Маладафронтаўцы распачынаюць збіранне подпісаў за Беларускі нацыянальны ўніверсітэт

Маладафронтаўцы распачынаюць збіранне подпісаў за Беларускі нацыянальны ўніверсітэт

Беларускамоўны ўніверсітэт нясе сабой карысьць. Ён дазволіць захаваць частку таленавітай моладзі, якая з’язджае за мяжу. Але ёсць і іншыя эканамічныя паказчыкі, якія ўзрастуць дзякуючы ўніверсітэту. І ўсё ж мы не пра тое. Галоўнае, што бачыць МФ — паступовае ўзмацненне незалежнасці Беларусі. Што цягне за сабой як эканамічны, гэтак і сацыяльны дабрабыт.

Таму Малады Фронт пачынае збіранне подпісаў за стварэнне Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта. Няма сэнсу ўлазіць у бясконцыя спрэчкі на гэтую тэму. Бо ў дадзеным выпадку апанент з’яўляецца шматгаловай Гідрай. Адсякаеш адзін аргумент, вырастае два новых. Мы прыхільнікі мультыкультуралізму. Таму далей пішам падказкі, якім чынам можна зрабіць БНУ рэальнасцю.

Найперш — самае актуальнае, што адбываецца ўжо цяпер. Перадвыбарчая агітацыя. А навоштаяшчэ ўдзельнічаць у фальшывых выбарах? Толькі дзеля карыснай справы. Таму заклікаем удзельнікаў псеўдамарафону… Збірайце подпісы за Беларускі нацыянальны ўніверсітэт. А летуценні пра лібералізацыю існуючай улады пакіньце фантастам.

Але ж подпісы можна збіраць і не толькі падчас агітацыі. Бярыцё раздрукаваныя бланкі — і ўперад: па суседзях, знаёмых, да мінакаў на вуліцы… Збіраць можаце паўсюль. А бланкі гэтыя вазьміце ў нас (press.mfront@gmail.com). Сабралі подпісы — дасылайце іх нам. Альбо наўпрост у Міністэрства адукацыі: Начальніку ўпраўлення вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь, Ліпа Алене Адольфаўне, горад Мінск, вуліца Савецкая, 9, 220010.

Імпрэзы, круглыя сталы таксама маюць уплыў. Ёсць такая магчымасць? Арганізоўвайце, ладзьце, альбо пішыце нам, прыдумаем штосьці супольнае. Тут галоўнае, каб інфармацыя пра падобныя мерапрыемствы з’яўлялася ў СМІ.

Ну і апошняе. Паступаеце вучыцца? Спытайце, ці ёсць варыянт атрымання адукацыі па-беларуску. А калі няма, дык пакіньце афіцыйную прапанову, каб з’явілася. Нават у Кнізе заўвагаў і прапаноў можна гэта зрабіць. (Калі не ведаеце як, звяртайцеся да нас).

Мы абмалявалі асноўныя спосабы. Калі ж вам вядомы які іншы, дык напішыце нам.

Малады Фронт

Падзяліцца:

Каментары