Напярэдадні Раства грамадскасць ушанавала памяць Гадлеўскага (фота)

24.12.2011:12:33
1
2 114
Беларусь, Навіны
Напярэдадні Раства грамадскасць ушанавала памяць Гадлеўскага (фота)

24 снежня, у гадавіну ганебнага растрэла знакамітага ксянзда-асветніка Вінцэнта Гадлеўскага неабыякавыя людзі наведалі месца забойства — Трасцянец. Людзі ўсклалі кветкі, знічкі ды праспявалі малітвы ля крыжа ў памяць Гадлеўскага. Варта зазначыць, што ўпершыню Чырвоны Касцёл дабраславіў працэсію на гэтую дзею.

Прапануем Вам даведацца падрабязнасці таго трагічнага дня праз артыкулы С. Ёрша “Рыцар Свабоды” і Л. Маракова “Вінцэнт Галдеўскі”.

С. Ёрш: “Рыцар Свабоды”

Абставіны арышту і сьмерці Гадлеўскага доўгі час заставаліся невядомымі. Толькі ў 2001 г. дасьледчык Яўген Цумараў адшукаў матэрыялы пасьляваеннай крымінальнай справы былога начальніка паліцыі бясьпекі і СД Менску Г. Хойзэра, у якіх высьвятляўся і лёс В. Гадлеўскага.

Гадлеўскі быў затрыманы асабіста начальнікам аддзела SSPF (паліцыі бясьпекі і СД) Менску Хойзэрам а 20 гадзіне 24 сьнежня 1942 году на сваёй кватэры. Яму было паведамлена, што ён мусіць ехаць у Бэрлін. Хойзэр прывёз Гадлеўскага ў касьцёл сьв. Сымона і Алены, дзе быў правераны ягоны сэйф. Ксяндзу Ігнатавічусу было паведамлена, што ксёндз Гадлеўскі ад’яжджае на два тыдні — такім чынам СД выйгравала час ды адтэрміноўвала магчымыя пратэсты з нагоды арышту беларускага палітыка і сьвятара.

Пасьля гэтага Вінцэнт Гадлеўскі быў адвезены ў Трасьцянец, дзе ва ўрочышчы Благоўшчына расстраляны асабіста Хойзэрам. Там жа было пахавана й ягонае цела…

Нешматлікія сьведкі тых падзеяў адзначаюць, што Гадлеўскі трымаўся надзвычай мужна, годна, дэманструючы ворагу сваю духовую перавагу (падрабязьней пра абставіны арышту і расстрэлу В. Гадлеўскага гл..: Наша ніва, 2002, 20 сьнежня).

Чаму Вінцэнт Гадлеўскі быў расстраляны нацыстамі адразу пасьля арышту?Найбольш верагодная вэрсія — у СД ня было афіцыйных матэрыялаў, пераканаўчых доказаў прыналежнасьці Гадлеўскага да падпольля. Аднак у іх была інфармацыя, што менавіта ён — адзін з кіраўнікоў нацыянальнага Супраціву. Ягоны арышт мог выклікаць ня толькі пратэсты беларускіх легальных дзейнікаў (а, магчыма, і заступніцтва самога В. Кубэ), але і тэрарыстычныя актыз боку падпольля. У Бэрліне магло быць прынятае рашэньне арыштаваць Вінцэнта Гадлеўскага і адразу ж зьнішчыць, што і было выканана менскім СД з надзвычайнай сакрэтнасьцю. Гэта было палітычнае забойства, чымсьці падобнае да зьнікненьняў беларускіх палітыкаў у 1999 годзе. Яны зьніклі бязсьледна, а пасьля распускаліся чуткі, што іх бачылі ў Латвіі, наЎкраіне, у Нямеччыне, хоць гэтых людзей ужо не было ўжывых. Так адбылося і з Гадлеўскім. Кіраўнікі Супраціву не адразу даведаліся, што адбылося зь іх лідэрам (паводле публікацыі “Кс. Вінцэнты Гадлеўскі, аснавапаложнік беларускага рэзістансу” (Беларускія навіны, 1945, 25 сьнежня), даведаліся толькі праз год). Ёсьць зьвесткі, што напачатку 1943-га невядомая група баевікоў-беларусаў напала на турму СД у Менску. Беларускі гісторык Алесь Гелагаеў адшукаў тэкст выступу кіраўніка СД у генэральным камісарыяце “Беларусь” обэрштурмбанфюрэра Штраўха на нарадзе 8-10 красавіка 1943 г. у Менску: “Я перажыў замах на менскую турму, калі ўзброеныя беларусы хацелі вызваліць злачынцаў” (РДАСПГ, ф. 625, в. 1, спр. 48, арк. 315). Невыключана, што гэта была спроба вызваліць Гадлеўскага, які, па зьвесткахпадпольля, мог знаходзіцца ў турме СД у Пішчалаўскім замку. Аднакяго ўжо не было ўжывых…

Л. Маракоў: “Вінцэнт Гадлеўскі”

[Вікенцій Іванавіч; 16.11 (паводле іншых звестак 16.12).1888, мяст. Поразава (паводле іншых звестак в. Шурычы) Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Свіслацкі р-н Гродзенскай вобл. — 24.12.1942, Трасцянец пад Мінскам, СД], рыма-каталіцкі святар, публіцыст, перакладчык, выдавец, педагог. У 1912 скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, у 1916 — Мітрапалітальную духоўную акадэмію ў Петраградзе. Пасвечаны ў святары 3.6.1914. Служыў вікарыем пры кафедральным касцёле ў Мінску. Удзельнік 1-га Усебеларускага з’езда 1917. У 1918 уваходзіў у склад Рады БНР. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Рэдагаваў газ. «Krynica» (Мінск, 1918). Выкладаў у Нясвіжскай беларускай семінарыі. З 1924 пробашч у мяст. Жодзішкі на Віленшчыне (цяпер Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.). За актыўную нацыянальна-паліт. дзейнасць арыштоўваўся польскімі ўладамі 25.6.1925 (зняволены ў віленскай турме Лукішкі), 30.9.1925. 1.3.1926 асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі (зняволенне заменена штрафам). Арыштаваны ў сак. 1927; асуджаны на 2 гады зняволення, якія адбыў у Макатоўскай турме ў Варшаве. З 1929 жыў у Вільні. Адзін з заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні. Пераклаў на бел. мову Новы Запавет (выдадзены ў Вільні, 1939). У 1936 выйшаў з БХД, заснаваў арганізацыю «Беларускі Нацыянальны Фронт», да 1939 выдаваў газ. «Беларускі фронт», у якой выступаў як публіцыст. З пачаткам 2-й сусветнай вайны пераехаў у Каўнас, у 1940 — у Варшаву, дзе арганізаваў легальны «Беларускі Нацыянальны Фронт» як прыкрыццё падпольных структур. Заснавальнік Беларускай Незалежніцкай Партыі. У чэрв. 1941 увайшоў у склад створанага ў Берліне Беларускага нацыянальнага цэнтра. З вер. 1941 у Мінску; галоўны школьны інспектар пры Генеральным камісарыяце Беларусі, сябра Галоўнай Рады Беларускай Народнай Самапомачы. Ініцыяваў стварэнне падпольнай арганізацыі «Беларускі Цэнтральны Фронт», якой кіраваў. Спрабаваў заснаваць кіруючы цэнтр Беларускага Рэзыстансу. Арыштаваны СД 24.12.1942 і ў той жа дзень расстраляны ў Трасцянцы.

Падзяліцца:

Каментары

  1. Ганна (Dec 24, 2011:13:13)Адказаць

    «Хай увесь беларускі народ і ўсё беларускае грамадзянства цьвёрда верыць, што паміж імі і каталіцкім Касьцёлам у справе адраджэньня беларускай народнасьці і дзяржаўнасьці прынцыповых нязгодаў няма і быць ня можа» — казаў Гадлеўскі.
    А ці знойдзецца зараз такі ксендз на Беларусі?