Міліцыянты скралі рэчы ў маладафронтаўцаў

Міліцыянты скралі рэчы ў маладафронтаўцаў

Тры месяцы гомельскія актывісты «Маладога фронту» не могуць знайсці і вярнуць свае рэчы, канфіскаваныя міліцыяй пры затрыманні.

22 лютага Андрусь Цянюта, Станіслаў Була i Наталля Крывашэй былі затрыманыя міліцыяй пры правядзенні акцыі памяці ахвяраў Еўрамайдана ў Кіеве. Яны ўсклалі кветкі каля «Нулявога кіламетру», запалілі знiчкі. У РУУС Цэнтральнага раёна ў актывістаў забралі фотаапарат, носьбіты інфармацыі, у прыватнасці, флэш-карту, магніты на лядоўню, стужкі і маску Гая Фокса. Пры гэтым быў складзены «пратакол канфіскацыі», які быў далучаны да адміністрацыйнага пратаколу.

17 красавіка суд Цэнтральнага раёна Гомеля прызнаў актывістаў вінаватымі ў «парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства» і вынес ім папярэджанне. Між тым, рэчы маладым людзям так і не вярнулі.

Наталля Крывашэй звярнулася з заявай у Цэнтральны РАУС Гомеля аб вяртанні рэчаў. Адтуль яна атрымала адказ, што канфіскаваныя рэчы перададзеныя ў суд Цэнтральнага раёна разам з адміністрацыйным пратаколам. Калі ж актывістка звярнулася ў суд, там адказалі, што ніякіх рэчаў да іх з міліцыі не паступала, акрамя адміністрацыйнага пратаколу. 28 траўня Наталля Крывашэй з гэтай нагоды звярнулася ў пракуратуру горада Гомеля. Яна спадзяецца, што пракуратура разбярэцца і знойдзе «страчаныя рэчы».

Падзяліцца:

Каментары