Міхал Вітушка: ТОП-5 міфаў

Міхал Вітушка: ТОП-5 міфаў

“Камандантэ” беларускіх лясных братоў Вітушка стаўся апошнім часам адным з самых неадназначых персанажаў нашай гісторыі: беларусы зноўку падзяліліся на 2 лагеры…

…17 лістапада 1944 года ў раёне Івянца высадзілася адносна вялікая (28-30 чалавек) група парашутыстаў на чале з Міхалам Вітушкам. Байцы мелі пры сабе зброю, радыёстанцыі, нават паходную тыпаграфію. Пазаду былі вышкалы ў батальёне “Дальвіц”, напердзе – стварэнне партызанскай базы ў Налібоцкай пушчы, нарошчванне сілаў, зацятыя баі, рэпрэсіі, забыццё, пераўтварэнне ў легенду…

Па адной з версіяў Міхал Вітушка загінуў амаль адразу ж — 7 студзеня 1945 г. у баі з атрадам НКВД у райне Руднікаў. Па іншай – загінуў чалавек з такім жа прозвішчам, сам жа Вітушка працягваў падпольную дзейнасць да 1950 г., пасля чаго праз Польшчу нелегальна перабраўся ў Заходнюю Нямеччыну, дзе памёр ажно ў 2006-м на 99-м годзе жыцця.

У любым выпадку Вітушка быў нестандартным чалавекам нават для нацыяналістычнага асяроддзя, чалавекам, які выбраў чын на Бацькаўшчыне замест слёзаў і пакутаў сумлення на чужыне. Дык чаму яго імя зараз неадназначна ўспрымаецца нават сярод нібыта “патрыятычнай” публікі?..

Міф першы: “Вітушка – нацыст”. Сама супраца з немцамі яшчэ не робіць ні з каго нацыста. З Нямеччынай падчас і перад Другой Сусветнай Вайной не супрацоўнічалі толькі тыя,з кім самі немцы не хацелі супрацоўнічаць. Не будзем забывацца, што СССР меў дамову аб ненападзе з Трэцім Райхам, а Польшча паспела паўдзельнічаць у падзеле Чэхаславаччыны ў 1938 (пра што зараз не прынята ўзгадваць…).

Іншая справа – прыгнечаныя народы, прадстаўнікі якіх ішлі на часовую супрацу з Нямеччынай для помсты ворагу: як індусы ды ірландцы – насуперак Вялікабрытаніі; прыбалты, каўказцы, украінцы і беларусы – насуперак Бальшавіцкай імперыі. Народы ўспрымалі сусветны “кіпіш” як шанец пад шумок стварыць свае збройныя сілы і атрымаць дзяржаўнасць (як гэта было пасля Першай Сусветнай з той жа Польшчай).

Напрыклад, Субхас Чандра Бос зараз лічыцца нацыянальным героем Індыі, нягледзячы на тое, што для барацьбы з брытанцамі ўзначаліў легіён “Азад Хінд” у складзе войскаў СС, а таксама індыйскую адміністрацыю, створаную пад кантролем японцаў на адваяваным кавалку сваёй бацькаўшчыны.

Няма ніякіх доказаў “нацызму” Вітушкі, акрамя як арол са свастыкай на ягоным мундзіры. Так, насіў… Як, зрэшты, Быкаў, Танк альбо Карпюк насілі чырвоныя сталінскія зорачкі, што не робіць з іх закаранелых сталіністаў, а толькі падкрэслівае грамадзянскі характар Другой Сусветнай Вайны для беларусаў.

Міф Другі: Вітушка ваяваў супраць мірнага насельніцтва. Няма такіх фактаў: каб былі, дык даўно б ужо недабразычліўцы залівалі б іх у вушы праз свае сайты ды старонкі ў кантакце. Сапраўды, пачыначы з 1941 Вітушка займаўся арганізацыяй Самааховы на Палессі, пасля на Смаленшчыне і Браншчыне – то бок барацьбой з дыверсантамі НКВД ды пошукам акружэнцаў. Але гэта не карныя экспедыцыі і ўзгадванне спаленых вёсак тут абсалютна не да чаго.

Вітушка ўваходзіў у Цэнтральны Камітэт таемнай Беларускай Незалежніцкай Партыі, якая планавала антынямецкае паўстанне ў Менску ў 1944-м, але не паспела яго здзейсніць. Выкрытых чальцоў БНП немцы растрэльвалі так жа, як і камуністаў. Дык які быў сэнс чалавеку, які “замачыў рукі ў крыві мірнага насельніцтва”, выступаць супраць сваіх “гаспадароў”, ведаючы, што такія злачынствы ніякая новая ўлада яму не прабачыць?

Міф Трэці: “Вітушка і ягоная партызанка – міф”. У аснове гэтага сцверджання ляжыць скудная факталагічная база, якая магла б праліць святло на абставіны жыцця і смерці маёра Вітушкі, а таксама яго партызанаў. Згодна савецкім падручнікам БССР была ці не адзінай рэспублікай Саюза, дзе не было паваеннага антысавецкага супраціву. “Лясныя браты” Прыбалтыкі, украінскія “бандэраўцы”, польская “АК”, а ў Беларусі …нібы і не было нікога! То бок тысячы людзей, якія прайшлі праз нацыянальныя арганізацыі ў Заходняй Беларусі перад вайной, тысячы, якія паспелі патрымаць у руках зброю падчас вайны (няхай і ў шэрагах СБМ) – зніклі ў нікуды?!..

Слаба верыцца, па-шчырасці. Тут хутчэй справа ў фанатычнай упэўненасці саветаў у тым, што БССР – іх найбольш надзейны плацдарм, дзе нікому і ў галаву не прыйдзе настаўляць рулю ў бок Масквы. Пад такое меркаванне і падганяліся факты. Навошта беларусам было наогул ведаць, што за іх нехта ваюе супраць ГУЛАГу і калгасаў?

Мажліва не ўсе паведамленні эмігранцкай прэсы канца 1940-х – пачатку 1950-х адпавядаюць рэчаіснасці: пра штурм Наваградка ў 1948-м, Гайнаўкі ў 1949-м, сумесны з УПА напад на Кобрын… Але і дыму без агня не бывае. Мы не можам праверыць гэтых звестак ва ўмовах зачыненых архіваў КДБ, зачыненых вачэй і вуснаў верагодных сведкаў гэтых падзеяў… Але мы можам выбраць каму верыць: сваім (нават дапускаючы пэўную гіпербалізацыю як вынік недакладнасці звестак, атрыманых з месца баёў) альбо чужым (ведаючы зацікаўленасць і падступнасць савецкіх гісторыкаў у пагонах). Верыць паплечніку альбо менту – актуальны выбар і сёння шмат для каго з нас.

Гэтак жа і са смерцю Міхала Вітушкі ў 2006-м у Нямеччыне, пра якую паведаміў ягоны сын. Падаецца неверагодным, праўда? На 99-м годзе жыцця, прайшоўшы такі шлях… але акурат такімі гісторыямі і перапоўнены архіў беларускага нацыяналістычнага руху. Цімох Вострыкаў, напрыклад, закінуты з парашутам у СССР у 1952-м, які адседзеў у лагерах Мардовіі 23 гады, памёр сваёй смерцю ў Гомлі толькі …у 2007 годзе, да самага канца захоўваючы ясны розум. Мяркую, што ў Нямеччыне да 99 год было дажыць лягчэй, чым у СССР альбо РБ.

Міф чацвёрты: “Вітушка – сімвал нейкага ФК”. Цікава, як бы такую навіну ўспрыняў сам Міхал? Ці можа наогул прыватызаваць нацыянальнага героя нейкая арганізацыя альбо партыя? Ці можна загнаць нацыянальнага героя ў рамкі “Дынама” ці якога-заўгодна іншага клубу, пра які сам герой не меў аніякага паняцця? Спекуляваць на партрэце чалавека – можна, а вось загнаць у рамкі і прыватызаваць – не.

Міф пяты: “Прапаганда такіх асобаў як Вітушка шкодзіць іміджу партыяў і арганізацыяў”. Ёсць, нажаль, і такія арыгіналы, якія ва ўсім бачаць правакацыю, след КДБ, жаданне скампраметаваць іх нікому не патрэбную партыю і “загнаць у маргінэс”, дзе яна насамрэч даўно і так знаходзіцца. Ды кіньце вы, заўжды знойдзецца крытычная колькасць ветэранаў вайны, працы, следчых, судовых ці карных органаў, ветэранаў ветэранскіх арганізацыяў, дзяцей, сватоў і братоў ветэранаў… якія скажуць, што вы і ўся ваша арганізацыя – “абыкнавенный фашызм!”.

Возьмем, да прыкладу, крыштальную постаць франтавіка Быкава, які меў неасцярожнасць далучыцца да Народнага Фронту і прамаўляць з адной трыбуны з Пазняком. Канешне, яго ахрысцілі “здраднікам”, “пасобнікам”, а ў афіцыйнай прэсе ад імя нейкіх міфічных (а мажліва і рэальных) ветэранаў пачалі з’яўляцца артыкулы, кшталту “Я бы с Быковым в разведку не пошел…”

Іншы прыклад – савецкі партызан, камандзір атрада імя Кастуся Каліноўскага Аляксей Карпюк, які меў неасцярожнасць крытыкаваць “савецкую власць” і выступіць на баку польскай меншасці ў Заходняй Беларусі ў 80-х. Адыёзны «Политический Собеседник» адразу выдаў “кампрамат”, згодна якому Карпюк – нямецкі агент і здраднік, якога спецыяльна выпусцілі з лагеру, каб шкодзіць савецкім партызанам.

З кім вы хочаце гуляцца і каму спадабацца? Ветэранам МГБ? Яны і так ненавідзяць усё наша: сцяг, мову, звычаі, з Вітушкам ці без яго. Другая Сусветная для нас ніякая не “айчынная”, а грамадзянская – так, дарэчы, лічыў той жа Васіль Быкаў. І не трэба цурацца герояў, якія адстойвалі Беларусь па той бок, рызыкуючы ўсім, калі ўжо было дакладна зразумела, што Нямеччына прайграе і настаў час дзейнічаць і ствараць сваё войска.

Хто б мог падумаць год 30 таму, што Бандэра атрымае званне “героя Ўкраіны”, а ягоны патрэт з’явіцца на марках? Час прыйшоў і ўсё расставіў на свае месцы…

А калі мы проста цураемся свайго, гатовыя ліць слёзы і схіляць галаву перад гераізмам польскіх, украінскіх, нават жыдоўскіх партызан, але НЕ СВАІХ (пакуль не прызнаных афіцыйна) – дык гэта сумная прыкмета, панове. Значыць, штампы дзярж-прапаганды і жаданне дагадзіць усім мацнейшыя за нацыянальныя пачуцці і не фіг з сябе ляпіць “патрыёта” альбо рваць кашулю за свае “правыя” погляды: тваё месца каля Ільіча, таварыш! (8

 

МФ, Аддзел Прапаганды

Падзяліцца:

Каментары

  1. Антон Рудак (Dec 21, 2013:09:34)Адказаць

    Па-першае, група Вітушкі дэсантавалася не “ў раёне Івянца”, а каля Воранава, і загінуў ён не “ў раёне Руднікаў”, а ля Кернава. Сцвярджаць, што чалавек, які быў намеснікам кіраўніка паліцыі парадку прыфронтавай зоны групы армій “Цэнтр”, не ўдзельнічаў у знічшчэнні мірнага насельніцтва, можа толькі той, хто слаба знаёмы з рэаліямі нямецкай акупацыі. Усю “чорную работу” акурат паліцыя і выконвала, і пра непасрэдны ўдзел падначаленых Вітушкі, а таксама асабіста яго непасрэднага начальніка і кузэна, Дзмітрыя Касмовіча, напрыклад, у расстрэле мірных жыхароў Касплі — даўно вядома. Касмовіч і Вітушка былі ўзнагароджаныя ордэнамі “Для народаў усходу” за супрацьпартызанскія акцыі, а як гэтыя акцыі адбываліся — спадзяюся, ніхто ілюзіяў не мае, страты мірнага насельніцтва там перавышалі страты партызан у некалькі разоў. Дзейнасць Касмовіча і Вітушкі ў 1941-1944 была добра вядомая і асуджалася яшчэ ў першыя паваенныя гады на эміграцыі.

  2. Алесь (Dec 21, 2013:11:02)Адказаць

    А зараз дайце калі ласка канкрэтныя звесткі — якія вёскі “спаліў” Вітушка, дзе яго бачылі, хто пра яго згадвае?

    Логіка ў класная ў вас. Карпюк от быў партызанам — а мы ведаем, як працавалі партызаны. Значыць, Карпюк гвалціў, шантажаваў, забіраў у людзей апошняе, правільна? Вы прыкладна такі шаблон Вітушку насоўваеце.

    Наконт таго, што “дзейнасць Касмовіча і Вітушкі ў 1941-1944 была добра вядомая і асуджалася яшчэ ў першыя паваенныя гады на эміграцыі” — наогул смешна. Дзе? Хто? Гэта вас на праграме Каліноўскага так вучаць? (8

    • Антон Рудак (Dec 21, 2013:11:48)Адказаць

      Такое адчуванне, што вы пра вайну ведаеце толькі з кніжак, і тое не з самых лепшых. Пагаварыце з людзьмі ў любой мясцовасці, якая была акупаваная, і вы зразумееце маю логіку. Зразумееце, у чым розніца паміж рабаўніцтвам партызанаў і карнымі акцыямі нацыстаў. Далёка не ўсе партызаны, як вядома, гвалцілі і забівалі мірных людзей без суда, але “супрацьпартызанскія акцыі” без гэтага ніколі не абыходзіліся.

      Канкрэтныя звесткі можна знайсці тут, шукайце там прозвішча “Космович”: http://www.vif2ne.ru/nvk/forum/archive/1274/1274752.htm
      “Первыми были награждены Дмитрий Космович и его заместитель” — апошні гэта і ёсць Вітушка. Разумею, што крыніца спрэчная, але іншых няма ў сеціве.

      Наконт асуджэння на эміграцыі — гэта з перапіскі, якую мне даводзілася чытаць. Дакладнай цытаты, на жаль, пад рукой няма, але ўлічваючы чарговыя спробы гераізацыі гэтага персанажа, я планую перапытаць у даследчыкаў, ад якіх тыя матэрыялы атрымаў.

      P.S. Да праграмы Каліноўскага я не маю ніякага дачынення.

    • zmicier (Dec 21, 2013:20:12)Адказаць

      Каментар выдалены па прычыне наяўнасьці абразаў.

  3. Алесь (Dec 21, 2013:15:23)Адказаць

    Не ведаю, у якім заградатрадзе вы стаялі (калі ведаеце пра вайну не з кніжак), з людзьмі мы таксама размаўлялі — не перажывайце. Паежджайце па Наваградчыне, напрыклад. Там вам пра геройствы партызанаў распавядуць.

    Наконт эміграцыі: паедзем мы з вамі, напрыклад, у эміграцыю і будзем перапісвацца — гэта і будзе перапіска эміграцыі. Іншая справа — пазіцыя афіцыйных дыяспарных структураў — Рады БНР той жа, якая канешне ж не засудзіла Касмовіча з Вітушкам. А тое, што нехта мог негатыўна выказвацца ў перапісцы — наогул не доказ, дыяспара была падзеленая, меркаванні былі розныя.

  4. Алесь (Dec 21, 2013:18:40)Адказаць

    Дарэчы, класная ў вас крыніцы: “…Видел свидетель и Космовича, высокого черноволосого человека в военной Форме без знаков различия, который стоял у подножия Кукиной горы с группой немецких офицеров и отдавал приказания, а потом собственноручно застрелил девочку лет пяти-шести и бросил в могилу. При этом было видно, что Космович — мужчина сильный. Он приподнял бьющуюся девочку с земли одной левой рукой, а правой выстрелил в нее из пистолета.”

    А Вітушка за вуглом залатыя зубы хіба даставаў, Арсеннева дэкламавала над гарой трупаў вершы і г.д., так? Можа хопіць ужо з гэтымі саўковымі трыллерамі насіцца? Ці прыемна з чэкістаў рабіць іх працу?