Навагодняя ноч

Навагодняя ноч

Зімой у Ізалятары часовага ўтрыманьня большасьць арыштантаў ходзіць у камэры без абутку. Бо заўсёды зімовы абутак утрымоўвае супінатары – жалезныя плясьціны на падэшве, якія служаць умацаваньнем канструкцыі. Наглядчыкі прапаноўваюць кожнаму затрыманаму ці выламваць супінатары, ці забараняюць хадзіць у камеры ў абутку. Лічыцца, што будучы зэк можа ў камеры дастаць супінатар, зрабіць зь яго зброю і ці тое прарэзаць ім дзіру ў сьцяне ды зьбегчы, ці тое перарэзаць усіх канваіраў і яшчэ раз зьбегчы.

Мне драць боты было шкада, і я хадзіў у камеры босы. Канешне, гэта трохі непрыемна, тым больш, калі камера брудная. “Бруд можна адмыць!” – скажа які рафінаваны чысьцюля. Я і сам чысьцюля, хоць і не рафінаваны. Я спрабаваў мыць. Спачатку я адмыў першую камеру і зажыў шчасьліва. На наступны дзень мяне перавялі ў іншую, загаджаную яшчэ болей – я сумна агледзеўся і ўзяўся мыць наноў. На трэці дзень мяне перавялі яшчэ раз і я пераканаўся, што нада мною проста зьдзекуюцца. А можа карны рэжым кічы[1] проста прасёк, што ў ізалятары зьявіўся дарэмны прыбіральшчык, і ім можна перамыць усе 40 камер. Але я абазліўся і больш нічога ня мыў, а мяне ўсё працягвалі пераводзіць з камеры ў камеру ледзь ні штодня.

31 сьнежня, на 14-ыя суткі мяне закінулі ў камеру на першым паверсе, хаця дагэтуль увесь час я прасядзеў на трэцім. І якая ж была мая радасьць, што на ўваходзе ў яе наглядчык не запытаўся пра супінатары ў ботах, і я праскочыў у клетку абуты. Гэта была камера на два месцы, таму сьвятлейшая і чысьцейшая за ўсе астатнія, у якіх я быў. Апроч мяне, у новай хаце[2] больш нікога не было, і я пачаў радасна праходжвацца па праходзе ў чаканьні таго, з кім сустрэну новы 2011 год. Сустрэць новы год у ботах і ў камеры, дзе не вісіць два метры дыму – гэта быў сапраўдны падарунак турэмнага лёсу. “Эх, яшчэ б і кабанчык[3] зарохкаў пад дзьвярыма – было б зусім шыкоўна!” – падумаў я грэшным дзелам.

    – Дашкевіч! – прапішчаў жаночы голас у толькі што адчыненую кармушку.
    – Зьміцер Вячаслававіч! – падскочыў я радасна ў прадчуваньні навагодняе перадачы.

Трэба сказаць, што ў камеры перадача – гэта перадусім ня ежа. Тым больш, калі цябе зусім нядаўна пасадзілі і ты шчэ не пасьпеў скінуць 10-20% вагі. Перадача – гэта прывітаньне ад родных і сяброў. Гэта напамін пра тое, што цябе любяць, пра цябе памятаюць, за цябе змагаюцца. А ў гэтыя акаянныя дні сьнежня 2010 перадача – гэта яшчэ і інфармацыя аб тым, хто застаўся жывы на фронце. Сьпіс атрымоўваўся ня самы вясёлы, і ў ім за 14 сутак назьбіралася тры прозьвішчы: Марына Лобава – маці сябра майго Эдуарда, зь якім мяне і арыштавалі; Натальля Ясевіч – маці майго брата Зьмітра Ясевіча; і Тацьцяна Шапуцька – маладафронтаўская зорка, якая на волі, відаць, толькі таму, што муж ейны Глеб Лабадзенка ні на крок на Плошчы-2010 ад жонкі сваёй не адыходзіў.

    – Ад каго перадача? – прагучала заўсёднае пытаньне.
    – Адкуль я ведаю, – нэрвова ўсіміхнуўся я, нахіліўшыся да кармушкі.

Пытаньне гэтае вырубала мяне заўсёды – адкуль я ці любы іншы арыштант мог ведаць, ад каго перадача?

    – Ад любімай? – не ўгамоньвалася канваірша.
    – Можа быць, – яшчэ больш нэрвова адказаў я.
    – А што, хіба ня я твая самая любімая?! – абурылася паненка на прадоле[4].

Дзеля такой справы я прысеў на корткі і лацьвей выглянуў у кармушку. На калідоры стаяла наглядальніца па мянушцы сярод арыштантаў “Бандыт” ці “Бандыты”. Яна заўсёды, калі раздавала ежу, адчыняла вочка дзьвярэй і крычала з таго боку калідора: “Бандыты, колькі вас тут?” Потым, разьліваючы суп у алюміневыя шлёмкі[5], казала: “Бандыты, мыйце за сабою талеркі!” Пры добрым настроі магла прапанаваць: “Бандыты, каму дабаўкі?” Яе так і клікалі арыштанты “Бандыты”.

Я акінуў вокам постаць бандыткі. Хударлявая дзяўчына ў міліцэйскай форме стаяла трохі павярнуўшы і адставіўшы ў бок правую нагу, левую руку паклала на сьцёгны, а ў сагнутай правай руцэ трымала цыгарэту, ад якой белай тонкай стужкай струмяніўся дымок. Гледзячы на мяне яна зацягнулася, выдыхачы дым прыплюснала адно вока і перапытала яшчэ раз, жартаўліва гледзячы на мяне зьверху ўніз:

    – Што, ня я самая любімая?
    – Канешне ты, – расплыўся ва ўсьмешцы і я, ды вытрымаўшы паўзу, каб гэта не выглядала нахабна, працягнуў думку. – Давай перадачу.

Бандытка спрактыкаваным рухам рукі ляснула назад кармушкай, пазьвінеўшы засаўкамі адчыніла дзьверы і, паказваючы на пакунак ля камеры, усё з той жа ўсьмешкаю дала дазвол:

    – Забірай!
    – Дзякуй! – падміргнуў я ёй і ўцягнуў у хату цёпленькага кабанчыка.

Сьпіс мой папоўніўся чацьвёртым імём – Касі Галіцкай (цяпер яна Васільева). Кася ўваходзіла ў групу “пантэраў” – так Павал Севярынец акрэсьліў сяброўскае кола Касі Галіцкай, Касі Красновай, Людвісі Атакулавай і Насты Палажанкі, якія цягам 2007 году узвалілі на свае дзявочыя плечы поўную адказнасьць за Малады Фронт. Пакуль сам я прахалоджваўся першым тэрмінам у шклоўскай калоніі, дзяўчаты з падразьдзяленьня “пантэры” праводзілі пікет за акцыяй, а акцыю за пікетам – і на сутках за паўтара гадочкі выкацілі столькі, колькі многія барацьбіты з рэжымам за ўсю сваю біяграфію не выкатвалі. І хто-хто, а Кася дакладна ведала, што і ў якой колькасьці трэба арыштанту.

Я перабіраў перадачу, радаваўся тапкам – цяпер няма патрэбы хадзіць босым, захапляўся кнігаю пра сабачак – цяпер я буду ведаць усё пра пароду хаскі з 5-ай групы FCI, плакаў над мандарынамі – цяпер будзе сапраўдны новы год. Я нават не адразу пачуў ціха адчыненую кармушку.

    – Дашкевіч! – прыкрыкнуў прадольны.
    – Зьміцер Вячаслававіч, – азваўся я, падскочыўшы да кармушкі.
    – Перапісвай усё ў двух асобніках, – паклаў ён на кармушку дзьве паперкі, – што не запішаш, тое на этап не прапусьцяць.

Я ўзяў невялікія аркушыкі, і кармушка ляснула. Гэта былі адмысловыя блянкі вопісу маёмасьці перад этапам. Гэта азначала, што дарэмна я ствараў сьвяточную атмасфэру і раскладваў мандарынавыя лупіны па камеры – новы год я буду сустракаць зусім у іншым месцы, мяне чакае этап.

***

З торбаю ў руцэ я зайшоў у пакой і адразу яго пазнаў. У гэты ж пакой мяне заводзілі ў 2006-ым годзе, калі я з іншымі сутачнікамі абкатваў новы будынак. Пакой быў шырокі – метраў восем на восем, пасярод яго месьціліся шэсьць састаўленых сталоў, насупраць выхаду цямнелі два закратаваных вакна, а па бакох было па чатыры маленькія камеры – стаканы[6].

Тады, у сакавіку 2006-га, нейкія праваабаронцы прабраліся ў рэжымную ўстанову, завалілі гэтыя сталы гуманітаркай – ежай і вопраткай, а потым прапаноўвалі кожнаму сутачніку ісьці і выбіраць сабе што патрэбнае. Гэта было нечувана ні да таго, ні пасьля і я больш такога ніколі ня бачыў. Канваіры заводзілі па аднаму арыштанту, пакідалі яго ў пакоі з прадстаўнікамі гуманітарнай місыі, і можна было набраць сабе ежы, рэчаў і пагаманіць. Я нават папрасіў тады тэлефон і набраў некаторым сябрам. Праўда, мне ніхто не паверыў, што гэта тэлефаную я, але ўсё роўна было прыемна.

Цяпер жа я мусіў азнаёміцца з сапраўдным прызначэньнем гэтага габінэта. Уздоўж сталоў стаяў канвой – чатыры збольшага яшчэ смаркатых салдаціка тэрміновай службы. Побач з кожным зь іх стаяў даглядаемы арыштант, а паступаючых на этап будучых зэкаў закрывалі па стаканах, дзе тыя чакалі чаргі на шмон[7]. У адзін са стаканаў завялі і мяне. Я прыціснуў вуха да тармазоў[8] – за дзьвярыма адбываўся пачарговы ператрус этапуемых. Кожны адшмананы выходзіў у калідор і станавіўся ў шэраг тварам да сьцяны, а канваір выгукваў прозьвішча наступнага арыштанта, які, пачуўшы сваё імя, грукаў у дзьверы – і яго выводзілі на дагляд.

“Стрэчань!” – падалося мне знаёмае прозьвішча і я паспрабаваў лацьвей прыклеіць вуха да дзьвярэй. “Стрэчань!” – гукнулі праз павузу ізноў, але ніхто не адгукаўся грукатам у дзьверы. Потым пракаціўся трохпавярховы, за ім пяціпавярховы і канваір пайшоў абыходзіць стаканы, ляпаючы ў кожны і запытваючы прозьвішча. “Стрэчань!” – ляпнула дубінка і ў мае дзьверы, – “Не”, – адказаў я. “Стрэчань!” – удар у суседнія, на што наведнік стакана незразумела прамармытаў. Дзьверы суседнія з грукатам адчыніліся і пад раскаты трох-, пяці- і сяміпавярховых брыдкаслоўяў быў выведзены арыштант: “Ты глухі ці як?!” – гаркнулі пад маімі дзьвярыма, але ў адказ ізноў пачулася мармытаньне.

“Дзіўна, – падумаў я, – супадзеньне ці ён?” “Ды ладна, шо тут гадаць, усялякае можа быць”, – разважыў я і, упёршыся лбом у дзьверы, чакаў свайго прозьвішча і гадаў пра будучыя свае лёсы.

“Распранайся!” – абыякава кінуў салдацік у празрыстых медычных пальчатках, калі я падышоў да стала. Я скінуў на стол усё і застаўся толькі ў портках, але, не чакаючы наступнай каманды, прыспусьціў іх і тры разы прысеў. Было бачна, што служываму прыемна працаваць з дасьведчанымі людзьмі, і ён прыязна сказаў: “Апранайся”, – і паклаў на стол бліжэй да мяне шкарпэткі. Пакуль я апранаў іх, ён узяўся за мае боты і сагнуўшы адзін напалам запытаў.

    – Са супінатарамі?
    – Так, – адказаў я.
    – Ведаеш, што ў турму ў такіх не прапусьцяць?
    – Ведаю.
    – Трэба выламваць.
    – Выламвай, – выдыхнуў я вылаяўшы сябе за тое, што дарма два тыдні мучаўся ў шкарпэтках на бруднай падлозе – усё адно выратаваць абутак ад вандалізму было немагчыма.

Салдацік дастаў сьцельку, узяў адмысловы разец і прафэсыйна выкалупаў па чарзе два супінатара з маіх ботаў – цяпер я мог легальна іх насіць, і ніводзін турэмшчык не пабаіцца за сваё жыцьцё і здароўе. Медычныя пальчаткі пачалі далей правяраць маю адзёжу, ня вельмі ўважліва прамацваючы швы, а я паступова апранаўся ў санкцыянаваныя рэчы. Хутка было праверана начыньне маёй невялічкай торбы, і я атрымаў загад выходзіць на калідор, на якім па правы і левы бок тварам да сьцяны стаяла два шэрагі этапуемых. “Сюды, торбу перад сабой, рукі за сьпінай!” – загадаў мне адзін з наглядчыкаў і тыцнуў дубінкай ля сьцяны. Праз некалькі чалавек ад Эдуарда я стаў у шэраг.

***

    – Як прэзыдэнт едзем – з мігалкамі і суправаджэньнем, – паважна расьцягнуў словы адзін з насельнікаў нашай клеткі.
    – Вось прэзыдэнта хай бы і вазілі, а нас за што?! – абурыўся іншы пад вясёлы гогат ня вельмі-та сумуючых арыштантаў.
    – А ну-ка цішэй там! – прыкрыкнуў дзеля віду старшынка. Дзеля віду, бо канваір і інструкцыю перавозкі зэкаў выканаць мусіць, і сам разумее, што зрабіць ён з намі наўрад ці нешта можа – так шмат нас сюды ўціснулі.

Дзеля эканоміі паліва упіхнулі нас у аўтазак чалавек 25. Іншы скажа, што бывала і болей – і я згаджуся, сам 30-ым у клетку заціскаўся. Канешне, кожны паважаючы сябе беларус ведае колькасьць камер аўтазака, але зважаючы на мажлівых чытачоў іншай народнасьці, мусім паўтарыць. У аўтазаку 5 камер. Калі стаяць у ім тварам да кабіны, то дзьве адна-/двухмясцовых за жалезнымі дзьвярыма – справа, а за імі адразу – дзьверы ў аўтазак, дзьве недзе двух-/трохмясцовых з жалезнымі дзьвярыма зьлева, і адна васьмі-/дзесяцімясцовая з кратаванымі дзьвярыма ў канцы аўтазака – разам на зэкаў 14 ці 20 самае большае. Але дасьведчаныя кажуць, што зьмяшчалася і 35, пры чым разам з кешарамі[9]. Калі паверыць сядзельцам на слова, то мы і сапраўды як прэзыдэнты ехалі – у люксавых умовах. Хаця той зэк меў рацыю – хай бы прэзыдэнт у гэтым люксе і ехаў. Але як ён пакуль тут ня ехаў, то ехаць мусіў я з сябрам маім Эдам Лобавым.

Я паспрабаваў агледзецца ў клетцы, каб знайсьці Эдуарда, але гэта было немагчыма. “Эдуард,” – гукнуў я ціха і не атрымаў адказу. Відаць, не такія лохі канваіры, каб падзельнікаў[10] садзіць у адну клетку, бо цягам этапа яны маглі дамовіцца па ўсіх нюансах справы. І хаця памылкі здараюцца, але гэтым разам мне на яе не пашчасьціла.

“Братва, ёсьць шо закурыць?” – паўшэптам запытаў арыштант, які сядзеў побач са мной на лаве. Адказваць яму не сьпяшаліся, бо ўсім было не да курыва – нас было як селядцоў. Але любіцель тытуню не супакойваўся: “Ё шо закурыць?” – перапытаў ён у навісаючых над намі арыштантаў, якія не парадвалі яго сваім адказам. “Ё сігара? – кінуў ён павярнуўшыся да мяне. – Не, няма, – адказаў я. – Што… няма? – Так, няма, – пацьвердзіў я ізноў. – Ты шо, па-беларуску балякаеш? – Ну а як мне яшчэ балякаць? – паўжартам адказаў я. – Дык ён пастаянна па-беларуску, – заступіўся за мяне іншы селядзец, у якім я пазнаў наркамана, з якім мы перасякаліся ў адной з камер. – Гэта ж апазыцыя наша, ён пастаянна на мове балакае. – Н-да, – хмыкнуў курыльшчык, – ёсьць у цябе закурыць? – На, – адказаў наркаман і праціснуў над галовамі руку з цыгарэтаю.

Змучаны без тытуню зэк цяжкімі рухамі расштурхаў заціснутых пасажыраў і закурыў-такі. Белае воблака паплыла над галовамі, а арыштант закатваў вочы і прагна зацягваўся.

    – Браток, дай даб’ю, – ціха прагучаў голас наступнага курыльшчыка, які насуперак сваёй волі быў адарваны ад цыгарэт і таму некалькі сутак курыў дубцы з мяцёлкі.
    – На, – праціснуў той на дзьве траціны скураную цыгарэту, якая была схоплена нэрвовым рухам рукі.
    – >Ну што, браткі, едзем на вясёлую турмачку! – выдаў палагаднеўшы курыльшчык. – Глядзіце, парадкі такія, што праз тыдзень на “Валадарку[11]” маліцца будзеце.
    – І што там такога? – не даваў веры наркаман. – Турма як турма.
    – Пабачыш, як падмалодзяць[12] разоў пару.
    – Мяне гэтым ня зьдзівіш, – хмыкнуў той. – Я во ў РАЎСе адсядзеў бязь ежы трое сутак і кожны дзень на падмалодцы. З намі чэла нейкага ўзялі і не маглі ў яго прозьвішча даведацца, дык скруцілі на ластаўку[13] і лупасілі суткі. Мы, канешне, давай ім равець “Підарасы, што вы з чалавекам робіце?!” Ну, нас і падмалоджвалі за кампаніію ўсе трое сутак. А ты гаворыш – “Жодзіна”.
    – Так, мусара паўсюль аднолькавыя, – выдыхнуў курыльшчык.

Аўтазак змоўк і кожны сам сабе разважаў над тым, што радаснага нас у Жодзіна нічога не чакае – мусара паўсюль аднолькавыя.

    – Канчайце там з курывам! – гаркнуў канваір, калі дым пайшоў па ўсім аўтазаку.
    – Старшой, ужо няма чаго! – адказаў другі курыльшчык, робячы апошнюю зацяжку і ўціскаючы акурак у падлогу.

Канваір устаў са свайго крэсла і адкрыў люк аўтазака – халоднае навагодняе паветра ўдарыла ў нашыя ссумаваўшыяся па кіслароду лёгкія.

***

“Выходзім! Рукі за сьпінай! Не размаўляць! Не аглядацца! Адзін за адным!” – выдаваў устаноўкі маёр – начальнік прымаючага боку. Прымаючы бок – Турма №8 горада Жодзіна, вядомая ў народзе пад назовам “Чорны бусел”. Турма гэтая мае сярод зэкаў славу самай жорсткай і беснаватай турмы Беларусі. У цяперашнія часы таго разгулу міліцэйскага гвалту мо і не назіраецца – ня любяць яны чытаць прозьвішчы свае і бачыць фоткі ў незалежных СМІ, але раней, сьведчаць бывалыя, з пакою прыёма зэкаў выпаўзалі.

Уздож шэрагу брэшучых сабак мы адзін за адным заходзілі ў лёгкія пенітэнцыярнай сыстэмы Беларусі і турма паглынала нас – кагосьці на некалькі месяцаў, кагосьці на доўгія гады. Шэраг за шэрагам мы станавіліся тварам да замызганай сьцяны. “У лепшыя гады яна ўся была чырвоная”, – шэпча мне сусед. Я сам сабе хітаю галавою і радуюся, што патрапіў сюды ў гады горшыя.

Стоячы за чатырма шэрагамі патыліц, галоўны канваір трымаў у руках нашыя тэчкі – набор дакумантаў на кожнага арыштанта. Зачытваючы прозьвішчы ён чакаў у адказ імя і імя па-бацьку ды задаваў сустрэчнае пытаньне, якое імкнуўся не паўтараць. Аднаго пытаў адрас жыхарства бацькоў, другога дату затрыманьня, трэцяга імя дзяцей і гд. Робіцца гэта дзеля таго, каб не патрапіўся сярод этапуемых які злодзей, што таемна прабраўся ў аўтазак ды хоча на халяўку пасядзець у турмачцы.

“Падыходзім па аднаму! Называем імя і імя па-бацьку! Рэчы трымаем у рукох! Рукі трымаем за сьпінай!” – дае наступныя ўстаноўкі канваір і будучыя зэкі пачынаюць вучыцца патыліцай адчуваць устаноўкі начальства.

    – Рэчы ўзяць у рукі! – раўнуў канваір на арыштанта, што паставіў перад сабой добра набіты кешар і трымаў рукі за сьпінай.
    – Як мне тады трымаць яго? – абурана запытаўся небарака і меў на тое поўнае права, бо як устаяць на нагах, калі за сьпінай трэба трымаць кешар, што важыць так жа, як і ты.
    – Ты што, не зразумеў?!
    – Я не зразумеў, – спакойна але цьвёрда адказаў будучы, відаць, брадзяга[14] і тут жа выхапіў дубінкай па плячох.

“Во падонкі”, – гунуў я з шэрагу ня вельмі гучна, але дастаткова, каб пачулі канваіры. – “Хто сказаў?!” – гаркнуў нехта зь іх. Я маўчаў. Канваіх аздобіў сваё патрабаваньне пяціпавярховым, але я працягваў маўчаць. Выстаўляць сябе героем тут было бяссэнсоўна – засьцеляць у бетон і нікому да гэтага ня будзе справы. Крык абурэньня – гэта ўсё, што я мог дазволіць сабе, гэта ўсё, што я мог зрабіць, каб адцягнуць увагу зграі ад абранае ахвяры.

Нас разьмеркавалі ў адстоўнікі – пякельныя камеры любой турмы. Гэтыя камеры зьяўляюца перавалачнымі, разьмеркавальнымі пунктамі для зэкаў, тут рэдка затрымоўваюцца больш, чым на суткі. У адстойнік зьмяшчаюць пры дастаўцы ў турму для шмона і далейшага пераводу ў камеры, якія зэкі называюць ужо ня брыдкім словам “адстойнік”, але пяшчотна-ласкавым “хата”.

Адстойнік для чалавека не прывыкшага да затрыманьня выглядае па-дзікунску, але для дасьведчагага апазыцыянера гэтая камера ўсяго толькі нагадвае пра старыя добрыя часіны спецпрыёмніка-разьмеркавальніка. Добрыя, бо тады ты ведаў, што праз 15 сутак з гэтага адстойніка выйдзеш на волю. А калі ты выйдзеш з турэмнага, ня ведаў ужо ніхто. Адстойнік уяўляе зь сябе камеру, сьцены якой пакрыты бетоннай футрай, на ўсю шырыню, ад правай да левай сьцяны збудавана драўляная сцэна – гэткі ляжак з  паўметра вышынёй ад падлогі, перад уваходам у камеру невялікая прастора – пятак, а ў адным з бакоў – рукамыйніца і нічым не агароджаны, адкрыты пляскаты ўнітаз на подыюме. Чаму ўнітаз на подыюме ніхто ня ведае. Такая ўжо яна – фантазія турэмшчыкаў.

Пакой для шмона ў жодзінскай турме таксама ўтрымоўвае камеры-стаканы. Шмон прымаючага боку заўсёды больш пільны і працяглы – ня жартачкі, сюды заязджаюць і маньякі, і сэрыйныя забойцы, і нават апазіцыянэры.

    – Картачныя даўгі ёсьць? ­– запытаў у мяне малады опер, да якога прывялі мяне пасьля шмона. Ягоная задача – падабраць табе камеру, у якой была б мінімальнаю верагоднасьць фізычных разборак – боек, панажоўшчыны і гд – мусарам трэба толькі падкантрольныя канфліктныя сітуацыі.
    – Не, – адказаў я.
    – Непаняткі па жыцьці[15]?
    – Што? – перапытаў я не зусім разумеючы гэты слэнгавы выраз. Опер зьдзіўлена паглядзеў на мяне і нэрвова патлумачыў жодзінскага разьліву феню: – Рамсы петушыя[16] ёсьць?
    – Не.
    – Хто па ладу жыцьця?
    – Мужык[17].
    – Трэці адстойнік, – загадаў опер канваіру пры дзьвярох і дадаў: – Наступнага!

***

Я зайшоў у перапоўнены адстойнік і кінуў “Здаровенька”. “Здаровенька, здароў!” – атрымаў я ў адказ пару галасоў. “Пасунься траха!” – буркнуў адзін зэк другому, які сьціснуўся і глянуўшы на мяне кіўнуў “Уладкоўвайся”. Я прысеў на корткі, пасунуў да сябе невялікую сваю торбу, прытуліўся да сьцяны – расслабіўся. Па целу пайшла прыемная хваля ад адпачываючых цагліцаў. Азірнуўшы камеру, зразумеў, што гэта і не адстоўнік увогуле – ад наплыву жадаючых засяліцца ў навагоднюю ноч у турэмныя нумары пад адстойнік адвялі ізалятар. Пакуль я яшчэ ня ведаў, колькі гэтым тэрмінам мне давядзецца выкатаць шызо[18] і адзіночак і таму цікаўна ўсё азіраў.

Гэта была невялікая камера – ізалятар-двушка, метра 2,5 у шырыню і метра 4 у глыбіню. На сьценах было дзьве прышпільваючыхся нары і ніжняя была адкінута – на ёй цясьнілася зэкаў восем. Каля ўваходу меўся той жа пляскаты ўнітаз з кранам над ім. Гэтую ўніверсальную канструкцыю я ўпяршоў убачыў у 2006-ым у адстойніках Валадаркі. Я яе называю “тры ў адным” – гэта вынаходніцтва айчыннай інжынернай думкі. Канструкцыя выконвае функцыю унітаза, рукамыйніка і душавой кабінкі. Бо калі ты прывык мыцца ні раз на тыдзень, калі афіцыйна на 10 хвіль вядуць у душ, ты становішся на гэтую канструкцыю, і паліваеш сябе чым атрымаецца. Калі ёсць бутэлька – ты прымаеш шыкоўны душ! Калі кубак – душ цудоўны! А як я ў многіх выпадках ня меў нічога, дык паліваў сябе з футляра з-пад мыла – таксама душ, хаця і не шыкоўны.

Зэкі нешта радасна абмяркоўвалі. Асабліва два сябручочкі, што даўно ня бачыліся, і вось турэмная камера зьвяла іх ізноў.

    – Дык што, ты вычысьціў усю краму? – зьдзіўлена пытаў адзін, траха азызлы і заросшы шчацінай зэк.
    – А не, блін, я буду глядзець на яе! – радасна адрапартаваў другі, паджары, увесь пругкі як конік зэк, нават шыя і рукі якога былі забіты татухамі.
    – І што, адзін?
    – Не, мы гастралявалі па раёне з сябрам, бо ў горадзе на хвасьце пастаянна мусара. Зайшлі ў крамку адну і пакуль карэшок[19] мой, Пятруха Кіслы… Ведаеш яго, з Розачкі[20]?
    – Не.
    – Дык вось, хлапак – Кашпіроўскі адпачывае, – пакуль ён загаворваў зубы прадавачцы, я выносіў краіму – прама перад яе носам целік вынес!
    – Да ты гоніш[21]!
    – Я це кажу, пачытаеш маю дзелюгу потым!
    – Дык а ўзялі як?
    – Узялі па-глупасьці, мы тавар аптавіку аднаму скідвалі. А тут бубкамі[22] ўмазаліся[23] з Пятрухай, і я той манітор сам пацягнуў на барахолку кентафурыку[24] аднаму. Нафіга гэта было – сам не разумею, бо на кішэні лавэ было дастаткова – тыдзень з кумароў[25] можна было б не выходзіць. Ну там нас і ўзялі.
    – Н-да, – зьдзіўлена матляў галавой азызлы, пакуль уся камера дзівілася вялікаму таланту радаснага паджарага зэка.
    – Ну нічо, хоць з кумароў зьлезу. Два гады ў сістэме і адчуваю ўжо, што падрывае мазгі. Зара гадкоў пару вазьму, дык ачуняю траха. Я заўсёды казаў: дзякуй роднай нашай міліцыі, што перыядычна на годзік-другі выдзёргвае нас на камандзіровачку[26], а тое і да сарака фіг хто дацягнуў бы.

Ляснуўшыся адчынілася кармушка – пад’ехаў баландзёр[27] на сваёй калымажцы. “Пайка!” – радасна кінуў паджары. Па ўсім было бачна, што ён сапраўды прыехаў у турму раскумарыцца[28] і паправіць здароўе. “Давай, бяры шлёмкі і перадавай!” – загадаў ён вясковаму хлопцу ля дзьвярэй, якога выдавала гаворка.

Атрымаў сваю пайку і я – палоўнік пярловай кашы і палова перамолатай рыбы побач. На маё зьдзіўленьне ўсе накінуліся на ежу так, быццам гэта навагодні пачастунак з лепшай сталічнай рэстарацыі. “Дзён праз колькі і я гэтак жа прагна буду паглынаць гэныя кішкі рыбіны з косткамі, – думаў я, гледзячы, як напорыста і дакладна рухаюцца сківіцы згаладнелых за дзень сядзельцаў, – але ня зараз, зараз мне нічога ня лезе”.

    – Эх, закурыць бы нішцяк[29], ды ўжо галяк[30]! – пацягнуўся на шконцы[31] паджары. – Ё закурыць у каго?
    – Ёсьцека ў мяне, – няўпэўнена адказаў вясковы, што было расцэнена ўсяго толькі як нежаданьне дзяліцца каштоўным у турме тытунём.
    – Дай-ка пару штук на братву – закурым, – паблажліва падбадзёрыў яго азызлы.

Вясковец дастаў дзьве цыгаркі азызламу, потым да яго пацягнуліся рукі і ён раздаў яшчэ два разы па дзьве – і вельмі хутка маленькую хату напоўніла шчыльнае тытунёвая хмара. Я прысеў ніжэй і ўткнуў нос у складзеныя на каленях рукі.

Заляскалі засаўкі і у камеру ўвайшло два арыштанта. Адзін застаўся пры дзьвярох, а другі рушыў далей – у мой бок. Я падняў галаву і аж скалануўся, пазнаўшы ў шэрай высокай, але згорбленай постаці Валодзю Стрэчаня. “Валодзя, здароўкі! – абрадаваўся я, – Хадзі сюды!” Я прыўстаў і махнуў яму рукою. Валодзя ж амаль безуважна праціснуўся наперад, стаў побач і нешта невыразнае прамармытаў у прывітаньне.

    – А ты не на “Магілёве” сядзеў у восьмым годзе? – так, каб чулі іншыя запытаў у вясковага малады хлапец, што зайшоў у камеру разам з Валодзем і застаўся ля дзьвярэй.
    – Не, – схамянуўшыся адказаў вясковы.
    – Як не, – настойваў малады, – у пятым атрадзе ня ты быў?

У камеры рэзка павісла цішыня і ўсе ўтаропіліся ў бок дзьвярэй, дзе разгортвалася драма.

    – Табе ж Фядос сматрыла[32] статус вызначаў, – спакойна, гледзячы на вясковага казаў далей маладзяк.
    – Ах ты підарская морда! – разарваў цішыню роў паджарага.

Азызлы хуткім рухам рукі схапіў куртку, якую вясковец перад тым паклаў на нару, і кінуў яе на парашу[33]. Паджары ў адзін прыжок скокнуў да вяскоўца і змаху даў яму ў галаву, ад чаго той ляснуўся аб дзьверы і аб’ехаў. Паджары скапіў цела, прыпадняў левай рукой і як вясковы прыкрываў твар дрыжачымі рукамі,  выдаў яму пад дых, потым па руках, прыкрываючых твар і штурхануў зьбітага на парашу. Усё гэта суправаджалася бязладнай лаянкай і пагрозамі.

    – Ты што, петушыная морда, не курсуеш[34] братву[35]?! – равеў паджары, падымаючыся на прыступку да парашы.

Вясковы зэк нічога не адказваў і толькі, сагнуўшыся, прыкрываў твар і жывот састаўленымі разам рукамі. Паджары быў хлапак здаровы – стоячы на прыступку ніжэй ён быў у адзін узровень з вясковым і, не дачакаўшыся адказу, пачаў малаціць твар вясковага сваімі вялікімі далонямі, каб менш заставалася пабояў. Хата моўчкі назірала, а паджары выбіваў правай, левай…

Невядома, ці тое ён з задавальненьнем малаціў гэту няшчасную ахвяру, якая пабаялася папярэдзіць астатніх пра свой турэмны статус, альбо паджары проста адпрацоўваў тое, што яму загадвалі турэмныя законы. На пачатку, канешне, ён спаганяў сваю злосьць і злосьць усёй камеры, але проста спагнаць у такім выпадку было мала – па “зладзейскіх” паняцьцях “пеўня”, які не папярэдзіў пра сябе іншых, можна нават забіць. Калі ж той ці іншы зэк, выкрыўшы зэка з нізкім сацыяльным статусам, нічога не прадпрыняў – яму самому потым могуць прызначыць той жа статус. Таму паджары малаціў, а азызлы падліваў алею ў вагонь: “Підар гробаны!” “Адбіць петушыную галаву!”

Астатняя ж хата моўчкі назірала, назіраў і я, хоць карціна была ці ня самая мярзотная, якую я цягам двух адсідак бачыў у турме. Заступіцца перад мусарскімі дубінкамі за зэка, зразумеў я цяпер, гэта быў не ўчынак, як здалося мне адразу, – гэта былі проста эмоцыі, усяго толькі злосьць на беззаконьне, намяшаная з прагаю адпомсьціць. А хто сьмелы знайшося б заступіцца за гэту загнаную ахвяру, якая адна супраць усіх – і людзей, і мусароў, і зэкаў?

…правай, левай малаціў паджары, а постаць вясковага хісталася пад ударамі і білася то аб адну, то аб другую сьцяну, па куту якой ён празь некалькі хвілін і пачаў аб’язджаць.

    – Ды ладна, харэ – зара абрубіцца, – кінуў азызлы, калі паджары і сам ужо стаміўся.
    – Підар гробаны, ты павінен курсаваць, што певень, як толькі заходзіш у хату! Зразумеў? – роў паджары глыбока дыхаючы і схіліўшыся над целам вясковага.
    – Зразумеў, – прасіпеў той дрыжачым голасам, ужо седзячы на парашы і ўсё яшчэ прыкрываючы галаву рукамі.

 

“Валодзя, як ты?!” – павярнуўся я да сябра свайго, калі шок ад убачанага траха адпусьціў мяне. “Нармальна,” – неяк незразумела хмыкнуў той і толькі тут я зьвярнуў увагу на яго апухлыя, сіне-зялёныя ругі і такі ж  ногі, больш падобныя да калодак, якія тырчэлі з расхрыстаных ботаў. “Бог мой, што яны з табой зрабілі?..” – выдыхнуў я і мне тут жа прыгадалася тая гісторыя са скручаным у ластаўку зэкам, якую распавядалі ў аўтазаку. “Дакладна, гэта яго і пратрымалі суткі на ластаўцы ды малоцячы, бо ён усяго толькі ня мог назваць сябе”, – думаў я з жахам гледзячы на яго рукі і ногі. У аўтазаку я падумаў, што гісторыя перабольшана, але па стане Валодзі, які нават праз некалькі сутак так жахліва выглядае, можна было прыйсьці да высновы, што зэк нават недагаварыў усіх нюансаў трохсуткавага ўтрыманьня ў РАЎСе.

“Цябе як увогуле?” – кіўнуў азызлы на Валодзю, але ён не прадставіўся. “Ты што, ігнаруеш, – азлобіўся той, – у ця вашчэ ўсё роўна па жыцьці[36]?” “Ды ўсё ў яго роўна, заступіўся я, – ты ж бачыш, мусара адбілі як, ды яшчэ відаць і на кумарах ён.” Зэк глянуў на Валодзіны калоды і больш пытаньняў не задаваў.

Празь некалькі хвілін мяне і яшчэ некалькіх чалавек выклікалі на калідор. Я ўзяў свой пакунак у левую руку і правай хацеў было паціснуць ягоную, але зразумеў, што гэта ня лепшая ідэя. Трэба было хаця б абняць Валодзю, але прадольны ўжо падганяў і я адно толькі махнуў рукою: “Давай, Валодзік, трымайся!”

***

Мы ішлі доўгімі буслоўскімі пераходамі то ў адзін, то ў другі накірунак – канваіры разводзілі навасёлаў па розных карпусах гатэльнага комплексу. Турэмныя пераходы жодзінскае турмы знаходзяцца пад зямлёю і я мяркую, у свой час гэта можа быць ня кепскі такі жодзінскі метрапалітэн – пару станцый сюды зойдзе лёгка. Нас ішло зэкаў сем, а таксама сьпераду і ззаду па канваіры. Уздоўж усіх калідораў нацягнуты дрот сыгналізацыі, а кожныя метраў 50 знаходзяцца вялікія жалезныя дзьверы, якія першы па хадзе канваір кожны раз адчыняе універсальным ключом, а апошні па хадзе – за сабой зачыняе. Калі мы падняліся на трэці паверх апошняга корпуса, нас засталося два арыштанты.

    – Так, што не паголеныя?! – адразу злобна кінуў старэйшы начальнік, падышоўшы да сьцяны, дзе стаяў я.
    – Дык толькі ж з ізалятара, – спакойна абурыўся я. Начальнік у цяльняжцы пільна паглядзеў на мяне і загадаў:
    – Сёньня ўжо кладзіся спаць, а самым ранкам – галіцца! Зразумела?
    – Зразумела, адказаў я.
    – Бяры матрац – і налева па калідоры, – махнуў ён мне рукой і загадаў прадольнаму: – У 348-ую!

Дзьверы камеры адчыніліся, і я зайшоў у 6-мясцовую чыстую камеру. Зьлева стаяла адна двайная нара, справа – дзьве двайныя і ля сьцяны агароджаны мэталёвай канструкцыяй пляскаты ўнітаз з асобнай рукамыйніцай, пасярэдзіне хаты стаяў даўгі стол. Дзьве скрайнія нары былі вольныя, гэта значыла, што я магу нават легчы на ніжні ярус – так на “Валадарцы” сьпяць толькі асабліва прыблатнёныя.

    – Тваё месца справа ніжняе, – кінуў мне паставы зачыняючы дзьверы і я ўзгадаў аповеды пра тое, што на “Жодзіне” спальнае месца таго ці іншага зэка вызначае адміністрацыя.
    – Здаровенька, – цяжка павітаўся я, паставіўшы ля сьцяны пакунак і кінуў на яго вату[37].
    – Здаровенька! – раздалося пару галасоў.
    – Усё роўна па жыцьці? – падскочыўшы да мяне і запытаў мужычок год сарака пяці, невысокі і сьлізгавы, як вызначыў я яго для сябе адразу.
    – Усё роўна.
    – На якой камандзіроўцы чаліўся[38] раней?
    – На “Шклове”?
    – У якіх гадах? – не пераставаў мяне дапытваць сьлізкі.
    – З 6-га па 8-мы.
    – Дакладна па жыцьці ўсё роўна?
    – Паслухай, я ж табе сказаў, што роўна, – ужо азлобіўшыся выдаў я, гледзячы сьлізгаваму прама ў вочы.
    – Ладна, Вась, угаманіся, – кінуў сьлізгаваму высокі хлопец гадоў 30 зь ніжніх левых нараў. Ён, як я зайшоў, так і працягваў сядзець у начной піжаме на разасланай ужо шконцы. – Чалавек з этапа, дай яму мо раскласьціся ды дупля адстраліць[39].
    – Усе спаць! – ляснуў прадольны дубінкай па дзьвярох і, выключыўшы дзённае асьвятленьне, уключыў начнік.
    – Цябе як? – кіўнуў мне зэк у піжаме і па ўсім было зразумела, што гэта будзе кіраўнік нашай суполкі?
    – Зьміцер.
    – Я – Саня, гэта Вася – паказаў ён на ніжнюю шконку насупраць сябе, дзе сядзеў сьлізгавы і лыбіўся. – Гэта Пятруха і Махмед, – паказаў ён на верхнія нары, на якія, як толькі уключылі начнік, пазаскоквалі малодзенькія невысокія хлапакі. І ня трэба было нават тлумачыць, дзе Махмед – неславянскае аблічча глядзела на мяне са шконкі над сьлізгавым. – Раскладайся, зара будзем Новы год сьвяткаваць.

Я расьцяліў матрац, заправіў яго і падушку, распрануўся і залез пад халодную тонкую коўдру. Сукамернікі мае пачалі абмяркоўваць сёньняшні дзень: як кармілі, як яны не дачакаліся кабанчыка, як перавялі з камеры двух зэкаў, каб вызваліць месца мне – усё гэта я слухаў краем вуха і тое ўрыўкамі. Перад маімі вачыма стаялі сіне-зялёныя калодкі Валодзі, ягоны разгублена-абыякавы выраз твару.

Валодзя Стрэчань ці Стрэчан, як я называў яго кіруючыся жаданьнем палепшыць гучаньне, быў ня проста маім суседам у трэцім атрадзе шклоўскай калоніі, са Стрэчанам мы разам сямейнічалі. Сямейнікі – гэта зэкі, якія разам харчуюцца. Вялікая камера турмы можа быць разбіта да дзьве ці болей сям’і і кожная сям’я харчуецца асобна. Бываюць такія выпадкі, калі адна сям’я мае што есьці, а астатнія ледзь ня ў прогаладзь, тады дзеляцца неяк – “ад душы душэўна ў душу”, як кажуць ці тое паўжартам, ці тое ўсур’ёз зэкі. У зоне сем’і больш дробныя, звычайна – гэта насельнікі аднаго хадка[40]. Калі адзін атрымоўвае кешар – ядуць усе разам ягоны, калі іншы – то іншага. Гэта не зьяўляецца правілам і многія харчуюцца самі па сабе, час ад часу дзелячыся чымсьці з тым ці іншым зэкам.

Я ўжо і не памятаю дакладна, як мы засябравалі з Валодзем. Мажліва, нас аб’ядналі суседнія месцы на лаве ў сталоўцы і выхад у адной брыгадзе на промзону шклоўскай калоніі. Ранкам мы разам заварвалі гарбатку і перад сьнеданьнем пілі яе з мёдам, ашчадна ахоўваемым мною ад перадачы да перадачы. Па абедзе мы дзялілі пару кавалкаў сала ці цыбулі, а пры дзівосным зьбегу абставінаў – і сала, і цыбулі адначасна.

Перад сканчэньнем працы мы на промцы разам рабілі фізычныя практыкаваньні – ішлі за гараж і выцягвалі выпрашаную ў карыстаньне штангу. Штанга была невялікая – кілаграмаў 60-70 – як і мы са Стрэчаном, але як зробіш зь ёю падходаў некалькі станавай цягі, падходаў колькі на турнік ды прэс – то станавілася добра. Хаця, трэба прызнацца, Валодзя ня быў пастаянны і любіў саскачыць. Тыдняў пару ён займаўся, потым кідаў і сядзеў паліў у бытоўцы, пакуль я рабіў падыходы у адзіночку. Мне прыходзілася жартаваць над ім, пужаць незваротнымі зьменамі ў лёгкіх, упрошваць – і ён праз тыдзень на паўмесяца-месяц вяртаўся на нашу трэніровачную базу.

Валодзя Стрэчань быў харошы хлопец, гадоў на той час 20. Яго пасадзілі на 5 год за касяк травы. Сытуацыя жахлівая і для нашай краіны класічная. Бяруць наркота якога са шпрыцом і пытаюць: – Сядзець хочаш? – Не , – адказвае той. – Працаваць на нас будзеш? – Буду, – хітае галавой небарака і афармляецца як нажыўка. Яму даюць заданьне: ідзі да таго і таго, іншага наркота, і выпрасі ў яго дозу. Вось нажыўка падрульвае ў зручнай абстаноўцы да такога Валодзі і кажа яму: – Набудзь мне травы. – Ды сам ідзі і набудзь. – Ну я ня ведаю, дзе якасная! Набудзь ты – мае грошы, а дубасім[41] на дваіх.

Валодзя можа згадзіцца адразу, можа доўга не згаджацца, але амаль заўсёды дастае надакучліваму дозу і ў момат перадачы тавара іх бяруць абодвух. Нажыўка, натуральна, тут жа афармляецца сьведкам і вызваляецца ад крымінальнай адказнасьці, а Валодзя едзе ў зону на гадоў хаця б некалькі. “Для чаго ўсё гэта робіцца?” – недаўменна запытае разумны чалавек.  Адказ вельмі просты: усе кропкі гандлю наркатой абсалютна вядомы сілавым структурам, але іх закрываць нельга, бо яны прыносяць прыбытак. Аднак разнарадка з планам па пасадцы наркадылераў зьверху спускаецца кожны квартал, што ў такім разе рабіць? Трэба выдумаць іншых, фэйкавых наркабаронаў – і пакаваць іх. Вось і цякуць шырокім патокам Валодзі Стрэчані ў зону за адзін толькі касяк травы. У нармальнай краіне даць бы ім бізуна ды выпусьціць да мамкі, але ня ў нашай. У нашай задача – загнаць цябе на тры глыбіні ў глебу, каб ты, раз патрапіўшыся, ня выбраўся з гэтай багны ўжо ніколі.

І вось ляжаў я на нарах, заклаўшы руку пад галаву, ды думаў. Я думаў над тым, ці прыклаў я якія высілкі, каб Валодзя Стрэчань па вызваленьні не занырнуў у наркату ізноў? Пра што мы зь ім гаварылі? Ці сьведчыў я яму пра Шлях збаўленьня? Канешне, наўрад ці я хаваў веру, але і ніяк ня мог прыгадаць, што я пра яе распавядаў. “Ты верыш у Ісуса Хрыста? – Напэўна запытаў я ў яго неяк. – Так, веру, – Напэўна адказаў мне Валодзя. – Дык чаму ты тады не мяняеш сваё жыцьцё? – Напэўна працягнуў я. – Ладна Дзімон, давай купца[42] заварым, – Давай! – напэўна згадзіўся я і сьведчаньне было скончана.

Нехта скажа, што гэтага дастаткова, чалавеку, бо нельга надакучваць. Яно-та мо і так, але Біблія кажа зусім іншае. Апостал Павал піша свайму адданаму вучню Цімафею:

“Заклінаю цябе перад Богам і Ісусам Хрыстом, Які будзе судзіць жывых і памёршых, праз прыход Ягоны і Ягонае валадарства: Вучы, настаўляй у час ці не ў час, даказвай, умольвай, сварыся з усёй цярплівасьцю сваёй і навукай” (2Цім.4:1-2).

“І вось я, – думалася мне лежачы на нары, – заместа таго, каб у час ці ня ўчас настаўляць, умольваць і сьведчыць, – я варыў купец”. Мне зноў узгадваліся тыя ногі-калодкі і рукі сіня-зялёныя, я спрабаваў яўвіць, як Валодзю прышпільвалі брасьлетамі рукі да ног і білі, а ён абкураны ці абколаты ня мог назваць ім сваё імя – і яго білі яшчэ болей. Як, як я мог ня сьведчыць яму? Як я мог прамаўчаць увесь год нашага сямейніцтва? Няўжо я не разумеў, да чаго дойдзе Валодзя Стрэчань, калі самым радыкальным чынам не навернецца да Таго, Хто сьведчыць пра Сябе: “Я – шлях, праўда і жыцьцё” (Яна 14:6)? Бо ці аповеды пра сьцяг і дэмакратыю трэба таму, хто гіне? Таму, хто гіне трэба найперш аповед пра выратаваньне. І толькі тады, калі ногі ягоныя будуць цьвёрда ўмацаваныя не на фальшывым, а на сапраўдным Шляху, калі жыцьцё ягонае будзе мець вечны працяг у жыцьці Ісуса Хрыста – толькі тады яму можна гаварыць аповеды пра сьцяг і дэмакратыю. Бо які сэнс, што ён прыхільнікам сьцяга згіне раней часу ці пойдзе ў пекла?

–  Давай, даставай чыф[43], без дзесяці дванаццаць! – гукнуў Санёк і Пятруха з Махмедам палезьлі ў батарэю, дастаючы адтуль зьмятыя плястыкавыя бутэлькі з чорнай вадкасьцю. – Яшчэ гарачы! – пяшчотна выгукнуў Махмед, прыкладваючы пляскатую бутэльку да адной і другой шчакі. – Разьлівайце! Зьміцер, давай, падцягвайся!

Я прыпадняўся і, абапершыся локцем на нары, агледзеўся. Гарбата была наліта у два кубкі і мы, ня злазячы з нар, перадавалі іх адзін адному. Я апусьціў руку пад нару і пакапаўся у пакунку – дастаў адтуль шакаладку, якую пад ухвальныя прыгаворваньні сукамернікаў паламаў і параздаваў усім па пару кавалкаў. І тут загрукала ўсё навокал: грукаталі сьцены справа і зьлева, зьнізу і зьвінелі шыбы ў вакне, Пятруха з Махмедам таксама адбівалі сьвяточны рытм па сьценах – трэслася ўся турма. Гэты феерверк адбываўся літаральна пару хвілін – і на турму ізноў апусьцілася ціша. Канваіры на калідоры нават не спрабавалі супакоіць зэкаў, відаць, гэтыя гарэзьлівыя 90 секунд – тое адзінае, на што адміністрацыя турмы заплюшчвае вочы.

“Круці[44], ты больш гора бачыў”, – жартам кінуў Санёк і прыўстаўшы з нары перадаў мне кубак з рэшткамі чыфа. Я зрабіў даўкі глыток і крыва ўсьміхнуўся – сапраўды, як ня гора, то роспачы я сёньня пабачыў болей. Сіня-зялёныя рукі-калодкі і ногі-калодкі дагэтуль стаяць у мяне перад вачыма. Тады, на той жодзінскай нары, у навагоднюю ноч я прыняў рашэньне ў любой камеры, у час ці ня ў час, уважнаму слухачу ці безуважнаму, але сьведчыць пра Таго, Хто ёсьць адзінае выратаваньне для гэтых змучаных людзей, для ўсіх нас, для нашай краіны – пра Ісуса Хрыста.

[1]Кіча – абрэвіатура беларускага паходжаньня, утварылася ад ІЧА – ізалятар часовага ўтрыманьня.

[2] Хата – камера.

[3] Кабанчык, кабан – харчовая перадача.

[4] Прадол – турэмны калідор.

[5] Шлёмка – талерка, амаль заўсёды з люмінію.

[6] Стакан – маленькая камера, зчычайна каля метра на метар, звычайная адзіночная. Прадугледжана для кароткатэрміновага зьмяшчэньня затрыманага перад шмонам, сустрэчай з адвакатам.

[7] Шмон – дагляд рэчаў ці цела.

[8] Тармазы – дзьверы камеры.

[9] Кешар – торба зэка.

[10] Падзельнікі – зэкі, якія праходзяць па адной крымінальнай справе.

[11] Валадарка – менская турма №1  па адрэсе вул. Валадарскага, 2

[12] Падмалоджваць – зьбіваць, мяць косьці.

[13] Ластаўка – міліцэйскі прыём, калі зэка кладуць на жывот, а за спінай рукі кайданамі прышпільваюць да  ног.

[14] Брадзяга – так сябе называе блатны, зэк, які супрацьстаіць турэмнай сыстэме ідэйна.

[15] Непаняткі – тут канфлікты з-за сацыяльных турэмных статусаў зэкаў.

[16] Петушыныя рамсы – канфлікты з-за сацыяльнага турэмнага стутуса зэка.

[17] Мужык – зэк, які не зьяўляецца блатным, асноўная гатэгорыя асуджаных, якія складаюць адсоткаў 95 любой зоны.

[18] Шызо альбо кіча – камера ўтрыманьня зэкаў, што яшчэ і ў турме ў чымсьці вінаватыя, звычайна – гэта парушэньне рэжыму ўтрыманьня. Абрэвіатура паходзіць ад “штрафны ізалятар”.

[19] Карэшок, корэш – сябар, знаёмы.

[20] Розачка – слэнгавая назва мікрараёна ў Менску ,які месьціцца ў раёне вуліцы Розы Люксембург.

[21] Гоніш, гнаць – тут у значэньні “падманваць”.

[22] Бубкі, бубасы, семкі – рассыпны мак, зь якога вараць наркатычны сродак.

[23] Умазацца – укалоцца наркотыкамі.

[24] Кентафурык, кент – сябар, знаёмы

[25] Кумары – ломка наркамана.

[26] Камандзіроўка – зона, у больш шырокім значэньні – адсідка ўвогуле.

[27] Баландзёр – зэк, які раздае ежу ў турме ці зоне.

[28] Раскумарыцца – прыйсьці ў сябе, пазбавіцца ад наркатычнай ломкі – ператрываць яе ці ўкалоцца.

[29] Нішцяк – добра.

[30] Галяк – няма.

[31] Шконка – нара.

[32] Сматрыла – блатная катэгорыя зэка, які глядзіць за “зладзейскім парадкам” на даверанай яму тэрыторыі.

[33] Параша, даліна, сьветка, сьвятлана – камерны ўнітаз.

[34] Курсаваць – паведамляць, папярэджваць.

[35] Братва, брацягі, блатныя – кіруючая каста зэкаў, у больш шырокім значэньні панятак “братва” можа ўжывацца да ўсяго зэкаўскага калектыву.

[36] Ці ўсё роўна па жыцьці? – пытаньне, якой азначаае, ці няма ў зэка петушыных рамсоў (гл. 16).

[37] Вата – матрац з падушкай і пасьцельнай бялізнай ці бяз іх.

[38] Чаліцца – сядзець.

[39] Адстраліць дупля – зразумець, што адбываецца.

[40] Хадок – праход у зонаўскім бараку паміж нарамі.

[41] Дубасіць – курыць наркотык.

[42] Купец – моцная гарбата.

[43] Чыф, чыфір – вельмі, вельмі моцная гарбата.

[44] Круці – тут дапівай.

31 сьнежня 2016, Зьміцер Дашкевіч

Падзяліцца:

Каментары