадаеш зьменаў у краіне? — Адкажы на простыя пытаньні: што зрабіў ты? ці дастаткова гэтага?

Як паказвае практыка, нават калі амапаўцы вывозяць у лес, рэжуць джынсы ды адбіраюць тэлефон — можна дабрацца да паплечнікаў. Пры арышце старшыні гарадзкой філіі МФ — можна й безь яго сабраць актывістаў. У незнаёмым горадзе — можна адразу з вакзалу праз гутаркі з моладзьдзю далучыць да мясцовага МФ новых актывістаў, без ведама астатніх 🙂

Нацыянальная ідэя яднае нас у адзіны фронт, каторы рухаецца, нягледзячы на пагрозы, арышты ды страты. Хтосьці далучаецца да Маладога Фронту на тыдзень, нехта — на дзесяць гадоў. Кожны знаходзіць штосьці сваё, атрымлівае каштоўны досьвед і спаталяе жаданьне дзейнічаць.

 

Маладафронтаўская традыцыя

Многія маладафронтаўскія суполкі маюць асобныя адзьдзелы: вулічны, культурніцкі, інфармацыйны, праваабарончы і гд. Вельмі часта падзел такі зьяўляецца толькі фармальным, аднак адказныя людзі каардынуюць адпаведную працу ў горадзе, вобласьці, краіне. Раз (альбо два) на тыдзень у гарадзкой суполцы МФ зьбіраецца ўправа для абмеркаваньняў вынікаў дзейнасьці ды плянаў на бліжэйшы тыдзень. Рэгіянальную працу каардынуюць соймы ды зьезды, а разам зь імі skype-гутаркі праз Інтэрнэт.

 

Будзь разам з намі! Беларусь чакае Цябе!

Самае горшае, што цяпер можна рабіць — бязьдзейнічаць. Самае дрэннае, што зараз можна адчуваць — абыякавасьць да навакольнага. Самае няправільнае, што можна казаць, — зьневажаць дзейнасьць іншых прыхільнікаў пераменаў у Беларусі.

 

Хопіць чакаць — дзейнічай!

Каб далучыцца да дзейнасьці Маладога Фронту неабходна любіць Беларусь і не шкадаваць высілкаў для дзейнасьці на карысьць Бацькаўшчыны.

Стварайце мясцовыя суполкі Маладога Фронту у сваім горадзе, раёне, двары; праводзьце акцыі, рабіцеся мясцовым лідэрам сярод моладзі і удзельнічайце ў агульнанацыянальнай дзейнасьці Маладога Фронту.

Каб быць прыкладам для аднадумцаў і мець давер паплечнікаў зь іншых рэгіёнаў Беларусі, дасылайце інфармацыю аб мясцовых мерапрыемствах на press.mfront[at]gmail.com. Аб вашай дзейнасьці даведаюцца тысячы неабыякавых да лёсу Беларусі людзей. Агалоска праблемы, акцыі або ініцыятывы заўсёды дапамагае яе правядзеньню.

Нішто ня спыніць дух беларускага адраджэньня! Але ніхто ня дасьць вам дакладнага рацэпту, што рабіць і як дзейнічаць. Толькі мы самі можам быць гаспадарамі свайго жыцьця і браць адказнасьць за праблемы і посьпехі ў нашым жыцьці, сваім горадзе або ў роднай краіне.

[ Гісторыя Маладога Фронту ] 
[ Нашыя акцыі ] 
[ Нашыя навіны ] 
[ Як Гэта Робіцца ] 
[ Маладафронтаўцу ]