“Ня кідайце пэрлаў перад сьвіньнямі”

“Ня кідайце пэрлаў перад сьвіньнямі”

Некаторыя мудрацы гэтага сьвету абурыліся сэнсавасьцю маладафронтаўскага пратэста на мерапрыемстве Старыкава. Я падумаў абурыцца насустрач, але ўсё ж зразумеў, што гэта глупства. Бо праблема ж ня ў тым, што нехта за расейскі сьвет, а нехта супраць (супраць, быццам бы, усе бакі дыскусіі).

Прыблема ў тым, што сам панятак сэнсу для розных людзей палягае ў розным. Для адных сэнс – гэта тое, што ты заробіш, паймееш цяпер ці на пэрспэктыву. Для іншых сэнс – гэта паспрабаваць застацца сумленным чалавекам, узвысіўшы свой голас супраць хлусьні.

Што, трэба было нешта ідэолагу расейскай вайны даказваць? Ну дык чаго вы не прышлі і не даказвалі? А я лічу, што даказваць ня толькі ня трэба было, але у дадзеным выпадку – бяссэнсоўна і небясьпечна.

Менавіта таму ў адным з месцаў Бібліі Ісус Хрыстос заклікае нас: “Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разадралі вас” (Эвангельле паводле Мацьвея 7:6).

Уявіце сабе: Сам Госпад вызначае пэўную катэгорыю людзей за сьвіньняў, якім забаронена кідаць пад капыты словы мудрасьці. Забаронена нешта даказваць і ў чымсьці пераконваць. Бо сьвіньні ня толькі пасьмяюцца над праўдаю, але яшчэ ап’янеўшы ад радасьці затаптанай у гной ісьціны, разьдзяруць кідаючага.

Асноўны сэнс у супрацьстаяньні са сьвіньнёй  можа быць толькі адзін – гнаць з панадворку. Са зладзеем, які ледзе ў тваю хату даказваць, што хата не твая, а ваша агульная дыскусія можа быць толькі адна: “Чамадан, вакзал, Расея!”

І гэта трэба сказаць. Коратка, ёміста і зразумела. Ня больш, ня менш. Бо калі больш, ты пачнеш кідаць сабакам сьвятое і пэрлы сьвіньням. Калі менш, сьвіньня падумае, што яна ў сябе дома.

Калі ўвогуле прамаўчаць – не дазволіць сумленьне. Бо мы ведаем з чаго пачынаюцца ўсе зладзействы ў гэтым сьвеце – з тых хто маўчыць і ўстрымоўваецца. Дык ня будзем кідаць пэрлаў перад сьвіньнямі, але спакойна і цьвёрда ім скажам: “Чамадан, вакзал, Расея!”

Зьміцер Дашкевіч, 16.11.2015

Падзяліцца:

Каментары