“На факультэце ставяцца як да суайчынніцы”

“На факультэце ставяцца як да суайчынніцы”

Салігорская маладафронтаўка Аліна Таранік паступіла ў Францыю адразу пасьля школы. Дзяўчына распавядае пра сваё паступленьне, жыцьцё ў заходнеэўрапэйскай краіне, сыстэму адукацыі ды пра тамтэйшае стаўленьне да замежнікаў.

Пачнем з таго, што найбольш цікавіць чытачоў — як ты трапіла ў Францыю?

Трапіць у Францыю для мяне не было праблемай, як, зрэшты, і для ўсіх, хто валодае францускай мовай на ўзроўні B2C1. Калі сур’ёзна займаецеся францускай, то проста адсочвайце па ключавых «DELF–DALF» на сайце амбасады Францыі ў Менску (ГІП http://www.ambafrance-by.org), запісвайцеся на іспыты, здавайце, атрымлівайце сэртыфікат – і будзе вам шчасьце. Іншы шлях – вырвацца ў Францыю, запісацца на моўныя курсы (прычым пачынаць можна з нуля), і праз адзін–два гады можаце паступаць. Моўныя курсы даюць права на пражываньне ў Францыі цягам году і нават на інтэрнат, але каштуюць яны 1000–2000 эўра…

…вам прыйшло запрашэньне ва ўнівэр. Выдатна! Далей застануцца адно фармальнасьці: папрасіцца ў тры ўніверы (нічога вам каштаваць ня будзе, акрамя як адваяваць у ляноты некалькі гадзінак часу), адзін зь якіх вас з такім сэртыфікатам амаль гарантавана прыме.

Ну і не забывайце прадумаць, дзе хочаце жыць (трэба прасіць месца ў інтэрнаце да канца красавіка, нават калі не маеце пэўнасьці, які з унівэраў возьме вас да сябе! Сайт інтэрнатаў шукайце па слове “CROUS”).

Ну і на гарачае дзесяць тысяч паперак, якія трэба сабраць і перакласьці, але няма чаго пужацца, бо зрабіць гэта рэальна і нескладана (проста часу на іх шкада). Ну і ідзіце ў амбасаду ды патрабуйце візу! А пасьля Францыя прыме вас у свае абдымкі ды адорыць  сурпрызамі…

Якімі, напрыклад?

Ну такімі як абсалютна дубовая адміністрацыя, якая нічога нікому тлумачыць ня хоча. Прыехаў, запісваесься як францускі студэнт – то і разьбірайся сам. Складанасьць проста ў тым, што мы ня ведаем рознай спэцыялізаванай лексыкі, калі прыяжджаем, і гэта абсалютна нармальна, бо ёй валодае – і здольнае авалодаць да рэшты – бадай, толькі карэннае насельніцтва. Але нічога, за пару год абвыкнецеся. А так папросту настройцеся па-баявому і патрабуйце свайго. Хаця, можна пазнаёміцца з якім-небудзь мілым французам, які з вамі пацягаецца па адміністрацыі. Тады справа хутчэй пойдзе. Акурат зараз назіраю такую “салабонку” (даехала-такі да Бардо!), якой была сама на першым курсе, і сьмяюся з таго, наколькі цяжка ёй даецца разуменьне тутэйшай сыстэмы.

Нядзельны адпачынак на набярэжнай у Бардо

То бок яна карэнным чынам адрозьніваецца?

Так, зусім па–іншаму арганізаваны запіс ва ўнівэрсытэт, навучаньне, іспыты. Хаця я параўнаць ня маю з чым, бо з’ехала адразу пасьля школы. Ну глябальна тут дваццацібальная сыстэма адзнакаў (трэба мець дзясятку, каб залічылі прадмет), балёнская сыстэма адукацыі (тры ступені, напішу па-ангельску для большай даступнасьці: Bachelor’s–Master’s–Doctor’s degrees), вольнае наведваньне лекцыяў (але не сэмінараў!), цікавыя і разнастайныя прадметы, вялікая багатая бібліятэка і многа-многа культурніцкіх мерапрыемстваў, асацыяцый, як студэнцкіх, так і квартальнага, гарадскога, абласнога маштабаў. Калі захацець, заўсёды можна знайсьці сабе нейкі цікавы занятак, да таго ж часта і задарма.

Раніца ў Францыі пачынаецца з кавы ды чытанкі сьвежай газэты

Здымаеш там кватэру ці жывеш у інтэрнаце?

На жаль ці да радасьці, здымаю пакой у інтэрнаце. На жаль, бо тут ня вельмі цікава: у пакоях жыве па адным чалавеку, што ёсьць добра, але ж, калі ў інтэрнаце няма нейкай агульнай пляцоўкі, як, скажам, у Нансі, дзе я жыла на першым курсе і дзе быў бясплатны інтэрнэт на першым паверсе, то людзі проста ня могуць знайсьці нагоды пазнаёміцца. А таму з суседзямі я толькі вітаюся пры сустрэчы, а асабіста ведаю адзінкі з усяго калідору на “40 дзьвярэй”. А ўмовы як у нашых інтэрнатах, адзінае, што заўсёды ёсьць гарачая вада ў душах ды ня трэба дзяжурыць разам з вахцёрамі… А да радасьці, бо таньнейшага жыльля не знайсьці (выходзіць каля 130 эўра на месяц), ды і да ўнівэра рукой падаць (вось проста зараз бачу яго праз шыбу:)

Камэрцыйная вуліца ў Бардо

А як табе французы? Сапраўды там усе жанчыны прыгожыя, а мужчыны галантныя? : )

Ой, не зусім. Людзі тут вельмі розныя. Вядомы факт, што француская нацыя мае вельмі намяшаную кроў. І сапраўды, усе вельмі па-рознаму выглядаюць. Многа прыгожых дзяўчат, але нашыя мне неяк болей даспадобы (яшчэ б ня так вульгарна фарбаваліся…). Заўважыла, што ў многіх францужанак грубы голас ды патрабавальная інтанацыя заўсёды, адным словам, любяць справакаваць, злавіць на слове, паспрачацца, а яшчэ трымаць пад кантролем сваіх мужчын:). А мужчыны таксама вельмі розныя, ня вельмі галантныя – гэта міф, але многа прыгожых:). Асабліва працаўнікі банкаў чамусьці:). Зрэшты, французаў у Францыі (тым больш у раёне студэнцкіх кампусаў) трэба яшчэ пашукаць.

Жыхары Бардо адзначаюцца высокай мабільнасьцю

Чаму? Так многа замежнікаў? Дарэчы, як у Францыі да іх ставяццца?

Ставяцца нармальна, бо прывыклі. Прадстаўнікоў некаторых краінаў тут вельмі шмат, аднак, паколькі яны паходзяць з былых калёній, прыходзіцца прыкусіць язычок. Хаця, я ніколі ня бачыла праяваў нейкай непрыязі да замежнікаў.

У СМІ часта перадаюць пра падпалы мігрантамі прыгарадаў францускіх гарадоў. Сапраўды міграцыя вялікая праблема Францыі?

Ня думаю. Сярод падпальшчыкаў ёсьць і французы. Аднак ёсьць нейкая схільнасьць паграміць у некаторых замежнікаў, відаць тэмпэрамэнт такі… Але вось літаральна ўчора абмеркавалі прапанову новай папраўкі, паводле якой нельга маліцца на вуліцы, бо гэта зьбівае з панталыку грамадзян іншых канфэсіяў, ды і транспарту можа замінаць. Нагадаю таксама, што ў мінулым годзе забаранілі насіць паранджу ў грамадзкіх месцах (у мэтах бясьпекі). Без скандалаў не абышлося, але, здаецца, зьмірыліся з новаўвядзеньнем. Таму ў Францыі можа і ёсьць праблемы, але дзяржава досыць хутка рэагуе на іх. Нам бы павучыцца…

Французы стараюцца трымаць сябе ў тонусе

А да цябе як ставяцца?

Да мяне ставяцца ўвогуле вельмі файна. Часамі, праўда, раздражняе, што пры маё добрай францускай камусьці карціць прычапіцца да акцэнту ды запытацца некалькі пытаньняў, якія задае кожны пры сустрэчы. А вось падчас нейкіх заданьняў у групе на факультэце ўвогуле як да суайчыньніцы ставяцца і нават болей могуць загрузіць працай:)

Што  ў першую чаргу асацыюецца з Францыяй?

Забастоўкі! Бастуюць усе — ад унівэраў і каледжаў да працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Часта бастуюць друкарні ды грамадскі транспарт, бо яны ведаюць, што бязь іх многія іншыя галіны нармальнага жыцьця стануць, а таму ім заўсёды ідуць на саступкі. У панядзелак вось знову забастоўка, прычыну якой я слаба разумею: кшталту, 20 хвілін перапынку, якія мелі кантралёры ў сваёй цяжкай шасьцігадзіннай працы нядаўна адмянілі, і вось цяпер тыя працаўнікі хочуць іх сабе вярнуць. Ім бы наш рэкорд па дэвальвацыі, цікава, якая б была рэакцыя)))

Гутарыў Рыгор Астапеня, Салігорск.орг

Падзяліцца:

Каментары