Новая тактыка палітычных рэпрэсіяў

Новая тактыка палітычных рэпрэсіяў

Прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў заявілі пра пачатак кампаніі салідарнасьці з маладафронтаўцамі, якія адбываюць адміністрацыйныя арышты ў турме на Акрэсьціна.

Актывістаў затрымліваюць і судзяць паводле стандартных абвінавачаньняў у нецэнзурнай лаянцы.

Чацьвёра маладафронтаўцаў — Раман Васільеў, Мікола Дземідзенка, Уладзімер Яроменак і Зьміцер Крамянецкі — адбываюць адміністратыўныя арышты ў турме на Акрэсьціна. Некаторых зь іх арыштавалі на чарговы тэрмін неўзабаве пасьля адбыцьця ранейшага пакараньня. Да прыкладу, Раман Васільеў правядзе за кратамі 24 сутак запар, адзначыла актывістка «Маладога фронту» Кася Галіцкая:

«Хлопцы яшчэ дагэтуль сядзелі па 15 сутак за «Чарнобыльскі шлях», і пасьля гэтага правялі толькі тры дні на волі. То бок калі ўзяць таго ж Рамана Васільева, то атрымліваецца — 15 сутак, тры дні на волі, 12 і 12 сутак, што ўжо троху жахліва. Мы бачылі Рамана пазаўчора ў судзе, вельмі пахудзеў, то бок бачна, што чалавеку кепска фізычна. Да гэтага стала сёньня вядома, што Ўладзімер Яроменак захварэў, прастудзіўся на «сутках».

Мікола Дземідзенка, якога падчас адбыцьця адміністрацыйнага арышту даставілі пад канвоем у шпіталь на тры дні, павінен даседзець гэтыя трое сутак. Кася Галіцкая распавяла:

«Учора ён зьбіраўся ісьці здавацца сам а пятай гадзіне вечара. Але міліцыянты яго апярэдзілі і а чацьвёртай гадзіне дня яго гвалтоўна-такі забралі. Хоць усе ведалі цудоўна, і начальнік турмы на Акрэсьціна ведаў, што ён прыедзе сам. Яго забралі бяз рэчаў, без усяго. Я ня ведаю, дзеля чаго, ці то каб падстрахавацца перад прыездам Пуціна, ці то каб нам нейкія непрыемнасьці стварыць, каб мы яму перадачы насілі з рэчамі. Адзінае, што нас парадавала, — гэта тое, што яго не павезьлі ў РУУС, а павезьлі адразу на Акрэсьціна. Гэта азначае, што новага пратаколу супраць яго ня склалі, а маглі».

Удзельнікі адмысловага круглага стала, які ініцыяваў палітвязень Павал Севярынец і які адбыўся з удзелам праваабаронцаў і палітыкаў у сядзібе Партыі БНФ, заклікалі да салідарнасьці з маладафронтаўцамі. Яны мяркуюць наладзіць сустрэчу актывістаў ля турмы на Акрэсьціна. Вядома, што Дземідзенка павінен выйсьці 1 чэрвеня, 3 чэрвеня павінен выйсьці Яроменак, 4 чэрвеня — Крамянецкі і 7 чэрвеня — Раман Васільеў. Таксама маладафронтаўцы запрашаюць прыехаць 16 чэрвеня на прысягу да Міхаіла Мускага, якога з турмы даставілі ў вайсковую частку ў Лепельскім раёне. Міхаіл амаль месяц таму накіроўваў заяву з патрабаваньнем замяніць яму тэрміновую службу на альтэрнатыўную, але яму адмовілі. Пасьля гэтага была накіраваная скарга ў суд Нясьвіскага раёну з патрабаваньнем адмяніць рашэньне прызыўной камісіі. Накіраваньне Міхаіла на службу ў войска да разгляду скаргі было незаконным, лічаць праваабаронцы. Скарга будзе разглядацца ў судзе 1 чэрвеня. Кася Галіцкая распавяла:

«Сувязі зь Міхаілам ніякай няма, тэлефона ў яго няма, лісты пісаць бессэнсоўна. І адзіную інфармацыю мы можам атрымаць, толькі яго асабіста наведаўшы».

Паводле аднаго зь лідэраў БХД Віталя Рымашэўскага, улады працягваюць курс на зьнішчэньне незалежных грамадзкіх і палітычных сілаў. Ён кажа, што «Малады фронт» цяпер зьнішчаюць з-за ягонага моцнага пратэстнага патэнцыялу.

«Мы можам зрабіць супольную заяву, паслаць па міжнароднай рассылцы, з заклікам, каб гэтых хлопцаў прызналі палітвязьнямі. І каб такая практыка ў Беларусі была выкрыта і заўважана».

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што міжнародныя структуры павінны ўлічваць спэцыфіку сытуацыі ў Беларусі:

«Акрэсьціна — гэта значна больш жорсткі рэжым, чым калёнія. Гэта проста страх: жорсткія дошкі, мінімальная прастора. Бальшыня міжнародных праваабаронцаў нават ня ведаюць гэтай сытуацыі. Трэба рыхтаваць праект заявы пра новую тактыку рэпрэсій. Трэба падумаць і пра нейкі вулічны фармат».

http://www.svaboda.org

Падзяліцца:

Каментары

  1. Аляксей (Jun 02, 2012:18:04)Адказаць

    Ну і чаго намагліся яны тым, што вывезлі гэта хлопца ў вайсковую частку? Яны наіўна думаюць, што іхнія гора-ідэолагі яго там перавыхаваюць! Гэта ён іх хутчэй перавыхавае! Бо іхнія дзебільныя саўковыя метады ня дзейнічаюць, да і калі яны дзейнічалі, толькі больш салдат перакрочаць на бок МФ, бо я думаю, што ён чалавек даволі разумны і зможа там правесьці сваю агіт-палітыку. Дарэчы гэта таксама трэба! Дабро павінна быць зь зброяй! Слава Героям! Жыве Беларусь!!!

  2. Кацярына (Jun 09, 2012:11:31)Адказаць

    Што значыць знаходзiцца у iнфармацыйнай блакадзе? На Хартыi распавядаюць, што Мусскi тэлефануе, заклiкаюць падтрымаць яго лiстамi! Дзе ж вашая праудзiвасць, гаспада-харошыя?