Новы палітвязень: Парфянкова пакаралі арыштам на 6 месяцаў

Новы палітвязень: Парфянкова пакаралі арыштам на 6 месяцаў

Пад варту пакуль не ўзялі, пакаранне пачне дзейнічаць праз 10 дзёню.

Суд прызнаў Парфянкова вінаватым у парушэнні ўмоваў прэвентыўнага нагляду. Васіля Парфянкова пакаралі арыштам на 6 месяцаў. Пад варту пакуль не ўзялі. Калі Парфянкоў не абскардзіць вырак, пакаранне пачне дзейнічаць праз 10 дзён.

Васіль Парфянкоў прыйшоў да будынку суду з торбай з напоямі. «Бацькі падрыхтавалі «кешар» (турэмную торбу), потым мне перададуць”,— сказаў Васіль у чаканні выраку.

Бацька Пётра Парфянкоў: «Гэта, я думаю, усё ўжо было загадзя зроблена. Тут нічога не зробіш. Столькі накапалі папер — жах! Адкуль? Прыгадалі ўсё. Хадзілі кожны дзень, праз дзень хадзілі. У дванаццаць гадзін прыходзілі, супрацоўнікі гэтых інспекцый».

11.46
Парфянкоў выступае з апошнім словам. «Які б прысуд зараз не прагучаў, усё роўна я выйду з залы вольным чалавекам, а вы — як людзі, якія зрабілі сваю справу».

Парфянкоў падзякаваў усім, хто прыйшоў яго падтрымаць.

11.40
Пачынаюцца судовыя спрэчкі. Выступае пракурор Сцяпурка.

Ён заявіў, што вінаватасць Парфянкова даказаная. Пракурор патрабуе Парфянкову 1 год калоніі строгага рэжыму. Адвакат заявіла, што ў дзеяннях Парфянкова не было злога намеру, бо ён перакананы, што прэвентыўны нагляд усталяваны за ім незаконна, што гэта было зроблена, каб адхіліць яго ад удзелу ў актыўных грамадзкіх дзеяньнях.

Парфянкоў перакананы, што адміністратыўныя пакаранні былі за ўдзел у мітынгах, не за хуліганства, якое ён нібыта ўчыняў. Ён працягвае з’яўляцца актыўным удзельнікам грамадсскіх кампаній і гэтая справа, якая цяпер разглядаецца ў судзе таксама сфальшаваная, каб адсунуць яго ад актыўнай грамадзянскай дзейнасці.

Адвакат просіць апраўдаць Парфянкова.

10.15
У залу запусцілі людзей, якія чакалі ў калідоры: праваабаронцаў, дыпламатаў, актывістаў “Гавары праўду”. Някляеў абняў Парфянкова.

10.10
Парфянкоў адказвае суддзю Бандарэнку па-беларуску. Парфянкоў заявіў адвод суддзі. Ён не давярае суддзі, бо той выносіў прысуды ў палітычна матываваных справах Алеся Бяляцкага і Уладзіміра Яраменка.

У суд патрапілі толькі карэспандэнты «Свабоды» і БелаПАН.

10.05
Нікога з ахвотных патрапіць у залу не пусцілі. Яны стаяць у калідоры, у тым ліку Някляеў і Скэнлан.

9.55
У суд прыйшлі часова павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан, былы кандыдат у прэзідэнты, лідар “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў, Аляксандр Фядута.

Абвінавачанне мяркуе, што Васіль Парфянкоў тройчы парушыў рэжым прэвентыўнага нагляду. Аднойчы былы палітвязень спазніўся на адзначэнне ў органе, які ажыццяўляе нагляд. Двойчы супрацоўнікі міліцыі прыходзілі да яго дадому ў той час, калі Васіль выходзіў у краму. Санкцыя артыкула 421 КК РБ прадугледжвае арышт тэрмінам да шасці месяцаў альбо пазбаўленне волі тэрмінам да аднаго года, дадае spring96.org

Прэвентыўны нагляд усталяваны за Васілём Парфянковым 5 студзеня 2012 года тэрмінам на адзін год. Пра завядзенне крымінальнай справы Першамайскі раённы аддзел Следчага камітэта Мінска паведаміў былому палітвязню 19 красавіка.

Васіля Парфянкова адным з першых асудзілі за ўдзел у падзеях 19 снежня 2010 года. Актывіст дэмакратычнага руху атрымаў 4 гады зняволення, пакаранне адбываў у Аршанскай калоніі.

13 жніўня 2011 года быў памілаваны Лукашэнкам. Увосень і ўзімку 2011 года Васіль Парфянкоў браў удзел у акцыях салідарнасці з палітвязнямі, затрымліваўся міліцыяй. Пад прафілактычным наглядам ужо знаходзяцца ўдзельнікі Плошчы Уладзь Яроменак і Павел Вінаградаў. Аляксандр Малчанаў пакараны 1,5 гадамі зняволення паводле абвінавачання ў крадзяжы металалому.

Крыніца: http://nn.by/

Падзяліцца:

Каментары