«Не захапі пасаду бліжняга свайго!»

«Не захапі пасаду бліжняга свайго!»

Апошні з’езд арганізацыі ўскалыхнуў каляпалітычную тусоўку настолькі, што загаварылі нават пра штосьці падобнае да “рэйдарскага захопу”.

26 кастрычніка ў Мінску праходзяць выбары новага старшыні “Маладога Фронту”. Зміцер Дашкевіч, які выйшаў з турмы два месяцы назад, хоча скласці свае абавязкі. Робіць гэта не без шуму. Апаненты Дашкевіча гавораць, што палова дэлегатаў з’езду ніякага дачынення да “Маладога Фронту” не мае.

Адзін з такіх — Андрэй Кім. На з’ездзе ён выступіў з прамовай і… галасаваў у якасці дэлегата. Гэта пацвярджаюць фотаздымкі. У размове з Еўрарадыё Кім гаворыць, што прыйшоў на з’езд па запрашэнні арганізатараў  — не мог адмовіць людзям, якіх паважае. Прызнае, што выступаў і нават галасаваў на з’ездзе па пытаннях, якія “не палічыў вырашальнымі”. Пры гэтым ва ўступленні ў “Малады Фронт” Андрэй Кім не бачыць сэнсу.

“Як неаднаразова адзначалася, я духоўна маладафронтавец. Я дапамагаю ў дзейнасці “Маладога Фронту” ўжо гадоў пяць ці шэсць… А афіцыйна далучацца да дзейнасці арганізацыі… Я не бачу ў гэтым сэнсу”.

Аднак новы сустаршыня “Маладога Фронту” Андрусь Цянюта  рашуча абвяргае тое, што ў з’ездзе ўдзельнічалі тыя, хто не мае сяброўства ў “Маладым Фронце”.

“Усе гэтыя людзі з’яўляюцца актывістамі “Маладога Фронту”. Невядомых і незразумелых людзей там не было і няма”,  — пераконвае ён.

Гамяльчаніна Цянюту на з’ездзе абіраюць сустаршынёй. Гэткія ж пасады атрымлівае Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, які адбывае пакаранне “за Плошчу”. А вось Іван Шыла з Салігорска, якога перад з’ездам называюць “лібералам” і супрацьпастаўляюць “кансерватару” Цянюту, застаецца без пасады, хоць раней быў сустаршынёй.

Злыя языкі нават сцвярджаюць, што Шыла цудам утрымаўся ў арганізацыі. Маўляў, кансерватыўнаму асяродку вельмі не даспадобы фрывольнасці, якія Іван дазваляе сабе ў афіцыйнай суполцы “Маладога Фронту” ў сацсетках, адмінам якой з’яўляецца. Цянюта гаворыць, што хоць Шыла і застаўся без пасады (і нават без групы “ВКонтакте”, якую зараз будзе мадэраваць Зміцер Дашкевіч), з “Маладога Фронту” яго ніхто не выганяе.

“Гісторыю пра магчымае выключэнне з арганізацыі ён сам сабе выдумаў. Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Ніхто не супраць, каб ён дзейнічаў. Шылу далі магчымасць працаваць у межах “Маладога Фронту”. І праца зараз у яго ёсць”.

Іван Шыла гаворыць, што аддаваць створаную ім суполку з дзесяццю тысячамі ўдзельнікаў у іншыя рукі шкада. Сярод варыянтаў  — пераназваць яе, а для патрэб “Маладога Фронту” стварыць новую. Шыла настойвае, што на з’ездзе МФ значная частка ўдзельнікаў належала да… іншай моладзевай арганізацыі. Менавіта яны і паўплывалі на далейшы накірунак развіцця “Маладога Фронту”.

“Перадусім трэба быць маладафронтаўцам, каб удзельнічаць у з’ездзе. Калі на яго прыходзяць сябры “Маладых хрысціянскіх дэмакратаў”, якія не ўдзельнічалі ў дзейнасці МФ, і галасуюць  — гэта праблема, прабачце. Калі прыходзіць Павел Севярынец, анансаваны як госць, і фактычна вядзе з’езд замест Змітра Дашкевіча, вырашае, каму даваць голас, а каму не  — гэта таксама праблема”.

Словы Шылы пацвярджаюць фота- і відэарэпартажы са з’езду. На іх можна пабачыць як невядомых рускамоўных актывістаў (з’ява, неверагодная для “Маладога Фронту” дзесяцігадовай даўніны), так і вядомых і пазнавальных. Аб’ядноўвае гэтых людзей адно  — адсутнасць сяброўства ў “Маладым Фронце”.

Чаму ў з’ездзе “Маладога Фронту” прымалі актыўны ўдзел людзі, якія не маюць дачынення да арганізацыі  — тое яшчэ пытанне. Як і тое, чаму з’ездам фактычна кіраваў сустаршыня БХД Павел Севярынец. Магчыма, гэтыя пытанні ўздымуць на наступным з’ездзе, які павінен прайсці праз паўгода. Там жа абяруць яшчэ аднаго сустаршыню. Але ліберал Іван Шыла прэтэндаваць на пасаду дакладна не стане. Гаворыць, што з новым накірункам дзейнасці “Маладога Фронту” яму ўсё зразумела.

http://euroradio.fm

Падзяліцца:

Каментары