Наста Дашкевіч: У Зьмітра абвастрылася хвароба, выкліканая турэмнымі стрэсамі

Наста Дашкевіч: У Зьмітра абвастрылася хвароба, выкліканая турэмнымі стрэсамі

19 студзеня Наста Дашкевіч паведаміла «Свабодзе» пра хваробу яе мужа Зьмітра Дашкевіча, пра якую яна даведалася з апошніх лістоў палітвязьня з гарадзенскай турмы.

«Праз моцныя болі ў шыі гадзінамі ня мог увогуле рухацца», — напісаў Зьміцер Дашкевіч. Паводле ягонага ліста, турэмныя лекары калолі яму антыбіётыкі, і гэта часова дапамагло, але няма гарантыі, што хвароба зноў ня вернецца.

Наста Дашкевіч: «Сам ня ведае, ад чаго гэта можа быць. Быццам ня мог прастыць, паколькі зараз фактычна ня ходзіць на прагулкі, і скразьнякоў у камэры няма. Мяркую, гэта ня тое што нэрвовае захворваньне, але нешта, зьвязанае выключна з гэтымі турэмнымі стрэсамі, якія ён рэгулярна перажывае. І, як я разумею, яму лягчэе часова, пасьля курсу ўколаў. Напісаў, што ў Горадні яго тэрмінова пралячылі, і стала крыху лепей».

Наста Дашкевіч згадала, што летась, калі Зьміцер знаходзіўся ў глыбоцкай калёніі, у яго быў такі самы прыступ. Тады адміністрацыя калёніі не дазволіла ёй перадаць для Зьмітра пэўныя лекі. Наста Дашкевіч спадзяецца, што ў гарадзенскай турме падобных праблем ня ўзьнікне.

Лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча трымаюць ў гарадзенскай труме як злоснага парушальніка рэжыму. Пасьля амаль двух гадоў зьняволеньня ў калёніі нібыта за хуліганства палітвязьня асудзілі яшчэ на год за непадпарадкаваньне адміністрацыі.

Падзяліцца:

Каментары