Мінчукі зноў пратэставалі на Кастрычніцкай

Мінчукі зноў пратэставалі на Кастрычніцкай

21 кастрычніка ў Мінску запланаваная акцыя салідарнасці з палітзняволенымі.

19.42 Фотарэпарцёр НН Сяргей Гудзілін кажа, што ў часе затрымання актывіста міліцыянты надзвычай груба дзейнічалі ў дачыненні да рэпарцёраў: білі на нагах, па фотатэхніцы, штурхаліся.

19.37 На Кастрычніцкай застецца каля 15-20 удзельнікаў акцыі. Людзі пачынаюць разыходзіцца.

19.30 На плошчы пакуль усё спакойна. Пагрозы падагнаць аўтобус засталіся пагрозамі. На акцыю прыйшлі мамы Ірыны Халіп і Андрэя Саннікава. Каля іх адразу ж з’явіўся Яўсееў і папярэдзіў, што тут не месца для сустрэч.

19.18 Палкоўнік Яўсееў даў удзельнікам акцыі 2 хвіліны, каб разысціся. Журналістам параіў адысці ў бок і выклікаў па рацыі аўтобус. На плошчы знаходзіцца каля 50 удзельнікаў акцыі.

19.16 Ад пачатку не працуюць сайты Хартия97, svaboda.org і belaruspartisan.org, а таксама Вконтакте.

19.13 Па словах нашага карэснадэнта, людзі абмяркоўваюць не толькі лёс палітвязняў, але і эканамічную сітуацыю ў краіне. У прыватнасці, рост цэн.

19.09 Пачаліся затрыманні. Людзі адбілі аднаго з маладых людзей, якога схапілі асобы ў цывільным. Успыхнула кароткая бойка. Другога адбівалі да самага мікрааўтобуса, але не здолелі. Жанчына паспрабавала прадэманстраваць улётку з тэкстам «Свабоду палітвязням», але «ціхары» вырвалі яе.

На плошчы ў месцы правядзення акцыі агулам знаходзіцца каля 100 чалавек, разам з журналістамі і міліцыянтамі. Удзельнікаў каля двух дзясяткаў. З імі размаўляе Ігар Яўсееў.

18.55 Як паведамляе карэспандэнт «НН», на дадзены момант на Кастрычніцкай плошчы сабралася некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў прэсы. Заўважаныя і «ціхары», у дварах стаяць міліцэйскія аўтобусы. Доступ на плошчу вольны. Удзельнікаў акцыі ад простых мінакоў адрозніць пакуль складана.

Напярэдадні планаванай акцыі ў падтрымку палітвязняў да Кастрычніцкай плошчы ў Мінску сцягнутыя значныя сілы праваахоўных органаў.

У прыватнасці, за Палацам Рэспублікі знаходзяцца тры аўтобусы з супрацоўнікамі міліцыі і адна спецмашына. Там жа дзяжураць тры міліцэйскія мікрааўтобуса.

У дворыку за універсамам “Цэнтральны” таксама знаходзяцца міліцэйскія машыны і мікрааўтобусы. Плошча патрулююць супрацоўнікі спэцслужбаў у цывільным і міліцыянты ў форме.

Супрацоўнікі ў цывільным знаходзяцца таксама на выхадах са станцыі метро “Кастрычніцкая” у бок Кастрычніцкай плошчы і ў Аляксандраўскім скверы — наадварот рабочай рэзідэнцыі прэзідэнта.

Удзельнікаў акцыі на плошчы пакуль няма. Тут сабралася каля 40 журналістаў, паведамляе БелаПАН.

 

Падзяліцца:

Каментары

  1. Ганна (Oct 22, 2011:09:11)Адказаць

    Акцыі трэба абавязкова працягваць. Проста выходзіць а 19 гадзіне і шпацыраваць па Плошчы. А ў 19-30 можна ўсім разам пракрычаць “Свабоду палітвязням”. Дзякуй усім тым, хто не пабаяўся прыйсці ўчора на Кастрычніцкую.Нас выратую толькі Салідарнасць!
    Верым! Можам! Пераможам!.