Ня бойцеся тых, што забіваюць цела

Ня бойцеся тых, што забіваюць цела

Гісторыя са зьбіццём і сьмерцю пасьля яе гея Пішчэўскага ўскалыхнула пасіянарную частку грамадзтва.

Асабіста мяне ўразілі два аспекты.Першы палягае ў тым, што забойства чалавека беларуская дзяржава ацаніла ў 2 гады і 8 месяцаў. Катаючыся па турмах часта даводзілася сустракаць зэкаў, што маталі за рознага кшталту бойкі. Магу сказаць пэўна, што менш 7 – 10 гадоў забойца Пішчэўскага не павінен быў атрымаць.

Гэта можна параўнаць хаця б з той крыміналкай, па якой апошні раз саджалі мяне з Эдуардам Лобавым. Эдуард выхапіў 4 гады бяз права на амністыю за нейкі там удар па галаве, ад якога ў пацярпелага не было нават кароткатэрміновага, нават лёгкага расстройства здароўя. Тут жа чалавек у коме, яму выдаляюць частку мозга, ляжыць у рэанімацыі і не прыходзіць у пратомнасьць, а абвінавачаны атрымоўвае нейкія там 2,8. Бесспрэчна, што гэтым прысудам судовая сістэма і ўся дзяржава маякуе ўсім астатнім: душыце іх, больш па пары гадоў даваць ня будзем.

Другі аспект майго зьдзіўленьня зьвязаны з тым, як вядомы ЛГБТ-актывіст Сяргей Адросенка адрэагаваў на сьмерць свайго сябра. Сяргей напісаў у сваім ФБ і пра малітвы, і пра спачын душы, і пра Бога. Кажуць праўду, калі гавораць, што перад абліччам сьмерці атэістаў няма. Ды толькі мяне цікавіць, да якога Бога маліўся Сяргей? Бог юдаізма гамасэксуалізм асуджае. Бог Мухамада гамасэксуалізм асуджае. Бог Бібліі – Старога і Новага Запаветаў – таксама мы ведаем што гаворыць пра грэх садоміі. Каму цікава, даю спасылку на адмысловы артыкул.

Так, у лібералаў я і ўвесь Малады Фронт носім найменьне гамафобаў. Сам я ня ведаю, што ўкладваецца ў гэтае значэньне, але гавораць, што мы геяў ненавідзім, бо іх асуджаем і супраць іх радыкальнымі словамі выступаем. Гэта не зусім так. Ці нават, правільней, гэта зусім ня так.

Уся справа ў тым, што ў сучасным сьвеце згубілі сэнс паняткі любоў і суд, паблыталіся паміж сабою, што ажно немагчыма разабраць, што ёсьць што. Я паспрабую патлумаць на прыкладзе.

Калі ты бачыш наркамана/алкаголіка і кіруючыся сучасным паняткам “любові” яму пастаянна падкідваеш на дозу, то ты хто? Паводле майго меркаваньне ты саўдзельнік злачынства, бо дапамагаеш чалавеку сябе забіваць. Але калі та скажаш: дружа, так рабіць нельга, адумайся, пакайся – ты чалавека спрабуеш выратаваць. Хаця нехта і заявіць, што ты нецярпімы наркафоб ці алкафоб.

То бок, любоў як раз і праяўляецца ў тым, што ты заклікаеш чалавека адумацца, каб ён выратаваў і цела сваё і душу. Калі я асуджаю грэх гамасэксуалізма і ягоную публічнуюю прапаганду, я спрабую камусьці дапамагчы зразумець, што плод граха ёсьць сьмерць (Ліст Якуба 1:15).

І баяцца трэба не цялеснага забойцы (бо ўсе мы рана ці позна, але паміраем), а таго, хто падманам забівае душу – Сатану. Пра гэта Ісус Хрыстос сьведчыць:

“Кажу ж бо вам, сябрам Маім: ня бойцеся тых, што забіваюць цела і потым ня могуць нічога болей зрабіць; а скажу вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, пасьля забойства, можа ўкінуць у геену; праўда, кажу вам, таго бойцеся”. (Лукі 12:4-5)

Таму малітва за гамасэксуаліста можа быць толькі адна: малітва за ягонае пакаяньне ў грэху садоміі і такім чынам выратаваньне душы. Можна толькі спадзявацца, што сам Міхась Пішчэўскі такой малітвай за сябе памаліўся. Думаю дзеля таго Госпад і даваў яму гэта час на бальнічным ложку.

Зьміцер Дашкевіч

На малюнку: “Жахлівы Суд”, Рафаэль Коксі

Падзяліцца:

Каментары