Мы сьвяткуем юбілей! 15 год

Мы сьвяткуем юбілей! 15 год

6-га верасьня 2012 году легендарная моладзевая арганізацыя “Малады Фронт” правяла сьвяточную вечарыну з нагоды 15-годзьдзя з дню заснаваньня. Імпрэза адбылася на офісе партыі БНФ і сабрала мноства маладафронтаўцаў, нашых прыхільнікаў і ганаровых гасьцёў.

Вядоўцамі мерапрыемства былі намесьнікі старшыні Маладога Фронту — Наста Палажанка й Мікола Дземідзенка. Пасьля цёплых вітальных словаў і прэзентацыі гісторыі “Маладога Фронту” за 15 год, выступілі ганаровыя госьці — Станіслаў Шушкевіч, Уладзімір Някляеў, Вячаслаў Дашкевіч, Андрэй Кім.

Вечарына насіла сяброўскі характар, удзельнікі перагаворваліся й жартавалі. Сьцены памяшканьня былі аздобленыя белымі й чырвонымі балёнікамі, і цытатамі шматлікіх маладафронтаўцаў на каляровых аркушах.

Пасьля выступаў гасьцёў Наста й Мікола абвесьцілі пачатак урачыстага ўзнагароджваньня маладафронтаўцаў году.

Мікола Дземідзенка: “А паколькі мы кожны год не прызначалі маладафронтаўца года – то зараз мы гэта зробім за ўсе 15 год! Ідэя сасьпела такім чынам, што мы ўжо праводзілі прэмію “Люблю Беларусь” – узнагароджвалі значных людзей у розных сферах. Нам вельмі спадабалася – і таму мы таксама вырашылі ўзнагародзіць самі сябе! Шкада, што ня ўсе лаўрэаты сёньня тут – гэта ўсё сур’ёзныя людзі, іх вельмі цяжка сабраць разам…”

Такім чынам, з 1997 года па 2011 год “Маладафронтаўцамі года” сталі Яўген Скочка, Аляксей Янукевіч, Валянцін Стэфановіч, Аляксей Шэін, Алёна Валынец, Віталь Супрановіч, Сяржук Лісічонак, Сяржук Бахун, Артур Фінькевіч, Зьміцер Дашкевіч, Зьміцер Хведарук, Іван Шыла, Тацяна Шапуцька, Эдуард Лобаў, Кася Галіцкая.

“Чалавек пятнаццацігодзьдзя” – зразумела, заснавальнік “Маладога Фронту” Павал Севярынец.

Маладафронтаўка Тацяна Шапуцька выйшла атрымліваць свой ганаровы дыплём, трымаючы на рукох дзіцё, а дыплёмы палітвязьняў Зьмітра Дашкевіча й Эдуарда Лобава за іх забіралі бацька Зьмітра Вячаслаў Дашкевіч і маці Эдуарда Марына Лобава.

Вечарына скончылася напісаньнем пажаданьняў хутчэйшага вызваленьня, моцы й веры палітвязьням Зьмітру Дашкевічу, Эдуарду Лобаву, Паўлу Севярынцу, Мікалаю Статкевічу на вялізных аркушах. Гэтыя пажаданьні будуць дасланыя адрасатам у бліжэйшы час.

 

Падзяліцца:

Каментары

  1. Вадзім (Sep 28, 2012:16:11)Адказаць

    Віньшую Вас з ганаровай датай! 15 год пры дыктатуры — гэта подзвіг! Ганаруся справай якую робіце Вы дзеля нашае Бацькаўшчны! Дай Бог Вам моцы, веры, надзеі!!! Дай Бог волі Беларусі й долі яе народу! Жыве Беларусь! Свабодная, незалежная, дэмакратычная!!!