Наталля Радзіна: “Фарс як трагедыя”.

Наталля Радзіна: “Фарс як трагедыя”.

Неадкладнае зняцце апазіцыі з ілжэвыбараў можа стаць апошнім шанцам выратавання палітвязняў. Дагуляліся. Яшчэ адзін год турмы для Змітра Дашкевіча. Нягледзячы на жахлівыя навіны з Глыбоцкай калоніі пра ціск, які аказваюць на палітвязьня, яшчэ заставалася надзея, што ў снежні гэтага года ён выйдзе на волю. Цяпер не выйдзе.

У лепшым выпадку — толькі ў жніўні 2013-ага. І тое, калі не будзе новых правакацый, новых судоў і новых падаўжэнняў тэрміну зняволення. А яны будуць, таму што ўлада адчувае ўседазволенасць.За гэтыя паўтары гады ў турме Зміцер Дашкевіч ужо страціў маці, сэрца якой не вытрымала пакут сына. У цяжкім стане яго бацька, хворы на анкалогію. Самога палітвязьня з падачы адміністрацыі цкуюць у калоніі, кідаюць у СІЗА, падвяргаюць катаванням, здзекаванням і знявагамі.

Я часта пытаю сябе: няўжо многія з тых, хто сядзеў тады ў суседніх са мной камерах, пра гэта не памятаюць? Няўжо забыліся гэты стук дубінак, трэск электрашокераў, забыліся катаванні, якім падвяргаліся, калі іх голых трымалі на холадзе, ставілі на расцяжку, выкручвалі наручнікамі рукі? Тады чаму тыя, хто пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года таксама прайшоў праз гэбэшные засценкі, сёння так лёгка і зграбна плююць на лёсы тых, каму не пашчасціла адтуль выбрацца?

Чаму некаторыя з іх, нават пасля аднаго тыдня ў «амерыканцы», не зразумелі, што з усёй гэтай свалатой трэба змагацца, а не гуляць у «гавары праўду» і «выбары», легітымізуючы рэжым, які гатовы знішчаць любога, хто стане на яго шляху?Ці зразумелі? А ўсе гэтыя блазанскія пікеты з картоннымі кандыдатамі і зборам подпісаў за вылучэнне ва ўжо гадоў 15 як не існуючы орган — пыл у ўсюдыісныя вочы КДБ, які, як вядома, вельмі моцна настойваў на ўдзеле апазіцыі ў так званых «парламенцкіх выбарах»? Іх падмануць хочаце? Або сябе? Або паміраючага бацьку Змітра Дашкевіча?

Але падманваеце толькі беларусаў, так і не зразумеўшых вашай тактыкі ці то паўудзелу, ці то паўбайкоту, і Захад, які з-за ўсёй гэтай вашай мышынай валтузні выносіць адно «кітайскае» папярэджанне за адным, так і не адважваючыся ўвесці рэальныя санкцыі супраць рэжыму, які ўжо ва ўсю ступае па трупах.

І як вынік — запрашэнне ярмошыных і шуневічаў ў еўрапейскія сталіцы, рашэнне Віленскага акруговага суда, размарозіць частку рахункаў аднаго з галоўных спонсараў беларускай дыктатуры, жахлівая праўда пра трэніроўкі мінскага АМАПа ў Германіі напярэдадні крывавага падаўлення дэманстрацыі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў.

Маральная дэградацыя часткі заходніх палітыкаў і часткі так званай апазіцыі сёння прыводзіць да дэмаралізацыі цэлага народа. І яшчэ яна забівае палітвязняў у турмах.

Чаму ўлада так баіцца байкоту? Таму што ключы ад легітымізацыі рэжыму — у руках у апазіцыі.

Прыгадайце 2008 год. Тады паход тых жа персанажаў на «выбары» у «палатку» прывёў да атрымання дыктатурай шматмільярдных крэдытаў МВФ і яе фактычнаму выратаванню.

У сакавіку, пасля скандалу з ад’ездам з Менску заходніх паслоў, я размаўляла са многімі дыпламатамі і пыталася, навошта яны вярнуліся? Яны адказвалі: мы з’ехалі, абараняючы палітвязняў, а ў гэты час частка апазіцыі пайшла на «выбары», нягледзячы на ранейшыя запэўніваньні, што не зробяць гэтага без вызвалення сваіх таварышаў.

Калі сёння пасля судзілішча над Дашкевічам апазіцыянеры здымуцца, не чакаючы ні 15-га, ні 23-га верасня, у нас з’явіцца шанец выратаваць палітвязняў.

Да так званых «выбараў» засталося 26 дзён. Калі тыя, хто ўдзельнічае ў гэтым бессаромным прадстаўленні, зможа перамагчы жывёльны страх і амаральныя амбіцыі і здымецца з «выбараў», ён, магчыма, выратуе жыцці Дзімы Дашкевіча, Мікалая Статкевіча, Алеся Бяляцкага, Эдуарда Лобава і іншых ні ў чым не вінаватых людзей.

За няправільны выбар даводзіцца адказваць. Калі не перад людзьмі, то перад Богам.

 

Падзяліцца:

Каментары