На Кальварыі вызваляюць месца для высокіх чыноўнікаў?

30.12.2011:14:29
0
929
Беларусь, Навіны
На Кальварыі вызваляюць месца для высокіх чыноўнікаў?

На магілах цэнтральнай алеі Кальварыйскіх могілак вывесілі абвесткі пра іх магчымае знішчэнне.

Дэкан Кальварыйскага касцёла Андрэй Бародзіч першым убачыў папярэджанні “Спецкамбінату”: “Я заўважыў, як могілкі аглядаюць іх супрацоўнікі, але мне яны нічога не паведамілі. А пасля на агароджах некаторых старых пахаванняў з’явіліся шыльды — маўляў, магілы недагледжаныя, калі не прыбярэце — ліквідуем”. Што такое “недагледжаныя”, супрацоўнікі “Спецкамбіната” не канкрэтызавалі.

Паводле святара, парафіяне часта прыбіраюць могілкі, пустазеллем пахаванні не параслі, намагіллі даволі акуратныя. Пад пагрозу знішчэння патрапіла з дзясятак старадаўніх пахаванняў, што месцяцца справа па цэнтральнай алеі прыкасцёльнай тэрыторыі. “Сярод магілаў, што не ўпадабаў “Спецкамбінат”, ёсць і тыя, дзе паваленыя помнікі, дзе ўжо няма намагілляў. Але ж ці праблема паставіць на месца тыя помнікі ці ўсталяваць новыя крыжы? Нашто пагражаць зносам?

Гэта дрэнная прыкмета. Магчыма, “Спецкамбінат” наўпрост разлічвае на гэты жаданы кавалачак у цэнтры гораду, каб мець магчымасць там хаваць багацеяў ды чынавенства”, — мяркуе Таша Міхалоўская, адная з каардынатараў грамадскага аб’яднання “Гісторыка”. Дзяўчына, а таксама актывісты каталіцкай супольнасці сабраліся разам у Чырвоным касцёле, каб абмеркаваць праблему.

У сустрэчы прымаў актыўны ўдзел Уладыслаў Завальнюк, пробашч касцёла святых Сымона і Алены.

На сустрэчы Таша Міхайлоўская распавяла, што Міністэрства культуры ўжо вусна звязалася са “Спецкамбінатам”, які паведаміў, што не збіраецца зносіць могілкі, а проста інфармуе пра наступствы сваякоў людзей, якія там пахаваныя. Але ж ці пабачаць тыя папярэджанні сваякі, калі могілкі датуюцца канцом XVIII — пачаткам  XIX стагоддзяў? Наўрад ці “Спецкамбінат” гэтага не разумее, таму гэтыя тлумачэнні не далі ўдзельнікам сустрэчы ўпэўненасці ў добрых памкненнях пахавальнай установы.

На абмеркаванні былі акрэсленыя першыя крокі дзейнасці і размеркаваныя абавязкі: ксёндз Андрэй Бародзіч скіруе пісьмовы запыт у “Спецкамбінат” наконт прад’яўленых прэтэнзій і заклікае сваю парафію яшчэ актыўней парадкаваць магілы — паставіць крыжы на  магілах, дзе з-за даўнасці пахаванняў помнікі ўжо зруйнаваліся, пафарбаваць агароджы, падняць паваленыя намагіллі. Ксёндз Уладыслаў Завальнюк правядзе кансультацыі з іншымі ксяндзамі і тэрмінова склікае мемарыяльнае таварыства “Кальварыя”. Супольнасць “Гісторыка” складзе юрыдычны запыт у Міністэрства культуры, у руках якога знаходзіцца лёс Кальварыйскіях могілак.

Нагадаем механізм знішчэння старых будынкаў у Мінску: рашэннем адмысловай Рады пры Мінкульце помнік культуры выводзіцца з Дзяржаўнага спісу (куды зараз ўнесены комплекс на Кальварыі), а пасля з ім творыцца ўсё, што заўгодна. Калі тэрыторыя Кальварыйскіх могілак сапраўды фінансава зацікавіла “Спецкамбінат”, не выключана ўжыванне падобнага механізму і ў дачыненне старадаўніх могілак. Акрамя гэтага, па ініцыятыве грамадскіх актывістаў і каталіцкіх вернікаў Кальварыйскі касцёл распачынае служэнні ў абарону могілак.

Плануецца, што малітвы будуць праходзіць штосуботы адпачатку студзеня. Першая малітва ды ўладкаванне могілак пройдзе 7 студзеня — а 10 ранку абвешчаны збор ля ўваходу ў Кальварыю. Ініцыятары служэнняў спадзяюцца, што сталая прысутнасць вернікаў на Кальварыі абароніць могілкі ад пасягальніцтваў.

Для даведкі:

Кальварыйскія могілкі з’яўляюцца найстарэйшымі, якія захаваліся ў Мінску. Паводле даведніка, яны заснаваныя ў 1795 годзе. З 1967 года закрытыя для пахаванняў. Некаторыя краязнаўцы лічаць, што насамрэч на могілках могуць месціцца пахаванні 600-гадовай даўніны. На Кальварыі збольшага пахаваная арыстакратыя: Манюшкі, Вайніловічы, Рымшы, Храптовічы, Чачоты, Гарваты, Дзейкі, Доўнары, Жукоўскія, Кабылінскія, Камоцкія, Рэуты, Сабілы, Сянкевічы і сотні іншых.

Паводле апошніх архіўных дадзеных, на Кальварыі былі і магілы прадстаўнікоў роду Радзівілаў і Панятоўскіх. Цяпер на Кальварыйскіх могілках можна на свае вочы пабачыць намагіллі паэта Янкі Лучыны, мастака Валенція Ваньковіча, адраджэнца Вацлава Іваноўскага ды бацькі братоў Луцкевічаў Яна Луцкевіча, удзельніка паўстання Каліноўскага. Пад Галоўным алтаром касцёла пахаваны знакаміты мастак Ян Дамель, які аздабляў гэтую святыню.

Комплекс Кальварыйскіх могілак унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурніцкіх каштоўнасця пад першай катэгорыяй . Для параўнання: увесь гістарычны цэнтр Мінска мае першую катэгорыю. Вышэй, нулявой катэгорыяй, у Беларусі ацэненыя толькі помнікі кшталту Мірскага і Нясвіжскага замка.

Таццяна Шапуцька, “Новы Час”

 

Падзяліцца:

Каментары