Няхай сыдзе Дух Твой і адновіць аблічча зямлі

Няхай сыдзе Дух Твой і адновіць аблічча зямлі

Сёньня многія хрысьціяне усяго сьвету сьвяткавалі сьвята Пяцідзесятніцы. І хаця гэта сьвята зьяўляецца адным з трох асноўных хрысьціянскіх сьвятаў, ня многія пра яго ведаюць, у адрозьненьні ад самых вядомых – Раства і Пасхі. Дык што такое Пяцідзесятніца?

У Старым Запавеце Пяцідзесятніца – гэта свята штогадовага ўспаміну ўзыходжаньня Маісея на вяршыню гары Сінай, дзе Бог даў яму Запаведзі.

У Новым Запавеце Пяцідзесятніца – гэта сьвята, якое адзначаецца ў гонар сыходу Духа Сьвятога на апосталаў. Сам Хрыстос перад укрыжаваньнем і ўваскрошаньнем абяцаў вучням: “Калі ж прыйдзе Суцяшальнік (у некаторых перакладах: Абаронца аўт.), Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух Праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьведчыць пра Мяне…” (Паводле Яна 15:26).

У іншым месцым Эвангеліст Ян сьведчыць:“Сказаўшы гэта [Хрыстос], дзьмухнуў, і кажа ім: прымеце Духа Сьвятога: каму даруеце грахі, таму даруюцца: на кім пакінеце, на тым застануцца” (Паводле Яна 20:22,23).

У “Дзеях апосталаў” у пяцідзесяты дзень пасьля Ўваскрошаньня Хрыста апісаны сыход на вучняў Ягоных Сьвятога Духу: “Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе яны былі аднадушна разам. І раптам зрабіўся шум зь неба, як бы ад павеву моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны былі. І зьявіліся ім языкі падзеленыя, як бы вогненныя, і апусьціліся па адным на кожнага зь іх. І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім вяшчаць” (Дзеі 2:1-4).

І калі кожны хрысьціянін гаворыць: “У імя Айца, Сына і Духа Сьвятога”, ён тым самым сьведчыць, што бяз Духа Сьвятога мы нічога ня можам. Дух жа Сьвяты дадзены ня толькі для асабіста збаўленьня, але і для збаўленьня народаў. Так псальмовец Давід сьведчыць: “Пашлеш дух Твой – ствараюцца, і ты абнаўдяеш аблічча зямлі” (Пс. 104/103:30).

Мы можам узгадаць знакамітую малітву Яна Паўла ІІ, якую той зьдзейсьніў 1979 годзе пад час сваёй першай пілігрымкі ў Варшаву: “З глыбіні гэтага тысячагодзьдзя, напярэдадні сьвята Пяцідзесятніцы, заклікаю, заклікаю разам з Вамі: няхай Дух Сьвяты сыдзе і адновіць аблічча зямлі…. гэтай зямлі!”

І ці ня гэтая магутная малітва адкрыла шлях для дзеяньня Духа Сьвятога і руйнаваньня камунізму на абшарах усяго “Варшаўскага блоку” і далей? Бо як сьведчыць заснавальнік і лідар “Салідарнасьці” Лех Валенса: “Без яго [Яна Паўла ІІ] камунізм бы ня скончыўся або, па меншай меры, гэта адбылося б нашмат пазней і з большай крывёй”.

Дык давайце напаўняцца Духам і маліцца за аднаўленьне нашай зямлі! Дзеля натхненьня можаце паглядзець, як гэта робяць дзеткі беларускай царквы “Ян Прадвесьнік”.

Зьміцер Дашкевіч

Падзяліцца:

Каментары