Малады Фронт рыхтуецца да #БНР100

Малады Фронт рыхтуецца да #БНР100

Сёлета Дзень Волі — юбілейны. Мы адзначаем 100 год з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. І варта, каб святкаванне было годным памяці нашых продкаў. Вось нашае меркаванне на конт правядзення ўрачыстасцяў на 25 сакавіка.

Па-першае, варта далучыцца да агульных святкаванняў. 25 сакавіка перад будынкам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі (плошча Парыжскай камуны, 1). Збор удзельнікаў з 13:00 да 14:00. Мітынг і канцэрт працягнуцца да 19-й гадзіны. Плануецца, што выступяць Dzieciuki, Krama, Neuro Dubel, Лявон Вольскі. Як раней зазначаў адзін з кіраўнікоў кампаніі #БНР100 Павел Белавус, вядуцца перамовы і з Сяргеем Міхалком.

Па-другое, трэба дзейнічаць на перспектыву. А для гэтага неабходна, каб 100-годдзе БНР адзначалі не толькі ў Мінску. Мерапрыемствы павінны адбыцца па ўсёй краіне. Розныя арганізацыі, розныя фарматы — адна мэта. Мы павінны зрабіць свята Дня Волі сапраўды ўсенародным. А калі прыкладаць намаганні на працягу наступных гадоў… Можа, 110-годдзе БНР будзе святкавацца на дзяржаўным узроўні.

Малады Фронт заклікае далучацца да ўсіх урачыстасцяў з нагоды 100-годдзя БНР. Толькі разам мы зберажэм Беларусь. #БНР100

Прэс-служба Маладога Фронту

Падзяліцца:

Каментары