Настаўнікі хлусні

Настаўнікі хлусні

Едзем з Соснаў (гэта шчэ далей за Шабаны). А там няслабы спуск такі, а потым пад’ём. І вось па гары гэнай згорбіўшыся бяжыць цётка. Мы з Настаю, канешне, спыняемся і я кручу праз адкрытую фортку:

– Падвезці?

– Ага, ага, – адказвае акуратна прыбраная цётка і заскоквае ў машыну.

– Куды ж вы ляціце так? – запытваю я.

– Вой, пікет ў міня ў магазіна начаўся.

– Да вы што! І што за пікет?

– Ну подпісі за кандзітата сабіраем.

– Ух ты, – зьдзівіўся я, – і за якога ж кандыдата пікетуеце?

– Ну за какова, за кандзідата Лукашэнку!

– А каб яго разарвала, вашага кандыдата! – засмяяўся я.

– Ні бойцесь, ні разарвёт, правіць будзіт доўга, – без ніякіх жартачкаў выдала цётушка.

– Дык глядзіце каб вам самім не разарвацца – у такі сквар па гарах бегаць.

– А што здзелаеш, работа такая… – сумна ўжо неяк адказала тая.

– Дык што, не па поклічу сэрца? – зноў пратэставаў агітатара я (пра першага тут Подпісы, спаленая кухня і рабочы інструмант…)

– Какой покліч, – пачала нават скардзіцца суразмоўца, – сказалі ў школе: “Ідзі на пікет!” – і куды ты дзенешся?..

– Дык вы ў школе працуеце? – спытаў я спыняючыся ўжо ля паварота на краму?

– Так, у школе.

– Ну трымайцеся, бо нялёгка вам.

– Спасіба, спасіба вам бальшое.

У гэтай трагі-камедыі, якую напаткалі мы на дарозе, трагічней за ўсё тое, што гэтыя цётачкі, якія з-пад палкі разрываюцца, але пікетуюць за “дзействуюшчага”, потым ідуць у школу і вучаць дзетак. А чаму яны могуць кагосці навучыць? Што, такія настаўнікі могуць закласці прынцыпы маралі і справядлівасці? Што, цётачкі гэтыя няшчасныя могуць выхаваць у дзецях пачуццё патрыятызму і любові да Бацькаўшчыны? А калі да гэтай гісторыі мы дададзім тысячы іншых пра тое, як у школах і ўніверсітэтах на ўчастках для галасавання настаўнікі фальсіфікуюць выбары, карціна перад намі паўстане зусім жахлівая.

І я мяркую, што пасля таго, як рэжым Беларусі лясне (праз год ці праз 20 год, але ж ён лясне) і выплывуць на паверхню ўсе ягоныя зладзействы (хаця для людзей з вачмі і так усё на паверхні), настаўнікі – гэта першыя, хто павінен выйсці на плошчы і прынесці агульнанацыянальнае пакаянне за тое злачынства, якое чынілі яны некалькі дзясяткаў год – з пяцігодкі ў пяцігодку фальсіфікавалі для нас “прэзідзента”. А потым спакойна ішлі ў школу і вучылі дзяцей праўдзе, справядлівасці і патрыятызму. Яны, “настаўнікі хлусні” павінны першыя выйсці на плошчы і першыя перад усім народам пакаяцца.

Зміцер Дашкевіч, спецыяльна для charter97.org

Падзяліцца:

Каментары

  1. Евгений (Aug 16, 2015:17:04)Адказаць

    На всех не вешайте, ок?