- Малады Фронт - http://mfront.net -

На волі удзельнік акцыі салідарнасьці са Зьмітром Дашкевічам

9 жніўня з Дрыбінскага ізалятара часовага ўтрыманьня выйшаў на волю другі ўдзельнік акцыі салідарнасьці са Зьмітром Дашкевічам, актывіст грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Аляксей Санчыла.

3 жніўня судзьдзя Горацкага раённага суду Станіслаў Ляшэнка пакараў хлопца за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце ля адміністрацыйнага будынка папраўчай калёніі № 9 арыштам на сем сутак. У гэтай горацкай турме адбывае пакараньне Зьміцер Дашкевіч.
Пікет ладзілі [1] актывісты пасьля таго, як кіраўніцтва калёніі не дазволіла адвакату сустрэцца са Зьмітром Дашкевічам.

“Я не шкадую, што адседзеў сем сутак, бо лёс Зьмітра Дашкевіча мне неабыякавы, як і лёсы іншых беларускіх палітвязьняў. Мне не хацелася б болей трапляць у ізалятары, але я ведаю, што за свабоду трэба шмат чым ахвяраваць. Наагул, за салідарнасьць могуць у нас даваць і два, і пяць, і болей гадоў турмы. Мяне гэта не палохае”, – заявіў адразу па вызваленьні Аляксей Санчыла.

У Аляксея гэта першы турэмны досьвед. Раней за ўдзел у акцыях пратэсту яго толькі штрафавалі.

2 жніўня патрабаваць сустрэчы адваката са Зьмітром Дашкевічам прыехалі [1] да турмы ў Горкі больш за чатыры дзясяткі чалавек. Пятнаццаць пасьля разгону пікету затрымалі.

У дрыбінскім і горацкім ізалятарах застаюцца яшчэ васьмёра затрыманых ля турмы. Чацьвёра зь іх — дзяўчаты з Маладога Фронту: Наста Палажанка, Юлія Міхайлава, Ганна Шаруба, а таксама незалежная журналістка Тацяна Шапуцька. Першым выйшаў на волю з дрыбінскай вязьніцы 7 жніўня яшчэ адзін актывіст “Эўрапейскай Беларусі” — Раман Паншын.

http://www.svaboda.org/ [2]