МФ-Горадня: штраф 70 (!) базавых велічыняў на дваіх

МФ-Горадня: штраф 70 (!) базавых велічыняў на дваіх

Горадзенскіх маладафронтаўцаў Алеся Кіркевіча і Вераніку Велігор аштрафавалі на 1 575 000 руб. і 875 000 руб. адпаведна паводле артыкулу 23.34 КоАП РБ — “арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства”. Судовая бюракратыя пры гэтым зблытала ўсё, што толькі мажліва…

Такое рашэнне Суд Ленінскага р-ну г. Горадні вынес на сваім завочным паседжанні 27 кастрычніка маладафронтаўцам адносна усё таго ж затрымання у ноч на 17 верасня з агітацыйнай прадукцыяй да “маўклівай серады”. Кіркевіч і Велігор ужо былі пакараныя з гэтай нагоды штрафамі ў памеры 10 б.в. (350 тыс. руб.) на кожнага за “парушэнне правілаў добраўпарадкавання населеных пунктаў”.

У дадзенай справе бачны адразу шэраг непрыхаваных парушэнняў: згодна пастанове, маладафронтаўцы двойчы не з’явіліся па вызаву ў суд (хаця ніхто з іх належных папераў не атрымліваў). Больш за тое: аказваецца, што Кіркевіч і Велігор “падпадалі прымусоваму прываду ў суд”, аднак “згодна рапартоў супрацоўнікаў міліцыі выходзіць, што здзейсніць прывад не падаецца мажлівым”.

Далей — цікавей. Прысуд, вынесены 11 лістапада, як вядома, можа быць абскарджаны ў дзесяцідзённы тэрмін. Таму “тытаны беларускай юрыспрудэнцыі” зноўку пайшлі на хітрасць — ліст аказаўся ў скрыні Кіркевіча акурат… 21 лістапада. Пэўна гэта выпадковасць.

Аднак самае цікавае — напрыканцы. Пастанова суда, датаваная 11 лістапада, была ўкладзеная ў капэрту, якая прайшла пошту… 10 лістапада.Без каментароў.

Няма сумненняў, што прысуд — палітычны, бо суддзя В.К.Ляцко судзіў гэтай вясной Анджэя Пачобута. Сам В.К.Ляцко ў свой час зрокся свайго бацькі, беларускамоўнага выкладчыка Горадзенскага Ўніверсітэту.

 

 

Падзяліцца:

Каментары