НІСЭПД: Рэйтынг МФ павялічыўся да 54% з 47%

НІСЭПД: Рэйтынг МФ павялічыўся да 54% з 47%

Нацыянальнае апытваньне, праведзенае НІСЭПД, сьведчыць аб павелічэньні вядомасьці Маладога Фронту да 54% на момант сакавіку 2011 г. (верасень 2010 г. — 47%). Аднак у бітве за моладзь пакуль што перамагаюць улады.

Выснова аналітыкі НІСЭПД па вынікам сакавіцкага апытваньня ў 2010 г. сьведчыла, што можна казаць аб перамозе ўладаў, а не апазыцыі ў “барацьбе за моладзь”, паколькі менавіта ўлада зрабіла сур’ёзныя высновы з бурных падзеяў 90-х гадоў і стала актыўна ажыцьцяўляць палітыку, накіраваную на тое, каб навакольная рэчаіснасьць “адаптавала” моладзь да сваіх каштоўнасьцяў хутчэй, чым моладзь “адаптавала” гэтую рэчаіснасьць да свайго. Менавіта таму “малодшая” група моладзі па многім парамэтрам аказваецца найбольш “адаптаванай” да наяўнага парадку, чым старэйшыя групы альбо нават 30- і 40-гадовыя беларусы. У цэлым, выснова пацьвярджаецца аналізам вынікаў апытваньня ў сакавіку 2011 г, але яскрава выяўляюцца новыя тэндэнцыі.

Узровень незадаволенасьці моладзі цяперашнім станам і пэрспэктывамі за год значна павялічыўся. Хоць «малодшая група» моладзі, як і раней, па некаторым важным характарыстыкам больш падобна да бацькоў, чым да старэйшых братоў. Верагодна, супярэчнасьць тлумачыцца тым, што «самая маладая моладзь» глядзіць на навакольны сьвет не столькі праз «прызму палітыкі» (дэмакратыі, прававой дзяржавы, незалежнасьці), колькі праз прызму ўласных інтарэсаў.

Казаць аб пэрспэктывах арганізацыі можна, калі яна зьверне на сябе ўвагу і атрымае падтрымку «масавага беларуса», а не проста зьбярэ ў свае шэрагі некалькі соцень маладзёнаў, апантаных нацыянальнай, хрысьціянскай або дэмакратычнай ідэяй. Першы сацыяльны ўзровень – інфармаванасьць аб дзейнасьці, пазнавальны элемэнт. Другі ўзровень – стаўленьне да дзейнасьці арганізацыі, эмацыйны элемэнт. Трэці – патэнцыйная гатоўнасьць далучыцца дзейнасьці, элемэнт паводзінаў.

Як паказвае аналіз, у вядомасьці (першы ўзровень), у параўнаньні зь верасьнем 2010 г., заўважаны пэўны прагрэс. Рост рэйтынгу МФ амаль на 7% (як і БРСМ на 3%) хутчэй, тлумачыцца актуалізацыяй зацікаўленасьці да грамадзка-палітычнага жыцьця ў зьвязку з прэзыдэнцкімі выбарамі. Да таго ж, за гэтыя паўгады СМІ больш пісалі пра МФ, чым за мінулыя, у тым ліку аб арыштах і судовых працэсах над яго лідэрамі.

Па паказчыкам стаўленьня да МФ (другі ўзровень) і жаданьня ўдзельнічаць у яго дзейнасьці (трэці ўзровень) назіраецца хутчэй зьніжэньне грамадзкага інтарэсу. Такая ж тэндэнцыя назіраецца ў дачыненьні да ўсіх грамадзка-палітычных структураў. Спэцыялісты НІСЭПД зьвяртаюць увагу на грамадзкі пад’ём у 2010 г. перад выбарамі («прыліў падымае ўсе лодкі»). Выбары скончыліся, адбылася палітычная «дэмабілізацыя» («адліў апускае ўсе лодкі»), і адпаведна зьнізіліся як пазытыўныя ацэнкі арганізацыяў, так і жаданьне ўдзельнічаць у якой-кольвек дзейнасьці.

Спэктар прыхільнікаў МФ досыць спэцыфічны, і не зусім моладзевы. Каля 40% зь іх – супрацоўнікі дзяржсэктару, траціна – старэй за 50 гадоў, чвэрць – жыхары сяла. Разам з тым, нельга казаць аб адназначнай “чорна-белай” карціне: сярод прыхільнікаў МФ нямала “кансэрватараў” і “лаялістаў” цяперашняй улады.

Веданьне аб МФ у некалькі разоў перасягае станоўчае стаўленьне да яго дзейнасьці. Станоўчае стаўленьне да дзейнасьці МФ у некалькі разоў перасягае патэнцыйную гатоўнасьць у ёй удзельнічаць. Яшчэ больш патэнцыйную гатоўнасьць далучыцца да дзейнасьці павялічвае станоўчае да яе стаўленьне. Гэта даказвае, што фармаваньне станоўчага вобразу МФ і , адпаведна, станоўчага стаўленьня, можа пашырыць сацыяльную базу арганізацыі значна болей, чым простае інфармаваньне аб ёй.

НИСЭПИ. Расширение социальной базы “Молодога Фронта”: поствыборныя перспективы (трэнды полугодия)

Апытваньне НІСЭПД. Сакавік 2011. Тры асноўныя табліцы вынікаў.
Паводле групы экспэртаў НІСЭПД  (Незалежны Інстытут Сацыялягічна-Эканамічных і Палітычных Дасьледаваньняў)

Падзяліцца:

Каментары