НЕ ЗАПРАГАЙЦЕСЯ ЗЬ НЯВЕРУЮЧЫМІ Ў АДНО ЯРМО (2 КАР. 6:14)

НЕ ЗАПРАГАЙЦЕСЯ ЗЬ НЯВЕРУЮЧЫМІ Ў АДНО ЯРМО (2 КАР. 6:14)

Амаль два гады прайшло, як адгрымеў перадапошні Кангрэс дэмакратычных сілаў, а палеміка вакол выступу прадстаўніка “Маладога Фронту”, які заявіў, што МФ падтрымае любога кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмсілаў апроч камуніста, не сьціхае.

Вось і ў “Народнай Волі” за 22 чэрвеня выйшаў артыкул “КДС: паміж глупасьцямі і мудрасьцю”, аднаго зь лідэраў Партыі камуністаў Беларускай Сяргея Вазьняка, каторы ўзгадвае “палітычна глупы”выступ маладафронтаўца, імя якога не называецца, бо той “чалавек сёньня знаходзіцца ў сытуацыі, апынуцца ў якой не пажадаеш нікому”.Ня стаў бы і я адкрываць імя “няўрымсьлівага калегі”, але, мяркую, не такая там ужо і сытуацыя неардынарная для Беларусі, ды і аўтар у сваім матэрыяле будуе памылковыя тэорыі аб еднасьці і мудрасьці. Таму, вырашыў уцягнуцца у дыскусію і прызнацца, што ўладальнік тых ганебных словаў – аўтар гэтага артыкулу, Зьміцер Дашкевіч, ён жа “чудак”,ён жа ”прадстаўнік “Маладога Фронту” каторы правёў лічы палову свайго нядоўгага палітычнага жыцьця на розных паседжаньнях аб’яднаных дэмакратычных сілаў”…, Не, дарагія сябры. Я ня буду тлумачыць таварышам, дзе я праводжу палову свайго палітычнага жыцьця, як і яго даўжыню, але зьвярнуся непасрэдна да тэмы дыскусіі. 

Кожны робіць свой выбар.

За два гады да меркаванай прэзыдэнцкай кампаніі і напярэдадні Кангрэсу дэмсілаў па вылучэньні адзінага кандыдата ў прэзыдэнты, “Малады Фронт” праводзіў свой V зьезд, на якім фармуляваў стратэгію дзейнасьці на “выбарах” і разглядаў пытаньні падрыхтоўкі да Кангрэсу. У межах гэтых пытаньняў было прынята рашэньне аб тым, што “Малады Фронт” падтрымае балятаваньне на пасаду кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі ад дэмакратычных сілаў нацыянальна арыентаванага палітыка, партыйная прыналежнасьць якога можа быць любою, абы гэта ня быў фашыст ці камуніст. Такая фармулёўка з нашага боку была зусім не дарэмнаю, бо маем цьвёрдае перакананьне ў тым, што фашызм і камунізм ёсьць двума бакамі аднаго мэдалю.

Каб ня быць тут галаслоўнымі, прыгадаем факты, безумоўна, асноўныя, бо тэма нашае гаворкі троху іншая. Па-першае, што мы мусім ведаць пра камунізм, — менавіта ідэолягі марксізму прывялі да ўлады фашыстаў у Эўропе. У Італіі гэта зрабіў Ленін, які забараніў італьянскім сацыялістам увайсьці у кааліцыю зь лібэраламі пасьля парлямэнцкіх выбараў 1922 году, дзякуючы чаму Бэніта Мусаліні і стаўся прэм’ер-міністрам Італіі. У Нямеччыне такую ж апэрацыю паўтарыў Сталін, каторы пасьля нямецкіх парлямэнцкіх выбараў 1933 году загадаў лідэру камуністаў Эрнэсту Тэльману стварыць кааліцыю з “Нацыянал-сацыялістычнай германскай рабочай партыяй” Адольфа Гітлера, бо апошні хаця і выйграў выбары, але ягоныя 43% не дазвалялі завалодаць Бундэстагам. У гэтай сытуацыі камуністы маглі ўзяць уладу разам з сацыял-дэмакратамі, супольна зь якімі мелі 49% пасьля выбараў, але для савецкага камунізму аказалася патрэбнейшым паставіць на ногі таварыша Адольфа, з каторым Ёсіп Вісарыёнавіч 1 верасьня 1939 году і пачаў “раздувать пожар мировой”, як тое дэкляравалі Саветы ў адным са сваіх гімнаў – “Красная армия всех сильней”.

“Па пладах іх пазнаеце іх”, – піша апостал Мацьвей (Мц.7:16). Таму і мы, і гэта па-другое, паглядзім на плады дзейнасьці камуністаў з фашыстамі, ды супаставім колькасьць ахвяраў абодвух ідэялёгіяў. Ад рук нацыянал-фашыстаў загінула 37,5 мільёнаў чалавек ва ўсім сьвеце, а камуна-фашысты толькі ў сваёй уласнай кране зьнішчылі 37 мільёнаў (паводле дасьледаваньня расейскага вучонага В. Эрліхмана: “Потері народонаселенія в XX веке. М., 2004.”). Параўнаньні жахлівыя, але яны дапамагаюць лепш зразумець д’ябальскае паходжаньне ідэяў Гітлера, Мусаліні, Маркса, Энгельса і Леніна са Сталіным.

Ды колькі ўжо напісана і сказана пра сутнасьць гэтых дзьвюх антычалавечых ідэалёгіяў, а многіх усё яшчэ працягваюць прывабліваць ідэалы карычневай і чырвонай чумы. З фашызмам тут прасьцей – ён асуджаны “Нюрнбэрскім працэсам” і ў краінах, якія мелі дачыненьне да ягонага распаўсюджваньня, за ўсхваленьне каштоўнасьцяў нацыянал-сацыялізму прадугледжана крымінальная адказнасьць (ды зусім не міфічная, як мы можам назіраць тое ў Беларусі з Расеяй). А вось камунізм, пазьбегнуўшы асуджэньня чалавецтва дэ-юрэ, працягвае крочыць па сьвеце, з тою толькі або іншаю пасьпяховасьцю ў розных краінах. Нашай жа зямельцы пашанцавала тут зусім мала – ленінізм-сталінізм ня толькі па ёй працягвае крочыць, але і спрабуе узьнць сваю галаву.

Нехта зь іх запытаецца: “А пры чым жа тут Партыя камуністаў Беларуская?”. Ды пры ўсім, — яе лідэры дагэтуль ускладаюць кветкі да помніка Леніну, каторы, загадваючы страляць сьвятароў, гаварыў – “чым болей, тым лепей”; актывісты ПКБ дагэтуль атаясамліваюць сябе зь “імпэрыяй зла” і таму, што самае важнае, не зьбіраюцца каяцца ў грахах сваіх папярэднікаў. Сяргею Калякіну на тым, першым Кангрэсе, задалі пытаньне пра неабходнасьць пакаяньня у грахах, але лідэр ПКБ адказаў, што яму няма ў чым каяцца. Так гавораць і ўсе ягоныя аднапартыйцы: “Мы ня маем ніякага дачыненьня да чырвонага тэрору”. Прабачце, аднак калі б я насіў кветкі на магілу ідэйнага заснавальніка спавядаемых мною каштоўнасьцяў, але адначасова – забойцы, я б мусіў неяк патлумачыць свае паводзіны, калі заяўляю пра адмоўнае стаўленьне да ўчынкаў гэтага чалавека. Аднак, калі я працягваю ўсхваляць ягоную дзейнасьць, дык мне, беэумоўна, няма ў чым каяцца… Ну што ж – гэта ваш выбар, таварышы. Мы ж маем права на свой, які і зрабілі на вышэй згаданым мною зьездзе МФ, прыняўшы рашэньне аб тым, што ў выбарчай кампаніі 2006-га году ня будзем падтрымліваць ні фашыста, ні камуніста, пад якімі б дэмакратычнымі маскамі тыя ні хаваліся.

Менавіта таму таварыш Вазьняк, сьвядома або несьвядома, памыляецца, заяўляючы, што“прадстаўнікі “Маладога Фронту” афіцыйна дэзавуалявалі заяву свайго няўрымсьлівага калегі”.Не маглі маладафронтаўцы яе дэзавуаляваць – яны самі прымалі яе на зьездзе, і пры тым адзінагалосна.

Як гэта было.

Раздзел гэты можна было б і не зьмяшчаць у дадзеным артыкуле, але у чытача магло б скласьціся памылковае ўражаньне, што я загадзя рыхтаваў сабе ролю гэткага героя – выкрывальніка зла спасярод дэмакратаў, хаця гэта далёка ня так. Але… Гасподзь усё раставіў па-Свойму.

Перад падрыхтоўкаю да Кангрэсу было дамоўлена аб тым, каб ніхто з выступоўцаў не выказваў свайго стаўленьня да кандыдатаў на пасаду старшыні Палітычнае Рады АДС, але проста прадстаўляў свае арганізацыі. Гэта дазволіла б пазьбегнуць непатрэбных спрэчак і правесьці мерапрыемства як мага спакойней. Аднак першы ж выступовец выказаўся на карысьць аднаго з прэтэндэнтаў і гэтак пайшло далей – кожны аратар сканчваў свій выступ словамі ў падтрымку таго альбо іншага кандыдата. Таму і я, завяршаючы сваю прамову, палічыў патрэбным агучыць пазыцыю “Маладога Фронту” па падтрымцы Аляксандра Мілінкевіча, як кандыдата, каторы найбольш адпавядае нашым каштоўнасьцям, і дадаў, што мы будзем падтрымліваць любога кандыдата ў прэзыдэнта, абранага на Кангрэсе дэмсілаў. І тут прыгадаў я аб лідэры камуністаў, які (і трэба ж такому здарыцца!) таксама хоча стаць прэзыдэнтам, і адразу ж зазначыў: “Апроч камуніста”. Вось тут наша гісторыя і пачалася.

Камуністы заявілі, што я выконваю ролю чэкістых, а пэўна і сам – агент; дэлегаты ад БНФ адразу сышліся на тым, што заплаціў Лябедзька, каб адштурхнуў ад Мілінкевіча камуністаў, якія хацелі падтрымаць Аляксандра Ўладзімеравіча (sic!) у першым туры выбараў і справа не дайшла б да другога. Безумоўна, было шмат і тых, хто з захапленьнем успрыняў мае словы, зазначыўшы, што яны былі проста неабходнымі: “Ты сказаў тое, што многія думалі, але сказаць баяліся”, — гаварылі мне аднадумцы. Аднак, прызнаюся, што цкуючых мяне было значна болей, чым тых, хто падтрымліваў.

Таму, па-чалавечы, натуральна, у мяне пачалі ўзьнікаць некаторыя сумненьні ў мэтазгоднасьці сказанага. Але адначасова разумеў, што адбылося гэта не без Божае волі, бо сказана ж:

“Усё садзейнічае на дабро тым, што любяць Бога, ды каторыя пакліканыя па Яго пастанове”.(Рым. 8:28).

Таму, прыйшоўшы дахаты, пачаў у малітве шукаць тлумачэньне незаплянаваным у маім выступе словам. І чым болей я паглыбляўся у Ягоную ласку, тым болей супакойваўся і набываў упэўненасьць. Памаліўшыся ж, як цяпер памятаю, — адгортваю Біблію і трапляю на 23 разьдзел Дзеяў апосталаў, дзе ідзе апісаньне судовага працэсу над Паўлам, і мой позірк падае на 9-ты верш, у якім сказана:

“Зрабіўся вялікі лямант, і, ускочыўшы, некаторыя кніжнікі з фарызэйскага боку зацята крычалі: “Нічога благога ў гэтым чалавеку не знайшлі мы. Можа, сапраўды гаварыў да яго Дух або анёл”. 
(Дз. 23:9).

Сумненьняў ніякіх не засталося – усё, што адбываецца з любячымі Госпада, адбываецца толькі па Ягонай волі. І цяпер нават калі б увесь сьвет пайшоў супраць мяне, я паўтарыў бы тыя самыя словы, у той самы час, у тым самым месцы.

Выйдзіце зь іх асяродзьдзя, і Я вас прыму, кажа Госпад Усемагутны.

Еднасьць. Менавіта мэтамі захаваньня яе ў асяродзьдзі дэмакратычных сілаў аўтар абгрунтоўвае асуджэньне свайго выступу. І лёгіка гэтая знойдзе шмат прыхільнікаў.“Камуністы, канешне ж, — зло (альбо проста “ніхарошыя”) – скажуць яны, — але ў нас адна мэта, і дзеля яе трэба аб’яднацца усім”. Найбольш гэтае гледзішча абараняюць рознага кшталту палітолягі, стратэгі і аналітыкі, адным словам – людзі мудрыя.

Пашукаем адказ і на гэты выклік, але найперш мусім разабрацца ў сутнасьці паняцьця еднасьці. Аналізуючы значэньне гэтага слова і сэнсу, які за ім стаіць у Бібліі, мы зразумеем, што еднасьць атаясамляецца ў хрысьціянстве з аднадумствам (людзьмі адных думак) і аднадушшам (людзьмі адных памкненьняў):

“Браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, малю вас, каб усе вы гаварылі адно і каб не было сярод вас падзелаў, каб вы былі аднаго духу і аднае думкі”. (1 Кар. 1:10).

“Будзьце між сабою аднадумцамі”. (Рым. 12:16).

“[стойце] у адным Духу, аднадушна змагаючыся за веру Эвангельля”. (Піл. 1:27).

Як бачым – еднасьць і адзінства, гэта найперш – аднадумства. Яно і натуральна – толькі аднадумцы могуць стацца сапраўды еднымі і непераможнымі ў сваёй барацьбе. А якую ж еднасьць нам прапануюць “паліттэхнолягі”? Еднасьць цалкам незразумелую – паміж людзьмі, каторыя прытрымліваюцца ня тое, што адрозных, але дыямэтральна супрацьлеглых поглядаў.

Так, Сяргей Вазьняк піша, што “перамогу на Кангрэсе атрымала кропка гледжаньня ПКБ, АГП і салідарных зь імі арганізацыяў”. З гэтага вынікае, што салідарныя арганізацыі (наяўнасьць адной зь іх у дадзенай кааліцыі дзівіць мяне болей за ўсё) і АГП сфармавалі адну пазыцыю з камуністамі. Аднак у маёй галаве нешта не сыходзіцца ва ўсім гэтым аповедзе, бо магу прыгадаць выступ на мінулым Кангрэсе лідэра Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, каторы завяршаў сваю прамову клятваю на трох кнігах, адна зь якіх была Бібліяй. Вось таму я і не магу зразумець – якая можа быць еднасьць і адзінае гледзішча паміж тым, у каго у працоўным кабінэце стаяць зборы твораў Энгельса, Маркса ды Ленна і тым, хто прымае клятву на Канстытуцыі, творах Быкава і Бібліі? Бібліі, якая да гэтага кшталту еднасьцяў бескампрамісная:

“Не запрагайцеся зь няверуючымі ў адно ярмо. Бо што мае агульнага справядлвасьць зь несправядлвасьцю? Або якая супольнасьць сьвятла зь цемраю? Альбо кая згода Хрыста з Бэліярам, або якая частка веруючага зь няверуючым? Або якое суладзьдзе сьвятыні Божай зь ідаламі? Бо вы ёсьць сьвятыня Бога Жывога, як кажа Бог: “Пасялюся ў іх і буду хадзіць, і буду іх Богам, а яны будуць Маім народам. Таму выйдзіце ад іх і адлучыцеся зь іх асяродзьдзя, кажа Госпад, і не дакранайцеся да нячыстга, і Я вас прыму, і буду вам Айцом, а вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі, кажа Госпад Усемагутны”. (2 Кар. 6:14-18)

“Якая частка веруючага зь няверуючым?”, — задае пытаньне апостал Павал хрысьціянам. І як няпроста адказаць на яго тым, хто атаясамляе сябе з Хрыстом, але заплюшчвае вочы на Божыя ісьціны дзеля дасягненьня часовых мэтаў шляхам кааліцыі са сьвядомымі бязбожнікамі. Вось яна – людзкая мудрасьць, у ахвяру якой прыносяцца Ягоныя запаветы. Але ці ня гэтых мудрацоў папярэджвае Ўсявышні Судзьдзя, гаворачы:

“Загублю мудрасьць мудрых, і кемлівасьць разумных зьнішчу. Дзе мудрэц? Дзе вучоны? Дзе дасьледчык гэтага веку? Ці не зрабіў Бог мудрасьць гэтага сьвету неразумай?<…>бо мудрасьць гэтага сьвету ёсьць глупства перад Богам, бо напісана: “Ён зловіць мудрых у іхнай хітрасьці”. (1 Кар. 1:19-20, 3:19)

Менавіта чалавечая хітрасьць і падштурхоўвае нас да пошуку падтрымкі не ў Госпада, не ў Ягонай сіле, мудрасьці й ісьціне, а сярод чалавекаў, падтрымка якіх падаецца шмат каму больш надзейнаю. Але гэта толькі падаецца. Ці многа знайшоў той падтрымкі Аляксандар Мілінкевіч сярод камуністаў, лідэра якіх зрабіў кіраўніком перадвыбарчага штабу? Каб зразумець гэта, дастаткова прыгадаць сытуацыю з праграмаю кандыдата ў прэзыдэнты Мілінкевіча, якую штаб не пасьпеў/запамятаваў (no comments ) падаць своечасова ў дзяржаўныя газэты, і шматтысячныя наклады прапагандысцкіх выданьняў выйшлі без праграмы дзеяньняў дэмакратычных сілаў. Вось дзе сапраўды зрабіў Бог мудрасьць гэтага сьвету глупствам!

Па прашэсьці году пасьля выбараў, крытычна ацаніўшы свае дзеяньні, Аляксандар Уладзімеравіч зразумеў памылковасьць еднасьці коштам кампрамісу з праўдаю. Упэўнены, што і Анатоль Уладзімеравіч прыйдзе да той жа ісьціны: такія кааліцыі прыводзяць толькі да аднаго выніку – да паразы.

Таму, мяркую, зусім не суб’ектаў у дэмкааліцыі не хапіла для ажыцьцяўленьня пераменаў у Беларусі, але адзінства ідэолягаў, сьвятасьці, памкненьнў, і, як вынік, — рашучасьці дзеяньнў. Ды ня будзем азірацца назад, але зрабіўшы высновы з памылак і пакаяўшыся ў іх – пойдзем наперад. Бо я перакананы, што Гасподзь ня менш за нас ня толькі прагнуў, але і цяпер прагне збавіць нашую зямлю! Я перакананы, што Ён ня толькі шукаў, але і цяпер шукае тых Сваіх сыноў і дачок, каторым мог бы даручыць Беларусь! Адзінае, што патрабуецца ад нас – адпавядаць Божым стандартам праведнасьці й чысьціні. Дык давайце нарэшце прыслухаемся да Ягоных словаў і адыдзем ад няверуючых, і адлучымся зь іх асяродзьдзя, каб Ён пасяліўся ў нас і зрабіў Сваім народам. Толькі тады мілая наша Бацькаўшчына зробіцца сапраўды Свабоднаю, поўнаю Праўды і Справядлівасьці! Толькі тады народ наш станецца Ягоным народам! А ці ня гэта ёсьць самым Вялікім Пакліканьнем, якое мы маем шанец зьдзейсьніць у Краіне пад белымі крыламі?!

Зьміцер Дашкевіч,

Шклоў, выпраўленчая калёнія 17

Падзяліцца:

Каментары