Нявеста Севярынца: “Спачатку я сказала Пашу “не” – і ён плакаў” (фота)

Нявеста Севярынца: “Спачатку я сказала Пашу “не” – і ён плакаў” (фота)

Неверагодная гісторыя кахання вядомага палітыка і прыгажуні Вольгі Шылак – у эксклюзіве Еўрарадыё.

Тут было ўсё: спачатку яна адмовіла яму, потым Павел заявіў, што яны могуць быць толькі сябрамі… Спатканні без кветак, прызнанне ў каханні пад вадой, першы пацалунак у спецкамендатуры… Самі закаханыя жартам завуць гэтую гісторыю “санта-барбарай”!..

“Вох!.. сапраўдная беларусачка!..”

… А пазнаёміў пару журналіст Кастусь Шыталь 5 гадоў таму. Вядомы апазіцыянер і былы палітвязень Павел Севярынец характарызуе яго як чалавека, які “здаў тэст па гісторыі Беларусі на 100 балаў са 100”. Павел у той час наймаў кватэру ў Мінску супольна з Шыталем. І Кастусь запрасіў дзвюх знаёмых першакурсніц дахаты на прагляд фільма Юрыя Хашчавацкага “Плошча”.

Павел Севярынец: “Калі я выйшаў са свайго пакоя і ўбачыў дзвюх дзяўчат, то паглядзеў на Волечку – і першае маё было такое: “Вох!.. сапраўдная беларусачка!..”

Вольга Шылак: “А я ўбачыла Пашу. Нічога пра яго дагэтуль не ведала. Проста нейкі дзядзька вусаты. Але першае, што я зразумела: такіх прыгожых і глыбокіх вачэй я ніколі не бачыла!”

Наступны раз Павел убачыў Вольгу на офісе аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, дзе адбывалася сустрэча маладых каталікоў. Паразмаўлялі. Дзяўчына спадабалася Севярынцу яшчэ больш. І, як сапраўдны палітык, ён стаў запрашаць яе… на ўсе партыйныя мерапрыемствы!

Павел Севярынец:  “Хаця на той момант я цвёрда трымаўся пазіцыі “Спачатку перамога – а потым сям’я”. Але я не мог дапусціць, каб такая дзяўчына проста прайшла міма і пакінула пасля сябе толькі свой цудоўны позірк”.

Хто ж такая Вольга Шылак, якая так паланіла сэрца Паўла Севярынца? Усё, што вядома пра яе з прэсы – Вольга скончыла філфак, а яе бацькі цяпер жывуць у вёсцы Нарач. Не “актывістка”, “на барыкадах” таксама заўважаная не была…

Вольга на руках у мамы Ліліі

Вольга Шылак: “Я нарадзілася ў Вільні, дзе тады працавалі бацькі. Пасля доўгі час жылі ў вёсцы Груздава – старажытная вёска ў Пастаўскім раёне. А ў Нарачы бацькі жывуць толькі год. Далей я скончыла філфак у мінулым годзе. Барыкады ў мяне маглі быць, але яны былі прыпыненыя бацькамі ў 2009 годзе – на тым усё скончылася. Цяпер выкладаю на курсах польскую мову. Бо спецыяльнасць у мяне была “беларуская і польская мова”. Таксама ўдзельнічаю ў валанцёрскім руху Святога Мікалая грэка-каталіцкай царквы”.

Малы Павел Севярынец

“Калі будзе перамога, то хацеў бы, Волечка, звязаць сваё жыццё з табой”

У пачатку 2009 года Павел наважыўся дзейнічаць.

Павел Севярынец: “Моцна маліўся да Бога. І вырашыў, што калі перамога будзе – то менавіта з гэтай дзяўчынай я хацеў бы звязаць сваё жыццё. Пайшоў на Плошчу Свабоды, пабыў у сваёй царкве, ў Святадухавым саборы, у Катэдры. І Госпад адказваў: “Так, гэта яна”. Мяне гэта натхніла – і я запрасіў Волечку на сустрэчу на той жа Плошчы Свабоды ў сакавіку 2009 года. І павёў сябе, напэўна, дзіўна для закаханага чалавека. Прыйшоў без кветак, павёў яе ў касцёл і патлумачыў, наколькі мог, што калі будзе перамога, то хацеў бы, Волечка, звязаць сваё жыццё з табой”.

Вольга пра такое арыгінальнае прызнанне і думаць не думала.

Вольга Шылак: “Шок! Мы паразмаўлялі. Пасля прайшліся да прыпынку… Суаднесці сябе з гэтым чалавекам… Нічога такога ў галаве не ўкладвалася. Я падумала, што проста нешта няправільна зразумела”.

Павел тады падумаў, што, відаць, нешта недатлумачыў – і трэба ўсё сказаць, як мае быць. Дзеля гэтага ён запрасіў Вольгу на Плошчу Свабоды другі раз. І зноўку прыйшоў без кветак. Прызнаецца, што проста ніколі дагэтуль не хадзіў на спатканні!

Павел Севярынец: “Я проста прыйшоў і сказаў: “Волечка, я цябе кахаю. Але адказнасць за сям’ю, за дзетак, якія, дасць Бог, будуць – усё гэта будзе пасля перамогі”. І ў той самы момант прабілі званы”.

“Я пачаў вытручваць яе са свайго сэрца…”

Пасля таго спаткання Павел паляцеў на сустрэчу ў Еўрапарламент у Страсбург, адкуль прывёз Вользе падарункі – бутэльку Бардо і смачны сыр.

Вольга Шылак: “Я прыйшла з лістом, каб аддаць яму і пайсці… Дзе напісала, што нічога такога быць не можа. Розніца ва ўзросце, усё такое… Калі Павел браў у рукі ліст, па вачах было ясна – ён усё зразумеў. Я хутчэй збегла, каб нічога не бачыць… Наступная сустрэча была праз тыдзень на офісе аргкамітэта па стварэнні партыі БХД каля доміка РСДРП – у доме, дзе жыў Лі Харві Освальд. І там ёсць прыпынак “соткі” на Плошчы Перамогі. Дзе і адбылася галоўная драматычная сцэна. У Пашы былі слёзы… Мы з ім развіталіся – і не бачыліся паўтара года”…

Тое “не” разбіла Паўлу сэрца.

Павел Севярынец:  “Алюся проста сказала: “Не”. Я не мог зразумець… Я маліўся. Я пытаўся ў Госпада. Госпад кажа “так”, Воля кажа “не”. Я спрабаваў сустрэцца з Волечкай яшчэ некалькі разоў, але “не” гэта было “не”. Я пачаў вытручваць яе са свайго сэрца… Для мяне гэта было пытанне жыцця і смерці. Мне спатрэбілася некалькі месяцаў напружанай працы… Дарэчы, у рамане, які я пачаў пісаць яшчэ да нашай сустрэчы, галоўную гераіню завуць Воля. Яна сустракаецца з галоўным героем на той самай плошчы – усё супала!..”

Каб забыцца, Павел з’язджае ў вёску, пасля ў Віцебск – занураецца ў працу. Вырашыў, што забудзе гэту дзяўчыну. Прамінула паўтара года.

Вольга Шылак: “Гэтыя паўтара года мы не бачыліся і не размаўлялі. Але ён нібыта быў увесь час побач. Я кожны дзень думала пра яго. Разумела, што іншага такога чалавека, як Паша, я не ведаю”.

“Калі і мець дзяцей – то толькі ад Севярынца”

У 2010 годзе Павел разам з іншымі вернікамі прыйшоў маліцца да касцёла Святога Язэпа, апекуна сям’і, дзе цяпер месціцца архіў і дзе планавалі размясціць гатэль. І той жа Кастусь Шыталь падышоў да Севярынца і, прыжмурыўшыся, сказаў: “Паша, памятаеш Волю? Яна мне сказала, што калі і мець дзяцей – то толькі ад Севярынца”.

Каля гэтага касцёла святога Язэпа Павел задумаўся аб Вользе другі раз

Прэзідэнцкая кампанія была ў разгары. І ў адзін з дзён Павел запрасіў Вольгу на спатканне ў Парку Горкага.

Вольга Шылак: “Я павінна была прыйсці прыгожая, але праспала, спазнілася на паўгадзіны!.. Пашу трэба было ехаць, мы паразмаўлялі хвілін пятнаццаць. Ён уручыў мне падарункі, мы абняліся і Паша пабег. Потым прыйшло паведамленне ад Палажанкі: “Хопіць ужо дурноты, мне сёння сніўся сон, што ў вас з Пашам вяселле!”.

Кажуць, што вяселле ў сне — да гора… У Паўла была Плошча. Амерыканка. Суд. Прысуд: тры гады “хіміі”. Апошні раз на волі яны ўбачыліся, калі Павел прыязджаў на разгляд касацыйнай скаргі ў Мінск. Спатканне, як вы разумееце, адбывалася на Плошчы Свабоды.

Вольга Шылак: “Я ішла з цвёрдым намерам сказаць яму, што кахаю, што згодная чакаць яго. А Паша прыйшоў на тое спатканне з цвёрдым намерам сказаць, што ён не можа працягваць адносіны, што мы можам толькі сябраваць. І сказаў”.

Гэтым разам сэрца было разбіта ў Вольгі!

Вольга Шылак: Тут ужо плакала я. Я не разумела: чаго ўсё так дзіўна развіваецца?! Чалавек чакае мяне тры гады… Усё нарэшце павінна быць добра – і тут… Я раілася, размаўляла са святарамі. Думала: можа, ён не хоча падстаўляць мяне, не хоча, каб я чакала…”

“Скралі мабільнік і ключы. Пярсцёнак захаваўся, бо я сціскала яго ў руцэ”

Павел паехаў на “хімію” ў вёску Куплін Пружанскага раёна. На сэрцы было пуста, чаканы супакой не настаў, таму калі Вольга прыехала праведаць яго ў Куплін – ён рэзка змяніў сваё рашэнне. Раптам зразумеў, што… перамога ніяк не супярэчыць Волі, што чакаць перамогі можна разам!.. Калі Вольга прыехала другі раз, Павел зноў прызнаўся ёй у каханні і сказаў, каб яна яго чакала.

Вольга Шылак: Паша нарэшце пачаў рабіць тое, што рабіў бы кожны нармальны хлопец. Былі кветкі. Паша гатаваў кожнага разу новую страву… Мяне нават сталі пускаць да яго ў пакой… Кожны раз дарыў нейкія падарункі, бел-чырвона-белыя цацкі”.

Павел Севярынец:  “Замаўляў – прасіў, каб куплялі ў Пружанах і прывозілі… Намеснік кіраўніка БНФ, веруючыя, “хімікі” – усе мне дапамагалі!”

28 ліпеня 2012 года Павел вырашыў зрабіць Волі прапанову. Форма была абраная феерычная: фотаальбом, дзе на кожным здымку Павел трымаў у руках адну літару. Здымала маці Паўла – Таццяна Севярынец. Разам мусіла скласціся фраза: “Волечка, я цябе кахаю, будзь маёй жонкай”. Дзеля такой фотасесіі Паўла нават адпусцілі на тры гадзіны ў Пружаны. Фоткаўся на плошчы, каля царквы, каля возера з лебедзямі і нават у самім возеры – трымаючы адну літару над вадой. Прычым, каб не выглядала, што ўсё знята ў адзін дзень, Павел прыхапіў з сабой пакет вопраткі і перыядычна пераапранаўся! У часе наступнага трохдзённага адпачынку альбом быў урачыста ўручаны Вользе. Як вы здагадваецеся, на Плошчы Свабоды.

Вольга Шылак: “…Было вельмі горача. Мы селі на адну з лавачак. Паша дастаў падарунак і аддаў мне са словамі: “Гэта самая вялікая кніга, якую я напісаў”. Я пачала гартаць, усё прачытала… Паша дастае пярсцёнак – і ў гэты момант пачынаюць біць званы!.. Я не ведала, што адказаць… Чакаць было яшчэ год. Мае бацькі былі супраць… Я перасела на іншую лаўку… У нейкі момант зразумела, што вакол цэлая куча цыганоў – і маёй сумкі ўжо няма. Скралі мабільнік і ключы. Пярсцёнак захаваўся, бо я сціскала яго ў руцэ”.

На гэтай лаве і здарыўся крадзеж

Першы пацалунак адбыўся 16 верасня 2012 года ў пакоі Севярынца ў спецкамендатуры ў Купліне.

Вольга Шылак: “Ужо перад выхадам Пашы маёр, вельмі сур’ёзны чалавек, сказаў: “Глядзі мне! Тут усё сур’ёзна! Каб пажаніліся!”.

Першы дзень Паўла на волі, 19 кастрычніка 2013 года. Злева — сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Георгі Дзмітрук

Прыгожая гісторыя працягнулася і пасля вызвалення. Калі незалежна адно ад аднаго яны з Вольгай знайшлі сабе здыманыя кватэры за квартал адно ад аднаго – ля станцыі метро Пушкінская. А роўна між імі знаходзіцца… ЗАГС Фрунзенскага раёна!.. Бацькі Вольгі, якія спачатку былі катэгарычна супраць, пры асабістай сустрэчы з Паўлам далі дазвол і блаславілі Вольгу і Паўла на шлюб.

Што да вяселля, то Павел і Вольга ўнікаюць такіх пытанняў. Кажуць, гэта будзе асобны расповед і асобная санта-барбара!

http://euroradio.by/

 

Падзяліцца:

Каментары