Моладзь і грамадзтва ў Беларусі: Новае Пакаленьне

Моладзь і грамадзтва ў Беларусі: Новае Пакаленьне

Навукова-папулярнае выданьне з такой назваю 1 сьнежня прэзэнтаваў у Менску Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД, зарэгістраваны ў Вільні).

“Пры дасканалым разглядзе палітычная cкіраванасьць моладзі ня ёсьць адназначнай,” — адзначыў доктар сацыялёгіі, прафесар Алег Манаеў падчас прэзэнтацыі кнігі, якая выйшла пад яго рэдакцыяй. Моладзь займае важнае мейсца ў грамадзкім жыцьці любой краіны. Роля моладзі вельмі выразна выяўляецца ў рэвалюцыях справа-налева. У рэвалюцыях зьлева-направа (ад сацыялізма да капіталізма, ад цэнтралізаванай эканомікі да рынкавай) роля моладзі значна меней Алег Манаеў зьвяртае ўвагу, што сярод беларускай моладзі бачны канфлікт каштоўнасьцяў, раскол на грунце стаўленьня да палітыкі ўладаў і прызэдынта. На факце расколу ў грамадзтве акцэнтаваў увагу і Лукашэнка падчас навагодняга віншаваньня й нават называў нейкія лічбы.

На думку аўтараў кнігі, раскол існуе не сам па сабе. У магчымасьцях дзяржавы здольнасьць яго рэгуляваць. Але не працуе прынцып роўных магчымасьцяў для моладзевых грамадзкіх аб’яднаньняў. “Ён практычна аказваецца ня больш за дэкляратыўны прынцып, каторы “упрыгожвае” заканадаўства. У рэчаіснасьці БРСМ карыстаецца большай дзяржаўнай падтрымакаю ў параўнаньні зь іншымі моладзевымі грамадзкімі аб’яжнаьнямі,” — піша ў кнізе адзін з аўтараў Дзьмітры Чарных.

Дзейнасьць моладзевых аб’яднаньняў у кнізе аналізуецца на прыкладзе прадзяржаўнага БРСМ і незалежнага Маладога Фронту. У прыватнасьці ацэньваецца стаўленьне грамадзтва да той ці іншай арганізацыі, жаданьне далучыцца да дзейнасьці да інш. аспэкты.

Здавалася, пасьля зьмены пакаленьяў, адбудзяцца зьмены ў грамадзтве, але гэтыя надзеі не апраўдаліся, паводле аднаго аўтара Аляксандра Саснова, — чым больш старэйшым робіцца чалавек, тым больш адыходзіць ад ліберальных каштоўнасьцяў і схіляецца да дзяржаўнага патэрналізму.

У кнігу ўвайшоў артыкул зьняволенага старшыні МФ Зьмітра Дашкевіча “Новае пакаленьне Беларусі”, напісаны ў мінулым годзе. На жаль, Зьміцер ня змог перадаць новую рэдакцыю артыкулу з-за кратаў. “Пры сустрэчах з адвакатам Дзіма толькі і прасіў перадаваць яму матэрыялы, каб ён змог напісаць новы артыкул. Зьміцер імкнуўся нагадаць лукашэнкаўскія абяцаньні перад моладзьдзю падчас папярэдніх выбараў і расчараваць многіх. Але кіраўніцтва нашай краіны было ў апошнюю чаргу зацікаўлена ў публікацыі падобнай аналітыкі,” — заявіла нявеста Зьмітра Наста Палажанка падчас выступу на прэзэнтацыі кнігі НІСЭПД.

Дацэнт філасоўскіх навук Уладзімер Падгол параіў чытаць кнігу з канца й зазначыў, што яна можа выклікаць дыскамфорт, бо яе высновы разбураюць шэраг старыятыпаў — высьвятляецца, між іншым, што апазыцыйныя погляды маладога пакаленьня ня так відавочны, як лічыцца.

Кандыдат эканамічных навук Леанід Заіка зьвярнуў увагу на лічбы, прадстаўленыя ў кнізе — 65% (!) беларусаў жадаюць зьехаць з краіны!

Кніга прадстаўляе сабою збронік артыкулаў і дакумантаў. Зборнік складзены зыходзячы з навуковага падыходу, грунтуючыся на аб’ектыўным аналізе фактаў, назьбіраных падчас сацыялягічных апытваньняў. Кніга зьяўляецца працягам выданьня дванаццацігадовай даўніны “Моладзь і грамадзтва” (1999 г., НІСЭПД)

Калі вы жадаеце азнаёміцца з кнігаю, зьвяртайцеся на е-мэйл Press.mfront[at]gmail.com

Падзяліцца:

Каментары