МФ наведаў славутыя мясціны Глыбокага

МФ наведаў славутыя мясціны Глыбокага

Дзесяць актывістаў Маладога Фронту наведалі Глыбокае. “Наш цудоўны горад не агледзіш цалкам і за дзень, таму за дзве з паловай гадзіны я паказаў гасцям невялікую частку глыбоцкіх славутасцяў,” — апавядае глыбоцкі краязнаўца Кастусь Шыталь.

Актывісты МФ наведалі месцы, звязаныя з памяццю вядомых жыхароў Глыбоччыны — вайскоўца і мецэната Язэпа Корсака, навукоўца і палітыка Вацлава Ластоўскага, архітэктара і стваральніка нацыянальнага сцяга Клаўдзія Дуж-Душэўскага, стваральніка беларускага тэатра Ігната Буйніцкага.

На могілках Копцеўка маладафронтаўцы пабачылі магілы польскага памежніка Паўла Пальчынскага, які загінуў 17.09.1939 у баі з Чырвонай арміяй, вязня сталінскіх лагераў, сябры падпольнага Саюза беларускіх патрыётаў Альберта Бацяноўскага, каталіцкага святара Антонія Зянкевіча, які ў 1920-я ўдзельнічаў у беларусізацыі Касцёла.

Таксама маладафронтаўцы спусціліся ў сутарэнні сабора Раства Багародзіцы, колішняга касцёла кармелітаў босых, а з вежы сабора агледзелі панараму Глыбокага. Наведалі царкавішча, месца барочнай грэка-каталіцкай царквы ў прадмесці Беразвечча, па якім праходзіць мураваная агароджа калоніі №13, дзе адбываў пакаранне лідар Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч.

Каля касцёла святога Іллі на могілках Копцеўка, на пагорку, з якога адкрываецца прыгожы погляд на Глыбокае, маладафронтаўцы сталі ў кола і праспявалі нацыянальны гімн “Магутны Божа”, ды сфатаграфаваліся са сцягам арганізацыі.

Маладафронтаўцы ў Глыбокім. Фота Кастуся Шыталя

Маладафронтаўцы ў Глыбокім. Фота Кастуся Шыталя

Крыніца: Facebook Кастуся Шыталя


Падзяліцца:

Каментары