Новае Пакаленьне Беларусі

Новае Пакаленьне Беларусі

Цэласны сьветапогляд

Пасьля “выбараў” 2001 году Лукашэнка заявіў, што ягоная ўлада будзе трымацца на трох складніках – мясцовых саветах, прафсаюзах і моладзі. Зусім за кароткі тэрмін была зьдзейсьнена зачыстка мясцовых саветаў. Цяпер, да прыкладу, сярод блізу 22500 дэпутатаў мясцовых саветаў каля 10 чалавек прадстаўляюць дэмакратычную супольнасьць, што ў працэнтным вымярэньні складае 0,044%(1). Нішто не гаворыць на карысьць таго, што пасьля выбарчага маратону-2010 адсотак гэты павялічыцца. Таксама вельмі хутка было праведзена “ператрахіваньне” кіруючых кадраў Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Стартавая пляцоўка кандыдата Ганчарыка перайшла пад поўны кантроль гаранта Канстытуцыі. 

Для выкананьня трэцяга пасьлявыбарчага абяцаньня, напярэдадні выбарчай кампаніі-2006, пачаў дзейнічаць артыкул 193’1 крымінальнага кодэксу, які прадуглежваў і прадугледжвае дагэтуль адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванае арганізацыі. Першымі пад дзеяньне новаўвядзеньня патрапілі лідэры “Партнэрства”, якія плянавалі зьдзейсьніць назіраньне за “выбарамі”. Крымінальны працэс паставіў кропку на дзейнасьці “Партнэрства” і гэтым артыкул 193’1 пацьвердзіў сваю эфэктыўнасьць у барацьбе зь іншадумствам. Правёўшы тэставыя выпрабаваньні, рэжым вырашыў узяцца за моладзь. Крымінальная справа на лідэраў Маладога Фронту была ўзбуджана ў дзень разгону “Плошчы Каліноўскага” , 24 сакавіка 2006 году, і даведзеная да ладу 1 лістапада, калі мне самому пашчасьціла з двух мажлівых гадоў па гэтым артыкуле атрымаць паўтары. Лукашэнку рапартавалі аб выкананьні ягонага палітычнага пажаданьня, агучанага на паседжаньні Рады Бясьпекі яшчэ ў 2004 годзе: “Я не дазволю ў Беларусі дзейнасьці такіх арганізацыяў, як Малады Фронт і Зубр”, – заявіў тады гарант стабільнасьці. Але рапарты былі заўчаснымі. Рэпрэсіўнаму апарату спатрэбілася засудзіць па артыкуле 193’1 КК РБ яшчэ дзесяць маладафронтаўцаў(!), каб зразумець, што трэці пункт пасьлявыбарчай праграмы 2001 году выканаць будзе немажліва.

Чаму даволі пасьпяховыя і вядомыя ў свой час “зубры” палічылі за лепшае самараспусьціцца і што, з другога боку, дазволіла Маладому Фронту выстаяць у гэтым выпрабаваньні? Адказ на гэтыя пытаньні трэба шукаць у каштоўнасным падмурку.

Многія грамадзка-палітычныя лідэры Беларусі базуюць сваю праграмную дзейнасьць на крытыцы існуючага ладу і таго, хто гэты лад утрымоўвае. Ня дзіва, што і моладзевыя актывісты ставяць за асноўную мэту сваёй дзейнасьці пратэст, які ўвасабляецца ў даволі пашыраным меркаваньні: “Скінем (кагалам) Лукашэнку, а там ужо разьбярэмся”. І першыя, і другія пры гэтым забываюцца, што Лукашэнка ёсьць адно толькі лагічным вынікам нашага з вамі грамадзтва, косьць ад касьці свайго народу. У 1994 годзе яго абралі на дэмакратычных выбарах пераважнаю большасьцю галасоў. І тады, ды і цяпер(2), ён увасабляе чаканьні і ідэалагічныя арыентыры пераважнай/значнай часткі беларускага грамадзтва. У дадатак да гэтага цалкам мажліва такое разьвіцьцё падзеяў, калі з пратэстна-дэмакратычнага асяродзьдзя на зьмену Лукашэнку прыдзе яшчэ горшы за яго. Ужо цяпер можна пачуць галасы барацьбітоў за дэмакратыю аб тым, што Лукашэнка вядзе нас да саюзнай дзяржавы кепска, а яны, гэтыя барацьбіты, зробяць тое лепей. Ужо цяпер некаторыя зь іх прапаноўваюць увесьці расейскі рубель замест апастылеўшага ім “зайчыка”. А што будзе, калі такія лідэры возьмуцца кіраваць 10-мільённым народам? Пытаньне вялікае…

Па гэтых прычынах Малады Фронт ніколі не базаваў сваю дзейнасьць на крытыканстве і не яднаўся вакол лозунгаў: “Супраць …!”, “Далоў …!” і г. д. Але наадварот, МФ заўсёды надаваў першасную ўвагу каштоўнасным аспэктам, распрацоўцы праграмных і стратэгічных дакумантаў, якія б ставілі за мэту ня крытыку і адно толькі пратэст, але бачаньне разьвіцьця Беларусі на падмурку спавядаемых намі каштоўнасьцяў – нацыянальнай ідэі і хрысьціянскіх прынцыпаў. Як гаварыў вядомы рэвалюцыянэр Валодзя Ўльянаў: “Сапраўдная рэвалюцыйнасьць вызначаецца ня гучнасьцю лёзунгаў, але цэласнасьцю сьветапогляду”.

Менавіта каштоўнасны падмурак дазволіў Маладому Фронту вытрываць на няпростым трынаццацігадовым шляху, у той час, калі многія “масавыя рухі”, што меліся аб’яднаць вакол пратэсных лозунгаў моладзь і “пакласьці канец дыктатуры”, згаслі, гаснуць і будуць надалей працягваць гаснуць пры іх узьнікненьні. Дзейнасьць па прынцыпу: “зьяднаемся супраць” яшчэ ніколі і нікому не прыносіла вынікаў. Ва ўсялякім выпадку станоўчых і доўгатэрміновых.

Ёсьць яшчэ адзін вельмі важкі чыньнік, які адрозьнівае Малады Фронт нават ад некаторых ідэалагічна блізкіх арганізацыяў. Гэтае адрозьненьне палягае ў хрысьціянскім стрыжні, на якім трымаецца наша нацыянальная ідэя. Для значнай часткі і пратэстных дэмакратаў, і нацыянальна арыентаваных патрыётаў гэты хрысьціянскі стрыжань ёсьць “камянём спатыкненьня”, аб які спатыкаюцца і разьбіваюцца многія.

Дастаткова шмат у свой час атрымаў Малады Фронт, ды і працягвае атрымоўвываць, крытыкі за “радыкалізм”, “рэлігійны фанатызм”, “клерыканства” і г.д. Тым ня менш, мы цьвёрда стаім на тым, што нацыянальная ідэя Беларусі, а адпаведна – нацыянальнае Адраджэньне, перамены ў нашай краіне, могуць базавацца толькі на хрысьціянскіх каштоўнасьцях. І толькі хрысьціянскія каштоўнасьці могуць зрабіць гэтыя перамены якаснымі па сутнасьці і трывалымі ў часе. Ну, для ілюстрацыі, абярэм мы заўтра дэмакратычны Ўрад і заменім чырвона-зялёны сьцяг на бел-чырвона-белы, але п’яных грамадзянаў будзе больш чым цьвярозых. Ці можна будзе гаварыць нам пра нейкія перамены ў Беларусі? Ну перавядзем мы заўтра ўсе навучальныя ўстановы краіны на беларускую мову, але абартаваных дзяцей будзе больш, чым народжаных.(3) Хто будзе вучыцца на той мове і размаўляць на ёй, калі па прагнозах экспэртаў ААН да канца стагодзьдзя беларусаў застанецца ў чатыры разы меней?!(4) Ці можна будзе гаварыць нам пра нацыянальнае Адраджэньне Беларусі? Адказы на гэтыя пытаньні відавочныя: без духовага стрыжня, уся нашая праца – проста нішто. Якая розьніца будзе беларусам напачатку ХХІІ стагодзьдзя ў тым за што, супраць каго і пад якімі сьцягамі мы змагаліся, калі іх застанецца каля двух мільёнаў?..

У дадатак да ўсяго нацыянальная ідэя, не базуючыся на духовым падмурку хрысьціянства, рызыкуе вельмі хутка пераўтварыцца ў адарваную ад жыцьця дэспатычную ідэалогію. Прыклад імпэрскага мысьленьня і расейскага шавінізму перад намі.

Нашая апазыцыянайнасьць да моладзевых суб’ектаў аўтарытарнай дзяржавы таксама палягае ў ідэалагічнай сфэры, але, канешне, у яшчэ больш шырокіх аспэктах, што ставіць нас у прамое і радыкальнае супрацьпастаўленьне (якраз ад лац. oppositio) беларускаму рэжыму.

Па гэтай прычыне не выпадае зьдзіўляцца чаму Малады Фронт знаходзіцца ў жорсткай і пасьлядоўнай апазыцыі да кіруючага рэжыму. Хачу тут адразу адзначыць – менавіта рэжыму, які мы ніколі не называем “уладаю”, бо ўлада – гэта Божы інстытут, які ўсталяваны, як гаворыць Біблія, для таго каб дапамагаць тым, хто робіць дабро, і караць тых, хто робіць зло.(5) Калі ж кіраўнік ня толькі робіць усё з дакладнасьцю наадварот, але яшчэ зьяўляецца і самаабвешчаным(6), любы чалавек мае поўнае маральнае і законнае права не падпарадкоўвацца такому кіраўніцтву.(7) У гэтым і палягае адзін з асноўных прынцыпаў свабоды. Як гаварыў Джон Лок: “Без свабоды супраціўляцца незаконнай уладзе, усе астатнія свабоды губляюць сваё значэньне”. Але мы пакуль пра іншае. Пра ідэалагічныя адрозьненьні Маладога Фронту ад БРСМаў, піянэраў і іншых нашчадкаў “кастрычніка”.

У той час, калі ідэалогія Маладога Фронту нацыянальная па форме і хрысьціянская па зьмесьце; БРСМаўцы і піянэры лічаць сябе прамымі правапераемнікамі Усесаюзнага ленінскага камсамолу моладзі. Ужо непасрэдна ў гэтым палягае адказ на пытаньне ідэалагічных разыходжаньняў Маладога Фронту і “Лукамолу”. Як могуць супрацоўнічаць людзі, атаясамляючыя сябе з хрысьціянскімі каштоўнасьцямі і тыя, хто называе сябе імём заснавальніка “чырвонага тэрору”, каторы заклікаў сваіх пасьлядоўнікаў, што рабавалі царкоўную маёмасьць: “Чым большую колькасьць прадстаўнікоў рэакцыйнага духавенства пры гэтым мы здолеем зьнішчыць, тым лепш”(У. Ленін)?

Але з другога боку, трэба разумець, што пераважная большасьць чальцоў БРСМ абсалютна не ўсьведамляюць, што за каштоўнасьці спавядае арганізацыя, у якую іх загналі ў школе ці ўнівэрсітэце. Больш за тое, гэта не разумеюць нават многія лідэры на месцах. Нават частка актывістаў МФ у свой час былі сябрамі БРСМ. Такім чынам, калі мы гаворым пра мажлівасьць супрацы такіх антаганістычных аб’яднаньняў як Малады Фронт і БРСМ, можна гаварыць толькі аб пэрсальнальнай супрацы маладафронтаўцаў з актывам і лідэрамі піянэрскіх і камсамольскіх аб’яднаньняў. Мы ведаем шэраг выпадкаў, калі маладафронтаўскіх лідэраў у рэгіёнах запрашалі ў камітэт па ідэалогіі ці ЦК БРСМ і прапаноўвалі падтрымку ў рэалізацыі сумесных праграмаў па беларусізацыі альбо іншых кампаніяў. Натуральна ў такіх выпадках мы не адмаўляліся ад супрацы і лічым яе эфэктыўнай. Бо, па-першае, яна цалкам заснавана на спавядаемых намі каштоўнасьцях і, па-другое, прыносіць канкрэтны вынік для нашага грамадзтва. І гэта ня ёсьць адступленьнем ад нашых перакананьняў, як не было адступленьнем ад Сваіх перакананьняў для Ісуса Хрыста прыходзіць у дамы да фарысеяў і пераконваць іх Свамі поглядамі. Галоўнае не перамяняцца пад каштоўнасьці гэтага сьвету, а сьвет перамяняць сваімі каштоўнасьцямі.

Адна з задачаў Маладога Фронту ня толькі закладаць каштоўнасны падмурак у маладое пакаленьне, але яднаць вакол гэтых каштонасьцяў і іншыя моладзевыя арганізацыі дэмакратычнага руху. Калі адштурхоўвацца ад прэзэнтаванага Маладым Фронтам інфармацыйнага маніторынгу(8), які адлюстроўвае дзейнасьць грамадзкіх і палітычных аб’яднаньняў за 2009 год, у Беларусі дзейнічае ня менш 13 моладзевых арганізацыяў і ініцыятываў. Ад абвешчанага у 2007 годзе “Бунту”, які 15 незалежных СМІ цягам 2009 году ўзгадалі 8 разоў, да Маладога Фронту, аб дзейнасьці якога было зьмешчана 2 485 навінаў цягам мінулага году.

У сьнежні 2009 году Малады Фронт стаўся ініцыятарам стварэньня моладзевай кааліцыі “Новае Пакаленьне”, у якую апроч Маладога Фронту ўвайшлі восем моладзевых аб’яднаньняў – моладзевыя крылы партыяў “ПБНФ”, БХД, БСДП “НГ”, руху салідарнасьці “Разам”, незалежныя арганізацыі Правы Альянс, Ініцыятыва, Вольная моладзь, МХСС “Маладыя Дэмакраты”. Мэта кааліцыі “Новае Пакаленьне” ня проста каардынаваць сваю дзейнасьць падчас выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы і іншых, але зрабіць усё мажлівае, каб моладзь сталася сур’ёзнай ідэйнай і палітычнай сілаю, якая б уплывала на палітычны працэс, чаго не назіралася падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2001 году і практычна не назіралася падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году. Абсалютна відавочна, што без кансалідацыі моладзевага патэнцыялу ў Беларусі ня можа быць праведзена ніводная сур’ёзная палітычная кампанія, не гаворачы ўжо аб прэзыдэнцкай кампаніі 2011 году. І нашая задача – зрабіць усё мажлівае, каб кансалідаваць гэты патэнцыял, мабілізаваць маладое пакаленьне беларусаў на ўчасткі для галасаваньня і, самае галоўнае, на адстойваньне свайго голасу на плошчы.

Мясцовыя “выбары”, як мажлівасьць атрымаць досьвед

Этапам па кансалідацыі моладзевага патэнцыялу ў Беларусі ёсьць і выбарчая кампанія 2010 году ў мясцовыя саветы. Натуральна, мы ўсьведамляем і канстатуем, што выбараў у Беларусі няма з таго самага 1994 году. Па гэтай прычыне панятак “выбары” мы ўжываем даволі ўмоўна і цалкам разумеем тых нашых сябраў, хто адмаўляецца ад удзелу ў іх. Зь іншага боку для нас вельмі важна ня толькі ідэалагічна фармаваць новае пакаленьне беларускага грамадзтва, але і фактычна, дапамагаючы нашым актывістам набываць досьвед удзелу ў важкіх электаральных кампаніях. Відавочна, што рэжым Лукашэнкі ня доўгатэрміновы. Колькі б яму не засталося, год ці адзінаццаць. І мы імкнемся, каб тады, калі насьпеюць перамены, нашыя актывісты былі да іх падрыхтаванымі, каб яны мелі досьвед ня толькі арганізацыі мітынгаў і ўдзелу ў іх, але і працы ў сур’ёзных, у тым ліку і выбарчых кампаніях. У адваротным выпадку мы, гадамі ламаючы гэты мур, і прабіўшы яго ў рэшце рэшт, апынемся на пэрэфэрыі. У ворганы ўлады ўсіх узроўняў прыдзе чынавенства, перафарбаваная ідэалагічная вэртыкаль, зьмяніўшыя значкі БРСМаўцы. Менавіта неразуменьне гэтых законаў прывяло да нараджэньня ісьціны, паводле якой рэвалюцыю робяць адны, а вынікамі яе карыстаюцца іншыя. Мы ж не жадаем, каб вынікамі нашае работы карыстаўся нехта іншы. Працаваць, і зьбіраць плады будзем мы самі.

Выклікі для апазыцыі

Пакуль Лукашэнка элегантна рэалізуе чарговую выбарчую кампанію, працягваючы зачыстку палітычнага поля перад чацьвёртым заходам, дэмакратычны рух стаіць перад вялікім выклікам. Фармулюецца ён пытаньнем аб далейшым існаваньні апазыцыі і формах гэтага існаваньня.

Тры пяцігодкі істотным чынам адбілася на стане дэмакратычных сілаў Беларусі. Тут ёсьць як аб’ектыўныя прычыны – масавыя рэпрэсіі ў дачыненьні да актывістаў апазыцыі, перасьлед іх саміх і іх сем’яў, так і суб’ектыўныя, галоўная сярод якіх – бязвольнасьць лідэраў дэмакратычнага руху ў вырашальныя моманты. Усё гэта прывяло да таго, што мы маем апатычныя партыі, дэзарганізаваных і пазбаўленых веры прыхільнікаў дэмакратычных сілаў. У акцыях апазыцыі не ўдзельнічаць, да іх кампаніяў не далучаюцца. Дэмакраты стаяць, такім чынам, перад неабходнасьцю перафарматаваньня сваёй дзейнасьці, пошуку новых шляхоў супрацы з грамадзтвам і ўзьдзеяньня на яго.

Дзеля вырашэньня гэтае праблемы Малады Фронт робіць стратэгічную стаўку на рэалізацыю зразумелых нават незаангажаваным людзям грамадзкіх кампаніяў. Прыклад такой грамадзкай кампаніі: “За беларускую мову!”, якая ажыцьцяўляецца шляхам збору подпісаў. Пасыл у падтрымку беларускае мовы вельмі просты і станоўчы, зь ім многія пагаджаюцца. У выніку правядзеньня першага месяцу кампаніі Малады Фронт сабраў 10 000 подпісаў. Гэта, можа, ня так і шмат, але паказальна тое, што многія людзі, якія б ніколі не далучыліся да дзейнасьці Маладога Фронту, далучаюцца да гэтай кампаніі, зьбіраюць подпісы за беларускую мову на сваіх факультэтах, працоўных месцах. Запамінальная гісторыя адбылася, калі падчас збору подпісаў да нас падышоў супрацоўнік міліцыі і папрасіў бланк. Мы далі і разважылі, што ён пайшоў раіцца з начальствам і выклікаць падмогу. Але той праз 30 хвілінаў прыйшоў адзін, працягнуў мне бланк і сказаў: “Держи, за все данные отвечаю”. Бланк з двух бакоў запоўнены подпісамі, якія супрацоўнік МУС сабраў у аддзяленьні міліцыі сярод сваіх таварышаў па службе.

Гэта сьведчыць аб тым, што многія ідэі беларускай апазыцыі вельмі запатрабаваныя ў грамадзтве, толькі трэба шукаць шляхі іх рэалізацыі. Прыкладам тут можа паслужыць ініцыятыва правядзеньня грамадзкай кампаніі па зборы подпісаў у падтрымку рэфэрэндуму супраць павялічэньня мытаў на аўтамабілі. Калі агучаная Партыяй БНФ прапанова будзе забясьпечана працоўнымі рукамі, яе можна рэалізаваць і без рэгістрацыяй ЦВК ініцыятыўнай групы – сабраўшы подпісы і істотна павялічыўшы колькасьць сваіх прыхільнікаў, пашырыўшы свае пазыцыі ў грамадзтве. Мяркую, што ў гэтым накірунку і павінна рухацца беларуская апазыцыя, каб не маргіналізавацца, распаўсюджваць свае каштоўнасьці ў грамадзве, здабываць новых прыхільнікаў.

Аднак гэтыя захады не вырашаюць праблемы зьмены рэжыму. Безумоўна, калі дэмакраты цалкам ўсьвядомяць сваю бездапаможнасьць дзеля аднаўленьня Канстытуцыйнага ладу ў Беларусі, ім лепей адмовіцца ад удзелу ва ўсіх выбарчых кампаніях і перайсьці на рэалізацыю культурніцкіх, сацыяльных і эканамічных грамадзкіх кампаніяў. Рэалізацыя гэткае стратэгіі дазволіць дэмакратам больш-менш пасьпяхова існаваць далей і, нават цалкам верагодна, нарошчваць патэнцыял, чакаючы толькі калі Лукашэнка аддасьць уладу пад ціскам біалагічных законаў. Галоўнае, каб пасьля адзін з трох нашчадкаў не захацеў пакіраваць яшчэ столькі ж.

Калі ж для нейкае часткі дэмакратычных сілаў пераход цалкам у грамадзкі накірунак дзейнасьці непрымальны, такім суб’ектам трэба адказаць на пытаньне дзеля чаго яны ўдзельнічаюць у выбарчых кампаніях? Алімпійскі прынцып тут не спрацоўвае. Дзеля выратаваньня ад поўнае маргіналізацыі дэмакратам трэба ці цалкам пераходзіць у грамадзкі сэктар, ці, займаючыся палітыкаю, займацца ёю так, каб не выстаўляць яшчэ шаснаццаць гадоў па пару дзясяткаў кандыдатаў на “выбарах” у мясцовыя саветы з колькасьцю акругаў у 22500. Калі ж апазыцыя ізноў абярэ алімпійскі прынцып барацьбы за ўладу, анэкдот, які мне расказаў сябар, зьязджаючы ў Амэрыку 10 год таму, стане рэальнасьцю:
Сустракаюцца два састарэлых апазыцыянэра і адзін другому канстатуе:
– Пэўна, мы з табою не дажывем да зьмены рэжыму.
– Так, мы не дажывем, – адказвае другі, – а вось дзеці! Дзеці. Дзяцей шкада…

Кааліцыі і кандыдаты

Пэўна не жадаючы чакаць старасьці, некаторыя апазыцыйныя палітыкі ўжо агучылі аб сваім жаданьні выклікаць на рашучы бой гаранта беларускае стабільнасьці. Асноўныя прэтэндэнты ў кандыдаты на “выбары” 2011 году імкнуцца ўтварыць кансалідаваць вакол сябе розныя сілы. Кансалідацыя гэтая адбываецца найперш шляхам стварэньня кааліцыяў. На дадзены момант у Беларусі апроч узгаданай вышэй моладзевай кааліцыі “Новае Пакаленьне” дзейнічае тры палітычнае кааліцыі – кааліцыя Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС), Эўрапейская кааліцыя (ЭК) і Беларускі незалежніцкі блёк (БНБ).

Тры апошнія кааліцыйныя аб’яднаньні і будуць вылучаць асноўных кандыдатаў. Ужо вылучаны Мікалай Статкевіч ад ЭК; мусіць зьявіцца кандыдат і ад БНБ, ці ў асобе сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага, ці старшыні руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, разважаньні якога аб неабходнасьцю ўдзелу ў выбарах павінны ўсё ж прывесьці да рашэньня балатавацца; Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька ці нехта яшчэ – ад АДС. Апроч гэтага агучаны амбіцыйныя планы палітыка новай генерацыі Алеся Міхалевіча, які цьвёрда пераконвае ўсіх у здольнасьці сабраць сто тысячаў подпісаў; заяўлена аб вылучэньні Андрэя Саньнікава, які кансалідуе вакол сябе рэсурсы “Хартыі’97”, некаторыя моладзевыя ініцыятывы ўтвораныя былымі “зубрамі” і пэўных прыхільнікаў партыі БНФ; і, мабыць на завяршэньне, гадаючы хто ж стаіць за грамадзкай кампаніяй “Гавары праўду!”, чакаюць усе вылучэньня кагосьці з асяродзьдзя гэтае ініцятывы. Такім чынам яшчэ на падыходах мы маем мінімум шэсьць асобаў, каторыя гуртуюць вакол сябе пэўныя сілы і гатовыя пазмагацца за пасаду кандыдата ў прэзыдэнты. І вось у гэтых няпростых варунках прыходзіцца разважаць на тэму падтрымкі таго ці іншага прытэндэнта ў кандыдаты ў прэзыдэнты.

Для Маладога Фронту, як даволі самадастатковай і незалежнай грамадзка-палітычнай сілы, самае лагічнае не шукаць кандыдата, у абдымкі якога можна было б кінуцца, а фармаваць да ўсіх кандыдатаў патрабаваньні. Мы ўжо маем досьвед падтрымкі Уладзімера Ганчарыка ў 2001 і Аляксандра Мілінкевіча ў 2006. Першы разганяў людзей з плошчы, галосячы са сваім штабам: “Расхадзіцесь, мы ўжо пабідзілі!”, другі заявіў, што ня мае да “Плошчы” дачыненьня. Такім чынам даволі неблагія шанцы ў 2001 і 2006 былі страчаныя. Рашучасьць і час у палітыцы вырашаюць многае, калі ня ўсё. Няйменьне першага і неразуменьне важнасьці другога прывялі да правалу дэмакратамі двух апошніх прэзыдэнцкіх кампаніяў. Аднак, па-першае, тыя 30 тысячаў, што насуперак усім пагрозам выйшлі на плошчу 19-га сакавіка, абсалютна ясна прадэманстравалі – беларускае грамадзтва гатовае да пераменаў і валодае для іх зьдзяйсьненьня патэнцыялам. Не гатовымі да гэтых пераменаў ізноў апынуліся толькі палітычныя лідэры. Па-другое ж, “Плошча Каліноўскага”, якая ўзьнікла як рэакцыя на бязьдзейнасьць лідэраў, засьведчыла, што ў Беларусі ўздымаецца новае пакаленьне моладзі, якое гатова браць на сябе адказнасьць за лёс сваёй Бацькаўшчыны. Пакаленьне, якое ня будзе больш выконваць загады партыйных босаў і чакаць іхняга высьпяваньня.

Таму Маладому Фронту самае важкае не падтрымка нейкае пэрсоны, а, як я ўжо адзначаў – фармаваньне патрабаваньняў да кандыдатаў. Для нас першасна, каб кандыдат у прэзыдэнты меў стратэгію перамогі на “выбарах” і рэалізоўваў яе на “Плошчы”. Балатуецца шэсьць кандыдатаў? Добра, мы ўсіх Вас цэнім і паважаем. І прадстаўнікоў Пакаленьня Маладога Фронту – Віталя Рымашэўскага і Алеся Міхалевіча і нескаронага Мікалая Статкевіча, і другіх. Няхай кожны наш актывіст выбірае сам за каго зьбіраць подпісы і чые расклейваць партрэты. Аднак для нас, як моладзі, самае галоўнае каб Вы, кандыдаты, думалі ня толькі аб тым як подпісы сабраць, а як пакласьці канец гэтай недарэчнай і глупай шаснаццацігодоўцы. Для нас самае галоўнае, каб Вы не адступіліся ў вырашальны момант, ня здрадзілі людзям, якія насуперак пагрозам тэрміну ў 25 год(9) выходзяць Вас падтрымоўваць. І моладзь пойдзе за тым, хто будзе гатовы ахвяраваць сабою ў імя спавядаемых ідэалаў свабоды.

Паміж Захадам і Ўсходам

Цягам беларускае гісторыі, якая сягае каранямі да заснаваньня ў ІХ-Х стагодзьдзях Полацкага княства, нашыя адносіны з Захадам былі няпростымі. На першую нашу дзяржаву зьдзяйсьняліся набегі з богу Жмудзіі, потым на ліцьвінаў ВКЛ – крыжакі Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў, адбіўшыся ад якіх мы разам з палякамі стварылі фэдэратыўную дзяржаву, а тыя вазьмі ў 1696 годзе ды вывядзі з афіцыйнага ўжытку беларускую мову. Аднак так ужо выйшла ў нашай гісторыі, што найбольш няшчасьцяў і праблемаў прыходзіла на нашую зямлю з усходу. Каб школьнікі разабраліся ў колькасьці войнаў з Расеяй, дык трэба было б уводзіць пэўна асобную гістарычную дысцыпліну, мабыць таму нашыя братэрскія набегі адзін на аднаго не вывучаюцца ў школах. Ад самага ўтварэньня Маскоўскага княства, нашыя продкі ліцьвіны, з 1492 па 1537 гады – то бок за 45 гадоў, удзельнічалі ў пяці войнах з маскавітамі агульнай працягласьцю ў 19 гадоў. Яшчэ праз дзевяць войнаў цягам наступных двух стагодзьдзяў завершылася ўсё трыма падзеламі Рэчы Паспалітай і забаронаю ня толькі беларускае мовы, але і самой назвы Беларусь. Паўстаньні на нашых землях 1830-31 і 1863-64 гадоў свабоды нам не прынесьлі, але нескаронасьць і прагу да яе прадэманстравалі.

Савецкі этнацыд цягам наступнага, ХІХ стагодзьдзя, нават цяпер не паддаецца дакладным ацэнкам. У Беларусі савецкаю ўладаю вялося мэтанакіраванае і пасьлядоўнае вынішчэньне ўсёй Беларушчыны, усяго нацыянальнага. З 238 літаратараў эпоху Сталіна перажылі толькі 20(!).(10) А што такое літаратары ў час станаўленьня любой нацыі? Гэта ня толькі эліта культуры і мастацтва, але эліта перадусім грамадзка-палітычная, якая ўвасабляе прагрэсіўныя настроі грамадзтва, іх прапагандуе і адстойвае. Растрэльвалі амаль усіх, хто меў якое-небудзь дачыненне да беларускага нацыянальнага руху, асветы, навукі, культуры. Страцілі жыццё 90 % работнікаў Акадэміі Навук, большасьць выкладчыкаў БДУ, работнікаў Тэатра оперы і балета, Дзяржаўнай філармоніі, загінулі амаль усе арганізатары беларускага палітычнага, навуковага і культурнага жыцця 20-х гадоў. Толькі ў адну ноч, з 29 па 30 кастрычніка 1937 году, у сутарэньнях Менскага НКВД было растраляна 103(!!) прадстаўніка беларускае інтэлегенцыі – грамадзкіх дзеячаў, навукоўцаў, дзеячаў культуры сярод якіх было 22 беларускіх пісьменьніка.(11) З 12000 настаўнікаў растраляна – 4000 і, як сьцьвярджае гісторык, дасьледчык эпохі савецкага тэрору Леанід Маракоў: “Стралялі пераважна толькі выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры, гісторыі. Настаўнікаў дакладных навук чамусьці не краналі”.(12) Як гаварыў Аляксандар Салжэніцын: “Каб зьнішчыць народ, трэба адарваць яго ад каранёў”.

І калі цяпер я чую аб “еднасьці брацкіх народаў”, нашу спрадвечную “агульную гісторыю” мне становіцца як мінімум шкада суразмоўцу. Наша “агульная гісторыя” з Расеяй праектуецца ў мяне на наступны вобраз. Прыходзіць сусед да сваёй суседкі і гаворыць. – Ты будзеш жыць са мною! Тая яму. – Не, дзякуй, у мяне свая гаспадарка, вось і дзеткі гадуюцца. – Гаворыць яна і паказвае на трох хлапцоў і калыску з двума дзяўчынкамі-немаўляткамі пасярод хаты. Тады сусед дастае наган і з крыкам. – А цяпер будзеш?! – Страляе ў яе старэйшага сына. Дзіця замертва падае, а маці, кадаючыся на цела сына, галосіць. – Не, ня буду! Тады сусед з вар’яцкім тварам страляе ў сярэднега сына і раве. – Ты будзеш са мною жыць?! Маці ў страшэнным жаху крычыць. – Не, людажэр, ня буду! Тады сусед наводзіць наган на яе малодшага сына і з крываваю ўхмылкаю запытвае. – Дык ты будзеш са мною жыць ці не? Ужо вар’яцеючая маці кідаецца да апошняга сына і затуляючы яго сваімі грудзьмі, выдыхае. – Так, буду. Жывуць яны такім чынам год, другі. У рэшце рэшт мінае многа часу. Адчуваючы хуткую сьмерць, маці вырашае распавесьці сваім дзецям пра тое, хто сапраўды той, каго яны называюць “бацькам”. Даведаўшыся жахлівую праўду дзеці загадваюць суседу вымятацца ў сваю хату. Аднак той, усур’ёз абураны, пачынае крычаць. – Дык як гэта так?! Я ж вас расьціў! Мы ж 70 год разам жылі ў адной хаце! Мы ж з вамі – адна сям’я!

Я для чаго ў дадзеным артыкуле ўсё гэта пішу-та? Для таго, каб урэшце канстатаваць сваю пазыцыю – ня можа быць у нас іншага ўсходняга вэктару, які б не выражаўся адно ў раўнапраўных, узаемавыгодных стасунках з Расейскай Фэдэрацыяй. Па дадзеных НІСЭПД за сьнежань 2009 году 54,6% беларусаў выступаюць супраць аб’яднаньня з Расеяй. Аднак зь іх толькі 30,3% грамадзянаў заяўляюць аб тым, што нішто – ні эканамічныя выгоды, ні “агульная гісторыя”, ні наяўнасьць зьнешніх “ворагаў” не павялічыць іх жаданьне ізноў “паяднацца” з суседам. 30,3% – мала гэта ці многа для краіны, дзе аднаўляецца імя Сталіна(13), Кастусь Каліноўскі лічыцца “выдумкай” нацыяналістаў, а Мураўёў-вешальнік добрым адміністрататарам(14, 15)? Думаю, што многа. Траціна грамадзтва, цьвёрда перакананага ў сваіх поглядах, гэтак ня так і кепска для сучаснае Беларусі.

Калі няма шляху на ўсход, дык пойдзем на захад, думаюць многія. Гадоў дзесяць таму, напачатку сваёй дзейнасьці ў Маладым Фронце, я разважаў гэтаксама. Эўропа і Эўрапейскі Зьвяз уяўляліся мне адзіным выратаваньнем ад сьмяротных абдымкаў “старэйшага брата”. Мінула троху часу, я пазбавіўся некаторых ілюзіяў і паступова пераўтвараюся з эўра-аптыміста ў эўра-скептыка. На гэты працэс уплывае найперш каштоўнасны чыньнік, які ўсё больш і больш становіцца размытым у сучаснай эўрапейскай цывілізацыі. Маё разуменьне Эўропы палягала і палягае не як супольнасьці краінаў, урадаў ці прэзыдэнтаў, а як цывілізацыі, заснаванай на пэўным культурным падмурку, духовым падмурку хрысьціянства. Падмурку, без якога не было б і самой Эўропы. Як сьцьвярджае Самуэль Хантынгтан: “З усіх аб’ектыўных элементаў, якія вызначаюць цывілізацыю, найбольш важкім, аднак, зьяўляецца рэлігія. /…/ Яна зьяўляецца цэнтральнай, вызначальнай характарыстыкаю цывілізацыі. Вялікія рэлігіі – гэта асновы, на якіх трымаюцца вялікія цывілізацыі”.(16) Аднак вялікая хрысьціянская цывілізацыя паступова выракаецца сваёй рэлігіі. Учорашнія дабрадзейнасьці хрысьціянства – самаахвярнасьць і бескарыслівасьць становяцца залішнім цяжарам для грамадзтва; а тое, што ўчора было ганебным – эўтаназія, аборты, гамасэксуалізм, ужываньне наркатычных сродкаў – дасягненьнямі прагрэсіўнага чалавецтва. Ня дзіва, што за дэградацыяй духовых каштоўнасьцяў ідзе дэградацыя фізычная. У 1960 годзе эўрапейцаў, разам з амэрыканскім кантынентам і аўстралійцамі, налічвалася 750 мільёнаў чалавек, што складала 1/4 ад трохмільярднага насельніцтва Зямлі. У 2000 годзе людзей эўрапейскага паходжаньня было 728 мільёнаў чалавек, што складала 1/6 насельніцтва Зямлі, у 2050 годзе іх будзе 600 мільёнаў, што складзе ўжо 1/10 ад усіх жыхароў нашай планэты.(17) Калі працэс гэты ня спыніць самым бліжэйшым часам, ліберальны прагрэс заходняе цывілізацыі станецца ейным закатам.

Таму Малады Фронт ставіць далучэньне Беларусі да ЭЗ у прамую залежнасьць ад хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, на падмурку якіх і сфармавалася аблічча эўрапейскае цывілізацыі. Адзін з праграмных дакумантаў Маладога Фронту сьцьвярджае: “Гаворачы аб памкненьні далучыцца да Эўрапейскага Зьвязу, мы зазначаем, што Беларусь заўсёды належыла да хрысьціянскай Эўрапейскай цывілізацыі й нашае юрыдычнае вяртаньне ў сям’ю эўрапейскіх народаў можа базавацца толькі на духовым падмурку”.(18)

Многія, выступаючы за далучэньне Беларусі да ЭЗ, разважаюць, што вяртаньне ў Эўропу аўтаматычна зробіць нас заможнымі. Аднак наўрадці шэраговы супрацоўнік аграрна-прамыслова комплексу Беларусі стане менш піць “максімкі”, але больш працаваць толькі з-за таго, што ягоны саўгас зьмяніў прапіску з саюзнае дзяржавы на Эўрапейскі Зьвяз. Як сьведчыць сацыёлаг і філосаф Фрэнсіс Фукуяма, эканамічнае жыцьцё глыбока ўкарэнена ў сацыяльным жыцьці і яго немагчыма зразумець асобна ад звычаяў, нораваў і асноваў канкрэтнага грамадзтва – адным словам асобна ад яго культуры.“Японія, Нямеччына і ЗША сталіся індустрыяльнымі дзяржавамі ў многім дзякуючы таму, што мелі здаровую апору ў выглядзе сацыяльнага капіталу і сацыялізаванасьці, а не наадварот”.(19) – Сьцьвярджае Фукуяма, паводле якога сацыяльны капітал – гэта сукупнасьць культурных каштоўнасьцяў, такіх як – рэлігія, традыцыі, звычаі. Тлумачыць, што ў Беларусі іншыя культурныя традыцыі, чым у Германіі ці ЗША, не выпадае.

Аб тым, што ня ўсё так проста і ў эканамічнай палітыцы Эўрапейскага Зьвязу, можна перакнацца на прыкладзе постсавецкіх рэспублік. Да прыкладу грамадзяне Летувы наракаюць на скупленую заходнімі краінамі маёмасьць, прамысловасьць, эканамічны дыктат. Насамрэч, каму спадабаецца сітуацыя, калі народ зьбіраецца на рэфэрэндум і амаль 90%(!)(20) галасоў выказваецца супраць закрыцьця Ігналінскае станцыі, але Брусэль настойвае на сваім і Ураду Летувы, абцяжараны сваімі абавязкамі перад ЭЗ, нічога не застаецца, як падпарадкавацца. Гэта ўсё прымушае задумацца над апантаным памкненьнем схавацца пад апекаю Эўрапейскіх народаў і здабыць там эканамічны дабрабыт. Незалежнасьць – гэта калі ты самастойна прымаеш рашэньні і нясеш за іх адказнасьць. А калі рашэньні прымаюцца за цябе – гэта ўжо форма падпарадкаваньня. А якая мне розьніца, хто будзе кіраваць мною, нашым народам, краінаю ў якой мы жывем – чыноўнік крамлёўскі ці чыноўнік брусэльскі? Для мяне розьніцы ніякай. І, як сьведчаць дадзеныя сацыялагічных дасьледваньняў, гэтаксама як і для значнай часткі беларускага грамадзтва.

Так, паводле дадзеных НІСЭПД за сьнежань 2009 году, 63,4% грамадзянаў згаджаюцца з тым, што паляпшэньне эканамічнага становішча больш важна за незалежнасьць і 28,2% заяўляюць аб тым, што больш важкім ёсьць незалежнасьць. Цікавым тут выглядае тое, што няма розьніцы паміж адказамі рэспандэнтаў з розных узроставых групаў. Так, у першай ўзроставай групе, 18-19 гадоў, незалежнасьць краіны лічаць большым прыярытэтам 29,5% у той час, калі ў апошняй узроставай групе – 30,3%. І таксама не назіраецца лінейнае тэндэнцыі пры аналізе адукацыі рэспандэнтаў. Так, незалежнасьць мае большае значэньне для людзей з пачатковай адукацыяй – 37% і з вышэйшай –30,1%. Гэта сьведчыць аб тым, што як сярод прыхільнікаў Лукашэнкі, так і сярод прыхільнікаў дэмакратычнага руху прыблізна аднолькавая колькасьць людзей, якія б пры аб’яднаньні ці тое з Расеяй, ці тое з ЭЗ кіраваліся б толькі эканамічнымі інтарэсамі.

Але паказальна разьмеркаваньне адказаў на пытаньне па вызначэньні беларускага шляху: 20,7% прагнуць ісьці па пратаптаным і ўкладзеным трупамі шляху савецкім, 23,6% імкнуцца стаць на шлях эўрапейскі і ажно 55% абіраюць уласны шлях Беларусі. Відавочна, што ня ўсе з гэтае лічбы адэпты ідэі адраджэньня ВКЛ, аднак нават калі толькі палова з 55% – гэта, безумоўна, вельмі значная частка грамадзтва, якой не да спадобы як шлях савецкі, так і эўрапейскі.

Калі гаварыць пра неабходнасьць застрахаваць сябе ад мажлівае агрэсіі з боку Расеі, а як сьведчыць акупацыя Ресеяй Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі і нават асьцярогі самога Лукашэнкі(21), такі фармат падзеяў мажлівы, Беларусі найперш трэба далучыцца да НАТА. Аб гэтым сьведчыць і прыклад краінаў былой “Варшаўскай дамовы” і Прыбалтыкі, якія найперш падавалі заяўкі на далучэньне да НАТА, а пасьля да ЭЗ. Тым больш, што НАТА на цяперашні час нясе найперш не вайсковую нагрузку, а палітычную, у выглядзе гарантыяў тэрытарыяльнае недатыкальнасьці кожнага чальца Альянсу. У той час, як Эўрапейскі Зьвяз ператвараецца з палітычнага ў культурніцкі – фармуе культурныя прынцыпы разьвіцьця эўрапейскіх народаў, і эканамічны – кантралюе манэтарную палітыку, падаткавую, сельскагаспадарчую і іншае.

Зважаючы на цяперашнія адносіны Лукашэнкі з Захадам, цалкам мажліва, што працэс вэстэрнізацыі пачне непасрэдна галоўны абаронца расейскіх земляў ад войскаў НАТА. Гэта ня самы міфычны паварот падзеяў, калі прыгадаць сьведчаньні першага міністра замежных справаў Беларусі Пятра Краўчанкі ,паводле якіх Лукашэнка сам неяк спрабаваў дамаўляцца аб далучэньні да НАТА.(22) Відавочна, што кіраўнік Беларусі будзе рабіць толькі тое, што забясьпечыць захаваньне асабістае ўлады ці, у крытычны момант, дасьць гарантыі недатыкальнасьці. А вось апошняе яму можа гарантаваць толькі цывілізаваны Захад. Пацьвярджаюць тое прыклады Шэварнадзэ і Кучмы.

У выпадку калі такія зрухі зьнешняй палітыкі адбудуцца, дэмакратычныя сілы, натуральна, павінны іх падтрымаць. Бо ў сваёй дзейнасьці мы мусім кіравацца найперш нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі, а не кароткачасовымі пратэснымі лозунгамі. Як мы выступалі за незалежнасьць Беларусі 14 гадоў таму, калі Лукашэнка ствараў саюзную дзяржаву, так мы выступаем за незалежнасьць нашай краіны цяпер, калі заклікі да самастойнасьці бярэ на ўзбраеньне і сам старшыня Вышэйшага вярхоўнага савету саюзнай дзяржавы. Таму дэмакратычны рух, кожная арганізацыя асобна і лідэр, павінны мець стратэгічнае бачаньне разьвіцьця Беларусі, якое б, безумоўна, базавалася на нацыянальных інтарэсах нашай краіны, а не інтарэсах Масквы, Брусэлю ці Вашынгтону. Пакуль такіх лідэраў у беларускай палітыцы няшмат, інакш жылі б у іншай краіне. Але яны ёсьць. Падымаецца Новае пакаленьне – стоенная, але магутная сіла, якая набліжае той непазьбежны час, калі Беларусь станецца сапраўды адроджанай, самадастатковай і незалежнай дзяржаваю.

1. Зьміцер Кухлей. Апазіцыя і выбары 2010: час вяртацца ў палітыку. “Наше Мнение”.
2. Паводле дадзеных НІСЭПД за сьнежань 2009 году за Лукашэнку гатова галасаваць 42,5% грамадзянаў Беларусі.
3. Паводле галоўнага акушэра-гінеколага РБ Шылавай Сьвятланы, толькі за час незалежнасьці Беларусі ў нашай краіне абартавана больш за 2 500 000 дзяцей. http://www.interfax.by/article/24796
4. “Вопросы статистики”, 2006, №8, с.18-24, “Смертность как один из вызовов демографической безопасности Республики Беларусь”, праф., доктар сац. навук Шахоцька Л.П.
5. Пасланьне апостала Паўла да Рымлянаў, разьдзел 11, вершы 3-4.
6. Самаабвешчаным Лукашэнку я называю па прычыне фальсіфікацыяў як на рэфэрэндумах, так і на выбарах. Законны прэзыдэнт мусіць быць абранны законнаю працэдураю. А наш кіраўнік, як памятаем, сам прызнаўся, што аддае загады вынікі выбараў фальсіфікаваць.
7. Падрабязьней з тэалагічнага-маральным абгрунтаваньня гэтай пазыцыі можна азнаёміцца ў маім артыкуле “Для чыстых усё чыстае” на старонцыwww.dashkevich.mfront.net
8. www.mfront.net
9. Напярэдадні “выбараў” 2006 году па БТ суткамі круцілі рэпартаж з удзелам кіраўнікоў МУС, ГДБ, Пракуратуры, якія заяўлялі, што кожнага, хто рызыкне “дэстабілізаваць сітуацыю” ў дзень выбараў, будуць прыцягваць да адказнасьці за тэрарызм. А гэта, – сьціпла дадавалася, – ад 25 год да растрэлу.
10. Мірановіч Яўген. Навейшая гісторыя Беларусі. Беласток: “Ніва”, 1999. – 270 с.
11. Ахвяры і карнікі. / Маракоў Леанід. – Мінск: Зм. Колас, 2007. – 440 с.
12. Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменьнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады. Укладальнікі: Л. Савік, М. Скобла, К. Цвірка, прадмова А. Сідарэвіча. – Менск: Кнігазбор, 2008. – 696 с.
13. Так у інтэрвію расейскаму выданьню “Известия” Лукашэнка заявіў: “Пытались сопоставлять: Сталин, Ленин, Лукашенко. Я говорю: “Что вы меня рядом с ними повесили? Я далёк от них, я не заслуживаю даже быть на их уровне. /…/ Иосиф Виссарионович, наш руководитель, Леонид Ильич Брежнев — у них у всех было очень много хорошего, но были и недостатки”.
14. Гістоыя Беларусі. Ад старажытных часоў да кастрычніка 1917 года. 10 клас. / Трашчанок, Вераб’ёў, Валжанкоў. – Мн. “Адукацыя і выхаванне”, 2009.
15. Паказальна тут выказваньне галоўнага рэдактара часопіса “Беларуская думка”, кандыдата гістарычных навук, экс-першагасакратара ЦК Менскага БРСМу: “Может, несколько нестандартный выбор, но мне всегда импонировал виленский генерал-губернатор Михаил Николаевич Муравьев, который больше известен тем, что подавил восстание 1863 года. Но я хорошо изучил его биографию. Это удивительный человек, администратор, управленец, который может служить примером для любого государственного деятеля”.
16. Самуэль Хантынгтан. Сутыкненьне цывілізацыяў, – М.: АСТ, 2007. – 571 с.
17. Патрык Б’юкінен. Сьмерць Захаду, – М.: АСТ, 2007. – 444 с.
18. “Стратэгія перамогі”, прынятая на VI Зьезьдзе Маладога Фронту ў сакавіку 2008 году.
19. Фрэнсіс Факуяма. Давер: сацыяльныя дабрадзейнасьці і шлях да роскіту. М.: “Ерма”, 2004. – 730 с.
20. Рэфэрэндум, які адбываўся ў Літве 12 кастрычніка 2008 году, быў правалены па прычыне яўкі – на ўчасткі для галасаваньня прыйшло 47,6% пры неабходным мінімуме ў 50%. Тым ня менш уражваюць вынікі, паводле якіх 88,7% грамадзянаў Літвы выказаліся супраць закрыцьця Ігналінскай станцыі.
21. 19 верасьня 2008 году Лукашэнка ў інтэрвію Financial Times, абмяркоўваючы нападзеньне Расеі на Грузію, заявіў: “Не дапусьці Госпадзі, Расея паспрабуе пайсьці на гэткія крокі ў адносінах да Беларусі. Пры такім неймаверным разьвіцьці падзеяў у Эўропы будзе поўнае права супрацьстаяць Расеі, не абмяжоўваючы сябе ў мэтадах і сродках ціску”.
22. Пятро Краўчанка. Беларусь на ростанях: нататкі дыплямата і палітыка. Вільня: Інстытут Беларусістыкі, 2007. – 506 с.

Старшыня Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч

 

Паводле “НІСЭПД

Падзяліцца:

Каментары