Небясьпека з усходу. Ці які лёс нам рыхтуе Расея?

Небясьпека з усходу. Ці які лёс нам рыхтуе Расея?

Некаторыя палітыкі заяўляюць, што для Беларусі няма небясьпекі з усходу. Маўляў, гэта ўсё прыдумкі апазыцыянэраў, каб прыцягнуць у свае колы новых адэптаў. Аднак доказам агрэсыі служаць ня проста дзеяньні. Усё, што робіць зараз наш усходні сусед, мае лёгіку й імкнецца да завершанасьці. Пацьвярджэньнем таму — кнігі прафэсара Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта імя Ламаносава сп. Аляксандра Дугіна. Гэта адзін з найбольш вядомых у Расеі геапалітычных стратэгаў. Нешта накшталт расейскага адказу амэрыканскаму Бжэзінскаму.

Досыць толькі пачытаць, што піша гэты чалавек у кнізе «Асновы геапалітыкі» й параўнаць ягоныя словы са справаю Расеі. Халодны разьлік. У ім няма месца Беларусі як незалежнае й цэласнае дзяржаве. Аб гэтым можна рабіць вывад, калі прачытаеш наступнае:

«У дачыненьні да Беларусі геапалітычная карціна даволі зразумелая. За выключэньнем невялікай часткі паланізаваных беларусаў (каталікоў і ўніятаў, а таксама палякаў), пераважную большасьць насельніцтва адназначна прыналежыць расейскае прасторы й павінна быць разґледжана як суб’ект цэнтральнага эўразійскага этнасу, гэта значыць як „расейцы“ ў культурным, рэлігійным, этнічным і геапалітычным сэнсах. Моўная спэцыфіка, некаторыя этнічныя й культурныя асаблівасьці не зьмяняюць агульнай карціны. Таму зь Беларусьсю Масква павінна інтэгравацца самым шчыльным чынам, не забываючыся пры гэтым на тое, што заахвочаньне культурнай і моўнай самабытнасьці беларусаў зьяўляецца важным пазытыўным момантам ва ўсёй сыстэме эўразійскай інтэграцыі. У дачыненьні да этнасаў, што належаць да адзінай дзяржавы, гэты прынцып трэба выконваць настолькі ж строга, як і ў дачыненьні да памежных народаў ці суседзяў. Адзіны хваравіты крок у Беларусі, які трэба распачаць для папярэджаньня адцэнтровых і падрыўных тэндэнцыяў, гэта вылучэньне ў адмысловую адміністрацыйную катэгорыю некаторых абласьцей, кампактна заселеных каталікамі і ўніятамі аж да падаваньня ім значнай аўтаноміі, дастатковай для таго, каб увайсці ў Сярэднеэўрапейскую прастору. Імкненьне хоць як утрымаць Беларусь усю цалкам пад простым і цьвёрдым кантролем Масквы прывядзе да таго, што і ў ёй самой і з боку заходніх суседзяў Расея будзе мець тлелыя вуглі патэнцыйнага геапалітычнага канфлікту. А гэта ў дадзеным выпадку (у адрозненне, прыкладам, ад Літвы) можа быць вырашаны ў інтарэсах усіх зацікаўленых бакоў.

Беларусь трэба разґлядаць як частку Расеі. І таму інтэграцыю зь ёю трэба праводзіць па восі Захад-Усход, якая зьяўляецца прыярытэтнаю ва ўсіх выпадках унутранай арганізацыі этнічна аднастайнай прасторы. Сапраўдная заходняя мяжа Расіі павінна пралягаць нашмат далей на захад. Таму ў паўнавартаснай геапалітычнай карціне беларускія землі хутчэй ставяцца да цэнтральнай вобласьці, чым да заходняе ўскраіны.»

DuhinAl

Але выхад для нашай краіны ёсьць. Але сп. Дугін маўчыць аб ім. Аднак беларусы могуць убачыць яго прыгадваючы гісторыю. Чытаем (да гэтае цытаты ў тэксьце вядзецца размова аб «аб’яднаньні вакол Прусіі балтыйскіх дзяржаў у адзіны блёк», у які «ўвойдуць Нарвэгія, Швэцыя, Нямеччына, Эстонія, Фінляндыя-Карэлія, Данія, магчыма, Галяндыя» — што на карысьць эўразійскае Расеі):

«Адзіным слабым элемэнтам у гэтае сыстэме зьяўляюцца Польшча й Літва, дзе пераважнаю канфэсыяю маецца каталіцтва. Гэтыя землі былі галоўным рычагом таласакратычнай [марской] геапалітыкі, скіраванай супраць Эўразіі і магчымасці стварэньня кантынэнтальнага блёку. Больш за тое, у гісторыі існуе прэцэдэнт значнай палітычнай самастойнасьці Польска-Літоўскага княства, а некаторыя гісторыкі (у прыватнасьці, Шпэнглер) нават казалі пра існаваньне адменнае „балтыйскае цывілізацыі“, што геаграфічна супадае, у агульных рысах, з гістарычнымі межамі Польшчы й Літвы. Толькі вызначаныя гістарычныя ўмовы не дазволілі гэтае цывілізацыі разьвіцца канчаткова й зрабілі яе „абартыўнаю“ (тэрмін Шпэнглера). Трэба прызнаць, дадзеная праблема зусім ня мае пазытыўнага рашэньня, бо фармулюецца яна наступным чынам: або польска-літоўская прастора будзе існаваць як самастойная геапалітычная рэальнасьць (і тады яна стане непераадольнаю перашкодаю на шляху праэўразійскага Балтыйскага адзінства з восьсю ў Прусіі), або ягоныя фрагмэнты будуць інтэграваныя ў іншыя геапалітычныя блёкі, а само яно будзе расьсечана й задушана ў зародку. Кожная інтэграцыя на каталіцкім грунце ў гэтым рэгіёне будзе ствараць напругу і ў дачыненні Ўсходу (Масква), і ў дачыненні Поўначы (пратэстанцкі сьвет Скандынавіі), і ў дачыненні Захаду (Нямеччына). Такім чынам, у Польшчы й Літве галоўным геапалітычным партнэрам Эўразіі павінны стаць сілы, якія настойваюць на некаталіцкай арыентацыі палітыкі гэтых краінаў: прыхільнікі сьвецкай „сацыял-дэмакратыі“, „нэапаганцы“, „этнацэнтрысты“, пратэстанцкія, праваслаўныя рэлігійныя колы, этнічныя меншасьці. Апроч таго, этнічная напружанасьць у польска-літоўскіх адносінах маецца надзвычай каштоўным элемэнтам, які вынікае скарыстаць і, па магчымасьці, пагаршаць.

Калі ўзнаўленьне Прусіі вырашыла б, па большае частцы, праблемы з Польшчаю, якой у такое сытуацыі заставаўся б толькі шлях на поўдзень (бо Балтыйскі рэгіён быў бы пад германа-рускім кантролем), то зь Літвой сытуацыя яшчэ больш складаная, бо яна маецца самым паўночным фрагмэнтам каталіцкага сьвету, мае доўгую берагавую лінію на Балтыцы і адлучае рускую прастору ад паўночнага ўскрайку Сярэдняе Эўропы, не прыналежачы ні да таго, ні да іншага сьвету. Відавочна, што атлянтысцкія геапалітыкі не прамінуць скарыстацца з гэтае акалічнасьці й паспрабуюць менавіта Літву зрабіць прычынаю разладу й асноўнаю перашкодаю для рэарганізацыі Эўропы. Абмежаваць негатыўныя вынікі геапалітычнага распалажэньня Літвы для эўразійскага праекта можна толькі часткова, умацоўваючы стратэгічнае адзінства ўсяго гэтага арэалю і імкнучыся замкнуць яго з паўночнага захаду праз швэдзка-дацкае зьвяно.»

Мае высновы простыя: Беларусі варта ўзґадаць сваю гісторыю. Нашыя продкі жылі ў адное вялікае эрапейскае дзяржаве, Літве, якая ўтварала фэдэрацыйны саюз з другім сваім суседам — Польшчаю. Менавіта гэтая акалічнасьць, а таксама хрысьціянская складовая ў выбары палітычнага кірунку краіны дапамогуць ня толькі выратаваць Беларусь, але й узьвялічыць ейную ролю на міжнародным узроўні.

Яўген ГЛАГОЛЕЎ-ВАСЬКОВІЧ

Падзяліцца:

Каментары