Нам замежжа не паможа. Ні з-за Бугу, ні з-за Сожа

Нам замежжа не паможа. Ні з-за Бугу, ні з-за Сожа

У міжнародных грашовых справах палітвязьні, дыктатура ў Эўропе, разбураныя чалавечыя лёсы сыходзяць на апошні плян.

Арышт Алеся Бяляцкага пацьвярджае гэтае. Нягледзячы на ўсе гучныя й паказальныя заявы аб санкцыях, тавараабарот і супраца спэцслужбаў Беларусі й краінаў Эўразьвязу толькі павялічваецца.

Верагодна, беларускія й летувіскія банкі заўсёды абменьваліся інфармацыяй і спэцслужбы як нашыя, так і іхнія без праблемаў супрацоўнічалі. Нягледзячы на дыктатуру, палітвязьняў ды насуперак усім зьнешнім заявам аб нелегітымнасьці рэжыму Лукашэнкі. Беларускія чэкісты ў такім выпадку валодалі інфармацыяй аб грошах праваабарончых арганізацыяў, справах Бяляцкага, але ня мелі загаду праводзіць рэпрэсіі з гэтай нагоды.

Міжнародная супольнасьць кажа аб немагчымасьці перамоваў з тэрарыстамі, аднак яны пасьпяхова супрацоўнічаюць з апошнім дыктатарам у Эўропе, папіраючы тым самым усе правы чалавека й банальна зарабляючы грошы на разбурэньні беларускай эканомікі.

Безумоўна, беларусы ўдзячныя за сымбалічную, маральную падтрымку палітвязьняў. Аднак вельмі хацелася б бачыць рэальныя крокі па вызваленьні невінаватых з-за кратаў. Анягож магчымасьці да гэтага ёсьць.

Датычна палітвязьняў 7 ліпеня Лукашэнка ў Шклове заявіў: “А если в ЕС их хотят к себе забрать — завтра билет выпишем и отправим, не вопрос. Пусть забирают, если они такие радетели по политзаключенным. Завтра в один вагон посадим — я приму решение”. Для рэжыму Лукашэнкі ня выгадна бачыць цяперашніх палітвязьняў у Беларусі на свабодзе перад парлямэнцкімі выбарамі. Апошні дыктатарчык выразна акрэсьліў умовы вызваленьня палітвязьняў — іх эміграцыя. Мінуў месяц. Аніякай рэакцыі на гэты конт. Ніводная міжнародная праваабарончая арганізацыя ня хоча прыняць у сябе беларускіх палітвязьняў у якасьці бежанцаў.

У палітыкаў Эўразьвязу, у “апекуноў” беларускіх палітычных зьняволеных відавочны крызыс ідэяў што да падтрымкі палітвязьняў. Між тым, пакуль яны прымаюць дэкляратыўныя заявы й пішуць віртуальныя пэтыцыі да нелегітымнага кіраўніка Беларусі, значна большы сэнс мела бы канкрэтная прапанова прыняць у сваёй краіне беларускіх палітзьняволеных у якасьці палітычных уцекачоў. Вядома, гэта не панацэя, але гэта дасьць вязьням магчымасьць выбару, хай і балючага — турма альбо эміграцыя.

Цяперашнія санкцыі ня маюць практычнага ўплыву на дыктатарскі рэжым. За студзень-красавік бягучага года тавараабарот ЭЗ з Беларусьсю павялічыўся на 70,5% і складае 7,12 млрд даляраў ЗША. Доля ЭЗ у экспарцёраў Беларусі склала за гэты пэрыяд часу 38,2%, у той час як доля Расеі зьнізілася да 35,3%.

Усім вядома, найбольшы плён у зьнешняй палітыцы маюць не эканамічныя санкцыі, а маральныя. Чаму тады міжнародная супольнасьць не пратэстуе супраць правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакею ў Беларусі? Гэта будзе значна эфэктыўней і лепей за любыя сьпісы неўяздных у Эўразьвяз.

Мэта Эўразьвязу — атрымаць кантроль над працэсамі ў цэнтры Эўропы — у Беларусі. Яны выкарыстоўваюць сымбалічныя палітычныя дэклярацыі ды нязначныя кропкавыя санкцыі. Расея, а перадусім расейскія алігархі, фармуюць пазытыўны імідж і пераманьваюць да сябе беларусаў на большыя заробкі альбо на танейшую й лягчэйшую вучобу ў ВУЗ. Зараз маральная перавага на баку ЭЗ — паводле сацыялягічных апытваньняў (крыніца, табл.11) цяпер за аб’яднаньне з Расеяй выступае толькі 31.5% беларусаў; 50.5 — абіраюць уступленьне ў ЭЗ.

У Эўразьвязе каштоўнасьці правоў чалавека, на жаль, даўно не займаюць былой ролі, асабліва калі справа тычыцца краінаў замежжа, і супярэчыць эканамічным інтарэсам. Як не шкада прызнаць, але зараз Беларусь і Расеяй, і Эўразьвязам разглядаецца толькі як сфэра падзелу інтарэсаў. Іншая справа, што Эўропа дзейнічае ў гэтай гульне, так кажучы, больш мяккімі дэмакратычнымі мэтадамі, тым часам як Расея — ў сваім імпэрскім духу. Эўразьвяз мае нявыкарыстаныя рычагі ціску на беларускую ўладу — напрыклад, даўно можна было ўвесьці паўнавартасныя эканамічныя санкцыі, але гэтага ня робіцца, бо Эўропа больш баіцца таго, што Беларусь канчаткова патрапіць ў абдымкі Расеі і выйдзе з-пад эўрапейскай сфэры ўплыву, чым таго, што кагосьці з палітвязьняў могуць пакалечыць у калёніі.

Ліхавід, Дашкевіч ды іншыя палітвязьні рызыкуюць незваротна пакалечыць здароўе ў карцэрах ды з-за зьдзекаў адміністрацыяў турмаў. Аднак для міжнароднай супольнасьці важней падымаць тавараабмен з Беларусьсю, рыхтавацца да правядзеньня хакейнага чэмпіянату ў Менску ды распавядаць прыгожыя словы аб правах чалавека й гучна спачуваць рэпрэсаваным.

Як семдзесят гадоў таму, нашую шматпакутную Радзіму падзяляюць на сакрэтных плянах цяперашнія Молатаваў і Рыбэнтроп. І толькі маладыя на фронце сучаснай партызаншчыны здольныя пабудаваць лепшую будучыню для сябе й сваёй краіны!

Мы, беларусы, у любым выпадку не павінны сядзець паклаўшы рукі і вінаваціць замежных палітыкаў. Ніхто нам дэмакратыю не прынясе, і не падаруе. Трэба не чакаць пакуль нам паможа хтось з-за Буга, ці з-за Сожа, а разьлічваць на сябе й быць больш актыўнымі, каб дамагчыся свабоды і абараніць свой гонар як Нацыі, бо ніхто за нас гэтага ня зробіць.

 Управа МФ,
11 жніўня 2011 г.

Падзяліцца:

Каментары