На волі удзельнік акцыі салідарнасьці са Зьмітром Дашкевічам

На волі удзельнік акцыі салідарнасьці са Зьмітром Дашкевічам

9 жніўня з Дрыбінскага ізалятара часовага ўтрыманьня выйшаў на волю другі ўдзельнік акцыі салідарнасьці са Зьмітром Дашкевічам, актывіст грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Аляксей Санчыла.

3 жніўня судзьдзя Горацкага раённага суду Станіслаў Ляшэнка пакараў хлопца за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце ля адміністрацыйнага будынка папраўчай калёніі № 9 арыштам на сем сутак. У гэтай горацкай турме адбывае пакараньне Зьміцер Дашкевіч.
Пікет ладзілі актывісты пасьля таго, як кіраўніцтва калёніі не дазволіла адвакату сустрэцца са Зьмітром Дашкевічам.

“Я не шкадую, што адседзеў сем сутак, бо лёс Зьмітра Дашкевіча мне неабыякавы, як і лёсы іншых беларускіх палітвязьняў. Мне не хацелася б болей трапляць у ізалятары, але я ведаю, што за свабоду трэба шмат чым ахвяраваць. Наагул, за салідарнасьць могуць у нас даваць і два, і пяць, і болей гадоў турмы. Мяне гэта не палохае”, – заявіў адразу па вызваленьні Аляксей Санчыла.

У Аляксея гэта першы турэмны досьвед. Раней за ўдзел у акцыях пратэсту яго толькі штрафавалі.

2 жніўня патрабаваць сустрэчы адваката са Зьмітром Дашкевічам прыехалі да турмы ў Горкі больш за чатыры дзясяткі чалавек. Пятнаццаць пасьля разгону пікету затрымалі.

У дрыбінскім і горацкім ізалятарах застаюцца яшчэ васьмёра затрыманых ля турмы. Чацьвёра зь іх — дзяўчаты з Маладога Фронту: Наста Палажанка, Юлія Міхайлава, Ганна Шаруба, а таксама незалежная журналістка Тацяна Шапуцька. Першым выйшаў на волю з дрыбінскай вязьніцы 7 жніўня яшчэ адзін актывіст “Эўрапейскай Беларусі” — Раман Паншын.

http://www.svaboda.org/

Падзяліцца:

Каментары