Намеснік начальніка Мазырскай калоніі трапіў пад санкцыі ЕЗ за катаванні

30.10.2013:19:18
0
890
Беларусь, Навіны
Намеснік начальніка Мазырскай калоніі трапіў пад санкцыі ЕЗ за катаванні

У абноўлены «чорны спіс» ЕЗ усё ж трапілі тры беларускія чыноўнікі.

Еўрапейская крыніца звярнула ўвагу рэдакцыі charter97.org на тое, што беларускія СМІ напісалі толькі пра двух з іх — начальніка Бабруйскай папраўчай калоніі №2 Аляксандра Какуніна і яго намесніка Юрыя Трутко. Але еўрапейскія санкцыі распаўсюдзіліся яшчэ на аднаго прадстаўніка пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі. У «чорны спіс» уключаны намеснік начальніка Мазырскай калоніі Аляксандр Лапатка.

У якасці прычыны ў новым спісе, які быў афіцыйна апублікаваны сёння, указана, што чыноўнік «нясе адказнасць за не гуманнае абыходжанне з Дзмітрыем Дашкевічам, у тым ліку за прымяненне катаванняў і адмову ў сустрэчах з адвакатам». «Аляксандр Лапатка выкарыстаў пагрозы фізічнага і сексуальнага гвалту для таго, каб прымусіць зняволенага падпісаць прашэнне аб памілаванні», — гаворыцца ў дакуменце.

Аб жахлівых фактах ціску на палітвязня стала вядома ў верасні мінулага года, калі Зміцер Дашкевіч трапіў у Мазырскую калонію. Тады ён абвясціў галадоўку на знак пратэсту супраць парушэння законаў з боку адміністрацыі ўстановы. Начальнік калоніі Юрый Збароўскі пагражаў, што лідар «Маладога Фронту» не выйдзе з ШІЗА да канца тэрміну. Адміністрацыя пагражала паставіць палітвязня на ўлік як суіцыдніка.

Пасля ўсіх здзекаў Зміцер Дашкевіч напісаў заяву аб тым, што пачынае галадоўку. Начальнік рэжымнага аддзела яе скамячыў і выкінуў, пры гэтым пагражаючы лідару «Маладога Фронту» згвалтаваннем іншымі вязнямі.

Нагадаем, учора стала вядома, што Еўрапейскі Звяз працягнуў дзеянне санкцый супраць афіцыйнага Менска на год. Спіс чыноўнікаў і кампаній, на якія распаўсюджваецца дзеянне абмежавальных мер, некалькі змяніўся. У ім засталіся прозвішчы 232 набліжаных беларускага дыктатара і 25 фірмаў. Раней ён уключаў у сябе 242 чыноўнікаў і алігархаў і 30 фірмаў.

http://charter97.org

Падзяліцца:

Каментары